Даклад БАЖ і JFJ: у 2023–2024 гадах адбылося 759 атак на беларускіх журналістаў
Фонд Justice for journalists і Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавалі сумесны даклад «Напады на работнікаў СМІ ў Беларусі ў 2023–2024 гадах». Поўны тэкст дакумента можна прачытаць тут.
Агульныя высновы
Даследчыкі прааналізавалі 759 атак/пагроз у адносінах да прафесійных і грамадзянскіх медыяў і рэдакцый традыцыйных і анлайн-СМІ.
Рэжым выкарыстоўвае юрыдычныя і эканамічныя рычагі для пераследу медыяў і журналістаў. Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзіцца 41 медыйшчык (па стане на канец 2024 года такіх было 45 чалавек).
Так званыя «пакаянныя відэа», у якіх рэпарцёры пад ціскам і пагрозамі прызнаюць сваю «віну» і просяць прабачэння ў сілавікоў, сталі шырока практыкавацца беларускімі спецслужбамі і прапагандай з 2021 года.
З канца 2023 года беларуская ўлада забірае ў незалежных медыяў лакальныя інтэрнэт-дамены, што прыводзіць да страты аўдыторыі.
Даследчыкі спасылаюцца на лічбы БАЖ, паводле якіх з 2020 года каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь, а астатнія, якія засталіся ў краіне, працуюць у падполлі або сышлі з прафесіі.
Беларусь – самая небяспечная краіна для журналістаў у Еўропе
Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у сваім штогадовым дакладзе за 2024 год паставіла Беларусь на чацвёртае месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў: яна заняла 167 месца са 180 краін. Беларусь лічыцца самай небяспечнай краінай для медыйшчыкаў у Еўропе.
Беларускі рэжым не дае спакою нават рэпарцёрам у выгнанні, узбуджаючы супраць іх так званыя «особые производства».
З 2020 года Мінінфарм унёс у рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў 6 565 акаўнтаў, прычым 2 тысячы ўнесеныя ў чорны спіс ужо ў 2024 годзе.
Доступ да гэтых рэсурсаў блакуецца на тэрыторыі Беларусі, а за іх распаўсюджванне прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Забіранне даменаў .by, якое арганізавалі ўлады, прыводзіць да страты аўдыторыі незалежных медыяў і да пагаршэння іх пазіцый у пошукавых сістэмах.
Хто атакуе журналістаў?
Практычна ўсе інцыдэнты супраць работнікаў медыяў ініцыявалі ўлады. 96% усіх зафіксаваных інцыдэнтаў адбываліся праз судовы і/ці эканамічны ціск. У 2017–2020 гадах колькасць такіх атак складала 83–85%, а ў 2021–2022 гадах гэты паказчык вырас да 94%.
Адначасова колькасць фізічных атак і пагроз, якая дасягнула свайго піка ў 2020 годзе (96 выпадкаў), рэзка скарацілася.
Але не таму, што сітуацыя з фізічнай бяспекай у краіне палепшылася, а таму, што колькасць журналістаў у краіне і на волі значна скарацілася.
Justice for journalists канстатуе, што ў ходзе маніторынга зафіксаваныя не ўсе інцыдэнты. Многія журналісты маўчаць пра факты пераследу, баючыся выклікаць агонь на сваіх сваякоў з боку спецслужбаў. А з іншага боку, часам на агульным фоне рэпрэсіяў журналісты лічаць факты ціску на іх нязначнымі.
Але 31 снежня 2024 года БАЖ надрукаваў даследаванне «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», у якім прынялі ўдзел 211 журналістаў.
Вось як выглядае пералік праблем, з якімі сутыкаюцца журналісты: верагоднасць пераследу мяне альбо маіх родных за маю прафесійную дзейнасць — 67,3%, нізкі заробак, недахоп сродкаў у нашым медыя — 62%, перагружанасць працай — 40%, недахоп камунікацыі з калегамі — 34%, адсутнасць адпаведнай мне працы — 32%, цэнзура і самацэнзура — 27%.
Фізічныя напады і пагрозы жыццю, здароўю і свабодзе
Зніжэнне колькасці фізічных нападаў на журналістаў у 2023–2024 гадах звязана не з паляпшэннем сітуацыі з бяспекай журналістаў, а наадварот, з пагаршэннем умоў іх працы з‑за ціску сілавікоў. Гэта прывяло да вымушанага ад’езду за мяжу большасці работнікаў СМІ і сыходу з прафессіі. Ва ўсіх зафіксаваных выпадках фізічнага гвалту агрэсарамі выступалі прадстаўнікі органаў улады.
Так, 7 траўня 2023 года ў Віцебскай папраўчай калоніі №3 памёр 61-гадовы блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. За паўгода да гэтага яго асудзілі на год пазбаўлення волі па палітычным артыкуле (знявага прэзідэнта РБ) за публікацыю карыкатуры на Лукашэнку.
Нефізічныя атакі і пагрозы і кібератакі
У 2023–2024 гадах працягвалася практыка траўлі і пагроз на адрас журналістаў і іхніх сваякоў, а таксама шырока выкарыстоўваліся «пакаянныя відэа». На відэа сілавікі прымушалі затрыманых прызнавацца ў неіснуючых «злачынствах» і паказвалі гэтыя ролікі па дзяржаўным тэлебачанні ці размяшчалі іх у Telegram-каналах, звязаных з сілавымі структурамі.
96% усіх зафіксаваных інцыдэнтаў адбываліся праз судовы і/ці эканамічны ціск. Рэзкі рост крымінальных спраў выклікалі артыкулы «экстрэмізм», «распальванне варожасці», «дзяржаўная здрада», «заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу» і «рэабілітацыя нацызму».