Праца «Радыё Свабода» мае надзвычай важнае значэнне як акно свабоднай інфармацыі для грамадства ў Беларусі — заява БАЖ
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае салідарнасць з супрацоўнікамі «Радыё Свабода» і «Голаса Амерыкі», якія могуць патрапіць пад закрыццё ў сувязі з новымі рашэннямі ўладаў ЗША.

Фота: «Радыё свабода»
«Радыё Свабода» і яе беларуская рэдакцыя — гэта ўнікальнае, надзвычай важнае медыя для беларускага грамадства. «Свабода» больш за 70 гадоў эфектыўна даносіць непадцэнзурную інфармацыю туды, дзе ўлады вядуць жорсткую барацьбу са свабодай слова.
Эфектыўнасць працы журналістаў бачная не толькі па пазнавальнасці і ўплыве матэрыялаў «Свабоды», але і па тых рэпрэсіях, якія дыктатарскі рэжым Лукашэнкі чыніць у дачыненні свабодаўцаў. Дастаткова ўзгадаць шматлікія затрыманні, збіцці, суды і зняволенні ў 2020-годзе, крымінальныя справы, а таксама тое, што двое былых супрацоўнікаў «Свабоды» — Ігар Карней і Ігар Лосік — застаюцца за кратамі.
Не далей, як два месяцы таму ўлады выпусцілі прапагандысцкія тэлевізійныя ролікі з прымусам да ўдзелу ў іх трох зняволеных на той момант супрацоўнікаў «Радыё Свабода». Ролікі здымаліся ў СІЗА і былі накіраваныя на дыскрэдытацыю дзейнасці «Радыё Свабода». На жаль, суботняе рашэнне ўладаў ЗША фактычна карэлюе з жаданнем беларускіх уладаў, каб галасы журналістаў «Свабоды», дый наогул усе незалежныя галасы ў краіне, змоўклі.
Для Беларусі і ўсяго рэгіёна вельмі значная і праца рэдакцыі «Голаса Амерыкі». У тым ліку і для супрацьстаяння прарасейскай і прарэжымнай прапагандзе. Што з’яўляецца і важным кірункам працы свабодаўцаў.
«Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі» сёння надзвычай важныя для нашай краіны, дзе ўжо дваццаць пяць гадоў улады вядуць адкрытую вайну са свабоднымі медыя.
Беларуская асацыяцыя журналістаў
