• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістцы Аксане Колб замянілі «хімію» на калонію, па новай справе вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму» і «беспарадках»

    Крымінальная справа ў дачыненні да экс-рэдактаркі «Новага Часу» заведзеная ўпраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці яшчэ напрыканцы 2023 года. Толькі цяпер стала вядома, паводле якіх артыкулаў.

    Аксана Колб

    Аксана Колб. Фота: скрыншот відэа

    Улетку 2024 года ўлады арыштавалі зямельны ўчастак экс-рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб. Тады яна выказала здагадку, што гэта адбылося ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць яе напрыканцы 2023 года. Падрабязнасці былі невядомыя, бо журналістку ніхто з адказных асоб не праінфармаваў. 

    Таксама невядома было, чым скончылася справа з прадстаўленнем Валожынскага РАУС у суд «аб замене прызначанага пакарання больш строгім». Нагадаем, Аксана Колб атрымала позву на 19 сакавіка 2025 года ў суд Валожынскага раёна. Журналістцы ў 2022 годзе прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь.

    «Нарэшце 11 лістапада 2025 года мне пазваніў супрацоўнік Фрунзенскага РАУС Мінска, ад якога я даведалася, што напрыканцы 2023 года СК у Брэсце завёў на мяне справу паводле ч. 1 арт. 361–4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), — распавяла БАЖ Аксана Колб.

    Даведалася таксама, як ўзмацнілі пакаранне па ўсё тым жа 342 артыкуле:

    замест 2 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу суд Валожынскага раёна прызначыў Аксане Колб пазбаўленне волі тэрмінам на 1 год, 1 месяц і 3 дні з адбыццём у папраўчай калоніі.

    Увогуле, як кажа журналістка, міліцыянт з Мінску тэлефанаваў на загад супрацоўнікаў СК у Брэсце: «Гэта яны мяне так шукалі амаль два гады, хадзілі па мінскіх адрасах, па валожынскіх, выклікалі сваякоў у Лідзе».

    «Ну вось, нарэшце хоць нехта з іх пазваніў. Пытанні, якія яму даручылі задаць, тычыліся вяртання. Па-першае, ці не збіраюся я звяртацца ў камісію па вяртанню пад абяцаныя гарантыі. А другое, ці збіраюся я вяртацца ўвогуле. Адказала, што, безумоўна, збіраюся, але не пры гэтай уладзе», — расказала Аксана Колб.

    Па выніках гутаркі з міліцыянтам журналістка мяркуе, што справа супраць яе на перадапошняй стадыі следства, і хутка яе перададуць у суд.

    redakciya-kolb1

    Оксана Колб, фото Дмитрия Дмитриева

     Пераслед Аксаны Колб

    Рэдактарка незалежнай газеты «Новы Час» была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Тады група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Следчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Журналістку ўзялі пад варту і да суда ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.

    15 чэрвеня 2022 года суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прызнаў Аксану Колб вінаватай і прызначыў 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на т. зв. «хімію»).

    Журналістку вызвалілі часова ў зале суда, і яна пакінула Беларусь. Увосень 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ уключыла былую палітзняволеную ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    На пасадзе галоўнай рэдактаркі незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» Аксана Колб прапрацавала больш за восем гадоў. Была другім кіраўніком выдання пасля заснавальніка газеты Аляксея Караля.

    Праваабарончай арганізацыяй Аксана Колб была прызнана «Журналістам года-2022».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці