• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Justice for Journalists апублікавала даклад пра зняволеных журналістаў у нашым рэгіёне

    Паводле праваабарончай арганізацыі, 103 супрацоўнікі медыя знаходзяцца ў беларускіх і расійскіх турмах, папраўчых калоніях.

    Калаж Jus­tice for Jour­nal­ists

    Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю за злачынствы супраць журналістаў праваабарончая арганізацыя Jus­tice for Jour­nal­ists агучыла змрочную статыстыку па зняволенні журналістаў у Беларусі і Расіі. 

    З 75 журналістаў, якія знаходзяцца ў турмах у Расіі, 27 — гэта ўкраінскія медыясупрацоўнікі з акупаванага Крыма, Херсонскай і Запарожскай абласцей. Яны асуджаныя на дзесяцігоддзі пазбаўлення волі па абвінавачаннях, у тым ліку ва «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі», «дзяржаўнай здрадзе » і «дыверсіі».

    — Мы асабліва занепакоеныя сітуацыяй з нашымі калегамі, якія былі захопленыя Расіяй у палон. Гэтыя журналісты пазбаўлены не толькі свабоды, але і асноўных правоў чалавека, у тым ліку права на зносіны са сваімі сем’ямі або атрыманне юрыдычнай дапамогі. Дзеянні Расіі становяць сабой сур’ёзнае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права. Мы заклікаем сусветную супольнасць актывізаваць намаганні для іх вызвалення, — адзначае для даклада прэзідэнт Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

    У Беларусі 28 супрацоўнікаў СМІ на сёння адбываюць прысуды ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да 14 гадоў. У верасні журналіст Ігар Ільяш быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яго жонка, журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева ​​(Бахвалава), знаходзіцца за кратамі з 2020 года, — гаворыцца ў дакладзе.

    Інфаграфіка Justice for Journalists

    Інфаграфіка Jus­tice for Jour­nal­ists

    Сёлета ўлады Беларусі вызвалілі 15 журналістаў-палітвязняў. Аднак, паводле слоў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, яны былі «… фактычна дэпартаваныя з краіны разам з іншымі вызваленымі палітвязнямі па незразумелых юрыдычных падставах і без якіх-небудзь дакументаў і тлумачэнняў».

    Такім чынам, прымусовая высылка стала чарговым метадам ліквідацыі незалежнай журналістыкі ўнутры краіны.

    Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ

    — У Беларусі працягваюць заводзіць новыя крымінальныя справы — не толькі супраць тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, але і супраць тых, хто за мяжой. Такія справы ўзбуджаюць у межах так званых «спецыяльных працэдур» — гэта значыць без удзелу абвінавачаных, і часта нават без паведамлення ім пра завядзенне спраў. Улады, імкнучыся абмежаваць інфармацыю пра рэпрэсіі ўнутры Беларусі і прымусіць журналістаў да самацэнзуры, ціснуць на сваякоў як зняволеных журналістаў, так і тых, хто пакінуў краіну, — адзначае для даклада старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

    У Беларусі завочна асуджаныя як мінімум 13 супрацоўнікаў СМІ на тэрмін да 20 гадоў. Сярод найбольш распаўсюджаных крымінальных артыкулаў — «арганізацыя масавых беспарадкаў» і «нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы».

    Як у Расіі, так і ў Беларусі, акрамя крымінальнага пераследу супрацоўнікаў СМІ рэгулярна ўносяць у афіцыйныя рэестры «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Гэта абазначэнне блакуе іх доступ да банкаўскіх рахункаў, абмяжоўвае маёмасць і фінансавыя аперацыі, а таксама перашкаджае міжнародным паездкам. У Беларусі гэта таксама прыводзіць да канфіскацыі маёмасці.

    2 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы за спыненне беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, арганізацыя Jus­tice for Jour­nal­ists разам з прадстаўнікамі незалежных СМІ з Беларусі, Расіі і Украіны заклікае да вызвалення ўсіх журналістаў, якіх кінулі за краты за прафесійную дзейнасць, і да ўмацавання глабальных механізмаў абароны свабоды СМІ.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці