• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб недапушчальнасці крыміналізацыі свабоды выказвання і дыскрымінацыі ЛГБТК+ людзей

    ЗАЯВА АРГАНІЗАЦЫЙ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАБАРОНЧАЙ СУПОЛЬНАСЦІ

    аб недапушчальнасці крыміналізацыі свабоды выказвання і дыскрымінацыі ЛГБТК+ людзей

    11 ліпеня 2025 г.

    Мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, выказваем рашучае асуджэнне праекту закона «Аб змене кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», які ўводзіць артыкул 19.16 «Прапаганда гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі», які прадугледжвае адказнасць за «распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі ў мэтах фарміравання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці».

    Мы разглядаем гэтую заканадаўчую ініцыятыву як адкрытую атаку на правы чалавека і асабістыя свабоды, у тым ліку на свабоду выказвання, права на недыскрымінацыю і права на асабістае жыццё. Запланаваныя змены не толькі супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і міжнародным абавязальніцтвам дзяржавы ў галіне правоў чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

    Забарона на «фарміраванне ўяўленняў аб прывабнасці» пэўных аспектаў асабістага жыцця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, рэпрадуктыўнага выбару) ускосна канстатуе іх няправільнасць, і фактычна незаконнасць. 

    Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што пад катэгорыю «прапаганды» пры адвольнай трактоўцы могуць трапляць публічныя праяўленні сваёй ідэнтычнасці ЛГБТК+ асобамі або нават іх публічнае існаванне, любыя выказванні ў падтрымку роўнасці, асветніцкія матэрыялы, мастацкія творы, прысвечаныя праблемам дыскрымінацыі і прасоўванню роўнасці. Гэта стварае глебу для масавай цэнзуры, пераследу незалежных СМІ, актывістаў і цэлых супольнасцяў, уключаючы іх асобных прадстаўнікоў і прадстаўніц.

    Акрамя таго, уключэнне педафіліі ў адзін шэраг з гомасэксуальнасцю, трансгендэрнасцю і бяздзетнасцю – гэта відавочная спроба дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве.

    Пры гэтым мы асабліва адзначаем паслядоўны і мэтанакіраваны характар палітыцы дзяржавы па дыскрымінацыіі на падставе сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці і рэпрадуктыўнага выбару: у 2024 годзе  з’явілася першая фармальная нарматыўная аснова, якая стварае глебу для сістэмных дыскрымінацыйных практык і сістэмнага пераследу ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці — унесены змены ў Інструкцыю Міністэрства культуры, якія адвольна пашырылі вызначэнне тэрміну “парнаграфія”; таксама ў 2024 годзе унесены папраўкі ў Закон аб правах дзіцяці (прыняты ў другім чытанні ў чэрвені 2025), якія пашырылі пералік інфармацыі, шкоднай для здароўя і развіцця дзіцяці — дададзена інфармацыя «скіраваная на прапаганду гомасэксуальных стасункаў, змены полу, педафіліі, бяздзетнасці». Прапанаваная норма аб адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці»  ўмацоўвае гэтыя неправавыя палажэнні галіновага заканадаўства інструментам прыцягнення да адказнасці і, такім чынам, умацоўвае рэпрэсіўны механізм у гэтай сферы.

    Мы звяртаем увагу Палаты прадстаўнікоў, а таксама міжнароднай супольнасці на недапушчальнасць прыняцця падобных законаў. Яны не абараняюць грамадскую мараль, а, наадварот, стымулююць у грамадстве нянавісць, варожасць і рэпрэсіі ў дачыненні да меншасцяў.

    У сувязі з гэтым мы патрабуем:

    ад Савета Міністраў

    - адклікаць праект артыкула 19.16 у частцы, якая тычыцца гомасэксуальнасці, змены полу і бяздзетнасці;

    ад Нацыянальнага сходу

    - спыніць практыку прыняцця заканадаўства, што абмяжоўвае свабоду слова і падзяляе грамадзян па прыкметах належнасці да розных груп;

    - забяспечыць выкананне міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, уключаючы недыскрымінацыю па прыкмеце сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці, рэпрадуктыўнага выбару.

    Праваабарончы цэнтр «Вясна»

    Беларускі Хельсінкскі Камітэт

    Беларускі ПЭН

    Lawtrend

    Human Con­stan­ta

    Прававая ініцыятыва

    Respect-Pro­tect-Ful­fill

    Беларуская асацыяцыя журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці