Алесь Кіркевіч прэзентаваў у Гародні сваю новую кнігу
У „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні адбылася прэзентацыя кнігі журналіста і палітвязня Алеся Кіркевіча “Сем месяцаў у беларускай турме”.
Кажа аўтар кнігі Алесь Кіркевіч:
– Напісана гэта ўсё было ў 2011-12 недзе ўзімку. Яна адразу не была выдадзена, проста ляжала на паліцы ў выглядзе рукапіса, удзельнічала ў конкурсе турэмнай літаратуры імя Аляхновіча. Было неяк не да гэтага, пасля быў Майдан, былі розныя падзеі. Сама кніга і гэтыя падзеі 2010 года, той Плошчы, яны адышлі на другі план, як для мяне асабіста, так і для грамадства.
Алена Лапцёнак, якая прадстаўляла ў Гародні серыю “Беларуская турэмная літаратура”, лічыць, што такія кнігі вельмі патрэбныя грамадскім актывістам:
– Думаю, што ўсе кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, яны будуць у першую чаргу цікавыя актывістам, тым якія цікавяцца не толькі гісторыяй, культурай, але і маюць цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. Паказаць, што турма – гэта не проста выпрабаванне для чалавека, каб захаваць сябе, але гэта і той досвед, які ў пэўным сэнсе ўзбагачае.
Гарадзенцы, што прыйшлі на сустрэчу, маглі атрымаць кнігі з серыі “Беларуская турэмная літаратура”. Плануецца, што прэзентацыі гэтай серыі адбудуцца і ў іншых гарадах Беларусі.