Агенцтва Associated Press нагадала пра рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі
Паводле «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь з’яўляецца лідэрам па колькасці зняволеных журналістаў у Еўропе. Прынамсі 40 прадстаўнікоў медыя цяпер адбываюць працяглыя тэрміны турэмнага зняволення, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў. Агенцтва Associated Press апублікавала артыкул, прысвечаны рэпрэсіям супраць журналістаў у Беларусі.

Фота: svaboda.org
Жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прывялі да больш як 65 тысяч арыштаў у пэрыяд з 2020 па 2025 год, піша агенцтва. Тысячы людзей распавядалі пра зьбіцьцё сілавікамі, прадстаўнікі беларускай апазыцыі былі зьняволеныя або вымушаныя пакінуць краіну, сотні тысяч беларусаў праз боязь рэпрэсіяў уцяклі за мяжу. За кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 1200 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, сярод іх — заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Незалежныя журналісты ў Беларусі таксама зазналі арышты і рэпрэсіі, іх выданьні зачынілі ці абвясьцілі «па-за законам», прызнаўшы «экстрэмісцкімі», вэб-сайты такіх выданьняў заблякаваныя ў Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе больш за тры дзесяцігодзьдзі, рэгулярна называе незалежныя СМІ «ворагамі нашай дзяржавы» і клянецца, што тым, хто ўцёк, не дазволяць вярнуцца.
«Экстрэмізм» — самае распаўсюджанае абвінавачаньне, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян, адзначае АР.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», з 2020 году 397 беларускіх журналістаў сталі ахвярамі таго, што група лічыць несправядлівымі арыштамі, прычым некаторых зь іх затрымлівалі па некалькі разоў.
«Рэйды, арышты і зьдзекі з журналістаў не спыняюцца ўжо пяць гадоў, але цяпер яны дасягнулі абсурду», — камэнтуе АР старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ
Сама меней 600 прадстаўнікоў беларускіх мэдыя, паводле зьвестак «Рэпартэраў бязь межаў», пераехалі за мяжу, але і там працягваюць сутыкацца зь ціскам з боку ўладаў — на іх завочна заводзяць крымінальныя справы, аб’яўляюць у міжнародны вышук, канфіскоўваць іх маёмасьць у Беларусі і перасьледаваць сваякоў падчас ператрусаў. Паводле Андрэя Бастунца, сем’і некаторых прадстаўнікоў мэдыя просяць праваабарончыя арганізацыі не расказваць публічна пра іх справы, баючыся далейшых рэпрэсіяў.
Кожны месяц у Беларусі адбываюцца новыя арышты і ператрусы, рэпрэсіі закранаюць нават тых, хто пераключаецца на непалітычны кантэнт, падкрэсьлівае АР. Амаль усе незалежныя СМІ пакінулі Беларусь і працягнулі працаваць з‑за мяжы, але шмат каму цяпер даводзіцца згарнуць сваю працу пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыніла замежную дапамогу — жыцьцёва важную крыніцу фінансаваньня шматлікіх незалежных СМІ.
«Журналісты вымушаныя сутыкацца ня толькі з рэпрэсіямі ўнутры краіны, але і з раптоўным спыненьнем дапамогі з боку ЗША, што ставіць многія рэдакцыі на мяжу выжываньня», — адзначае Андрэй Бастунец у інтэрвію AP.
У студзені «Рэпартэры бязь межаў» падалі пазоў у Міжнародны крымінальны суд, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў «злачынствах супраць чалавечнасьці», спаслаўшыся на катаваньні, зьбіцьцё, турэмнае зьняволеньне, перасьлед і прымусовае перамяшчэньне журналістаў, адзначае АР і ўзгадвае імёны некаторых журналістаў, якія зазналі перасьлед у Беларусі.
