Агнешку Рамашэўскую-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі «Белсата»
Пра гэта былая кіраўніца незалежнага тэлеканала паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: з асабістага архіва
8 сакавіка былая дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўска-Гузы паведаміла, што бюджэт тэлеканала урэзалі амаль на 50%. А сёння ў сваіх сацсетках яна распавяла, што пасля 17 гадоў працы на тэлеканале і пасля 32 гадоў працы ў TVP яе звольнілі.
«Мне сказалі, што бюджэт тэлеканалу скарачаюць на 47% і гэта рашэнне Міністэрства замежных спраў.
Тэлеканал плануюць падзяліць, таму рускамоўныя праграмы, верагодна, будуць пераведзены на TVP World. На маю думку, гэта вялікая памылка і прынцыповае парушэнне канцэпцыі, якая стваралася гадамі.
«Белсат» меў сэнс і служыў Польшчы ў якасці станцыі, скіраванай на Усход, у цяперашняй складанай і нават небяспечнай міжнароднай сітуацыі. На мой погляд, разбурэнне такой унікальнай працы і адзінага канала TVP, заснаванага знізу і які працуе пераважна з удзелам яго супрацоўнікаў, гэта памылка».
Нагадаем, што напрамкі працы «Белсата» гэта:
- рэдакцыя тэленавін (беларуская мова);
- рэдакцыя тэленавін (руская мова);
- праграмная рэдакцыя (фільмы, рэпартажы, публіцыстычныя і адукацыйныя праграмы і г.д.);
- інтэрнэт-партал навін на беларускай мове;
- інтэрнэт-партал навін «ВотТак» на рускай мове;
- інтэрнэт-партал навін на польскай мове;
- інтэрнэт-партал навін на англійскай мове;
- падрыхтоўка праграм і кантралёры праграм;
- аддзел сацыяльных сетак;
- аддзел падтрымкі YouTube;
- аддзел тэлетэхнікі і інфарматыкі;
- эканамічны аддзел;
- аддзел аналізу аўдыторыі.
Агнешка Рамашэўская-Гузы нарадзілася ў Варшаве. Скончыла гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту. Яна вядомая як сузаснавальніца Нацыянальнага камітэту незалежнай студэнцкай арганізацыі, першым старшынём якога стаў ейны муж Ярослаў Гузы. Падчас вучобы ў дактарантуры ў ЗША стажыравалася ў амерыканскіх медыях. З 1992 года працавала на нацыянальным Польскім тэлебачанні.
