• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аліна Коўшык адмовілася каментаваць звальненне на «Белсаце»

    Пасля з’яўлення інфармацыі пра тое, што Ігар Кулей быў звольнены з пасады кіраўніка рэдакцыі навінаў «Белсата», інфармацыйны аддзел БАЖ паспрабаваў даведацца пра сітуацыю і даць магчымасць выказацца абодвум бакам.

    Фота: Vida Press

    Ігар Кулей паведаміў, што не можа каментаваць сітуацыю ў сувязі з унутранымі правіламі рэдакцыі. Як стала вядома БАЖ з уласных крыніц, Ігар Кулей на дадзены момант застаецца працаваць на канале ў праграме «Тыдзень на Белсаце», якая пакуль яшчэ выходзіць.

    Раней, са спасылкай на калег, паведамлялася, што Ігар апублікаваў у рэдакцыйным чаце наступную інфармацыю:

    «Шаноўныя калегі, у пятніцу, 29 лістапада, я быў звольнены з пасады кіраўніка беларускамоўнай тэлерэдакцыі. Пішу пра гэта толькі сёння, бо цягам выходных чакаў дакладнае падцверджанне гэтага рашэння. Як мне было патлумачана — прычынай звальнення з’яўляюцца два эпізоды ў навінавых праграмах маёй ужо былой рэдакцыі, ацэненыя кіраўніцтвам, як парушаючыя стандарты журналістыкі. Першы — гэта інтэрв’ю Сяргея Падсасоннага з Алінай Коўшык у праграме Тыдзень, другі — прывітальная частка праграмы Аб’ектыў, прысвечаная інфармацыі пра датэрміновы зыход Аляксея Дзікавіцкага з пасады в.а. дырэктара Белсат, паказаная ў аўторак 19 лістапада. Я хачу падзякаваць кожнаму, з кім давялося працаваць у якасці кіраўніка рэдакцыі цягам больш як чатырох гадоў на гэтай пасадзе.»

    Каб праясніць сітуацыю Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася да нядаўна прызначанай галоўнай рэдактаркі «Белсата», а раней прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Аліны Коўшык.

    Але атрымала падобны адказ: «Каментаваць унутраныя рашэнні не магу, згодна з правіламі фірмы».

    Сайт БАЖ працягвае сачыць за лёсам тэлеканала і супрацоўнікаў «Белсата», якія заўсёды былі важнай каштоўнасцю для журналісцкай арганізацыі, і гатовы прадаставіць пляцоўку для выказвання меркаванняў супрацоўнікам і супрацоўніцам канала, якія захочуць падзяліцца сваімі думкамі.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці