БАЖ просіць улады Латвіі захаваць беларускамоўную версію грамадскага партала LSM+
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кіраўніцтву LSM, а таксама старшыням Камісіі па правах чалавека і грамадскіх справах Сейма Латвіі і Рады грамадскіх электронных СМІ зварот з просьбай паспрыяць захаванню беларускамоўнай версіі LSM.

Лагатып LSM+
Як мы пісалі раней, з 2023 года ў Латвіі паспяхова працуе беларускамоўная версія партала Латвійскіх публічных медыя (Latvijas Sabiedriskais medijs, LSM). Але зусім нядаўна праўленне LSM агучыла стратэгічныя прыярытэты на 2026 – 2029 гады. Паводле дакумента, з наступнага года кантэнт на замежных мовах будзе рыхтавацца на англійскай, рускай, украінскай мовах.
БАЖ перакананы, што праца LSM на беларускай мове мае важнае значэнне для многіх беларусаў, якія пражываюць у Латвіі — гэта больш за 50 тысяч чалавек. Праца LSM на беларускай мове мае важнасць і ўплыў з наступных прычын:
Процідзеянне прапагандзе: Рэгулярнае і дакладнае асвятленне падзей у Беларусі, дубляванае на асноўныя мовы партала, забяспечвае эфектыўнае супрацьдзеянне прапагандзе, што асабліва актуальна ва ўмовах, калі рэжым Лукашэнкі актыўна выкарыстоўвае турызм для вярбоўкі грамадзян Латвіі і абвастрае міграцыйны крызіс на мяжы.
Разбурэнне стэрэатыпаў: Публікацыя беларускіх тэкстаў з паралельным перакладам спрыяе паслабленню ўкаранёных крамлёўскіх стэрэатыпаў пра тое, што «беларусы — гэта тыя ж рускія», выконваючы ролю супрацьяддзя ад прапаганды.
Платформа для дыялогу: Беларуская рэдакцыя прадставіла пастаянную пляцоўку для асвятлення дэмакратычнага грамадскага жыцця, аб’ядноўваючы беларусаў Латвіі і спрыяючы абмеркаванню пытанняў адаптацыі і інтэграцыі.
Рэгіянальны ўплыў: Рэдакцыя актыўна распаўсюджвае дакладную інфармацыю ў Балтыйскім рэгіёне і Польшчы. Нягледзячы на блакіроўкі з боку беларускага рэгулятара, якія пацвярджаюць яе значнасць і пагрозу для аўтарытарнага рэжыму, матэрыялы рэдакцыі рэгулярна чытаюцца ў памежных рэгіёнах Беларусі.
З моманту свайго стварэння ў ліпені 2023 года Беларуская секцыя LSM, сфарміраваная з беларускіх журналістаў, якія пакінулі краіну па палітычных матывах, стала ў Латвіі ключавым рэсурсам для беларускай дыяспары, прыхільнай да дэмакратычных каштоўнасцяў.
Уліваючы ўсё пералічанае вышэй, Беларуская асацыяцыя журналістаў просіць паспрыяць захаванню беларускай секцыі партала LSM.
