Больш за 60 беларускіх журналістаў у выгнанні асуджаныя ці знаходзяцца пад крымінальным пераследам — даклад CPJ
З‑за пагрозы пераследу сваякоў у Беларусі журналісты мусяць працаваць ананімна і часта ўжываюць самацэнзуру.

Сілавікі пераследуюць удзельнікаў акцыі пратэсту ў Мінску ў лістападзе 2020 года. Фота: Reuters/Stringer
Камітэт абароны журналістаў (CPJ) пры ўдзеле БАЖ падрыхтаваў даклад пра транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў.
Рэпрэсіі з Беларусі перакінуліся на дыяспару
Больш за 60 беларускіх журналістаў у выгнанні або ўжо асуджаны, або з’яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, узбуджаных рэжымам Лукашэнкі. Журналістаў судзяць у межах так званай «спецыяльнай вытворчасці», якая дазваляе судзіць людзей завочна. Як паведамляе БАЖ, кампанія крымінальнага пераследу супраць незалежных журналістаў у выгнанні набыла масавы характар у 2024 годзе. У прыватнасці, крымінальныя справы ўзбуджаныя супраць чатырох супрацоўнікаў БАЖ.
CPJ, правёўшы інтэрв’ю з 15 беларускімі медыйшчыкамі, высветліў, як працуе «спецыяльная вытворчасць». Журналісты даведваюцца пра крымінальную справу тады, калі спецслужбы «заходзяць у госці» да іхніх сваякоў, ці з расійскай анлайн-базы грамадзян, якія аб’яўленыя ў вышук у Расіі. Нерухомасць і іншая маёмасць журналістаў канфіскуецца да суда, які, як правіла, заўсёды заканчваецца абвінавачвальным прысудам. Журналістам прысуджаюць астранамічныя штрафы, аплата якіх з’яўляецца фармальнай нагодай для поўнай канфіскацыі маёмасці.
«Рэпрэсіраваўшы ўнутры краіны амаль усіх, улады пераключылі ўвагу на тых, хто знаходзіцца за мяжой, — расказаў у інтэрв’ю CPJ намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. – Улады хочуць трымаць у страху не толькі тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны, але і тых, хто мусіў эміграваць».
Журналісты, якія сталі фігурантамі крымінальных спраў, практычна не маюць механізмаў для абароны. Да суда яны не ведаюць, што стала нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы, іхнія інтарэсы адстойваюць прызначаныя рэжымам адвакаты, які амаль ніколі не кантактуюць са сваімі падабароннымі. Трое з 15 апытанных журналістаў асуджаныя на доўгія турэмныя тэрміны, фармальна яны маюць права абскардзіць прысуд, але практычна зрабіць гэта немагчыма. Таму журналісты мусяць быць надзвычай асцярожнымі пры планаванні сваіх паездак за мяжой: візіт у Расію ці іншую краіну на чале з лаяльным да Лукашэнкі рэжымам можа абярнуцца дэпартацыяй і рэальным зняволеннем у беларускай турме.
CPJ паспрабаваў атрымаць афіцыйны каментар адносна практыкі прымянення «спецвытворчасці», аднак Следчы камітэт не адрэагаваў на запыт.
Калі не могуць дастаць журналіста, пераследуюць ягоных сваякоў
Беларускія спецслужбы не могуць дацягнуцца да журналістаў у выгнанні, таму яны ціснуць на іхніх сваякоў. Гэтая практыка часам прыводзіць да цяжкіх наступстваў.
У снежні 2023 года 74-гадовую маці журналісткі Ірыны Чарняўкі выклікалі на допыт у Следчы камітэт Беларусі. Праз некалькі месяцаў спецслужбы прыйшлі дадому да маці і паведамілі ёй, што дачку абвінавачваюць у прапагандзе экстрэмісцкай дзейнасці. Менавіта так спецслужбы кваліфікавалі інтэрв’ю Ірыны Чарняўкі тэлеканалу «Белсат» у ліпені 2023 года наконт прысуда ейнаму мужу, Паўлу Мажэйку. Хутка маёмасць журналісткі канфіскавалі.
«Мая мама сталы чалавек, і яна трапіла ў лякарню з‑за сардэчнага прыступу, гэта прамое наступства пераследу», — расказала Ірына Чарняўка ў інтэрв’ю CPJ.
Пра сам «судовы працэс» журналістка нічога не ведае:
«Верагодна, што мне быў прызначаны адвакат, але я не ведаю, хто канкрэтна, і не ведаю, як гэта высветліць. Калі супраць маіх калег-журналістаў была ўзбуджаная такая спецвытворчасць, яны даведаліся, што іхнія адвакаты, прызначаныя ўрадам, прызналі віну», — патлумачыла яна.
Самацэнзура і ананімнасць як фактар бяспекі
Сітуацыя ўнутры Беларусі прымушае журналістаў у выгнанні яшчэ больш турбавацца за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.
«Спецвытворчасць і рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў з’яўляюцца вырашальным фактарам, чаму пераважная большасць незалежных журналістаў у выгнанні працуе анаміна і часта адмаўляецца працаваць на камеру, каб захаваць сваю ананімнасць», — патлумачыў Барыс Гарэцкі.
«Блізкія людзі, з якімі я падтрымліваў сувязь, прасілі мяне больш не кантактаваць, — на ўмовах ананімнасці распавёў другі журналіст. – Іх некалькі разоў пераконвалі «супрацоўнічаць», то-бок, даведвацца ад мяне мяне інфармацыю і перадаваць яе ўладам».
