• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экс-рэдактарцы «Новага часу» Аксане Колб збіраюцца замяніць пакаранне — з «хіміі» на больш строгае

    Былая рэдактарка «Новага Часу» атрымала позву ў суд Валожынскага раёна. 19 сакавіка яе выклікаюць «у якасці асуджанай» па прадстаўленні мясцовага РАУС «аб замене прызначанага пакарання больш строгім». Аксане Колб у 2022 годзе прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь.

    Рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб

     

    Рэдактарка незалежнай газеты «Новы Час» была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Тады група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала да яе ў кватэру, каб забраць «на допыт у Следчы камітэт». Праз два дні стала вядома, што ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Журналістку ўзялі пад варту і да суда ўтрымлівалі ў следчым ізалятары.

    15 чэрвеня 2022 года суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прызнаў Аксану Колб вінаватай і прызначыў 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на т. зв. «хімію»).

    Журналістку вызвалілі часова ў зале суда, і яна пакінула Беларусь. Увосень 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ уключыла былую палітзняволеную ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

    «Позва на 19 сакавіка — гэта працяг яшчэ той справы 2022 года, — кажа Аксана Колб у каментары БАЖ. — Мяркую, што гэта не ініцыятыва валожынскіх органаў, хутчэй за ўсё, ім спусцілі зверху. Яны ж яшчэ ўвосень 2022 года ведалі, што я з’ехала з краіны. Бо прасілі даслаць ім паперку, якая пацвярджае, што я знаходжуся ў Польшчы і не трэба мяне ў Беларусі шукаць. Просьба ад міліцыі з’явілася пасля таго, калі я не прыйшла стаць на ўлік. 19 сакавіка, я так разумею, суд за «парушэнні» заменіць мае два з паловай гады «хіміі» на калонію».

    Як паведаміла Аксана Колб, напрыканцы 2024 года на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу.

    Журналістка кажа, што не ведае падрабязнасцяў пра новы крымінальны пераслед на радзіме: «Мяне шукалі ў снежні 2024-га — пыталіся па адрасе маёй рэгістрацыі, ці не з’явілася я раптам. Справа заведзеная Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Дакладнай інфармацыі наконт матываў адкрыцця гэтай справы, артыкулаў, сутнасці абвінавачанняў у мяне няма. Хоць тым, хто мяне шукаў, далі мой польскі кантакт — хацелі б, то звязаліся б».

    На думку Аксаны Колб, пасля таго, як улады прымуць меркаваныя папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія дазволяць завочныя суды па дадатковых артыкулах, то будзе і завочны працэс. «Пакуль што шукаюць. У міждзяржаўнай базе вышуку я ўжо год як значуся. Неяк на адрас юрасобы, якая выдавала «Новы Час», даслалі просьбу скласці характарыстыку на мяне — са спісам спагнанняў, заахвочванняў і ўвогуле з расповедам пра маю асобу. Была ў мяне, канешне, спакуса напісаць самой на сябе характарыстыку, але ўстрымалася ад марнавання часу», — распавяла Аксана Колб.

    На пасадзе галоўнай рэдактаркі незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» Аксана Колб прапрацавала больш за восем гадоў. Была другім кіраўніком выдання пасля заснавальніка газеты Аляксея Караля.

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці