ЕФЖ: У Еўропе усё больш журналістак пакідаюць прафесію або задумваюцца пра гэта
Экспертная група па гендарнай і разнастайнаснай палітыцы (GENDEG) Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ) заклікала ўсе прафсаюзы, медыякампаніі і журналістаў працаваць над дасягненнем роўных працоўных і прафесійных умоў для журналістак па ўсёй Еўропе.

Фота: Canva, з сайта europeanjournalists.org
Апытанне праводзілася ў анлайн-фармаце з снежня 2024 па студзень 2025 года сярод журналісцкіх арганізацый, што ўваходзяць у Еўрапейскую федэрацыю журналістаў.
«Першыя вынікі нашага нядаўняга апытання падкрэсліваюць устойлівую гендарную няроўнасць у медыя Еўропы.
Жанчыны-журналісткі, асабліва маці, працягваюць сутыкацца з большымі перашкодамі ў кар’ерным росце і сутыкаюцца з большай дыскрымінацыяй і пераследам на працоўным месцы ў параўнанні з мужчынамі-калегамі.
Нам яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, і ўвесь сектар павінен без прамаруджвання прыняць радыкальныя змены, інакш хутка жанчын на кіруючых пасадах не застанецца», — сказала старшыня GENDEG Элена Тарыфа.
ЕФЖ правяла апытанне 859 журналістаў сярод членаў сваіх нацыянальных прафсаюзаў (360 мужчын і 499 жанчын) у 17 еўрапейскіх краінах адносна іх працоўнага досведу, уключаючы выпадкі няроўнасці, дыскрымінацыі або гвалту на працягу кар’еры. Поўныя дадзеныя будуць апублікаваныя ў маі 2025 года.
Першыя вынікі паказваюць, што:
- 64% журналістак паведамілі пра цяжкасці з кар’ерным ростам;
- Большасць жанчын (70%) лічыць, што іх заработная плата не роўная мужчынскай;
- 77% тых, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй паводле гендару, сексуальнай арыентацыі або этнічнай прыналежнасці, былі жанчынамі.
Акрамя таго, даследаванне пацвярджае, што журналісткі больш схільныя да пераследу і дыскрымінацыі. У прыватнасці, жанчыны часцей, чым мужчыны, сутыкаюцца з:
- вербальным гвалтам (61% супраць 47%);
- дыскрымінацыяй (36% супраць 16%);
- сексуальна непрымальнымі паводзінамі (22% супраць 2%).
Непрымальная паводзіны, уключаючы любыя непажаданыя дзеянні — вербальны або фізічны гвалт, булінг, сексуальны пераслед, запалохванне, расізм ці дыскрымінацыю, — найбольш распаўсюджаныя ў рэдакцыях (44%), у палявых умовах (30%) і ў інтэрнэце (14%). 64% жанчын адзначылі, што ім было цяжка паведаміць пра такія выпадкі.
Па ўсёй Еўропе даследаванні паказваюць, што ўсё больш журналістак пакідаюць прафесію або задумваюцца пра гэта. Прычыны ўключаюць няўстойлівасць працы, адсутнасць прафесійных магчымасцей і шырока распаўсюджаны сексізм, які робіць рэдакцыі непрывабным месцам працы для жанчын.
Гэты трывожны трэнд сведчыць пра дыскрымінацыйнае і няроўнае працоўнае асяроддзе. Многія журналісткі кажуць, што адмовіліся ад мацярынства дзеля прафесіі або страцілі кар’ерныя магчымасці праз мацярынства. Некаторыя жанчыны вымушаныя выбіраць паміж кар’ерай у журналістыцы і стварэннем сям’і.
Экспертная група ЕФЖ па гендарнай і разнастайнаснай палітыцы зноў заклікае медыякампаніі прыняць меры супраць гендарнай дыскрымінацыі, распрацоўваючы планы па забеспячэнні роўнасці і падтрымліваючы кар’ерны рост журналістак.
«Калі мы не пачнем больш сур’ёзна ставіцца да пытання роўнасці, існуе рызыка, што жанчыны цалкам знікнуць з кіруючых пазіцый, якіх і так занадта мала. Гэта наўпрост уплывае на якасць інфармацыі.
Мы павінны пазбавіцца мізагінісцкай культуры, якая ўсё яшчэ занадта моцна распаўсюджана ў рэдакцыях, і забяспечыць бяспечныя ўмовы, у якіх журналісткі могуць паведамляць пра любыя непрымальныя паводзіны.
Я заклікаю медыякампаніі ўвесці палітыку нулявой талерантнасці», — сказаў Генеральны сакратар ЕФЖ Рыкарда Гуцьерэс.
