Алег Агееў: Нам трэба быць гатовымі да таго, калі адкрыецца акно магчымасцяў
Юрыдычная дапамога беларускім журналістам у Беларусі і ў выгнанні — адзін з прыярытэтаў Прававога цэнтра БАЖ. Паспрабавалі азірнуцца назад і адрэфлексаваць пройдзены за 30 гадоў шлях з яго кіраўніком, намеснікам старшыні БАЖ Алегам Агеевым.

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў распавядае пра пераслед беларускіх журналістаў. 2 траўня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
Беларуская асацыяцыя журналістаў набліжаецца да свайго 30-годдзя. Сёння БАЖ — гэта сотні людзей, чые лёсы знітаваныя агульнай прафесіяй, чалавечымі стасункамі, а апошняе пяцігоддзе і вялікімі рэпрэсіямі. Напярэдадні юбілею ацэньваем той шлях, які прайшла арганізацыя, і прыглядаемся, куды ісці і што рабіць далей.
Палітычна матываваны пераслед даволі складана спыняць прававымі метадамі
— Адной з мэт дзейнасці БАЖ заўсёды была абарона правоў журналістаў і паляпшэнне сітуацыі са свабодай выказвання меркавання. Натуральна, ад самага пачатку да працы ў гэтым кірунку падключаліся самыя выбітныя юрысты.
Асноўнае дасягненне Прававога цэнтра БАЖ — колькасць людзей, якім мы дапамагалі і дапамагаем. Праўда, поспех досыць сумнеўны, бо ў Беларусі дзесяцігоддзямі складалася сітуацыя, якая не дазваляе называць нашу дзяржаву прававой. Палітычна матываваны пераслед даволі складана спыняць прававымі метадамі.
Але поспехі ўсё ж былі і ў гэтым напрамку: адмяняліся прысуды, штрафы, вызваляліся журналісты, адбіваліся ў судах пазовы да журналістаў аб абароне гонару і годнасці, баранілі рэдакцыі і медыі ў судах і іншых дзяржаўных установах і па іншых справах.
Лік абароненых журналістаў і медыяў толькі за апошняе дзесяцігоддзе ідзе на дзясяткі. Хаця беларуская дзяржава ўжо даўно не з’яўляецца прававой, але талент і прафесійнасць дазвалялі нашым юрыстам выкарыстоўваць права нават у такой сістэме.
Акрамя юрыдычнай дапамогі, мы таксама займаемся мінімізацыяй негатыўных наступстваў рэпрэсій з боку рэжыма Лукашэнкі, каб як мага большая колькасць людзей мела магчымасць працягваць сваю працу, сутыкнуўшыся з палітычным пераследам.
— Увосень 2020 года Лукашэнка прама заявіў: «Часам не да законаў». Прававому цэнтру БАЖ давялося пераглядаць прыярытэты?
— Тое, што ён плявузгаў у 2020 годзе, мы ведалі значна раней. Проста падчас пратэстаў 2020 года маштабы беззаконня сталі відавочным для вялікай колькасці людзей.
Аднак журналісты сутыкаліся з беззаконнем з першых дзён прыходу Лукашэнкі да ўлады. Яны лепш за астатніх ведалі, што ў нашай краіне пад яго ўладай заўсёды было не да законаў. Менавіта гэта стала адной з прычын стварэння Беларускай асацыяцыі журналістаў 30 гадоў таму.
Штогод дапамагаем сотням журналістаў і дзясяткам рэдакцый
— 2020 год насамрэч унёс карэктывы ў нашу працу. Калі датуль мы дапамагалі журналістам унутры Беларусі, то цяпер дадаўся новы кірунак дзейнасці — дапамога медыйшчыкам у краінах, у якія яны з’ехалі. Беларускія юрысты не так добра ведаюць заканадаўства іншых дзяржаў, таму мы пачалі супрацоўнічаць з тутэйшымі калегамі, найперш у справе легалізацыі.
— Ці можаце вы ацаніць маштабы падтрымкі, аказанай пасля 2020 года?
— Гаворка ідзе пра сотні журналістаў штогод. Сотні людзей і дзясяткі рэдакцый.
Мы актыўна працуем над павышэннем прававой адукацыі саміх журналістаў — на апярэджанне, каб мінімізаваць верагоднасць прыцягнення медыйшчыкаў да адказнасці. Для дасягнення гэтай мэты мы кансультуем рэпарцёраў падчас падрыхтоўкі матэрыялаў, праводзім юрыдычную экспертызу перад выхадам тэкстаў, адукацыйныя мерапрыемствы.

