Алег Агееў: «Адмовіць у акрэдытацыі праз пагрозу нацыянальнай бяспецы — легітымна, калі гэта абгрунтавана»
Шэрагу журналістаў з Беларусі, Расіі і іншых краін было адмоўлена ў акрэдытацыі на Алімпіяду ў Парыжы. Французскія ўлады палічылі, што яны могуць працаваць на спецслужбы. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў пракаментаваў для Media IQ такое рашэнне французскіх уладаў.
«Менш за сотню анкет мы адхілілі праз падазрэнні у тым, што яны з’яўляюцца агентамі – шпіёнамі альбо інфарматарамі замежных дзяржаў, якія імкнуцца да ўмяшальніцтва ў Гульні», – заявіў кіраўнік МУС Францыі Жэральд Дарманен. Ён кажа, што такім чынам улады ўжываюць «прынцып перасцярогі», каб прадстаўнікі шэрагу замежных дзяржаў не змаглі атрымаць доступ да камп’ютарных сетак і здзейсніць кібератаку.
– Існуюць стандарты, як акрэдытоўваць замежных журналістаў у краінах свету ці ў краінах, у якіх дзейнічаюць арганізацыі кшталту Рады Еўропы, АБСЕ, ААН, – тлумачыць Алег Агееў. – Ёсць стандарты, распрацаваныя для акрэдытацыі замежных журналістаў з краін-удзельніц АБСЕ спецыяльным дакладчыкаў па свабодзе медыяў пры офісе АБСЕ у 2016 годзе.
Стандарты АБСЕ – дэталёва аргументаваныя, але ж маюць рэкамендацыйны характар для дзяржаў. Сама працэдура сыходзіць з прынцыпа свабоды на распаўсюд інфармацыі і свабоды выказвання. Адмова ў акрэдытацыі павінна адпавядаць крытэрыям абмежавання свабоды выказвання і свабоды інфармацыі.
У Францыі ёсць адпаведны незалежны орган, які разглядае пытанні акрэдытацыі. У дадзенай сітуацыі пра нядопуск людзей да Алімпіяды выказваўся кіраўнік МУС, то хутчэй за ўсё гэта міністэрства і праводзіла праверку. Але ж гэта маё меркаванне, заснаванае на стандартах, як працэдура павінна адбывацца. Як яно было насамрэч, мы не ведаем, няшмат афіцыйнай інфармацыі.
Орган, які адказвае за нацыянальную бяспеку ў Францыі, хутчэй за ўсё правяраў агулам усіх людзей, якія хацелі працаваць на Алімпіядзе, абслугоўваць яе. Гэта працэдура аднолькавая для ўсіх.
Калі дзяржаўныя структуры Францыі маюць інфармацыю, што пэўная асоба, у дадзеным выпадку журналіст, пагражае нацыянальнай бяспецы, і могуць гэта аргументаваць у кожным канкрэтным выпадку, то такая нагода ў адмове акрэдытацыі лічыцца цалкам легітымнай.
Пасля такой высновы павінна быць прадугледжана працэдура, якая дазваляе абскардзіць адмову ў акрэдытацыі і прывесці свае контраргументы. Абскарджанне адбываецца ў судзе Францыі.
У міжнародных стандартах пералічаны крытэры, па якіх можна абмяжоўваць правы. Пагроза нацыянальнай бяспецы – крытэр для абмежавання любога права, не толькі на свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі. Права на свабоду інфармацыі не абсалютнае, яно можа быць абмежавана.
Прадстаўнікоў беларускіх прапагандысцкіх медыяў акрэдытавалі ў Парыж для асвятлення Алімпіяды
Працэдура акрэдытацыі замежных журналістаў у Беларусі
– Мне здаецца, з такой нагоды варта ўзгадаць жорсткую працэдуру акрэдытацыі замежных і нацыянальных журналістаў у Беларусі. Яна не адпавядае ніякім міжнародным стандартам.
Усё, што міжнародныя арганізацыі рэкамендуюць не рабіць пры акрэдытацыі журналістаў, беларускія ўлады ўціснулі ў палажэнне аб парадку акрэдытацыі.
Акрэдытацыя журналістаў у Беларусі ажыццяўляецца ў адвольным парадку, мноства нагодаў для адмовы. Беларускія ўлады кіруюцца і палітычным складнікам, могуць адмаўляць замежным журналістам з так званых «недружественных» краін.
Існуюць абмежаванні ў акрэдытацыі для грамадзянаў Беларусі, якія працуюць у замежных медыя, што дакладна не адпавядае ніякім легітымным мэтам.
Працэдура абскарджання прадугледжана Працэсуальным кодэксам, але ж існуе толькі фармальна: улады адмаўляюць у разглядзе скаргаў.
Згодна стандартаў, працэдура акрэдытацыі не мусіць выкарыстоўвацца для адвольных абмежаванняў у распаўсюдзе інфармацыі. Наадварот, магла б лічыцца падцвярджэннем права журналіста на доступ да інфармацыі. Абмежаванне такога права – пытанне нацыянальнага заканадаўства, якому варта адпавядаць міжнародным стандартам.