• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адвакаты наведалі журналістаў Алега Грузьдзіловіча і Іну Студзінскую ў турме на Акрэсьціна

    Візыты адвакатаў да Алега Грузьдзіловіча і Іны Студзінскай адбыліся толькі на шосты дзень пасьля затрыманьня журналістаў — да гэтага абаронцаў у ізалятар не дапускалі. Сваякі і сябры па-ранейшаму ня ведаюць, за што іх затрымалі і ў чым падазраюць. Адвакатаў да справы пакуль не дапусьцілі.

    Жонкі палітвязьняў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і сястра Іны Студзінскай раніцай 22 ліпеня ўпершыню змаглі аддаць у ізалятар на Акрэсьціна перадачы для блізкіх. Вядома толькі, што перадачу атрымала Іна Студзінская, ці атрымалі гэтыя перадачы Алег Грузьдзіловіч І Алесь Дашчынскі, пакуль невядома. Адміністрацыя турмы адразу адмовілася прыняць некаторыя прадукты і вітаміны, а таксама кнігі для Алеся і Алега.

    Раніцай 22 ліпеня адвакатка Алега Грузьдзіловіча ўпершыню наведала яго ў ІЧУ на Акрэсьціна.

    «Трымаецца ён годна. Сьпіць на ложку на голым дрэве без матрацаў і бялізны, а пад галаву кладзе бутэльку з вадой», — сьцісла сказала адвакатка пра ўмовы ўтрыманьня Грузьдзіловіча.

    Першы допыт Алега Грузьдзіловіча чакаецца толькі ў панядзелак 26 ліпеня. Да гэтага моманту адвакатка нічога не змагла сказаць пра сутнасьць падазрэньняў адносна яго.

    Такая ж сытуацыя і з Алесем Дашчынскім, якога адвакатка змагла наведаць 21 ліпеня.

    Упершыню пасьля арышту сьледчы Менскай гарадзкой управы Сьледчага камітэту дазволіў адвакату журналісткі Свабоды Іны Студзінскай наведаць і яе ў ізалятары.

    Адвакат расказаў, што Іна Студзінская выглядае бадзёра і не губляе настрою. Высьветлілася, што яна не абвяшчала галадоўку, але адмаўляецца ад турэмнай ежы, бо тая кепская. Журналістка сьпіць на насьціле з дрэва, матрацаў і бялізны не выдаюць. Мэдычная дапамога Іне аказваецца. Сёньня ж яна атрымала перадачу ад родных.

    Іна Студзінская перадае прывітаньні ўсім калегам і сваякам, ведае пра падтрымку. З матэрыяламі справы адвакат яшчэ не азнаёмлены.

    16 ліпеня пасьля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінская, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Да Дашчынскага адваката дапусьцілі толькі 21 ліпеня, да Грузьдзіловіча і Студзінскай на дзень пазьней.

    20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Грузьдзіловіча і Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Студзінская галадае на знак пратэсту.

    Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. Усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці