• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе

    СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе. Спампаваць PDF.

    Марафон салідарнасці БАЖ журналісты-палітвязні

    Марафон салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Вільня, 3 траўня 2023 года. Фота: БАЖ

    СМІ У БЕЛАРУСІ Ў 2023 ГОДЗЕ

    ЗМЕСТ

     

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА Ў 2023 Г.

    ЗМЯНЕННІ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

    Крымінальныя справы

    Справа Анджэя Пачобута

    Справа Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай

    Справа Валерыі Касцюговай

    Справа Генадзя Мажэйкі

    Справа Канстанціна Залатых

    Справа Яўгена Меркіса

    Справа Дзмітрыя Семчанкі

    Справа Паўла Мажэйкі

    Справа Сняжаны Інанец і Аляксандра Лычаўкі

    Справа Андрэя Фаміна

    Справа Ларысы Шчыраковай

    Справа Паўла Падабеда

    Справа Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько

    Справа Аляксандра Манцэвіча

    Справа Аляксандра Зянкова

    Cправа Ігара Карнея

    Справа Андрэя Толчына

    Справа Дзяніса Дашкевіча

    Справа Уладзіміра Хільмановіча (спецвытворчасць)

    Справа Алеся Сабалеўскага

    Справа тэлерадыёкампаніі «Ранак»

    Справа Паўла Марыніча (спецвытворчасць)

    Пераслед блогераў

    Іншы ціск на журналістаў і СМІ

    УЖЫВАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ ДЛЯ АБМЕЖАВАННЯ СВАБОДЫ ВЫКАЗВАННЯ

    АБМЕЖАВАННЕ ДОСТУПУ ДА ІНФАРМАЦЫІ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫМІ МЕРАМІ

    ПАДЗЕІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ МЕДЫЯСЕКТАРЫ

     

    ____________________

     

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА Ў 2023 Г.

    У 2023 годзе працягвалася рэпрэсіўная палітыка ўладаў у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў у межах больш шырокай барацьбы з іншадумствам. Незалежныя беларускія журналісты, блогеры і медыярэсурсы сутыкаліся з прагрэсуючым ціскам і абмежаваннямі:

    • крымінальны пераслед незалежных журналістаў і блогераў;
    • ціск з боку сілавых ведамстваў, які меў дзве хвалі актыўнасці: першая — у сакавіку (верагодна, звязаная з дыверсіяй, якая адбылася на вайсковым аэрадроме пад Мінскам 26 лютага) і другая — з восені (абумоўленая падрыхтоўкай да адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў 25 лютага 2024 года);
    • барацьба з экстрэмізмам як падстава для цэнзуры і пераследу: доступ да кантэнту сродкаў масавай інфармацыі, якія працягвалі сваю дзейнасць з‑за мяжы, блакаваўся, а любое супрацоўніцтва з імі лічылася праявай экстрэмізму;
    • адміністрацыйныя і заканадаўчыя меры па абмежаванні доступу да інфармацыі, у прыватнасці, прыняццё зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» абмежавальнага характару;
    • дзяржаўная палітыка па фармалізацыі і ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ як інструментаў прапаганды і барацьбы з іншадумствам ва ўмовах «інфармацыйнай вайны» супраць Беларусі і Расіі;

    У Індэксе свабоды прэсы, апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў», Беларусь за год апусцілася на чатыры пазіцыі і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы са 180. Яна аказалася сярод 31 краіны, стан свабоды прэсы ў якіх ацэньваецца як «вельмі дрэнны» — паміж Палестынай і Нікарагуа.

    Таксама пагоршылася пазіцыя Беларусі ў сусветным рэйтынгу свабоды Інтэрнэта, які складае праваабарончая арганізацыя Free­dom House, — як краіна з несвабодным Інтэрнэтам Беларусь атрымала ўсяго 25 балаў са 100 (у папярэднім годзе было 28 балаў).

    Як сведчыць праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», па выніках 2023 года Беларусь аказалася на трэцім месцы пасля Кітая і М’янмы па колькасці медыясупрацоўнікаў, якія ўтрымліваліся ў турмах (ад 48 гадзін): 55 на працягу года. З іх налічвалася 10 жанчын-журналістак — другі вынік пасля Кітая (14).

    Палітзняволеныя журналісты знаходзіліся пад увагай міжнароднай супольнасці. Стала вядома, што Рабочая група па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы за краты супрацоўніка «Радыё Свабода» Ігара Лосіка. Рабочая група прыйшла да высновы, што «арышт і затрыманне спадара Лосіка грунтаваліся выключна на яго журналісцкай дзейнасці і рэалізацыі ім свабоды выказвання думак і асацыяцый».

    Дзярждэпартамент ЗША ў межах глабальнай ініцыятывы ў падтрымку палітвязняў з усяго свету #With­outJust­Cause падаў гісторыі беларусаў Ігара Лосіка і Марыі Калеснікавай, у ліку некалькіх палітычных зняволеных, каб падзяліцца іх унікальнымі гісторыямі — некалькімі з тысяч палітычных вязняў, несправядліва затрыманых па ўсёй планеце.

    Міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ) размясціў партрэт беларускай журналісткі Кацярыны Андрэевай сярод сямі зняволеных журналістаў з розных краін свету на адмысловай старонцы ў папяровым выпуску The Wash­ing­ton Post.  

    Польская Gaze­ta Wybor­cza ўключыла палітвязняволенага журналіста Анджэя Пачобута (а таксама Марыю Калеснікаву) у спіс герояў 2022 года. Гэты ж журналіст быў узнагароджаны адным з трыццаці медалёў «75-годдзе місіі Яна Карскага», выпушчанай Таварыствам Яна Карскага ў Нью-Ёрку. У абгрунтаванні гаварылася: «Падобна да таго, як легендарны эмісар польскай падпольнай дзяржавы перанёс нацысцкае зняволенне і катаванні, Анджэй Пачобут падвяргаецца аналагічнаму выпрабаванню на фізічную стойкасць, цвёрдасць характару і зацятасць у духу надзеі». Анджэй Пачобут таксама атрымаў узнагароду «За свабоду слова» Сусветнай асацыяцыі польскіх СМІ за мяжой і стаў лаўрэатам польскай праваабарончай прэміі імя Серджыа Віера ды Мелу.  

    Дзейнасць беларускіх журналістаў і медыярэсурсаў у выгнанні была адзначаная шэрагам узнагарод.

    У ліпені Ганна Любакова, якая раней працавала на «Радыё Свабода» і тэлеканале «Белсат», атрымала міжнародную ўзнагароду брытанскай некамерцыйнай арганізацыі One Young World. Журналістку адзначылі як голас з Беларусі, які на міжнародным узроўні распавядае пра сітуацыю ў роднай краіне.

    14 верасня рэдакцыя Reform.by стала адным з лаўрэатаў прэміі ў сферы свабоды СМІ Free Media Awards 2023 года за «асвятленне сітуацыі ў Беларусі ў асабліва складаных умовах». Гэтая прэмія заснаваная нарвежскім фондам Fritt Ord Foun­da­tion і нямецкім ZEIT-Stiftung Ebe­lin und Gerd Bucerius.

    Сярод пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, былі адзначаныя журналісты: Алег Груздзіловіч (з кнігай «Мае турэмныя муры») і Вольга Класкоўская (з турэмнымі дзённікамі). Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык за свае вершы стаў адным з лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча.

    7 снежня ў Сейме Літвы журналісту Ягору Марціновічу, які правёў у зняволенні два з паловай гады і вызваліўся ўлетку 2023 года, была ўручаная прэмія «Надзея Свабоды» — узнагароду прызначаюць беларускім незалежным журналістам на знак падтрымкі свабоды слова.

    Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра, 7 снежня атрымаў узнагароду Anti-Cor­rup­tion Cham­pi­ons Award (ACCA) за ўнёсак у барацьбу з карупцыяй. Як адзначыў Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, Івашкевіч быў узнагароджаны за яго непахісную прыхільнасць барацьбе з карупцыяй і ўзмацненню ўздзеяння санкцый супраць Расіі і Беларусі.

    Незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасць, што працягвалі сваю дзейнасць з‑за мяжы, адказвалі на ціск і рэпрэсіі салідарнасцю і ўзаемадапамогай. Так, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) арганізавала міжнародны Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі, а таксама прыняла ўдзел у дабрачынным анлайн-марафоне ў падтрымку палітвязняў «Нам не ўсё роўна!», які правялі ўплывовыя незалежныя СМІ і блогеры (падчас гэтай акцыі было сабрана больш за 574 тысячы еўра).

    Дзейнасць БАЖ па падтрымцы беларускай прэсы была адзначаная прэміяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, уручанай 14 лістапада.

