«Лукашэнка працягвае свой бясконцы крыжовы паход супраць незалежных СМІ». IPI асудзіў турэмныя выракі магілёўскім журналістам
Сусветная сетка IPI (Міжнародны інстытут прэсы) асудзіла турэмныя прысуды беларускім журналістам Алесю Сабалеўскаму і Яўгену Глушкову, якія былі арыштаваныя ў снежні 2023 года і прызнаныя вінаватымі па палітычна матываваных абвінавачаннях.

Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі. Калаж: БАЖ
«Праз 30 гадоў пасля сваіх першых выбараў у 1994 годзе і праз чатыры гады пасля масавых пратэстаў, падчас якіх дзесяткі беларускіх журналістаў былі зняволеныя падчас рэпартажу, Аляксандр Лукашэнка працягвае свой бясконцы крыжовы паход супраць незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці ў цэлым, сёння вынесшы прысуд двум журналістам», — сказаў часовы дырэктар IPI Скот Грыфен.
Алесю Сабалеўскаму прысудзілі 4 гады зняволення ў калоніі, Яўгену Глушкову — 3 гады. У дадатак да турэмнага зняволення журналістаў абавязалі выплаціць штраф у памеры 8000 беларускіх рублёў (прыкладна 2270 еўра) кожны. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні», а таксама, па незразумелых прычынах, у дзейнасці ва ўзброеным фарміраванні.
«Беларускае заканадаўства дазваляе арыштоўваць і саджаць у турму ўсіх, хто нязгодны з кіраўніком краіны. У выніку тысячы беларусаў цяпер знаходзяцца за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях. IPI ў чарговы раз патрабуе іх вызвалення», — падкрэсліў прадстаўнік IPI.
