Аляксандр Чарнуха: Няма ніякіх «там» і «тут», беларусаў штучна дзеляць
Што азначае назва «Міністэрства сепультуры»? Чаму музычны журналіст стаў пісьменнікам? Як ратаваць беларускія медыі? БАЖ пагутарыў з журналістам і пісьменнікам Аляксандрам Чарнухам.

Аляксандр Чарнуха. Фота: з асабістага архіва
Аляксандр Чарнуха ўварваўся ў беларускую літаратуру са сваім сатырычным раманам «Свінні», які нарабіў многа шуму. Нядаўна пісьменнік вярнуўся з амерыканскага тура з кнігай «Гвалт», выдадзенай у 2024 годзе, і зараз рыхтуецца да еўрапейскага. Аднак найперш ён адбыўся як музычны журналіст.
Onliner – бізнэс, які натуральным чынам спрабуе выжыць
— Вы пачыналі сваю кар’еру музычным журналістам на Onliner, цяпер вы пісьменнік і аўтар дзвюх кніг: «Свінні» і «Гвалт». Кім вы сам сябе ідэнтыфікуеце?
— Не, сваю журналісцкую кар’еру я пачынаў нашмат раней. Я вучыўся на журфаку БДУ ў 2005–2010 гадах і адначасова з 2008 года працаваў у «Народнай газеце». Менавіта там я пачынаў сваю журналісцкую кар’еру: два гады адпрацаваў студэнтам і два гады — па размеркаванні. І звальняўся з «Народнай газеты» рэдактарам аддзела рэпарцёраў.
Паралельна, з 2011 года, я быў галоўным рэдактарам самага папулярнага беларускага музычнага партала Ultra-Music, працаваў рэдактарам часопіса Where Minsk, і толькі пасля гэтага прыйшоў працаваць на Onliner. У Onliner я пачынаў журналістам, а скончыў — мэнэджэрам, кіраўніком спецыяльных праектаў: запускаў падкаставую студыю, працаваў амаль з усімі вялікімі праектамі выдання. Натуральны працяг кар’еры. Пасля, калі звольніўся і з’ехаў з Беларусі, атрымаў прапанову з Wargaming, дзе пэўны час працаваў на мэнэджэрскай пазіцыі.
Што да ўласнай самаідэнтыфікацыі, то гэта не мая справа, я займаюся толькі тым, што мне цікава. Перада мной ніколі не стаяла задача быць толькі журналістам, або толькі пісьменікам, ці журналістам і пісьменікам. Называйце мяне як заўгодна, бо я маю маю рознабаковы досвед. І мне дагэтуль цікава атрымліваць новыя прафесійныя навыкі.
— Чаму вы сышлі з Onliner і што з выданнем стала цяпер?
— Я сышоў з Onliner, бо не бачыў сябе там больш: ні ва ўнутраных працэсах, ні ў знешніх. Я з’язджаў з Беларусі, таму, натуральна, не бачыў магчымасці працаваць у выданні дыстанцыйна.
Што адбываецца з выданнем цяпер, то гэта не зусім мая справа. Але мне падаецца, што Onliner рэагуе на знешнія абставіны натуральным чынам — як любы бізнэс, які працуе на захаванне сябе і які немагчыма рэлакаваць.
— То-бок, Onliner найперш не СМІ, а бізнэс?
— Абсалютна. Медыя ўнутры Onliner — выдатны маркетынгавы інструмент, і заўсёды ім быў. Менавіта медыя генеруе асноўны трафік на сайт, а бізнэс натуральным чынам утрымлівае рэдакцыю, таму што яму гэта выгадна, ён на гэтым зарабляе.

