Украінскія журналісты патрабуюць вызвалення сваіх палонных калег
Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) правёў у Кіеве акцыю ў падтрымку палонных украінскіх журналістаў.

Фота: старонка ў Facebook кіраўніка НСЖУ Сяргея Таміленка
Удзельнікамі акцыі сталі і былыя зняволеныя медыйшчыкі — Людміла Гусейнава, Аляксандр Гунько, Лідзія Тараш, Алена Цыгіпа і іншыя. Яны выказалі сваю падтрымку калегам у адмысловым звароце.
«Салідарнасць з журналістамі, якія ўтрымліваюцца ў расійскім палоне, — галоўнае паведамленне, якое мы дасылаем свету ў Сусветны дзень свабоды слова. Мы патрабуем ад расіі неадкладнага вызвалення нашых калегаў і звяртаемся да краінаў свету і міжнародных арганізацыяў з просьбай узмацніць ціск на расійскі рэжым дзеля дасягнення гэтай мэты», — заявіў кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.
На сённяшні дзень больш за 30 украінскіх журналістаў знаходзяцца ў расійскім палоне ў выніку незаконных затрыманняў, арыштаў, ілжывых абвінавачанняў і сфальсіфікаваных «судоў». Дакладна вядома, што частка з іх падвяргаюцца катаванням, пагрозам і ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, а пра некаторых няма звестак з моманту выкрадання.

Фота: старонка ў Facebook кіраўніка НСЖУ Сяргея Таміленка
«Мы заклікаем урады дэмакратычных краін і міжнародныя арганізацыі выказаць салідарнасць з захопленымі журналістамі і ўзмацніць меры дыпламатычнага і санкцыйнага характару, каб прымусіць расійскі рэжым неадкладна вызваліць усіх украінскіх медыйшчыкаў, якія знаходзяцца ў палоне. У якасці першага кроку сумеснымі намаганнямі неабходна ўстанавіць месцазнаходжанне ўсіх украінскіх журналістаў, якія зніклі без вестак на акупаванай тэрыторыі», — адзначыў Сяргей Таміленка.
#WorldPressFreedomDay #WPFD2024 #PressFreedom #BecauseTheJournalist