    У той самы час, 28 лютага 2023 года, Беларуская асацыяцыя журналістаў была прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем на падставе рашэння Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ). У ліпені ягоныя сайт, старонкі ў сацыяльных сетках і лагатып былі прызнаныя судом на патрабаванне пракуратуры Мінска «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У заяве пракуратуры гаварылася: «Названыя рэсурсы мэтанакіравана садзейнічалі фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, распальванню сацыяльнай варожасці і варажнечы праз распаўсюд недакладнай альбо наўмысна скажонай інфармацыі. Размешчаная інфармацыя насіла заведама палітызаваны, ангажаваны характар, адрасавана неабмежаванаму колу асоб». Напрыканцы 2023-га — на пачатку 2024 года ўлады адабралі і даменнае імя сайта БАЖ у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт. Ад пачатку 2024 года БАЖ канчаткова змяніў свой адрас сайта на https://baj.media/, а емэйл на office@baj.media (для міжнароднай рассылкі — intercomm@baj.media).

     

    ЗМЯНЕННІ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    1 студзеня набыў сілу закон «Аб ліцэнзаванні», які, сярод іншага, рэгулюе сферу тэле- і радыёвяшчання. Ім прадугледжваецца здача кваліфікацыйнага іспыту згодна з праграмай, зацверджанай  Міністэрствам інфармацыі (18 студзеня), для спецыялістаў, адказных за вяшчанне тэле- альбо радыёпраграм, а таксама за адпаведнасць іх зместу патрабаванням заканадаўства.

    24 сакавіка ўступіў у сілу закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які дадаў у Крымінальны кодэкс новыя склады «экстрэмісцкіх» злачынстваў, у прыватнасці артыкул 289–1, які прадугледжвае адказнасць за «прапаганду тэрарызму альбо яго публічнае апраўданне» (максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 7 гадоў пазбаўлення волі). Верагодна, артыкул можа быць выкарыстаны для пераследу за асвятленне любога роду сілавога супраціву ўладам. Артыкул 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) быў дапоўнены адказнасцю за распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь.

    30 чэрвеня быў прыняты закон «Аб змяненні Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» (уступіў у сілу праз тры месяцы з гэтай даты), які дадаткова абмяжоўвае дзейнасць прэсы, у прыватнасці:

    • вызначана магчымасць прымянення мер у адказ у дачыненні да замежных СМІ: Міністэрства інфармацыі атрымала права забараняць дзейнасць у Беларусі замежных СМІ і іх журналістаў на падставе інфармацыі Міністэрства замежных спраў, уключна забарону на распаўсюд кантэнту гэтых СМІ праз іншыя СМІ і Інтэрнэт;
    • у закон з прэзідэнцкага Указа № 116 «Аб навінавых агрэгатарах у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт» (2022 года) былі перанесеныя патрабаванні да функцыянавання навінавых агрэгатараў, якія абавязваюцца, пад пагрозай блакіроўкі рашэннем Міністэрства інфармацыі, не дапускаць распаўсюду матэрыялаў «заблакаваных» рэсурсаў і гіперспасылак на іх, а таксама падаваць Мінінфарму «звесткі, неабходныя яму для аналізу інфармацыі» цягам пяці працоўных дзён;
    • пашыраны пералік падстаў для анулявання пасведчання аб рэгістрацыі СМІ і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін; сярод гэтых падстаў — размяшчэнне прадукцыі незарэгістраваных тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, датычнасць заснавальніка СМІ ці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі, да экстрэмісцкай альбо тэрарыстычнай дзейнасці;
    • рашэнні пра абмежаванне доступу да інфармацыйных сайтаў могуць прымацца на працягу шасці месяцаў з дня ўзнікнення падстаў; у іх можа ўказвацца тэрмін, цягам якога немагчыма аднаўленне доступу.

    11 ліпеня 2023 года ўступілі ў сілу папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», на падставе якога ўлады могуць пазбавіць грамадзянства Беларусі асобаў, якія пакінулі краіну і былі асуджаныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў. У тым ліку грамадзянства могуць пазбавіць за ўдзел у дзейнасці альбо кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваннем», фінансаванне альбо садзеянне «экстрэмісцкай дзейнасці». Пад гэтыя вызначэнні могуць трапіць журналісты, што знаходзяцца за мяжой і працуюць у СМІ, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі, калі яны будуць асуджаныя ў парадку «спецыяльнай вытворчасці» (без асабістага ўдзелу падсудных).

    17 ліпеня быў прыняты закон «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», якім былі перагледжаныя падставы прыпынення Міністэрствам інфармацыі пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы альбо распаўсюдніка друкаваных выданняў. Законам прадугледжваецца функцыянаванне Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі — для правядзення ацэнкі друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх інфармацыйных паведамленняў і (альбо) матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Па выніках дзейнасці гэтай Камісіі Міністэрства інфармацыі павінна складаць і размяшчаць на сваім афіцыйным сайце спіс друкаваных выданняў, што змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (альбо) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

    17 кастрычніка Савет Міністраў прыняў Пастанову № 688 «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь», якая ўносіць папраўкі ў шэраг папярэдніх пастаноў урада адносна супрацьдзеяння «экстрэмізму» і «рэабілітацыі нацызму», у прыватнасці, замацоўвае падрабязную працэдуру аналізу інфармацыі на прадмет «наяўнасці экстрэмізму», а менавіта:

    • Міністэрству інфармацыі надаецца права прымаць рашэнне аб забароне (аднаўленні) дзейнасці замежнага сродку масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсу, якія распаўсюджваюць сваю прадукцыю, інфармацыйныя паведамленні і (альбо) матэрыялы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
    • для рэдакцый СМІ ўводзіцца абавязковае прадастаўленне «бясплатнага экзэмпляра дакументаў» новых відаў: «камбінаваных» (якія разам з друкаваным тэкстам утрымліваюць гукапіс і (альбо) малюнак на іншых матэрыяльных носьбітах) і «электронных» выданняў, а таксама друкаваных выданняў, якія вырабленыя альбо надрукаваныя за межамі Рэспублікі Беларусь на іх замову;
    • Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці альбо адсутнасці ў іх прыкмет праяўлення экстрэмізму была трансфармаваная ў Рэспубліканскаю камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі (аналагічна былі перайменаваныя абласныя і Мінская гарадская камісіі), паколькі да яе функцый дадалося выяўленне «інфармацыйных паведамленняў і (альбо) матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (тлумачэнняў адносна зместу гэтага паняцця няма, але відавочна, што яно шырэйшае за паняцце «экстрэмізм»).
    • зацверджана Палажэнне аб парадку правядзення ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі, якім, у прыватнасці, уводзіцца парадак абскарджання рашэнняў камісій, але толькі дзяржаўнымі органамі, якія падавалі зварот у адпаведную камісію і нязгодныя з яе заключэннем; замацоўваецца магчымасць ацэнкі пададзенай на разгляд прадукцыі як некалькімі, так і толькі адным сябрам камісіі альбо спецыялістам.

    ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

    КРЫМІНАЛЬНЫЯ СПРАВЫ

    За 2023 год было вынесена 16 прысудаў па крымінальных справах. Яшчэ як найменш супраць 10 чалавек крымінальныя справы былі распачатыя.

    3 кастрычніка стала вядома, што Міністэрствам унутраных спраў узбуджана крымінальная справа (на падставе матэрыялаў, сабраных аператыўнікамі ГУБАЗіК) за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» супраць арганізатараў і ўдзельнікаў дабрачыннага Марафону салідарнасці з беларускімі палітвязнямі «Нам не ўсё адно!», які праводзіўся напрыканцы ліпеня 2023 года пры падтрымцы больш як дваццаці незалежных медыяарганізацый. Заяўлялася, што падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек з ліку арганізатараў марафону і іх памочнікаў.

    У аналізаваны перыяд пачалі ўзбуджацца крымінальныя справы ў дачыненні да людзей, якія з’ехалі за мяжу, каб пазбегнуць пераследу (яны разглядаюцца ў парадку так званай «спецыяльнай вытворчасці» — без удзелу падсуднага). Практычна любога чалавека можна абвінаваціць у «садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», паколькі для гэтага дастаткова даць інтэрв’ю ці каментар СМІ, прызнанаму «экстрэмісцкім фармаваннем». На сваякоў медыясупрацоўнікаў, якія эмігравалі, аказваўся ціск: па месцы рэгістрацыі праводзіліся ператрусы з выняццем ці опісам маёмасці. Упершыню на маёмасць журналіста быў накладзены арышт: рэдактар аршанскага незалежнага сайта orsha.eu Ігар Казмярчак даведаўся, што на яго кватэру ў Беларусі накладзены арышт (верагодна, што падставай для гэтага стала крымінальная справа  па артыкуле за «абразу прэзідэнта», узбуджаная ў дачыненні да яго яшчэ ў 2022 годзе); у ходзе вобшуку была апісаная маёмасць гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча.

    На канец 2023 года 32 журналісты знаходзіліся ў зняволенні. Сярод іх — кіраўніцы інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава і Людміла Чэкіна, якіх асудзілі да пазбаўлення волі на 12 гадоў, палітолаг і рэдактар «Белорусского ежегодника» Валерыя Касцюгова, асуджаная да 10 гадоў пазбаўлення волі.

