Вітальныя лісты МФЖ і ЕФЖ
Міжнародныя журналісцкія арганізацыі даслалі ўдзельнікам IX з'езду ГА "БАЖ" адмысловыя звароты. Абодва тэксты агучылі на з'ездзе 24 красавіка.
МФЖ/ЕФЖ Пасланне салідарнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў
МФЖ і яе рэгіянальная група – ЕФЖ – надзвычай ганарацца тым, што БАЖ з’яўляецца сябрам нашай паважанай арганізацыі.
Сёння ваша чарга ганарыцца сваёй арганізацыяй, напярэдадні вашага 9‑га з’езду і 20-годдзя асацыяцыі. Ганарыцца тым, чаго вы дасягнулі і як вы служыце беларускай журналістыцы на працягу 20 гадоў і падтрымліваеце прынцыпы незалежнай, сумленнай і этычнай журналістыкі. Журналістыкі, якая служыць грамадскім інтарэсам і ніякім іншым.
Вы можаце ганарыцца тым, што, нягледзячы на перашкоды, умяшальніцтва ўладаў і актыўны ціск, варожасць, пагрозы і запалохванні, якім пастаянна падвяргаюцца вашы сябры, вы падтрымліваеце агонь незалежнай журналістыкі.
Дзе б мы ні былі, МФЖ і ЕФЖ імкнуцца спрыяць журналістам і журналістыцы праз моцныя прафесійныя саюзы. Мы працуем з журналістамі ў розных асяродках, і наша роля часта – матываваць лідараў. Калі мы так робім, мы часта згадваем БАЖ як прыклад таго, як арганізоўвацца, служыць і пастаянна матываваць сяброў прытрымлівацца прынцыпаў журналістыкі.
Гэтыя дасягненні даюцца нялёгка. Яны патрабуюць адданасці, адвагі і моцнага пачуцця салідарнасці. Гэта можна дасягнуць толькі праз еднасць мэты і аб’яднанне галасоў. З’езды – для таго, каб вызначаць палітыку, абмяркоўваць стратэгіі і перагледзець дзейнасць. Гэта мусяць быць складаныя спрэчкі з вельмі рознымі меркаваннямі. Так і павінна быць, пакуль рашэнні выносяцца і прымаюцца дэмакратычна, і сябры арганізацыі аб’ядноўваюцца вакол кіраўніцтва, яго стратэгій.
Салідарныя з вамі,
Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blicher Bjerregård), прэзідэнт ЕФЖ
Джым Бумела (Jim Boumelha), прэзідэнт МФЖ
Рыкарда Гуцьерэс (Ricardo Gutiérrez), генеральны сакратар ЕФЖ
Бэт Коста (Beth Costa), генеральны сакратар МФЖ
(Поўны тэкст па-англійску — у далучаным PDF-файле ніжэй)
ЕФЖ: Пасланне салідарнасці дэлегатам з’езду ГА “БАЖ”, 24 красавіка 2015 г.
Ад імя Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, найбуйнейшай арганізацыі журналістаў у Еўропе, якая прадстаўляе звыш 300 000 асобаў з 60 журналісцкіх арганізацый у 39 краінах, у тым ліку і з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, мы жадаем вам плённага з’езду.
ЕФЖ з занепакоенасцю і салідарнасцю сочыць за цяжкасцямі, з якімі доўгі час сутыкаюцца сябры БАЖ і журналісты ў Беларусі.
Як вы ведаеце, ЕФЖ і некалькі арганізацый-сябраў ЕФЖ накіравалі звароты Міністру інфармацыі Беларусі з просьбай дапоўніць беларускі закон “Аб СМІ” дзеля прызнання ўсіх журналістаў і забеспячэння іх правоў. Да гэтага часу мы не атрымалі ніякага адказу.
ЕФЖ цалкам пагаджаецца з думкай БАЖ пра тое, што закон у сённяшнім выглядзе несумяшчальны з міжнароднымі і еўрапейскімі стандартамі ў сферы свабоды выказвання і інфармацыі. На практыцы ён робіць немагчымай працу журналістаў-фрылансераў, супольнасць якіх стала павялічваецца ў Еўропе. Адсутнасць прававога статусу журналістаў-фрылансераў і рост хвалі пераследу ў дачыненні да журналістаў за так званую “незаконную вытворчасць і распаўсюд прадукцыі СМІ” з вялізнымі штрафамі – гэта відавочнае пазбаўленне журналістаў іх працоўных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі.
Мы шчыра ўражаныя адвагай і прафесійным падыходам сябраў БАЖ у справе змагання за свабоду прэсы ў Беларусі і паляпшэння прафесійных стандартаў.
Сустрэча экспертнай групы па фрылансе ЕФЖ у Мінску ў кастрычніку мінулага года пацвердзіла: як ЕФЖ, так і МФЖ разам з вамі гатовыя падтрымліваць вас у лабіяванні дазволу журналістам-фрылансерам працаваць без боязі, у прыватнасці, праз механізмы АБСЕ, рады Еўропы і ААН. Паводле нашых назіранняў, рэпрэсіўны трэнд узмацняецца. Ад пачатку года 8 журналістаў-фрылансераў, якія публікаваліся ў замежных СМІ і не мелі акрэдытацыі, былі аштрафаваныя па абсурдных абвінавачаннях.
Улічваючы згаданае вышэй, мы спадзяемся, што ў вас адбудзецца вельмі добры з’езд з актыўнымі дыскусіямі. На здавайцеся, не адчувайце сябе ізаляванымі. Мы з вамі!
Калі ласка, інфармуйце нас пра вынікі вашай працы.
З выказваннем салідарнасці,
Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blicher Bjerregård), прэзідэнт ЕФЖ.