• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    МФЖ патрабуе спыніць крыміналізацыю журналістыкі ў Беларусі

    Міжнародная федэрацыя журналістаў далучылася да сваёй філіяльнай арганізацыі — Беларускай асацыяцыі журналістаў, заклікаючы да неадкладнага вызвалення ўсіх журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, несправядліва зняволеных. МФЖ патрабуе ад уладаў спыніць крыміналізацыю журналістыкі, а таксама пераслед журналістаў у Беларусі, у выгнанні і членаў іх сем’яў.

    форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ»

    Акцыя салідарнасці са зняволенымі журналістамі. Фота: БАЖ

    «Абмежаванне свабоды слова і падрыў свабоды прэсы пры рэжыме Лукашэнкі парушае правы журналістаў займацца сваёй прафесіяй у любой якасці. Беларускія ўлады павінны спыніць пераслед і запалохванне журналістаў», — заявіла Міжнародная федэрацыя журналістаў.

    У Беларусі прысуды журналістам часцей за ўсё  пазначаюцца як супрацоўніцтва з экстрэмісцкай арганізацыяй, вытворчасць экстрэмісцкага кантэнту, арганізацыя масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці і дзяржаўная здрада. У 2025 годзе за кратамі заставаліся 37 журналістаў, а 39 медыяарганізацый былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Беларуская асацыяцыя журналістаў была абвешчана такой у 2023 годзе. БАЖ — адзінае незалежнае і дэмакратычнае аб’яднанне прадстаўнікоў беларускіх СМІ. Нягледзячы на паўторныя пераследы, накіраваныя супраць арганізацыі, БАЖ змагаецца за абарону правоў журналістаў і маніторынг медыясферы.

    На працягу многіх гадоў БАЖ дакументавала статыстыку рэпрэсій супраць журналістаў у Беларусі. У 2024 годзе назіраўся трывожны рост «ціхіх рэпрэсій», калі праваахоўныя органы сістэматычна ціснулі на ахвяр, каб яны не раскрывалі інфармацыю пра свой пераслед. У выніку гэтых пагроз БАЖ устрымаўся ад раскрыцця асоб многіх ахвяр за 2024 год, каб пазбегнуць далейшай небяспекі для іх.

    Арганізацыя лічыць, што некаторыя выпадкі наогул не паведамляліся з‑за запалохвання журналістаў і іх сем’яў. Да гэтага часу за 2025 год быў зафіксаваны дваццаць адзін выпадак пераследу.

    Журналістаў у Беларусі прымушаюць з’язджаць, а іх праца пазначаецца як экстрэмісцкі матэрыял. Яны пастаянна рызыкуюць быць арыштаванымі ў сваёй роднай краіне, што перашкаджае ім карыстацца сваімі асноўнымі грамадзянскімі правамі, такімі як купля і продаж нерухомасці або падаўжэнне пашпарта. Рэжым Лукашэнкі зрабіў немагчымым для журналістаў краіны займацца сваёй прафесіяй у любой якасці, якая адхіляецца ад афіцыйнай трактоўкі.

    Гэтыя рэпрэсіі супраць свабоды прэсы не толькі разбураюць журналісцкую сферу, але і аслабляюць грамадзянскую супольнасць.

    Сем’і журналістаў у выгнанні пераследуюцца, падвяргаюцца ціску, ім пастаянна пагражаюць пакараннем. Аснова дэмакратычнага грамадства значна аслаблена з‑за стварэння атмасферы, якая падсілкоўваецца страхам.

    Паколькі журналісты ў Беларусі трапляюць у турмы і вымушаныя пакідаць сваю краіну, арганізацыі, якія змагаюцца за свабоду прэсы, губляюць сваіх супрацоўнікаў, што памяншае іх здольнасць палепшыць сітуацыю.

    «Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення нашых несправядліва зняволеных калег і выказваем салідарнасць з тымі, хто быў вымушаны пакінуць краіну і працягвае жыць пад пагрозай адвольнага арышту», — зазначае Міжнародная федэрацыя журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці