• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацыяў па канстытуцыйнай рэформе

    У сувязі з заявай уладаў аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць неабходным адзначыць наступнае.

    Мы лічым, што арганізаваны ўладамі працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю з’яўляецца спробай замаўчаць грубыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні ў дачыненні да тысячаў затрыманых. Ва ўмовах катастрафічнага становішча з правамі чалавека, якое склалася ў цяперашні час у Беларусі, поўнай дэвальвацыі прынцыпу вяршэнства права, у атмасферы страху і запалохвання, а таксама ўлічваючы тое, што шэраг удзельнікаў патэнцыйнага працэсу дыялогу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадства, знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя — дэ-факта ў выгнанні з краіны, немагчыма праводзіць сапраўды інклюзіўны і эфектыўны працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю.

    Хочам нагадаць, што ў цяперашні час у краіне больш за 100 палітычных зняволеных, пераследу падвяргаюцца журналісты, адвакаты і праваабаронцы. З 9 жніўня амаль 15 000 чалавек былі затрыманыя за мірнае ажыцьцяўленне свайго права на сходы, тысячы людзей падвергліся катаванням, гвалту і жорсткаму абыходжанню. Сур’ёзнаму ціску падвяргаюцца СМІ, журналісты і блогеры. Права на свабоднае выказванне свайго меркавання падвяргаецца беспрэцэдэнтным абмежаванням. Людзі, якія не згодныя з тым, што адбываецца і адкрыта выказваюць сваё меркаванне, уключаючы медыкаў, спартсменаў і працоўных, падвяргаюцца ганенням і рэпрэсіям.

    Па фактах масавых катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання з затрыманымі да цяперашняга часу пры наяўнасці мноства фота- і відэадоказаў не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы. Улады ня толькі пазбавілі людзей прававых механізмаў абароны ад самавольства супрацоўнікаў сілавых органаў, але і публічна выказалі адабрэнне іх дзеянням, што знішчыла давер людзей да ўлады і дзяржаўных інстытутаў.

    Мы лічым важным працэс рэфармавання Канстытуцыі, у тым ліку для забеспячэння рэальнага падзелу ўладаў, для стварэння дадатковых мераў па абароне правоў чалавека, аднак эфектыўны дыялог па абмеркаванні прапановаў па змене Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку дээскалацыі сітуацыі ў краіне: адмовы ад рэпрэсіяў і пераследу іншадумцаў, спынення затрыманняў мірных дэманстрантаў, вызвалення палітычных зняволеных, пачатку працэдураў прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх асобаў, якія маюць дачыненне да катаванняў. Пры гэтым працэс абмеркавання і ўліку меркаванняў па пытаннях змяненняў у Канстытуцыю павінен грунтавацца на адкрытых і выразных правілах, з вызначэннем канкрэтных тэрмінаў; удзел у канстытуцыйнай рэформе для розных груп павінен быць ясным і інклюзіўным; камісія па абмеркаванні прапановаў па змене Канстытуцыі павінна быць сфарміраваная празрыста і ўключаць у сябе прадстаўнікоў усяго спектру некамерцыйных арганізацыяў ды ініцыятываў.

    У выпадку прызначэння рэферэндуму па змене Канстытуцыі, правядзенне рэферэндуму павінна быць арганізаванае новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, паколькі мінулы склад цалкам дыскрэдытаваў сябе ў вачах грамадскасці, а таксама мясцовымі выбарчымі камісіямі, утворанымі на плюралістычных пачатках. Правядзенню рэфэрэндуму павінна папярэднічаць рэформа выбарчага заканадаўства, накіраваная на максімальную імплементацыю рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Без ўнясення такіх змяненняў у Выбарчы кодэкс не будзе забяспечаны давер да вынікаў рэферэндуму з боку грамадзянаў і, адпаведна, яго легітымнасць у вачах беларускага грамадства.

    Адначасова хочам адзначыць, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі за апошні час напрацаваны і перададзены ў розныя дзяржаўныя органы масіў прапановаў і рэкамэндацыяў па ўдасканаленні прававой сістэмы, па ўмацаванні незалежнасці суддзяў і адвакатаў, паляпшэнні становішча арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, СМІ і журналістаў, па рэфармаванні выбарчага заканадаўства для забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў, паляпшэнню ўмоваў утрымання затрыманых і зняволеных, рэалізацыі права на мірныя сходы, свабоду словаў і свабоду веравызнання. Дадзеныя прапановы заснаваныя на нацыянальным досведзе і ўлічваюць перадавыя практыкі і міжнародныя стандарты ў сферы правоў чалавека. З шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што практычна ні адна прапанова не была рэалізаваная, што прывяло да найцяжэйшага крызісу правоў чалавека, дэвальвацыі вяршэнства права і страце даверу да дзяржаўных інстытутаў.

    У гэтай сувязі ў чарговы раз заклікаем улады:

    – неадкладна спыніць усе формы рэпрэсіяў у дачыненні да іншадумцаў, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных;

    – расследаваць ўсе выпадкі катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання і пакараць вінаватых;

    – спыніць наступ на свабоду слова, свабоду мірных сходаў і адмовіцца ад пераследу журналістаў, адвакатаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці.

    На момант публікацыі дакумент падпісалі:

    РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

    Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі;

    Праваабарончы цэнтар “Вясна”;

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

    Беларускі ПЭН-цэнтар;

    Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

    РГА “Прававая ініцыятыва”;

    Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend);

    Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

    Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

    Беларускі дакументацыйны цэнтар;

    Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці