З нагоды Міжнароднага дня ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын МФЖ заклікала міжнародных актараў узмацніць абарону журналістак
25 лістапада ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын. З гэтай нагоды Гендарная рада Міжнароднай федэрацыі журналістаў выступіла з заклікам да міжнародных актараў з мэтай ўзмацніць абарону журналістак.

З нагоды Міжнароднага дня ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын Гендарная рада Міжнароднай федэрацыі журналістаў заяўляе:
- пра глыбокую заклапочанасць ростам экстрэмізму, які падрывае правы жанчын ва ўсім свеце і стымулюе накіраваныя напады на жанчын-журналістак, асабліва праз анлайн-абразы і пераслед;
- пра занепакоенасць паралічам або адменай гендарных палітык па ўсім свеце ў выніку прыходу да ўлады крайне правых, папулісцкіх і рэлігійна радыкальных урадаў, якія адмаўляюць роўнасць і лічаць, што жанчыны не маюць значнасці або голасу ў публічнай прасторы;
- пра цвёрдую перакананасць, што моцная і праактыўная гендарная палітыка патрэбная сёння як ніколі раней, бо яна з’яўляецца важным інструментам для абароны дасягненняў мінулага і прасоўвання правоў і прадстаўленасці жанчын ва ўсіх сектарах грамадства;
- пра безумоўнае асуджэнне ўсіх формаў гвалту супраць жанчын, у тым ліку анлайн-пераследу.
Мы бяром на сябе абавязацельствы:
- Працягваць барацьбу за гендарную роўнасць у журналістыцы, адлюстроўваючы няроўнасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў нашай прафесіі, і прасоўваючы гендарную роўнасць у журналістыцы ва ўсім свеце.
- Падтрымліваць жанчын-журналістак, якія становяцца ахвярамі пераследу, а таксама заклікаць прафсаюзы і медыяарганізацыі падтрымліваць, навучаць і кансультаваць жанчын-прафесіяналак СМІ, каб інцыдэнты фіксаваліся, расследаваліся і атрымлівалі пакаранне.
- Супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю, асабліва з глабальнымі прафсаюзамі, каб працягваць дамагчацца роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі ва ўсіх сферах, у тым ліку на працоўных месцах.
- Асвятляць правы жанчын, гендарную роўнасць і гендарна абумоўлены гвалт у поўнай адпаведнасці з журналісцкай этыкай, уключаючы абарону пацярпелых, пазбяганне сэнсацыяналізму, абарону асобаў пры неабходнасці, забеспячэнне кантэксту і дакладнасць і справядлівасць у падачы інфармацыі.
Мы заклікаем:
- Палепшыць заканадаўства, якое абараняе правы жанчын, і забяспечыць выкананне дзеючых нормаў.
- Узмацніць абарону журналістаў, якія асвятляюць дзейнасць экстрэмісцкіх груп, прызнаючы высокія рызыкі, у тым ліку анлайн-абразы, каардынаваныя кампаніі дэзінфармацыі і фізічныя пагрозы.
- Цвёрда і публічна асуджаць усе формы экстрэмізму, у тым ліку крайне правыя, мізагінныя, рэлігійна фундаменталісцкія і антыдэмакратычныя рухі, якія імкнуцца прымусіць журналістаў маўчаць, асабліва жанчын-журналістак.
- Умацаваць рэдакцыйныя стандарты, каб прадухіліць нармалізацыю экстрэмісцкіх наратываў, у тым ліку праз прыняцце выразных рэдакцыйных рэкамендацый па асвятленні мовы варожасці, дэзінфармацыі і гендарна экстрэмісцкіх ідэалогій.
- Супрацоўнічаць з лічбавымі платформамі, каб забяспечыць хуткае выдаленне экстрэмісцкіх пагроз, доксінгу і кампаній мэтанакіраванага пераследу журналістаў, асабліва жанчын і прадстаўнікоў меншасцяў, якія пацярпелі найбольш.
- Прасоўваць кампаніі медыяграматнасці, каб дапамагчы грамадскасці распазнаваць дэзінфармацыю і мізагінныя наратывы, зніжаючы такім чынам уплыў шкодных ідэалогій.
- Абароняць плюралістычную і дэмакратычную публічную прастору, каб экстрэмісцкія дзеячы не маглі запалохваць журналістаў, скажаць грамадскія дэбаты або прымушаць СМІ маўчаць, асабліва ў пытаннях гендарнай роўнасці, правоў жанчын і чалавечай годнасці.
Далучаючыся да заявы, Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэслівае, што ў Беларусі барацьба з іншадумствам пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам» з’яўляецца дадатковай формай пераследу журналістак з боку ўладаў.
Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам беларускія ўлады рэпрэсуюць журналістак, прыцягваючы іх да адміністрацыйный і крымінальнай адказнасці за іх прафесійную дзейнасць.
@bajmedia