IPI асуджае арышты двух журналістаў у Беларусі
Глабальная сетка IPI патрабуе вызвалення беларускіх журналістаў Ігара Ільяша і Данііла Палянскага, якіх затрымалі беларускія ўлады.

Данііл Палянскі (злева) і Ігар Ільяш. Фота Еўрарадыё і з сайта БАЖ
«Затрыманне Ігара Ільяша і Данііла Палянскага з’яўляецца не больш чым працягам рэпрэсіўных практык, якія былі звычайнымі ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі», — заявіў часовы выканаўчы дырэктар IPI Скот Грыфен.
Пра затрыманне журналіста Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, стала вядома раніцай 22 кастрычніка. Яго фотаздымак у кайданках апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. У паведамленні аднаго з тэлеграм-каналаў, звязаных з сілавікамі, намякаецца, што затрыманне Ігара Ільяша нейкім чынам звязана з тэлеканалам «Белсат». У наступным паведамленні была пагроза затрымаць сяброў журналіста, якія нібыта паведамілі пра сітуацыю з ім у незалежныя СМІ.
Журналіст-фрылансер Данііл Палянскі быў затрыманы, найверагодней, 19 верасня пасля вяртання на радзіму з Расіі. Яго змясцілі пад варту ў СІЗА. Журналісту інкрымінуюць артыкул 356 Крымінальнага кодэкса РБ — «Здрада дзяржаве».
«Дзясяткі журналістаў былі арыштаваныя пасля маштабных пратэстаў, якія страсянулі Беларусь у 2020–2021 гадах. Мы патрабуем вызвалення супрацоўнікаў СМІ, якія трапілі за краты толькі за выкананне сваёй працы», — падкрэсліў Скот Грыфен.
Беларускія ўлады сумна вядомыя інтэнсіўнасцю рэпрэсій супраць незалежных СМІ: па стане на кастрычнік 2024 года за кратамі знаходзяцца 36 супрацоўнікаў СМІ .