     

    У месцах зняволення журналісты падвяргаліся ціску і негуманнаму абыходжанню. Паведамлялася, што ў Сяргея Сацука, Дзяніса Івашына і Анджэя Пачобута ўзнікалі праблемы з атрыманнем лекаў і доступам да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі. Блізкія Дзяніса Івашына паведамлялі, што на іх аказваецца ціск з мэтай спыніць распаўсюд інфармацыі пра яго стан — у прыватнасці, сваякам пагражалі спыненнем любой камунікацыі з ім. 18 ліпеня стала вядома, што Івашыну ўзмацнілі ўмовы пакарання, згодна з рашэннем суда, яго перавялі з папраўчай калоніі на строгі турэмны рэжым. Ні пра сам судовы працэс, дзе выносілася такое рашэнне, ні пра яго абставіны не ведалі ні родныя, ні адвакат журналіста.

    Па інфармацыі праваабаронцаў, былы супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Лосік, знаходзячыся ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1, доўгі час трымаў галадоўку, а таксама здзейсніў спробу суіцыду — парэзаў сабе рукі і шыю, пасля чаго яго адправілі ў лазарэт. У кастрычніку стала вядома, што Лосіка не менш як паўгода трымаюць у ПКТ (памяшканне камернага тыпу) калоніі — гэта значыць, яму забароненыя наведванні адвакатаў і спатканні са сваякамі, а таксама доступ да карэспандэнцыі.

    10 красавіка блогера, аўтара YouTube-канала Moz­gON Уладзіміра Цыгановіча, які знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль тры гады, абвінавацілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» і асудзілі яшчэ на адзін год пазбаўлення волі ў дадатак да 15 прысуджаных раней.

    7 мая ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы блогер з Пінска Мікалай Клімовіч, асуджаны напрыканцы лютага да пазбаўлення волі на адзін год па абвінавачанні ў «абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Клімовіч меў сур’ёзнае сардэчнае захворванне, пра што было вядома суду.

    Справа Анджэя Пачобута

    8 лютага Гродзенскі абласны суд прыгаварыў гродзенскага журналіста і сябра неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «закліках да санкцый» (артыкулы 130 і 361 Крымінальнага кодэкса адпаведна). Паводле абвінавачання, журналіст назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, выказваўся ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, апублікаваў артыкулы ў Gaze­ta Wybor­cza пра беларускія пратэсты ў 2020‑м і тэкст у Mag­a­zyn Pol­s­ki, прысвечаны гісторыі польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Анджэй Пачобут быў арыштаваны разам з яшчэ некалькімі сябрамі Саюза палякаў Беларусі 25 сакавіка 2021 года і змешчаны пад варту. Паводле афіцыйнай версіі, з 2018 года сябры Саюза палякаў правялі серыю незаконных мерапрыемстваў з удзелам непаўнагадовых у Гродне і іншых гарадах вобласці «па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны і здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі». Гэтыя дзеянні ўладаў адбываліся на фоне распаўсюду дзяржаўнымі СМІ антыпольскай прапаганды, калі Польшча апісвалася як агрэсар, які нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь. У жніўні 2022 года Анджэю Пачобуту прад’явілі новае абвінавачанне — «заклікі да абмежавальных мер (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

    Справа Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай

    17 сакавіка галоўны рэдактар інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава і генеральны дырэктар партала Людміла Чэкіна былі асуджаныя да 12 гадоў пазбаўлення волі (Чэкіна таксама абавязаная выплаціць штраф памерам 37 000 рублёў). Абедзве яны абвінавачваліся па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненае групай асоб альбо якое прывяло да цяжкіх наступстваў) і частцы 3 артыкула 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі альбо глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт). Паводле версіі абвінавачання, Золатава і Чэкіна мелі непасрэднае дачыненне да публікацыі матэрыялаў, якія ўтрымлівалі «заведама пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады, свядома негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, якія выступалі за захаванне дзеючага канстытуцыйнага ладу, прыхаваную каардынацыю пратэснай актыўнасці ў грамадстве, звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі». Людміле Чэкінай таксама высунулі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

    Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну затрымалі 18 мая 2021 года (разам з яшчэ 11 супрацоўнікамі партала), калі беларускія ўлады распачалі беспрэцэдэнтную атаку на tut.by, на той момант самы ўплывовы інфармацыйны рэсурс Беларусі. Была ўзбуджаная крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (артыкул 243 Крымінальнага кодэкса). Нібыта, з’яўляючыся рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» каля года атрымлівала падатковыя ільготы, не маючы на гэта права. Праз нейкі час кампанія выплаціла падлічаны следствам урон — больш за 1 мільён 120 тысяч еўра. Дзевяць фігурантаў справы заявілі хадайніцтвы аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, і іх справы не дайшлі да суда. У кастрычніку 2021 года супраць супрацоўніц TUT.by была ўзбуджана новая крымінальная справа — за распальванне сацыяльнай варожасці.

    Справа Валерыі Касцюговай

    17 сакавіка палітолаг, заснавальніца і рэдактар сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактар «Белорусского ежегодника», кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» Валерыя Касцюгова была асуджаная (разам з даследчыцай Таццянай Кузінай) да 10 гадоў пазбаўлення волі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 357 (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), часткі 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і часткі 3 артыкула 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Яна была затрымана 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ). Арышту папярэднічаў выступ у эфіры «Еўрарадыё», дзе яна адказвала на пытанні, ці можна дабіцца вызвалення палітвязняў санкцыямі і ці справакуе раскол з Захадам хуткае паглыбленне інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

     

    Справа Генадзя Мажэйкі

    23 сакавіка Генадзь Мажэйка, журналіст «Комсомольской правды» в Беларуси», які быў затрыманы ў Маскве і высланы ў Беларусь у кастрычніку 2021 года, быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Прычынай яго пераследу стала нататка на сайце kp.by, у якой былая аднакласніца станоўча ахарактарызавала праграміста Андрэя Зельцэра, удзельніка трагічнага інцыдэнту, у якім загінуў афіцэр КДБ і ён сам. Хоць праз некалькі хвілін пасля публікацыі рэдакцыя выдаліла гэты тэкст, сайт kp.by быў заблакаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі — у сувязі з публікацыяй інфармацыі, якая «спрыяе фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы». Мажэйка абвінавачваўся па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).  У лістападзе 2023 года Генадзь Мажэйка выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання.

    Справа Канстанціна Залатых

    6 красавіка суд прыгаварыў дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, які знаходзіўся пад вартай з 18 мая 2022 года, да 4 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Залатых інкрымінавалі ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў), 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    Справа Яўгена Меркіса

    30 мая Гомельскі абласны суд агучыў прысуд журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу, які раней супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», — 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на падставе артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Дакладныя абставіны справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Журналіст быў затрыманы і змешчаны пад варту 13 верасня 2022 года.

    Справа Дзмітрыя Семчанкі

    23 сакавіка было прызначанае пакаранне пазбаўленнем волі на 3 гады Дзмітрыю Семчанку, былому супрацоўніку дзяржтэлеканала АНТ, які ачольваў прэзідэнцкі пул журналістаў (у жніўні 2020 года Дзмітрый звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў у дачыненні мірных дэманстрантаў). 15 верасня 2022 года яго затрымалі і абвінавацілі ў распальванні варожасці паводле артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса. Падставай сталі публікацыі ва «Вконтакте» і Insta­gram, мэтай якіх, паводле боку абвінавачання, было «сфармаваць негатыўны стэрэатып і падарваць давер у дачыненні да праваахоўнікаў і прадстаўнікоў улады, а ў канчатковым выніку — аслабіць дзейны дзяржаўны лад».

    Справа Паўла Мажэйкі

    26 ліпеня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста, былога кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (і разам з ім адвакатку Юлію Юргілевіч — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму). Іх прызналі вінаватымі ў садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса). Суд палічыў, што Мажэйка перадаў для размяшчэння на сайце тэлеканала «Белсат» атрыманую ад Юргілевіч інфармацыю пра тое, што яна сыходзіць з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну.  Журналіст быў затрыманы 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь.

    Справа Сняжаны Інанец і Аляксандра Лычаўкі

    13 студзеня журналістаў, мужа і жонку Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец, абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у сувязі з удзелам у акцыях пратэсту і падпіскай на «дэструктыўныя» Тele­gram-каналы прыгаварылі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Лычаўку — да 3 гадоў абмежавання волі, Інанец — да 2 гадоў. Абодва былі затрыманыя і змешчаныя пад варту 6 кастрычніка 2022 года.

    Справа Андрэя Фаміна

    21 чэрвеня да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі Андрэя Фаміна, які прызнаў, што быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі пратэсных газет «Весники», якія выдаваліся і распаўсюджваліся актывістамі лакальных ініцыятыў. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361 (заклікі да санкцый), 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Фамін знаходзіўся пад вартай з 26 кастрычніка 2022 года.

    Справа Ларысы Шчыраковай

    Ларыса Шчыракова, былая журналістка-фрылансер, што супрацоўнічала з тэлеканалам «Белсат», была затрыманая 6 снежня 2022 года ў Гомелі. Яе непаўнагадовага сына ў той жа дзень забралі ў прытулак (да 23 снежня, пакуль яго бацька не сабраў неабходныя дакументы). Шчыраковай былі высунутыя абвінавачанні паводле артыкулаў 369–1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361–4 (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). Паводле боку абвінавачання, яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». 31 жніўня Ларысу Шчыракову прыгаварылі да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу памерам 100 базавых велічынь.

     

    Справа Паўла Падабеда

    Журналіст-відэааператар Павел Падабед з Мінска (затрыманы 20 студзеня 2023 года), які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, быў абвінавачаны ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса). 30 чэрвеня 2023 года Мінскі гарадскі суд пакараў яго пазбаўленнем волі на 4 гады з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму.

     

    Справа Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько

    Затрыманне віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава адбылося 9 лютага 2023 года. Пазней стала вядома, што яму прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 361–4 (часткі 1–2) Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). 6 чэрвеня затрымалі жонку Лазарава — Таццяну Пыцько. Іхнюю дачку, якой на момант затрымання споўніўся год і адзін месяц, аддалі пад апеку дзяржавы і накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячую лякарню, але пазней перадалі бабулі. Таццяне Пыцько прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) з прычыны меркаванага супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». У відэаархіве аператара знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько, што дало магчымасць следству зрабіць выснову, што такім чынам яна садзейнічала экстрэмісцкаму фармаванню. 25 верасня Вячаслава Лазарава асудзілі да 5,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а ягоную жонку — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 21–22 лістапада падчас разгляду Вярхоўным судом апеляцыйных скаргаў сужэнцаў на прысуд Віцебскага абласнога суда абвінавачанні былі перакваліфікаваныя (новыя: частка 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні Лазарава, часткі 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні Пыцько). У выніку чаго тэрмін зняволення Лазарава быў зменшаны на паўгода — да 5 гадоў зняволення з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму, а Пыцько атрымала тое самае пакаранне — 3 гады пазбаўлення волі, але з адтэрміноўкай адбыцця пакарання да моманту, калі малодшаму дзіцяці споўніцца тры гады (на падставе часткі 1 артыкула 93 Крымінальнага кодэкса). Гэта дае ёй магчымасць знаходзіцца дома з пэўнымі абмежаваннямі.

    Справа Аляксандра Манцэвіча

    3 лістапада былы галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» (Маладзечна) Аляксандр Манцэвіч быў пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам на 4 гады і штрафам у памеры 14 800 рублёў (прыблізна 4350 еўра) за нібыта дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь паводле артыкула 369–1 Крымінальнага кодэкса. Журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы, і з таго моманту ўтрымлівалі пад вартай. Паводле абвінавачання, разам з іншымі асобамі ён распаўсюджваў у друкаваным выданні і афіляваных інтэрнэт-рэсурсах ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць беларускую дзяржаву і яе органы ўлады.

    Справа Аляксандра Зянкова

    Фатограф Аляксандр Зянкоў быў затрыманы 22 чэрвеня 2023 года ў Барысаве. Сілавікі зладзілі ў яго жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна, а пасля перавялі ў следчы ізалятар. Яго абвінавацілі па артыкуле 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні): быццам яго здымкі былі паказаны на адным з рэсурсаў, прызнаным экстрэмісцкім фармаваннем. 30 студзеня 2024 года Мінскі гарадскі суд прызначыў Зянкову 3 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму.

    Cправа Ігара Карнея

    17 ліпеня 2023 года ў Мінску быў затрыманы журналіст-фрылансер Ігар Карней, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і трэвэл-блогер. Спачатку ён быў арыштаваны на 10 сутак, затым яго перавялі ў СІЗА, з моманту затрымання не было вядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць журналіста, бо яго адвакат знаходзілася пад падпіскай аб неразгалошванні абставін справы. 19 сакавіка 2024 года пачаўся судовы разгляд, з якога стала вядома, што Карней абвінавачваецца ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса. Паводле абвінавачання, журналіст актыўна пісаў і размяшчаў на рэсурсах БАЖ «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў ілжывую карціну аб эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь».

    Справа Андрэя Толчына

    23 верасня ў Гомелі затрымалі і прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) былому журналісту-фрылансеру Андрэю Толчыну. На працягу дзесяці гадоў ён у якасці відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, у тым ліку з тэлеканалам «Белсат».

    Справа Дзяніса Дашкевіча

    На пачатку кастрычніка ў доме журналіста Дзяніса Дашкевіча (ён знаходзіцца па-за межамі Беларусі) у Рагачове адбыўся ператрус. Паколькі гэта быў не першы такі выпадак, міліцыянты, што шукалі носьбіты інфармацыі, нічога не забралі. З санкцыі пракурора, прадастаўленай яго жонцы, вынікала, што ператрус праводзіцца па некалькіх крымінальных справах. Паводле слоў Дашкевіча, гаворка вядзецца пра абвінавачанні ў «садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», абразе прэзідэнта і прадстаўнікоў улады, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і распаўсюдзе асабістых звестак у Інтэрнэце.

    Справа Уладзіміра Хільмановіча (спецвытворчасць)

    1 снежня ў кватэры жонкі журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча ў Гродне, дзе ён пражываў з 2014 па 2021 год, быў праведзены ператрус. Сам журналіст ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. Стала вядома, што супраць яго распачатая крымінальная справа па частках 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). Следчымі органамі была складзеная пастанова аб накладанні арышту на маёмасць (мэблю і побытавую тэхніку).

    Справа Алеся Сабалеўскага

    Алесь (Аляксандр) Сабалеўскі, былы магілёўскі блогер і журналіст, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданняў, быў затрыманы 12 снежня 2023 года ў Магілёве. Двойчы суд прызначаў яму адміністрацыйныя арышты. Затым стала вядома, што Сабалеўскага перавялі ў следчы ізалятар і на яго заведзена крымінальная справа. Верагодна, яна звязаная з прызнаннем экстрэмісцкімі фармаваннямі рэгіянальных медыярэсурсаў: YouTube-канала 6TV Belarus і інфармацыйнага сайта «Магілёў. Media» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»).

    Справа тэлерадыёкампаніі «Ранак»

    Міністэрства ўнутраных спраў 14 снежня афіцыйна абвясціла пра ўзбуджанне крымінальнай справы «за стварэнне экстрэмісцкага фармавання» ў сувязі з дзейнасцю светлагорскай прыватнай тэлерадыёкампаніі «Ранак». У межах гэтай справы, заведзенай паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса, былі затрыманыя былыя супрацоўніцы ТРК «Ранак» Юлія Даўлетава і Людміла Андэнка (пазней іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе). Трэці абвінавачаны — былы рэдактар Андрэй Ліпскі — яшчэ да гэтага з’ехаў за мяжу. Па версіі следства, у 2020 годзе яны «стварылі і адміністравалі групу ў Telegram, дзе публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю, падрыхтоўку і ўчыненне масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу нашай краіны. Свае дэструктыўныя погляды яны прасоўвалі і праз інфармацыйныя рэсурсы тэлерадыёкампаніі» (Глядзі таксама: «Ціск на журналістаў і СМІ).

    Справа Паўла Марыніча (спецвытворчасць)

    У снежні была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка «Маланка Медыя» Паўла Марыніча. Разам з яшчэ трыма людзьмі ён быў  абвінавачаны паводле часткі 2 артыкула 191 Крымінальнага кодэкса («Перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненая з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове»): нібыта яны распрацавалі і рэалізавалі план супрацьпраўных дзеянняў для зрыву рэспубліканскага рэферэндуму адносна ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 2022 года. 18 сакавіка 2024 года ўсіх чацьвярых фігурантаў прызналі вінаватымі і прызначылі ім па 4 гады пазбаўлення волі. Суд разглядаў справу ў парадку спецыяльнай вытворчасці — у адсутнасць падсудных, якія цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі.

    Пераслед блогераў

    18 студзеня 2023 года пяцёра адміністратараў Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў інфармацыю пра прадстаўнікоў улады, падазраваных у датычнасці да пераследу апазіцыі, былі завочна прыгавораныя да 12 гадоў пазбаўлення волі. Сярод іх — грамадскі дзеяч і журналіст, сузаснавальнік папулярных спартовых рэсурсаў Tribuna.com і Sports.ru Зміцер Навоша. Гэтая крымінальная справа, распачатая Следчым камітэтам па артыкулах 130 (распальванне варожасці) і 203–1 (незаконны збор і распаўсюд персанальных дадзеных), стала першым выпадкам прымянення інстытута «спецыяльнай вытворчасці» (завочнага асуджэння палітычных эмігрантаў).

    28 лютага пінскага блогера Мікалая Клімовіча прызналі вінаватым паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і пакаралі годам зняволення за «выяўленую» ў сацсетках палітычную карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку, які быў намаляваны ў нацысцкай форме. Клімовіч памёр, прабыўшы ў папраўчай калоніі каля двух тыдняў, бо меў сур’ёзнае сардэчнае захворванне, пра стан здароўя падсуднага было вядома суду.

    У Брэсце 17 сакавіка абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовага актывіста і блогера Дзмітрыя Гарбунова, які быў прызнаны вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў — 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Блогеру прысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі. Абвіначанне тычылася паведамленняў, якія Гарбуноў зрабіў за два гады да гэтага ў сацыяльных сетках.

    У сакавіку былі ўзбуджаныя некалькі новых крымінальных спраў супраць экс-палітвязня, брэсцкага блогера Аляксандра Кабанава, які пасля вызвалення ў снежні 2022 года пакінуў Беларусь. Гэта стала вядома ў сувязі з тым, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў прыйшлі з ператрусам у дом яго бацькоў.

    3 мая быў вынесены прысуд па гучнай крымінальнай справе вядомых блогераў — рэдактараў Telegram-каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу». Суд палічыў, што цягам электаральнай кампаніі 2020 года абвінавачаныя Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік і Раман Пратасевіч мелі непасрэднае дачыненне да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся падпаламі, пагромамі, блакаваннем работы транспарту, а таксама наўмысным распальваннем сацыяльнай варожасці і заклікамі ўчыняць тэрарыстычныя акты. Паколькі згаданыя інтэрнэт-рэсурсы ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», кіраўніцтва імі пацягнула дадатковую адказнасць. Сцяпан Пуціла быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, Ян Рудзік — да 19 гадоў (абодва — завочна, бо знаходяцца за межамі Беларусі). Адзіны прысутны на судзе абвінавачаны Раман Пратасевіч быў асуджаны на 8 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Значна меншы тэрмін для яго суд абумовіў ягоным «беспярэчным выкананнем умоў здзелкі са следствам». 22 мая стала вядома, што Пратасевіч памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

    10 мая спартовы блогер і аўтар Тele­gram-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» Дзмітрый Сельвяструк быў затрыманы і пазней абвінавачаны паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). Праваабаронцам стала вядома, што апошняе судовае пасяджэнне па ягонай справе адбылося напрыканцы верасня, але які прысуд быў вынесены — невядома. 8 снежня Сельвяструк быў унесены Міністэрствам унутраных спраў у пералік асоб «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    18 ліпеня быў затрыманы і змешчаны пад варту па абвінавачанні паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) аўтар блога «Пра Столін», былы рэдактар незалежнай раённай газеты Століна Аляксандр Ігнацюк. 15 сакавіка 2024 года пачаўся судовы працэс, з чаго стала вядома, што яго вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частка 2 артыкула 367 (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзейснены асобай, якую раней ужо судзілі за паклёп ці абразу), частка 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх), часткі 1 і 2 артыкула 208 (вымагальніцтва; вымагальніцтва, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй дамоўленасці, альбо з прымяненнем гвалту, які не нясе небяспекі жыццю ці здароўю пацярпелага, альбо пад пагрозай забойства ці нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо спалучанае са знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, альбо з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў буйным памеры).

     

    Іншы ціск на журналістаў і СМІ

    У 2023 годзе, паводле звестак БАЖ, 16 разоў журналісты падвяргаліся адміністрацыйным арыштам. Адбыліся 46 затрыманняў медыясупрацоўнікаў і 34 ператрусы ў іх дамах альбо офісах.

    Так, у лютым адбыўся вобшук з адабраннем абсталявання ў рэдакцыі баранавіцкай газеты Іntex-press, у сакавіку адбыліся вобшукі і затрыманні незалежных журналістаў па ўсёй краіне, у тым ліку ў рэдакцыях рэгіянальных газет «Інфа-кур’ер» (Слуцк) і «Рэгіянальная газета» (Маладзечна). Ціск на гэтыя выданні насіў «комплексны» характар, які ўжо раней выкарыстоўваўся ўладамі: допыты, затрыманні і адміністрацыйны пераслед супрацоўнікаў, адабранне тэхнікі, адмова ў распаўсюдзе, прызнанне кантэнту «экстрэмісцкімі матэрыяламі», цкаванне ў праўладных медыя. У выніку ўсе гэтыя выданні былі вымушаныя спыніць сваю дзейнасць.

    Пачынаючы з чэрвеня, у Светлагорску адбыўся фактычны разгром прыватнай рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі «Ранак», з вобшукам і адміністрацыйным пераследам дзевяці яе сурацоўнікаў, уключна рэдактара Андрэя Ліпскага. Афіцыйнай прычынай адміністрацыйнага пераследу называліся падпіскі на мясцовую групу ў сацсетцы «Одноклассники», аднак, найбольш верагодна, што сапраўдным матывам стала асвятленне тэлекампаніяй аварыі на заводзе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, якая здарылася 7 чэрвеня і ў выніку якой загінулі трое работнікаў завода. На падставе пратаколаў, складзеных паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» супрацоўнікаў-мужчын пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ці штрафамі, а жанчын — штрафамі. Услед за арыштамі супрацоўнікаў «Ранка» Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта тэлеканала, а 4 ліпеня яго кантэнт, у тым ліку ў сацсетках, быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пасля гэтага ТРК «Ранак» быў вымушаны спыніць дзейнасць, а супрацоўнікі звольніцца з працы. Пазней, 5 верасня, тэлекампанія была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», а трое яе журналістаў сталі абвінавачанымі ў крымінальнай справе (глядзі падрабязней «Крымінальныя справы»).

    23 мая ў кватэру да гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца прыходзілі двое міліцыянтаў, каб пацікавіцца, ці падпісаны ён на экстрэмісцкія Telegram-каналы. Пачынаючы з 2020 года, гэта быў ужо шосты візіт міліцыі да Гатоўчыца, чатыры з іх суправаджаліся вобшукам і выняццем тэхнікі.

    Раніцай 19 чэрвеня дадому да рэдактара інтэрнэт-рэсурсу «Ганцавіцкі час» (ganc-chas.by) Паўла Дайліда прыйшлі супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і прапанавалі паехаць у пастарунак «на размову». Супрацоўнік у міліцэйскай форме паведаміў, што з журналістам хочуць паразмаўляць у Івацэвіцкім РАУС наконт сітуацыі, якая адбылася 17 чэрвеня ў Івацэвічах, дзе затрымалі аўтамабіль з расійскімі нумарамі. Пры гэтым міліцыянт сказаў, каб Павел Дайлід узяў з сабой тэлефон. На пытанне рэдактара, у якасці каго і па якой справе яго выклікаюць, праваахоўнік не адказаў. Але адзначыў, што ні падазраваным, ні абвінавачаным Павел Дайлід не з’яўляецца: проста з ім нехта хоча «паразмаўляць». Калі Дайлід адмовіўся ехаць у міліцыю без позвы і без адваката, міліцыянт камусьці патэлефанаваў, а затым з’ехаў разам з калегамі на службовым аўтамабілі.

    29 жніўня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дадому да карэспандэнткі таго ж сайта «Ганцавіцкі час» Святланы Малышкі і настойліва прапанавалі праехаць з імі для «гутаркі». У міліцыі высветлілася, што прычынай выкліку ў міліцыю стаў артыкул «Центр Ганцевичей к “Дожинкам” облысел», у якім вялося пра падрыхтоўку горада да святкавання афіцыйных «Дажынак». У міліцыянтаў былі прэтэнзіі да загалоўка публікацыі: яны меркавалі, што ён не адпавядае рэчаіснасці. У той жа дзень ў міліцыю запрасілі яшчэ аднаго супрацоўніка выдання — Сяргея Багрова, дзе ён патлумачыў, што не займаецца напісаннем артыкулаў. Меркавана, увага міліцыі была выкліканая незадаволенасцю гарадскіх уладаў з прычыны крытычнага асвятлення іх дзеянняў. Да гэтых падзей пагутарыць з супрацоўнікамі рэдакцыі пажадалі старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў і яго намеснік Сяргей Сарокаў. Яны па чарзе тэлефанавалі карэспандэнтам сайта «Ганцавіцкі час» і выказвалі сваё абурэнне, але не атрымалі адказу наконт аўтараў крытычных публікацый.

    14 верасня ў пункце пропуску на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце быў затрыманы былы журналіст сайта «Першы рэгіён» Сяргей Гардзіевіч, які быў асуджаны і нядаўна вызваліўся з калоніі пасля паўтарагадовага тэрміну зняволення. Пасля таго як у яго праверылі інфармацыю у тэлефоне, Гардзіевіч быў змешчаны пад варту і пазней асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    25 ліпеня Суд Глыбоцкага раёна пакараў адміністратарку сацыяльных сетак рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Вольнае Глыбокае» Надзею Маліноўскую штрафам у памеры 4440 беларускіх рублёў і канфіскаваў у яе смартфон. Яна была пакарана за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП) — за рэпост у Insta­gram-акаўнце «Вольнага Глыбокага» матэрыялаў тэлеканала «Белсат», а таксама размяшчэнне гістарычнай нацыянальнай сімволікі (герба «Пагоня», бела-чырвона-белага сцяга і надпісу «Жыве Беларусь») у акаўнце выдання ва «Вконтакте», што было расцэнена як пікетаванне (артыкул 24.23 КаАП).

    Фатограф з Брэста Васіль Пашалюк («Васька Пілот») напрыканцы кастрычніка быў аштрафаваны на 370 рублёў. Па ініцыятыве пракуратуры ён быў прыцягнуты да адказнасці паводле артыкула 18.35 КаАП (парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы) за тое, што выкарыстоўваў свой квадракоптар для здымкаў без папярэдняга атрымання дазволу. Падставай стала тое, што Пашалюк змясціў на сваім YouTube-канале некалькі відэаролікаў, зробленых ім на замову адной з дзяржаўных арганізацый.

    28 лістапада адбыўся вобшук у кватэры эканамічнага аналітыка і вядоўцы YouTube-праекта «Ноч з Чалым» Сяргея Чалага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Гэтая акцыя фармальна была абгрунтаваная яго датычнасцю да дзейнасці апазіцыйнай  Кардынацыйнай Рады.

    На Магілёўшчыне 5–6 снежня сілавікі правялі ператрусы з адабраннем камп’ютарнай тэхнікі і мабільных тэлефонаў у шасці чалавек, так ці інакш звязаных з мясцовымі незалежнымі СМІ «Mагілёў.media» і «6ТV.bу»: у былога рэдактара Барыса Вырвіча, а таксама ў Аляксандра Агеева, Аляксея Бацюкова, Ігара Шарухі, Пятра Мігурскага і Сяргея Антонава. Напярэдадні гэтыя СМІ былі прызнаныя рашэннем КДБ «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Вырвіча забіралі ў міліцыю на допыт, але потым адпусцілі.

    Таксама 6 снежня ў Глыбокім адбыўся вобшук ў кватэры журналіста Змітра Лупача, які знаходзіцца за мяжой. Для гэтага былі ўзламаныя дзверы, бо там ніхто не жыў. Праз пэўны час міліцыянты выйшлі, а кватэру журналіста апячаталі.

    З восені ўлады скіравалі сваю пільную ўвагу на блогераў, не ўцягнутых наўпрост у палітычны парадак дня. Паведамлялася пра затрыманні ўплывовых мінскіх блогераў і медыяперсон, у прыватнасці, Ганны Бонд (адбыла 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»), Ларысы Грыбалёвай (знаходзіцца ў так званым «чорным спісе» за асуджэнне гвалту ў 2020 годзе) і Дзяніса Кур’яна, нягледзячы на тое, што яны не закраналі палітычную тэматыку ў сваёй дзейнасці. Выглядае, што ўлады імкнуліся, каб у краіне проста не было непадкантрольных уплывовых публічных асоб напярэдадні падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання 25 лютага 2024 года).

    Абмежавальныя меры закранулі і замежную журналістку — КДБ забараніў уезд у Беларусь на пяць гадоў карэспандэнтцы польскага інфармагенцтва РАР Юстыне Прус, якая працавала ў краіне з 2016 года.

     

    УЖЫВАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ ДЛЯ АБМЕЖАВАННЯ СВАБОДЫ ВЫКАЗВАННЯ

    Працягваўся пераслед за іншадумства на падставе барацьбы з экстрэмізмам у інфармацыйнай прасторы. Цягам года 15 незалежных СМІ былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» (у тры разы больш, чым у папярэднім годзе), а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў. Упершыню сярод экстрэмісцкіх фармаванняў з’явіўся замежны медыярэсурс — гэта акаўнты ў Telegram, YouTube і Tik­Tok папулярнага ўкраінскага блогера Аляксандра Рыкава (Bal­aganOff), у сваіх відэа ён надае шмат увагі беларускай тэматыцы. На канец 2023 года 33 асуджаныя супрацоўнікі СМІ былі ўключаныя ў афіцыйны пералік «экстрэмістаў» і 12 — у пералік «тэрарыстаў».

    Пашыраўся крымінальны пераслед за любую форму супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» адпаведнымі рашэннямі КДБ ці МУС. Новай тэндэнцыяй стаў пераслед не толькі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, але і звычайных грамадзян, якія каментавалі для журналістаў якія-кольвек грамадска-палітычныя падзеі ці іншым чынам узаемадзейнічалі з гэтымі медыя. Так, у студзені Дар‘я Лосік — жонка Ігара Лосіка, асуджанага супрацоўніка «Радыё Свабода» — была пакараная пазбаўленнем волі на 2 гады за інтэрв’ю телеканалу «Белсат», у якім распавяла пра становішча мужа ў зняволенні. Гэта было расцэнена як садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. У выніку іх чатырохгадовая дачка засталася без бацькоў — пад апекай бабуль і дзядуль.

    Пералік асоб, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» папоўнілі асуджаныя журналісты: Ксенія Луцкіна, Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў (а таксама яго жонка Ірына Злобіна), сужэнцы Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка, Аляксандр Любянчук, Дзмітрый Лукша, Іван Мураўёў, Дзмітрый Семчанка, Анджэй Пачобут, Генадзь Мажэйка, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Павел Мажэйка, Андрэй Фамін, Вячаслаў Лазараў (разам з жонкай Таццянай Пыцько), а таксама супрацоўніцы TUT.BY Людміла Чэкіна і Марына Золатава, вайскова-палітычны аглядальнік Ягор Лебядок, спартыўны медыяменеджар Дзмітрый Навоша і блогеры Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік, Раман Пратасевіч, Дзмітрый Сельвяструк.

    У спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў палітычную аглядальніцу Таццяну Кузіну, журналіста Генадзя Мажэйку і дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых.

    Публікацыі незалежных выданняў, як і раней, масава ўключалі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які складае Мінінфармацыі паводле адпаведных судовых рашэнняў. Найчасцей сярод іх аказваліся медыярэсурсы і анлайн-супольнасці беларускай дыяспары за мяжой. Усяго за 2023 год «экстрэмісцкімі матэрыяламі» суды прызналі 1721 від інфармацыйнай прадукцыі (абсалютную большасць, за выключэннем адзінкавых відаў неанацысцкага зместу, за выказванне «апазіцыйных» меркаванняў). Сярод іх анлайн-рэсурсы незалежных медыя: Tik­Tok-акаўнты выданняў «‎Наша Ніва», «‎KYKY», «‎Tribuna.by», «‎ЧестнОК», «Настоящее время. Беларусь»; Telegram-каналы, што належаць «Hrodna.lіfe», «‎Ex-Press.by»; сайт «‎Позірк»; сайт і старонка ва «‎ВКонтакте» лунінецкага выдання «‎Информ-прогулка»; акаўнты тэлеканала «‎Белсат» у Tik­Tok, Insta­gram і YouTube; YouTube-канал рэсурса «‎Bela­Me­dia»; Tik­Tok і «‎X» акаўнты выдання «‎Новы Час»; Insta­gram-акаўнты «‎ТОК | TALK», «Першы Рэгiён»; усе сацыяльныя сеткі выданняў «‎Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «‎Салідарнасць», «‎Палатно», «‎volkovysk.by», «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя», «‎Ганцавiцкі час», радыёстанцыі «‎Беларускае Радыё Рацыя» і інш.

    Калі раней «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаваўся галоўным чынам анлайн-кантэнт, то ў 2023 годзе імі часта сталі прызнаваць артыкулы ў друкаваных выданнях. Шматразова павялічылася колькасць рашэнняў аб прызнанні «экстрэмісцкімі» кніг, а таксама персанальных старонак у сацыяльных сетках, дзе размяшчаліся крытычныя матэрыялы (напрыклад, заснавальніка медыя «Most» з Беластока Руслана Кулевіча, Insta­gram-акаўнт тэлевядоўцы Кацярыны Пытлевай, акаўнты сучаснага беларускага пісьменніка і паэта Андрэя Хадановіча і інш.).

    Асаблівую ўвагу прыцягнулі кнігі выдавецтва «Янушкевіч», якое падвяргалася рэпрэсіям уладаў і ў выніку было вымушанае спыніць сваю дзейнасць у Беларусі. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя 15 кніг гэтага выдавецтва, у тым ліку ўпершыню сярод іх аказалася мастацкая кніга — «‎Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча. 16 студзеня Эканамічны суд Мінска на патрабаванне Міністэрства інфармацыі пазбавіў выдавецтва «Янушкевіч» права выдаваць кнігі згодна з артыкулам 33 Закона «Аб выдавецкай дзейнасці». Падставай для вынясення рашэння стаў выпуск кніг, якія змяшчаюць інфармацыю экстрэмісцкага характару, у прыватнасці рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», манаграфіі Святланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941—1944 гг.)» і выдадзенага ў перакладзе на беларускую мову верша Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксiр». Напрыканцы года спіс папоўнілі яшчэ 4 кніжныя выданні, уключна два тамы твораў класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у якіх былі выяўленыя вершы, прызнаныя судом «экстрэмісцкімі».