Сярод іншых, выданьне згадвае журналістку Ксенію Луцкіну, якая амаль 4 гады правяла ў калёніі і якую вызвалілі ў жніўні 2024 году па памілаваньні «пасьля таго, як яна ўвесь час губляла прытомнасьць у сваёй камэры праз пухліну мозгу, дыягнаставаную яшчэ падчас папярэдняга зьняволеньня». Пасьля 6 месяцаў Луцкіна зьехала зь Беларусі.
«Мяне літаральна прывезьлі ў папраўчую калёнію ў інваліднай калясцы, і я зразумела, што журналістыка сапраўды ператварылася ў небясьпечную для жыцьця прафэсію ў Беларусі», — сказала Ксенія Луцкіна Associated Press з‑за мяжы Беларусі, дзе яна жыве цяпер.
Ксенія Луцкіна была адной зь дзясяткаў журналістаў, зьняволеных у турму ў Беларусі, адзначае АР, дзе шмат хто сутыкаецца са зьбіцьцём, дрэннай мэдыцынскай дапамогай і немагчымасьцю зьвязацца з адвакатамі ці сваякамі, па словах актывістаў і былых зьняволеных.
Таксама ў ліку зьняволеных журналістаў АР згадвае журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву), арыштаваную падчас асьвятленьня пратэстаў 2020 году. Яе спачатку асудзілі да 2 гадоў калёніі за нібыта «парушэньне грамадзкага парадку», а ўжо падчас знаходжаньня ў калёніі абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе» і асудзілі зноў, павялічыўшы тэрмін яе зьняволеньня да 8 гадоў і 3 месяцаў. Яе мужа, палітычнага аналітыка Ігара Ільяша, арыштавалі ў кастрычніку 2024 году па абвінавачаньні ў «дыскрэдытацыі Беларусі», ён знаходзіцца ў турме ў чаканьні працягу суда, піша АР.
Анджэя Пачобута, карэспандэнта ўплывовай польскай газэты Gazeta Wyborcza і вядомага дзеяча Саюза палякаў Беларусі, асуджанага за «нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» да 8 гадоў зьняволеньня.
«52-гадовы Пачобут пакутуе на сурʼёзнае захворваньне сэрца і некалькі разоў зьмяшчаўся ў адзіночную камэру, часам на тэрмін да 6 месяцаў», — падкрэсьлівае АР, спасылаючыся на зьвесткі праваабаронцаў.

Марына Золатава. Фота: tut.by
У зьняволеньні знаходзіцца і Марына Золатава, рэдактарка Tut.By — некалі самага папулярнага анлайн-выданьня ў Беларусі, закрытага ўладамі ў 2021 годзе. Золатаву асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня ў 2023 годзе за нібыта «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і «ўхіленьне ад выплаты падаткаў».
Гаворачы пра рэпрэсіі супраць рэдакцыяў, агенцтва нагадвае, як у сьнежні 2024 году ўлады арыштавалі ўсю рэдакцыю папулярнага рэгіянальнага выданьня Intex-press, якое асьвятляе мясцовыя навіны ў Баранавічах. Сямі журналістам прадʼявілі абвінавачаньні ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык са сваёй сям’ёй у Вільні. 12 лютага 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»
Зь ліпеня 2024 году Аляксандар Лукашэнка памілаваў больш за 250 чалавек, імкнучыся палепшыць адносіны з Захадам, адзначае АР. Неўзабаве пасьля таго, як Трамп пачаў свой другі тэрмін, Лукашэнка вызваліў двух грамадзян ЗША і журналіста беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка. Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік і былы журналіст Свабоды Ігар Карней, застаюцца ў турме і былі вымушаныя зьняцца ў відэароліках дзяржаўных мэдыя, як і Андрэй Кузьнечык.
Вызвалены журналіст Андрэй Кузьнечык, які правёў тры гады за кратамі і зьехаў зь Беларусі сказаў агенцтву:
«У першы дзень пасьля майго вызваленьня я паглядзеў на сьпіс журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, і быў шакаваны тым, наколькі ён павялічыўся за час майго зьняволеньня».