Аляксандр Чарнуха ў ЗША. Фота: з асабістага архіва
«Нам не хапае публічнай дыскусіі, якую я спрабую запускаць»
— Год 2020 стаў пераломным для значнай часткі беларускага грамадства. У гэты год вы пачалі пісаць свой знакаміты раман «Свінні». Што прымусіла вас заняцца літаратурай? Гэта стала рэакцыяй на што?
— На падзеі 2020 года ў Беларусі. У рамане можна знайсці шмат сапраўдных цытат, шмат рэальных людзей, і калі заняцца дэкодынгам гэтага рамана, то можна пазнаць і людзей, і падзеі. Гэта была мая рэакцыя на падзеі 2020 года: мне трэба было стварыць нейкі тэкст, які не патрабуе дадатковага каментавання. І я вырашыў, што менавіта літаратурны твор – самая прыдатная форма для рэалізацыі маёй задумы: выказаўся — і паставіў кропку.
— У 2024 годзе выйшла другая кніжка «Гвалт». Значыць, пісьменніцтва вас зацягнула. Якія планы на будучыню маеце?
— Як і кожны чалавек, які піша, некаторыя планы маю, але не гатовы іх зараз агучваць. Канешне, ёсць пэўныя задумкі. Мне падаецца, што гэта натуральным чынам з мяне ідзе зараз, ідзе ўнутраны і знешні дялог з маімі чытачамі. Мне падаецца, што нам не хапае публічнай дыскусіі, і праз свае творы, у тым ліку, хачу запускаць дыскусію.
— Як я разумею, у мінулым вы рускамоўны чалавек. Як сталася, што вы перайшлі на беларускую мову? Ці спатрэбілася прыкладаць для гэтага нейкія гіганцкія высілкі?
— Ніякіх высілкаў прыкладаць не давялося. Я ведаў і ведаю беларускую мову на добрым узроўні, і я перайшоў на яе адразу пасля пачатку вайны ў 2022 годзе. Мне стала важным у публічнай прасторы трансляваць беларускасць і беларускую мову. Я выключыў рускую мову са сваёй публічнай камунікацыі ўвогуле, і, як мне падаецца, нічога не страціў. Хаця я стала ўжываю чатыры мовы: рускую, беларускую, англійскую і польскую.
Зрабіў амаль 70 выпускаў — і дагэтуль не засумаваў
— Ваш YouTube-канал названы «Міністэрства сепультуры», што ў перакладзе з партугальскай азначае міністэрства пахаванняў. Які сэнс вы закладвалі ў назву пры стварэнні канала?
— Сепультура з партугальскай мовы перакладаецца менавіта як магіла. І ў самой назве закладзены каламбур.
Мне падаецца, што беларускае міністэрства культуры акурат выконвае функцыю магільшчыка, таму і мусіць так называцца.
Да таго ж, у сепультуры ёсць цікавая гісторыя, звязаная з Беларуссю, а канкрэтна — з Барысавам, з маім родным горадам. Я вучыўся ў адной школе з дзяўчынай, якая праз многія гады пачала сустракацца з цяперашнім вакалістам гурта группы Sepultura Дэрыкам Грынам.
— У адным інтэрв’ю вы сказалі: «Калі пісаць толькі пра беларускую культуру — можна засумаваць». Усё настолькі кепска з беларускай культурай?
— Не памятаю, калі я такое казаў. Але калі казаў, то, напэўна, памыляўся: бачыце, ужо выйшла амаль 70 выпускаў «Міністэрства сепультуры», а яшчэ не засумаваў.
— Дзе цяпер развіваецца беларуская культура: там ці тут, у Беларусі ці ў замежжы?
— Мне здаецца, што праз 5 гадоў пасля вядомых падзей усе мы высветлілі, што штучны падзел на «там» і «тут», які нам навязваюць (але не ведаю — навошта), сапраўды не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Насамрэч няма ніякага «там» і «тут».
Падзел існаваў, калі не было мабільных тэлефонаў: цяжка было атрымліваць інфармацыю, што адбываецца на самой справе, цяпер сродкаў сувязі дастаткова, і ўсе мы існуем у адной прасторы. Гэта глупства, гэта спроба падзяліць беларусаў на тых, хто з’ехаў і хто застаўся, на правільных і няправільных. Але беларусы адзіныя.
Беларускія медыі дарма не займаюцца кам’юніці-мэнэджмэнтам
— Летась на пэўны час вы прыпынялі выпуск «Міністэрства сепультуры» з‑за фінансавых праблемаў. Як вы іх вырашылі?
— Яшчэ ў траўні мінулага года я звярнуўся да сваіх гледачоў з просьбай падтрымаць мяне праз сэрвіс Buy Me a Coffee. Тады «Сепультуры» дапамаглі 300 чалавек, 95 з іх падтрымлівае канал штомесячна — гэтага хапае, каб выходзіць у свет раз на два тыдні. Да таго ж мы атрымалі пэўную фінансавую падтрымку да канца лета, таму «Сепультура» на гэты час вярнулася ў штотыднёвы фармат. А далей будзем вызначацца з планамі: магчыма, канал ізноў пяройдзе на двухтыднёвы фармат, але пры наяўнасці падтрымкі застанецца ў штотыднёвым.
— Ці падыходзіць такі рэцэпт з данатарамі падыходзіць для медыяў, дзе мінімальны калектыў складаецца з 5–6 чалавек?
— Я адзін раблю «Міністэрства сепультуры». Калі б каманда складалася з 3–4 чалавек, то мы стваралі б больш кантэнту, адпаведна, больш людзей і нас падтрымлівала б. Адзін чалавек мог бы непасрэдна займацца кам’юніці-мэнэджмэнтам — вельмі недаацэненым напрамкам, якім зараз большасць беларускіх медыяў і мікрамедыяў не займаюцца ўвогуле. Проста трэба вельмі добра ведаць і адчуваць сваю аўдыторыю, размаўляць з ёй, выхоўваць яе, весці дыялог з людзьмі, якія цябе глядзяць і падтрымліваюць. І разумець, чаму яны цябе падтрыліваюць. Тады можна звяртацца да іх за дапамогай.

Аляксандр Чарнуха. Фота: з асабістага архіва
Мне падаецца, што мой прыклад маштабуецца на іншыя рэдакцыі, але трэба выпрацоўваць свае канцэпцыі стратэгіі камунікацыі з чытачом і гледачом, а не проста прасіць дапамогу. Бо многія з тых, хто сёння звяртаецца па дапамогу да аўдыторыі, нічога не прапануюць узамен, яны прапануюць толькі тое, што раней рабілі бясплатна, а ў гэтым няма ніякай дадатковай каштоўнасці.
Я ж раблю дадатковыя фарматы, я маю розныя пакеты падтрымкі: я складаю для людзей плэй-лісты, пішу тэксты, якія даступны толькі для тых, хто падтрымлівае «Сепультуру». Схема працуе менавіта так, і гэта вельмі шчырыя стасункі паміж стваральнікам кантэнту і яго спажыўцом. Спажывец, якія падтрымлівае стваральніка кантэнту за пэўныя грошы, мусіць атрымліваць ад яго нешта дадатковае.
— Пісьменніцкая праца не прыносіць прыбытку, часцей пісьменнікі ўкладваюць свае грошы, каб выдаць кніжку. За кошт чаго вы выжываеце?
— Я шмат працую, працую амаль без выходных. Мне дастаткова таго, што я атрымліваю.
Я вяду шмат паралельных праектаў, маю шмат паралельных відаў дзейнасці, я не засяроджаны на нечым адным. Але, канешне, большую частку майго часу займае «Міністэрства сепультуры», бо выпускаць відэа штотыдня — такога аб’ёму, такой якасці — займае амаль увесь мой час.