    Былі аб’яўленыя па-за законам шмат артыкулаў з часопісаў і газет, некаторыя з якіх выйшлі амаль 30 гадоў таму. Так, «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя шэраг нумароў часопісаў «Arche Пачатак» і «Наша гісторыя», нумар газеты «Свабода» за 1997 год, шэсць артыкулаў з друкаванай газеты «Інфа-Кур’ер» за 2020 год і інш.  

    Працягвалася практыка масавага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку ў форме рэпосту ці перасылкі ў чатах — на падставе артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо якая прапагандуе такую дзейнасць»). Паколькі «забароненымі» сталі практычна ўсе незалежныя СМІ і апазіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы, правапарушэннем лічыцца распаўсюд фактычна любой інфармацыі, непажаданай для ўладаў. Суды ўсё часцей сталі караць людзей адміністрацыйнымі арыштамі, а не штрафамі.

    Ад пачатку 2023 года назіраўся значны рост колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо якая прапагандуе такую дзейнасць»): за першае паўгоддзе яна павялічылася ў 1,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года (як мінімум 1274 справы супраць 721). Усяго на працягу 2023 года, паводле звестак праваабаронцаў, за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў былі асуджаныя мінімум 2952 чалавекі. Суды працягвалі выносіць рашэнні, у якіх «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў» лічыліся не толькі публікацыя ці перасылка пэўнага кантэнту, але і падпіска на забароненыя крыніцы інфармацыі. На YouTube-канале, звязаным з сілавікамі, «растлумачылі», што падпіска на забароненыя рэсурсы фармальна не з’яўляецца правапарушэннем, аднак усё роўна з’яўляецца падставай для пераследу: «Але мы цудоўна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу — гэта не нагода ігнараваць парушальніка».

    Упершыню быў адзначаны выпадак завочнага асуджэння па «экстрэмісцкім» артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. 21 жніўня суддзя Рагачоўскага раённага суда Ірына Зыль прызначыла журналісту Дзянісу Дашкевічу (які знаходзіцца па-за межамі Беларусі) 740 рублёў штрафу з канфіскацыяй «прадмета правапарушэння» за размяшчэнне некалькіх фотаздымкаў з нацыянальнай сімволікай Беларусі на інфармацыйным інтэрнэт-рэсурсе «Рогачев Онлайн». 

    Акрамя распаўсюду кантэнту незалежных СМІ і апазіцыйных рэсурсаў, падставай для пераследу станавіліся «экстрэмісцкія» спасылкі ў навуковых працах, распаўсюд фотаздымкаў, на якіх прысутнічае бела-чырвона-белы сцяг, запампоўка мабільных прыкладанняў, звязаных з забароненымі навінавымі рэсурсамі, і адпраўка інфармацыі ў робаты зваротнай сувязі незалежных інфармацыйных рэсурсаў. Так, напрыклад, Брэсцкі абласны суд прыгаварыў украінку Кацярыну Бруханаву да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса), бо яна адправіла два відэа з ваеннай тэхнікай у чат-бот выдання «Зеркало».

     

    АБМЕЖАВАННЕ ДОСТУПУ ДА ІНФАРМАЦЫІ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫМІ МЕРАМІ

    Медыя, якія працягвалі працаваць у Беларусі, падвяргаліся цэнзуры, якая стала закранаць не толькі публікацыі на палітычную тэматыку, але і проста крытычныя выказванні на адрас дзяржаўных структур.

    Міністэрства інфармацыі працягвала рэпрэсіўную дзейнасць па абмежаванні доступу да «непажаданай» інфармацыі, што спрыяла скарачэнню колькасці недзяржаўных СМІ. Ведамства адсочвала публікацыі ў Інтэрнэце, ініцыявала блакіроўкі сайтаў і выносіла папярэджанні. У прыватнасці, onliner.by, officelife.by і іншыя інтэрнэт-рэсурсы былі вымушаныя выдаліць пэўны кантэнт, каб атрымаць дазвол на разблакіроўку сваіх сайтаў.

    Выносіліся афіцыйныя папярэджанні віцебскаму тэлеканалу «Наше ТВ», заснавальнікам тэлепраграм «БелМузТВ» і «Europa Plus TV». У прапагандысцкіх Telegram-каналах паведамлялася, што ў апошнім выпадку тэлеканал «пакаралі» за з’яўленне ў эфіры Ларысы Грыбалёвай, якая раней патрапіла ў негалосны спіс 80 «забароненых» выканаўцаў — беларускіх дзеячаў культуры, якія выступілі супраць гвалту ў 2020 годзе.

    На падставе звароту Мініcтэрства інфармацыі Беларусі расійская сацыяльная сетка «ВКонтакте» заблакавала суполкі незалежных выданняў «Зеркало», «Медиазона. Беларусь» і «Наша Ніва», а таксама тэлеканала «Белсат».

    Расійскае нагляднае ведамства Раскамнагляд забараніла для карыстальнікаў з тэрыторыі РФ доступ да шэрагу расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх сайтаў на падставе ваеннай цэнзуры — сярод іх аказаліся сайты Беларускай асацыяцыі журналістаў і гомельскага навінавага рэсурсу «Флагшток»; яно ж заблакавала інфармацыйны сайт mediazona.by.

    Паводле рашэнняў Мінінфарма пастаянна ці часова быў заблакаваны доступ да рэгіянальных анлайн-медыя: Іntex-press.by, newgrodno.by, brestnote.by, а таксама сайта навін ІТ-індустрыі Dev.by і спартыўнага выдання «Прессбол».

    Аналагічнае рашэнне Мінінфарм прыняў у дачыненні найбуйнейшай інтэрнэт-бібліятэкі беларускай літаратуры Kamunikat.org і сайта з беларускамоўнымі аўдыякнігамі audiobooks.by (на ім захоўваюцца больш за 500 кніг).

    5 снежня прайшло пасяджэнне Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка. На ёй сярод іншага абмяркоўвалі пытанні выдавецкай дзейнасці, у тым ліку падыходы Мінінфарма да выключэння з продажу «выданняў, якія скажаюць гістарычную праўду», і алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння па канфіскацыі з бібліятэчных фондаў «экстрэмісцкіх» выданняў. Сергяенка прапанаваў выпрацаваць пэўныя механізмы, але, паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра «фізічнае знішчэнне» непажаданых кніг.

    На фоне сістэматычнага пераследу за крытычныя выказванні ў Інтэрнэце, блакавання доступу да дзясяткаў незалежных СМІ і класіфікацыі анлайн-кантэнту пэўных груп як «экстрэмісцкага», беларускія ўлады арганізавалі ў лістападзе «Форум па кіраванні інтэрнэтам» (які не праводзіўся з 2020 па 2023 гады) з мэтай стварыць уражанне нармальнасці і легітымізаваць рэпрэсіўныя практыкі. З гэтай нагоды БАЖ разам з іншымі праваабарончымі арганізацыямі выступіла з заявай

    https://baj.media/be/pryznachany-legitymizavac-praktyku-znishchennya-svabody-slova-pravaabaroncy-pra-forum-pa/

     

    16 чэрвеня Міністэрства інфармацыі анулявала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі аднаго з вядучых беларускіх выданняў — агульнанацыянальнай беларускамоўнай газеты «Народная воля». Падставай паслужыла тое, што друкаваная версія не выходзіла на працягу шасці месяцаў запар (гэта адбылося праз немагчымасць друкаваць газету ні ў Беларусі, ні ў Расіі). 31 ліпеня сайт выдання перастаў абнаўляцца, а 4 жніўня Іосіф Сярэдзіч пакінуў пасаду галоўнага рэдактара. Новым уладальнікам сайта стала фірма «Гипер ПК». 8 жніўня сайт і Telegram-канал «Народнай волі» аднавілі працу пад назвай «НВ», у іх публікацыях заўважалі праўладныя наратывы. 7 снежня сайт і Telegram-канал «Народнай волі» перасталі абнаўляцца.

    Неспрыяльная для дзейнасці недзяржаўнай прэсы атмасфера ў краіне, у тым ліку прамы пераслед, прывялі да знікнення папулярных рэгіянальных медыя з прыватнай формай уласнасці. Газеты Іntex-press (Баранавічы), «Інфа-кур’ер» (Слуцк) і «Рэгіянальная газета» (Маладзечна), якія яшчэ працягвалі функцыянаваць у тым ці іншым выглядзе, а таксама тэлерадыёкампанія «Ранак» (Светлагорск) былі фактычна разгромленыя ў выніку ўмяшальніцтва сілавікоў.