Акцыя салідарнасці са зняволенымі журналістамі. Фота: БАЖ
Дагэтуль мы не адмовіліся ад намаганняў палепшыць сітуацыю са свабодай выказвання ў Беларусі. Да 2020 года мы мелі поспехі на гэтым напрамку: рыхтавалі прапановы і ўдзельнічалі ў грамадскіх абмеркаваннях прававых актаў.
Па некаторых юрыдычных дакументах было бачна, што нашая пазіцыя ўлічвалася дзяржаўнымі органамі падчас прыняцця законаў. Мы намагаліся палепшыць стасункі незалежных журналістаў з рознымі ўладнымі ведамствамі, спрабавалі ўплываць на прававое рэгуляванне медыясектара.
І мы працягваем гэтую працу. Толькі цяпер ужо зразумела, што з гэтым рэжымам няма пра што размаўляць (яго легітымнасць пад сумневам, а БАЖ прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»). На гэтым этапе мы рыхтуем прапановы, як ажыццяўляць прававое рэгуляванне медыяў у новай Беларусі.
Бо мы дакладна разумеем, што рэжым скончыцца, а застануцца і Беларусь, і БАЖ. Нам трэба быць гатовымі да таго, каб браць удзел у рэфармаванні структуры медыясектара Беларусі, і выбудоўванні цывілізаваных адносін паміж медыямі і беларускай дзяржавай, калі адкрыецца акно магчымасцяў у нашай краіне.
— Канкрэтызуйце, калі ласка, пра што ідзе гаворка.
— Ужо распрацаваныя і апублікаваныя прапановы па зменах у адміністрацыйнае і крымінальнае заканадаўства: што трэба пакінуць, а што скасаваць і адмяніць, каб вярнуць у Беларусь прававыя падыходы па рэгуляванні свабоды слова.
Зараз на парадку дня стаіць планаванне рэформ у медыясектары, яго прававое рэгуляванне, у тым ліку, як ператварыць сістэму прапаганды ў грамадскага вяшчальніка. Беларусь — ці не апошняя дзяржава ў Еўропе, у якой замест грамадскіх вяшчальнікаў дзейнічаюць прапагандысцкія рэсурсы ў лепшых традыцыях Гебельса і Савецкага Саюза.
Чым далей ад беларускай мяжы, тым складаней прадказаць, наколькі лёгка будзе абараніць журналістаў ад палітычнага пераследу
— Ці можна апісаць геаграфію краін, найбольш бяспечных для беларускіх журналістаў і медыяў?
— Гэта краіны Еўропы, якія маюць сумесную мяжу з Беларуссю і дакладна ведаюць, што адбываецца.
Адпаведна, прававыя сістэмы гэтых краін ужо дзесяцігоддзямі сутыкаюцца з беларускімі практыкамі: і з запытамі на экстрадыцыю, з запытамі на выдачу асоб, з запытамі аб іншых прававых дзеяннях, якія відавочна становяць сабой палітычна матываваны пераслед.
Чым далей ад беларускай мяжы, тым складаней казаць пра абароненасць беларусаў увогуле, у тым ліку і журналістаў.
Самыя небяспечныя краіны рэгіёну для беларускіх журналістаў. Складаем рэйтынг
Краіны, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, маюць дакладныя сістэмы абароны правоў. Даволі эфектыўна працуюць прававыя механізмы — ад нацыянальных судоў да Еўрапейскага суда па правах чалавека. У краінах, якія не ўваходзяць у Раду Еўропы, праблема стаіць вастрэй, бо трэба пастаянна сачыць за развіццём палітычнай сітуацыі.
Вядома, што масквацэнтрычныя і лукашэнкалюбівыя рэжымы сустракаюцца нават сярод краін Рады Еўропы. Вялікая колькасць беларускіх журналістаў ужо абвешчаная рэжымам у міжнародны вышук паводле палітычна матываванага пераследу (некаторыя супрацоўнікі БАЖ таксама знаходзяцца ў гэтым спісе). Таму кансультаванне і прадухіленне магчымых праблем, звязаных з выездам журналіста з краін іх легалізацыі ў іншыя краіны, таксама ёсць адным з нашых прыярытэтаў.
Механізм самарэгулявання медыясектара рэальна працуе
— Што вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем на пасадзе кіраўніка Прававога цэнтра БАЖ?
— Прававы цэнтр сёлета быў моцна ўключаны ў распрацоўку механізмаў самарэгулявання беларускага незалежнага медыясектара. (Гаворка вядзецца пра Пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара і Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў і, як вынік, стварэнне Рады па медыяэтыцы).
Стварэнне такіх механізмаў — гэта вельмі значная падзея для ўсяго медыясектара. Зараз рэдакцыі знаходзяцца ў выгнанні, магчымасці звяртацца ў нацыянальныя суды краін знаходжання існуюць, але гэта складаны працэс. Механізм самарэгулявання — спроба і без беларускай дзяржавы, і без дзяржаў краін знаходжання вырашаць спрэчныя пытанні па працы медыясектара. Гэта ўжо атрымалася, ужо працуе. Таму я шчыра захапляюся працай нашых юрыстаў, якія дапамаглі стварыць працаздольныя органы.

Выява зробленая БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Я хачу падзякаваць усім калегам, якія разам працуюць у БАЖ па абароне правоў журналістаў. Гэта суполка ўнікальных прафесіяналаў, якія самааддана дапамагаюць беларускім медыям выконваць сваю ролю, даносіць да беларускага грамадства праўду.
За 30 гадоў стварыўся і ўстойліва дзейнічае наш Прававы цэнтр БАЖ. Мы, негледзячы на тое, што самі знаходзімся пад ціскам, плануем і надалей рабіць усё ад нас залежнае, каб беларускія журналісты маглі працаваць.
