Заява Аліны Коўшык з нагоды ўключэння журналістаў «Белсату» ў базу вышуку РФ
Галоўная рэдактарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык выступіла з заявай з нагоды ўключэння імёнаў 10 журналістаў і супрацоўнікаў тэлеканалу ў базу вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Расеі. Падаем тэкст заявы цалкам.

Галоўная рэдактарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык. Фота: Белсат
«Дзесяць новых прозвішчаў журналістаў і супрацоўнікаў тэлеканалу «Белсат» з’явілася ў базе звестак вышуку МУС Расейскай Федэрацыі. Гэта азначае, што супраць іх заведзеныя крымінальныя справы ў Рэспубліцы Беларусь. Агульны лік белсатаўцаў у расейскім вышуку складае больш за дваццаць асобаў, сярод іх ёсць і я. У сувязі з гэтым заяўляю:
Мы расцэньваем гэтыя дзеянні як чарговую спробу запалохвання незалежных беларускіх медыяў і як прамую пагрозу бяспецы журналістаў, якія годна і прафесійна выконваюць сваю працу – інфармуюць грамадства пра тое, што адбываецца ў Беларусі і свеце.
Расейскія структуры, якія ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях супраць беларускіх грамадзянаў, фактычна становяцца суўдзельнікамі рэжыму Лукашэнкі ў ягоным змаганні супраць свабоды слова.
Тэлеканал «Белсат» дзейнічае ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі журналістыкі і ёсць незалежнай медыяструктурай, якая мае за мэту даносіць беларусам праўдзівую інфармацыю.
Мы катэгарычна асуджаем выкарыстанне механізмаў міжнароднага вышуку ў палітычных мэтах і патрабуем ад еўрапейскіх і міжнародных арганізацыяў звярнуць увагу на гэтае злоўжыванне сістэмамі міжнароднай прававой супрацы з боку Расеі.
Чыноўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія адказваюць за незаконны крымінальны пераслед беларускіх журналістаў, могуць стаць аб’ектам міжнародных санкцыяў, а ў будучыні адказаць за ўласныя дзеянні перад беларускім судом.
«Белсат» працягне сваю місію – служыць праўдзе і свабодзе. Ні запалохванне, ні ціск не прымусяць нас замаўчаць», – гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, 9 кастрычніка стала вядома, што ў базу вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Федэрацыі за апошнія паўгода дадалі 1180 беларусаў. У спісе з’явіліся прозвішчы журналістаў, культурных дзеячаў, былых палітвязняў, палітычных аглядальнікаў і палітыкаў. Агулам праз Расею цяпер шукаюць 5220 грамадзянаў нашай краіны. Карткі больш як 1500 асобаў з базы прыбралі.