    Акрамя гэтага, адбываўся фактычны захоп некаторых папулярных лакальных медыярэсурсаў, калі доступ да кіравання імі перадаваўся адыёзнаму дзяржаўнаму выданню «Минская правда» для публікацыі праўладнага прапагандысцкага кантэнту. Верагодна, іх былых адміністратараў прымушалі гэта зрабіць. Дакладна вядома пра тры падобныя выпадкі: Тele­gram-канал «Наш родны край Лагойск», Insta­gram-канал «Стоўбцы Сіці» і маладзечанскі сайт kraj.by.

    Напрыканцы снежня стала вядома пра закрыццё літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў», які выходзіў больш за 20 гадоў; прыпынілася выданне дзіцячай «Полосатой газеты».

     

    ПАДЗЕІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ МЕДЫЯСЕКТАРЫ

    Ранейшая тэндэнцыя ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ, іх пераарыентацыя выключна на прапаганду працягвалася. У 2023 годзе яна распаўсюдзілася і на сферу журналісцкай адукацыі.

    9 студзеня Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі ў 2023 годзе неабходна стварыць «магутны і сучасны медыяхолдынг». 6 красавіка ён паўтарыў гэтую ідэю на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, патлумачыўшы такую неабходнасць, неаслабным «супрацьстаяннем па лініі Захад-Усход»: медыякампанія, якая асвятляе парадак дня Саюзнай дзяржавы, мусіць быць створаная, каб не прайграць «барацьбу за розумы і сэрцы нашых грамадзян на друкаваных, тэле‑, радыё- і лічбавых палях бітвы». Канкрэтныя ўмовы стварэння гэтага медыяхолдынгу сталі прадметам абмеркавання пасла Беларусі Дзмітрыя Крутога і першага намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі Аляксея Громава ў Маскве 6 кастрычніка.

    Тэма супрацьстаяння на «інфармацыйным фронце» прагучала таксама 20 студзеня на сустрэчы міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова с прадстаўнікамі рэгіянальнай прэсы. Пярцоў адзначыў, што журналісты дзяржаўных СМІ — гэта байцы перадавых шэрагаў інфармацыйнага супраціву, якія бяруць на сябе галоўны ўдар варожых сіл: «Супраць Беларусі, Расіі ідзе інфармацыйная вайна. І пакуль бітвы мы не прайграем».

    9 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце будзе створаная спецыяльная рада з кіраўнікоў рэспубліканскіх дзяржаўных СМІ, якія будуць курыраваць пытанне падрыхтоўкі журналістаў. Ён патлумачыў, што надае такую ўвагу СМІ, бо «цяпер сродкі масавай інфармацыі — гэта поле барацьбы, пачынаючы ад інтэрнэту і заканчваючы традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі». 22 сакавіка адбылося першае пасяджэнне «назіральнай рады» пад старшынствам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, яно было прысвечанае перагляду зместу навучальных праграм у сувязі са змяненнем падыходаў да падрыхтоўкі сучаснага журналіста як «байца інфармацыйнага фронту».

    У адпаведнасці з прынятымі рашэннямі летам 2023 года факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў набіраць абітурыентаў толькі на бюджэтныя месцы, скараціўшы колькасць першакурснікаў на 20%. Дэкан факультэта Аляксей Бяляеў заявіў, што ў навучанні на платнай аснове няма неабходнасці: журфак выконвае дзяржзаказ і рыхтуе спецыялістаў для дзяржаўных СМІ. Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, праводзячы сустрэчу з першакурснікамі факультэта журналістыкі, назваў іх «баявымі штыкамі ў інфармацыйнай вайне».

    Адначасова працягваліся «чысткі» сярод работнікаў дзяржаўных СМІ.

    На пачатку года стала вядома, што на Гомельскім абласным тэлебачанні ў канцы 2022 года па палітычных матывах былі звольненыя восем чалавек, таксама быў пазбаўлены працы журналіст раённай газеты «Драгічынскі веснік» Андрэй Расафонаў. 

    У сакавіку быў затрыманы наўпрост у тэлестудыі і дастаўлены ў кайданках у міліцыю для «прафілактычнай гутаркі» ўганараваны рэжысёр спартыўных трансляцый Андрэй Пінчук. Тады ж ён быў звольнены (як паведамляецца, за нелаяльныя кулуарныя выказванні).

    5 мая наўпрост на працоўных месцах затрымалі супрацоўнікаў радыё «Гомель плюс»: галоўнага рэдактара Сяргея Краснабарода, радыёвядоўцаў Жанну Мініну і Настассю Грыцэнка, гукарэжысёра Арцёма Васількова. Іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі да 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП).

    Пісьменніцу і журналістку газеты «Літаратура і мастацтва» Яну Цэглу на пачатку чэрвеня звольнілі з працы з матывіроўкай «за прагулы». Так кіраўніцтва рэдакцыі трактавала два месяцы, якія журналістка правяла ў СІЗА да суда (яе асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса). Паколькі ў газеце Яна Цэгла працавала па размеркаванні пасля ўніверсітэта, то павінна выплаціць дзяржаве больш за 3,5 тысячы рублёў за атрыманне адукацыі.

    Выпадак ціску з боку сілавікоў адбыўся з раённай газетай Мазырскага райвыканкама «Жыццё Палесся». 23 кастрычніка на некаторы час быў заблакаваны доступ да яе сайта. Днём раней у адным з міліцэйскіх Тele­gram-каналаў з’явілася ананімная скарга на тое, што ў выпуску газеты ад 19 кастрычніка рэклама набору ў Ваенную акадэмію размешчаная побач з рэкламай пахавальных паслуг. Сілавікі паабяцалі ў адказ на гэта правесці праверку рэдакцыі «на экстрэмізм і вашывасць» пры дапамозе мясцовага аддзела ГУБАЗіК.

    Супраць дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў ўводзіліся новыя міжнародныя санкцыі. Так, Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію (НДТРК) выключылі са спісу вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў на бліжэйшыя 10 гадоў.

    Сацыяльная сетка Tik­Tok заблакавала, а затым выдаліла акаўнт шавіністычнай прапагандысцкай газеты «Минская правда», які меў каля 70 тысяч падпісчыкаў.

    15 студзеня Украіна ўвяла санкцыі супраць адыёзных прапагандыстаў Рыгора Азаронака, Ігара Тура, Аляксандра Шпакоўскага, а таксама генеральнага дырэктара тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» Аляксандра Асеенкі. Літаральна на наступны дзень у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» выйшаў сюжэт з абвінавачаннямі ўкраінскіх дыпламатаў у «вярбоўцы замежных баевікоў». 17 студзеня амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім паведаміў, што ў сувязі з гэтым у МЗС Беларусі была накіраваная нота пратэсту.

    З прыняццем 3 жніўня Еўрапейскім саюзам чарговага пакета санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі, былі ўведзеныя абмежавальныя меры да супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання Ксеніі Лебедзевай, Яўгена Пуставога, Анастасіі Бенедзісюк, а таксама цяперашняга кіраўніка таварыства «Веды» Вадзіма Гігіна.

    У верасні ўлады Венгрыі не пусцілі ў краіну прапагандыстку тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ) Надзею Сас. Яе спынілі ў аэрапорце, пратрымалі ноч у Цэнтры часовага ўтрымання і адправілі назад у Беларусь. Сас спрабавала наведаць Венгрыю, каб зняць сюжэт пра амерыканскага фінансіста, заснавальніка фонду «Адкрытае грамадства» Джорджа Сораса.

    У кастрычніку ў Малдове за рэтрансляцыю тэлепраграм «Беларусь 24» былі аштрафаваныя два тэлеканалы, якія дзейнічаюць у Гагаузскай аўтаноміі. З гэтай нагоды Міністэрства інфармацыі Беларусі выказала абурэнне «жаданнем афіцыйных уладаў Малдовы пазбавіць грамадзян сваёй краіны доступу да любой альтэрнатыўнай інфармацыі».

    27 снежня быў прыняты закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год», якім прадугледжваецца фінансаванне пяці найбуйнейшых дзяржаўных медыярэсурсаў: Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканала «Мір», Другага нацыянальнага тэлеканала, тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» і інфармацыйнага агенцтва БелТА. У цэлым фінансаванне складзе 150,1 млн рублёў. Як адзначаецца, у параўнанні з 2020 годам, намінальны прырост фінансавання склаў усяго 8%, а з улікам інфляцыі яно скарацілася амаль на чвэрць. Пры гэтым, толькі «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ) можа пахваліцца істотным прыростам фінансавання — з улікам інфляцыі ён склаў больш за 100%. Трэба ўлічваць, што дзяржаўныя прапагандысцкія медыя, акрамя бюджэтнага фінансавання, таксама маюць даходы ад рэкламы, якія маглі істотна павялічыцца пасля «зачысткі» незалежных СМІ.

    Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 914 ад 20 снежня, за кошт дзяржаўнага бюджэту ў 2024 годзе будзе выходзіць 21 друкаваны сродак масавай інфармацыі — гэта тыя ж самыя выданні, што былі прафінансаваныя і ў 2023 годзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці