Аляксандру Фядуту — 60. Свой юбілей ён сустракае за кратамі
Па абвінавачванні ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнка палітолаг і літаратуразнаўца адбывае 10-гадовы тэрмін зняволення.

На судзе ў 2022‑м. Фота: БелТА
Журналіст, палітолаг, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута адзначае за кратамі сваё 60-годдзе. У зняволенні ён знаходзіцца з красавіка 2021 года.
Ураджэнец Гродна, Фядута пасля заканчэння філфака мясцовага ўніверсітэта працаваў настаўнікам рускай мовы ў школе. У 1990 годзе ён быў абраны сакратаром ЦК камсамолу рэспублікі.

Аляксандр Фядута ў маладосці. Фота: фэйсбук
У 1994‑м Фядута ўвайшоў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. Як пазней згадваў журналіст і палітолаг Юрый Дракахруст, перад выбарамі 1994 года Фядута дзяліўся з ім планамі адносна таго, што «Лукашэнка будзе размаўляць з народам, а мы за яго спінай — рабіць рэформы».
Пасля перамогі Фядута стаў у Адміністрацыі Лукашэнкi начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі. Але ўжо праз некалькі месяцаў пайшоў у адстаўку — узяў на сябе адказнасць за «белыя плямы» ў газетах: там мусіў з’явіцца антыкарупцыйны даклад дэпутата ад БНФ Сяргея Антончыка.

Фядута зачытвае прывітанне ад Лукашэнкі. Фота: baj.by
Фядута займаўся журналістыкай, напісаў кнігу «Аляксандр Лукашэнка. Палітычная біяграфія», мемуары пра маладосць, а таксама — як літаратуразнаўца — некалькі даследаванняў пра 19 стагоддзе (напрыклад, пра творчасць Пушкіна). У 2017 годзе ён атрымаў доктарскую ступень у Ягелонскім універсітэце ў Польшчы.
У час выбарчай кампаніі 2010-га года Фядута ўвайшоў у штаб Уладзіміра Някляева. Пасля брутальнага разгону Плошчы адбыў некалькі месяцаў у СІЗА КДБ, быў прызнаны вязнем сумлення.

З Уладзімірам Някляевым. Фота: baj.by
З 2013 года жыў і працаваў у Кіеве. У 2016 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Фота: TUT.BY
Аляксандр Фядута быў затрыманы ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай аперацыі ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы «аб спробе дзяржаўнага перавароту». Паралельна схапілі палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Затрыманне Фядуты ў Маскве ў 2021‑м. Скрын відэа АНТ
5 верасня 2022 года судом Мінскага раёна Аляксандр Фядута прысуджаны да 10 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былыя калегі Аляксандра Фядуты па зняволенні на ўмовах ананімнасці расказвалі, што ў выніку шматлікіх хранічных і набытых захворванняў мужчына быў этапаваны ў калонію №15 Магілёва ўжо з кійком, які дапамагаў яму і ў далейшым перасоўвацца.
У верасні гэтага года былы палітвязень Аляксей Кірэеў расказаў «Радыё Свабода», што Аляксандр Фядута пахудзеў за кратамі на 30 кілаграмаў.
«Ведаю, што ў яго ціск, сэрца. Раней назіраў, як раніцай, калі ўсе выйшлі на працу, яму раптам станавілася блага, хапаўся за агароджу, каб не ўпасці. Потым яго вялі ў медчастку, на тры дні давалі вызваленне ад працы, на «промцы» яго не было», — расказваў Кірэеў.
