• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронный бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 1 (79) 2025

    СМІ ў Беларусі ў студзені – сакавіку 2025 года. Спампаваць PDF.

    Фота: БАЖ

    На пачатку 2025 года працягваліся ўсе ранейшыя тэндэнцыі стаўлення да незалежнай прэсы — пагоршаныя тым, што 26 студзеня адбывалася галасаванне на выбарах Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, працягваліся:

    • масавы крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу;
    • ціск на журналістаў і блогераў у Беларусі праз вобшукі і затрыманні;
    • пастаўленае на канвеер абвяшчэнне ўсяго непажаданага кантэнту «экстрэмісцкім».

    Цэнзура, якая выйшла за межы традыцыйнай «барацьбы з экстрэмізмам», атрымала ўвасабленне ў наданні адміністратару нацыянальнай даменнай зоны паўнамоцтваў ануляваць дамены, «здольныя прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

    Падчас «выбараў» улады выкарыстоўвалі тэхнічныя сродкі як для блакавання доступу з‑за мяжы да сайтаў нацыянальнай даменнай зоны, так і для абмежавання беларускім карыстальнікам Інтэрнэту магчымасці выкарыстоўваць VPN-сэрвісы. Мелі месца іншыя праявы абмежавання доступу да інфармацыі. 

    Крымінальны пераслед журналістаў

    У першым квартале 2025 года за кратамі ў сувязі з крымінальным пераследам знаходзіліся 40 журналістаў. Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын, якога прыгаварылі да 13 гадоў зняволення па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве», з чэрвеня 2023-га пераведзены ў турму праз тое, што ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15 карыстаўся беларускай мовай. 

     Палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту адміністрацыя наваполацкай папраўчай калоніі № 1 у чарговы раз на паўгода працягнула спагнанне ў выглядзе ўтрымання ў памяшканні камернага тыпу. 

    12 лютага ў выніку дыпламатычных намаганняў ЗША з‑за кратаў быў вызвалены журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык, асуджаны ў чэрвені 2022 года да 6 гадоў пазбаўлення волі. 

     У Беларусі працягваліся судовыя працэсы над журналістамі і блогерамі.

    21 лютага ў Мінску пачаўся суд над журналістам Ігарам Ільяшом (мужам палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай). Ільяша вінавацяць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

    Да 3 гадоў зняволення была асуджаная ў Мінску журналістка Паліна Піткевіч, яе абвінавацілі ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» — анлайн-выданні «Media IQ».

    У Глыбокім быў пакараны двума гадамі абмежавання волі адміністратар мясцовага пабліка «Подслушано Глубокое» Ігар Шкетаў паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). 

    Была арыштаваная і змешчаная пад варту мазырская блогерка Паліна Зыль; у Гродне адбыўся, у сувязі з узбуджэннем новай крымінальнай справы, вобшук і арышт кватэры былога палітвязня блогера Vadi­mati (Вадзіма Ермашука), які пасля адбыцця прысуду выехаў з Беларусі.  

    Паводле звестак БАЖ, былі распачатыя як найменш 5 крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў у выгнанні.

     Вядома пра крымінальны пераслед аўтараў і ўдзельнікаў ток-шоу «План: Б» тэлеканала «Белсат». У тым ліку расійскага журналіста-расследавальніка Іллі Даўлятчына, абвінавачанага ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці і абвешчанага ў вышук уладамі Беларусі. 

    Ператрусы, затрыманні, іншыя формы ціску

    За першыя тры месяцы 2025 года ў Беларусі былі зафіксаваныя 3 затрыманні журналістаў, 9 ператрусаў, 3 пакаранні адміністрацыйнымі арыштамі. 

     Многія журналісты, што працуюць у незалежных выданнях у эміграцыі, былі абвешчаныя ў вышук у сувязі з крымінальным пераследам. Сярод іх аказаліся намеснікі старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі і Алег Агееў

    Сваякі незалежных журналістаў у Беларусі сутыкаліся з ператрусамі і апытаннямі міліцыяй, іншымі формамі ціску. Маёмасць 4 медыясупрацоўнікаў была арыштаваная ў межах крымінальнага пераследу.

    Ізноў пашырыўся лік інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. Паводле рашэнняў, прынятых МУС ці КДБ, імі сталі анлайн-выданне «Медиазона. Беларусь», медыяпраект «Пра Віцебск», ініцыятывы Demo­c­ra­t­ic Media Insti­tute і Nastaunik.info. 

    Як і раней, разнастайныя акаўнты інфармацыйных рэсурсаў, а таксама персанальныя старонкі журналістаў і блогераў ў сацыяльных сетках прызнаваліся экстрэмісцкімі матэрыяламі, распаўсюд кантэнту з гэтых старонак цягнуў за сабой адміністрацыйны пераслед. Таксама «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны змест № 3 (124) часопіса «Абажур» за 2018 год, які выдавала Беларуская асацыяцыя журналістаў да яе ліквідацыі як грамадскага аб’яднання. Большая частка матэрыялаў гэтага нумара была прысвечаная тэме пераследу за прафесійную дзейнасць журналістаў беларускіх незалежных медыя.

    Апроч беларускіх інтэрнэт-крыніц, у пералік забароненых для распаўсюду быў ўключаны шэраг Telegram-каналаў, якія транслююць навіны з Украіны, а таксама ўсе акаўнты ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гардона і расійскага журналіста Аляксандра Няўзорава

    Журналістка-фрылансер Вольга Радзівонава і адміністратар пабліка «Подслушано Глубокое» Ігар Шкетаў, асуджаныя па крымінальных артыкулах, былі ўнесеныя ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян альбо асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». 

     Напярэдадні правядзення дня галасавання 26 студзеня былі ўжытыя дадатковыя цэнзурныя абмежаванні.

    Так, у Магілёўскай вобласці сайты абласнога медыяхолдынга «Магілёўскія ведамасці», а таксама шэрагу дзяржаўных раённых газет цалкам выдалілі апублікаваныя матэрыялы пра трэнінгі для сябраў участковых выбарчых камісій альбо пакінулі іх без фотаздымкаў. 

    17 студзеня былі ўнесеныя змены ў Інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальнай даменнай зоне Беларусі. Новаўвядзенні дазваляюць адміністратару нацыянальнай даменнай зоны ануляваць дамены, «здольныя прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», адначасова ўносячы іх у спецыяльны пералік. Што маецца на ўвазе пад нанясеннем шкоды нацыянальным інтарэсам, нідзе не канкрэтызуецца. 

    Падчас «прэзідэнцкіх выбараў» 26 студзеня адбывалася як блакаванне доступу з‑за мяжы да сайтаў нацыянальнай даменнай зоны, так і абмежаванне беларускім карыстальнікам Інтэрнэту магчымасці выкарыстоўваць VPN-сэрвісы.

    Кампанія hoster.by — найбуйнейшы рэгістратар даменаў у Беларусі, правайдар IT-інфраструктуры, на хостынгу якога размешчана больш за 90% беларускіх сайтаў, загадзя паведаміў пра абмежаванне доступу да іх з‑за мяжы з 10:00 раніцы 25 студзеня да 23:59 вечара 27 студзеня, што супадала па часе з правядзеннем выбараў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя меры, паводле паведамлення правайдара, былі «абумоўленыя пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем». https://hoster.by/clients/news/16829/

    Раніцай 25 студзеня карыстальнікі з Беларусі сутыкнуліся са складанасцямі пры выкарыстанні VPN-сэрвісаў (у прыватнасці, Pro­ton VPN, Nord­VPN, Tun­nel­Bear, VPN — Super Unlim­it­ed Proxy, X‑VPN, Plan­et VPN) і праблемамі з доступам да асобных замежных сайтаў.

    Пасля дня галасавання 26 студзеня ўлады Беларусі накіравалі карпарацыі Google «ліст з прэтэнзіяй аб умяшальніцтве ў выбары». Паводле слоў міністра інфармацыі Марата Маркава, прэтэнзіі тычыліся «саўдзелу кампаніі «Гугл» у інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзідэнцкіх выбараў у краіне» з удзелам «фармаванняў, якія судом прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкімі». (Міністр інфармацыі дапусціў недакладнасць: у Беларусі арганізацыі прызнаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі ў пазасудовым парадку: рашэннямі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў).  Ён таксама заявіў пра неабходнасць стварэння ў Беларусі аналага Раскамнагляду (расійская Федэральная служба па нагляду ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый, якая ў тым ліку займаецца рэгуляваннем дзейнасці СМІ). 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці