Навіны журналісцкіх арганізацый у верасні 2015 г.
Журналісцкія арганізацыі раскрытыкавалі ўлады Украіны за абмежаванне ўезду для замежных журналістаў
Егіпет выпусціў па амністыі двух журналістаў “Аль-Джазіры”
Запозненая амністыя для сірыйскіх журналістаў
Стала вядома пра гібель сірыйскага карыкатурыста ад катаванняў у 2013 годзе
“У пошуках кампрамісу”
Журналісцкія арганізацыі раскрытыкавалі ўлады Украіны за абмежаванне ўезду для замежных журналістаў
МФЖ/ЕФЖ строга асудзілі спіс журналістаў, якім забаронены ўезд ва Украіну. Так званы “санкцыённы спіс” быў апублікаваны 16 верасня і ўключаў як найменш 38 журналістаў з замежных краін (напрыклад, з Германіі, Эстоніі, Славакіі, Малдовы, Ізраіля, Іспаніі і інш.) Падставы для забароны ўезду – пагроза нацыянальнай бяспецы, суверэнітэту і цэласнасці Украіны. Усяго ў спісе пералічаны прозвішчы 338 грамадзян. Незалежны прафсаюз СМІ Украіны задаў пытанне, чаму журналісты апынуліся ў чорным спісе. Прозвішчы трох карэспандэнтаў Бі-Бі-Сі прыбралі са спісу. Таксама ішла размова пра тое, каб прыбраць са спісу прозвішчы двух іспанскіх і аднаго нямецкага карэспандэнта.
Егіпет выпусціў па амністыі двух журналістаў “Аль-Джазіры”
23 верасня прэзідэнт Егіпта падпісаў амністыю для 100 чалавек, у тым ліку для журналістаў «Аль-Джазіры» Мухамеда Фамі і Бахера Мухамеда. Амністыя супала з мусульманскімі святамі і візітам прэзідэнта Эль-Сісі на 70‑ю сесію Генеральнай асамблеі ААН. Трох журналістаў «Аль-Джазіры» арыштавалі ў снежні 2013 года, а ў канцы жніўня 2015 года Фамі і Мухамеда асудзілі на тры гады турмы за падтрымку тэрарызму (“Мусульманскага брацтва”) і распаўсюд хлусні. Трэці журналіст Пітэр Грэст быў дэпартаваны ў лютым, і суд над ім адбыўся ў яго адсутнасць.
Запозненая амністыя для сірыйскіх журналістаў
30 жніўня былі амніставаны Мазэн Дарвіш і яшчэ чатыры журналісты сірыйскага “Цэнтра СМІ і свабоды выказвання”. Пяцёра журналістаў цэнтра знаходзіліся пад арыштам з 2012 года; дваіх вызвалілі ў лютым 2013 года, Дарвіш і два іншыя журналісты заставаліся ў турме да 10 жніўня 2015 года. Ім выстаўлялі абвінавачанні ў тэрарызме, якія прадугледжвалі да 15 гадоў турмы. Журналісты папалі пад агульную палітычную амністыю ў чэрвені 2014 года. Мазэн Дарвіш стаў атрымальнікам узнагароды “Рэпарцёраў без межаў” у 2013 годзе і ўвайшоў у лік “100 герояў інфармацыі”. Паводле “Рэпарцёраў”, у Сірыі 30 журналістаў застаюцца ў статусе затрыманых уладамі, а 29 журналістаў (з іх 9 замежных), застаюцца ў палоне экстрэмісцкіх груповак.
Стала вядома пра гібель сірыйскага карыкатурыста ад катаванняў у 2013 годзе
Таксама стала вядома, што ў 2013 годзе ў палоне сірыйскіх спецслужбаў загінуў вядомы карыкатурыст Акрам Раслан. Мастак публікаваў пра-апазіцыйныя карыкатуры ад пачатку паўстання ў 2011 годзе. Яго арыштавалі ў кастрычніку 2012 года ваеннай выведкай у рэдакцыі афіцыйнай газеты ў Хаме. Затрыманаму карыкатурысту не дазвалялі сустрэч з адвакатам. Нядаўна ўзніклі чуткі пра катаванні Раслана, і што мастак памёр ад траўмаў у шпіталі праз год пасля затрымання. “Рэпарцёры без межаў” кансультаваліся з мясцовымі крыніцамі, якія пацвердзілі гэтую інфармацыю.
“У пошуках кампрамісу”
“Камітэт абароны журналістаў” выпусціў даклад “У пошуках кампрамісу”, дзе разглядаецца, як стасуецца агульная палітыка ЕС з сітуацыяй з правамі чалавека і свабодай слова ў асобных еўрапейскіх краінах. Даклад робіць несуцяшальныя вынікі і рэкамендацыі (сцісла па-руску, увесь даклад, інтэрактыўная карта па-англійску — тут).