Адміністрацыі раёнаў Мінска далі супрацьлеглыя адказы наконт фатаграфавання ў крамах (+ копіі дакументаў)
Выявы ў галерэі можна разгортваць клікам на значок
Амаль кожны год беларускія журналісты трапляюць у непрыемныя сітуацыі падчас фатаграфавання на аб’ектах гандлю.
І хоць профільнае Міністэрства гандлю шмат разоў заяўляла, што фатаграфаваць не забаронена, ахоўнікі і адміністрацыя нават сталічных крамаў часта “качаюць правы” і спрабуюць забараніць рабіць здымкі.
Летась у такую непрыемную гісторыю трапіў нават прэсавы сакратар ГА “БАЖ”. Пасля інцыдэнту Барыс Гарэцкі пісьмова звярнуўся ў адміністрацыю раёна, на тэрыторыі якога адбыўся інцыдэнт. Адказ разышоўся з пазіцыяй Мінгандлю, за што Мінгарвыканкам паабяцаў пакараць мясцовых чыноўнікаў.
Асноўныя розначытанні, нагадаем, заключаюцца ў тым, што Грамадзянскі кодэкс Беларусі называе тэрыторыю крамаў прыватнай, на якой уласнік можа сам вызначаць тыя ці іншыя абмежаванні.
У той жа час, закон “Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання” дае права пакупніку на збор і захаванне інфармацыі пра ўсе характарыстыкі тавараў. Менавіта таму Мінгандлю падкрэслівае: фатаграфаваць у крамах можна.
Праз год прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” вырашыла вярнуцца да праблемы. Аўтар матэрыялу скіраваў аналагічныя запыты ў восем астатніх раённых адміністрацый Мінска. І атрымаў ад прадстаўнікоў улады супрацьлеглыя адказы.
Вось як, паводле чыноўнікаў, выглядае магчымасць фатаграфаваць у крамах Мінска:
Ленінскі, Савецкі і Маскоўскі раёны – фатаграфаваць можна без абмежаванняў.
Цэнтральны, Фрунзенскі, Заводскі, Першамайскі – фатаграфаваць можна, але не парушаючы аўтарскіх правоў дызайнераў вітрын.
Партызанскі раён – без дазволу ўласніка фатаграфаваць нельга.
– Сітуацыя палягае ў адсутнасці ў профільным законе прамога дазволу фатаграфаваць тавары на вітрынах. Але ў законе няма і забароны на гэта, што пацвярджае і міністэрства. На гэтай пазіцыі заўсёды і трэба настойваць у спрэчнай сітуацыі, адсылаючы ахоўнікаў ці адміністрацыю крамы да пазіцыі міністэрства. Калі ж адміністрацыя не згаджаецца – трэба зрабіць запіс у кнізе заўваг і прапаноў і нагадаць там пра ўласнае права на збор і захаванне інфармацыі пра тавар. У самых вострых сітуацыях можна нават выклікаць супрацоўнікаў міліцыі, – кажа юрыст, сябра Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў.
Прэс-служба ГА “БАЖ” і далей будзе сачыць за сітуацыяй адносна фатаграфавання і ўжо сёння накіруе атрыманыя ад чыноўнікаў адказы ў Міністэрства гандлю.
Усе адказы адным файлам — тут