Аляксей Дзікавіцкі расказаў пра новае месца працы
Былы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі ўзначаліць праект па стварэнні стрымінгавай платформы для незалежных беларускіх медыяў Belarus Tomorrow. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Менавіта да гэтага праекту я цяпер далучаюся ў якасці галоўнага менеджара, дзякуючы за запрашэнне і давер. Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля, дарога складаная і пры пакуль абмежаваных сродках, але затое з поўнай запалу і ідэяў невялікай камандай — прыкладна так, як было 18 гадоў таму, калі стартаваў мой папярэдні праект, з якога ў выніку вырасла сапраўдане тэлебачанне. Так, з Божай дапамогай, будзе і гэтым разам», — напісаў Аляксей Дзікавіцкі.
Belarus Tomorrow — гэта першая стрымінгавая платформа для незалежных беларускіх медыяў. Яна транслюе відэакантэнт на спадарожніку і праз прыкладанне для платформы Google TV.
Гэты праект стварыў кансорцыўм «Медыярынак», зарэгістраваны ў Польшчы. Ён аб’ядноўвае тры выданні: «Еўрарадыё», Malanka Media і «Белорусы и рынок». Плануецца, што ў перспектыве далучацца і іншыя беларускія незалежныя медыі. Стваральнікі разглядаюць платформу як зародак нацыянальнага грамадскага тэлебачання, якое мусіць стаць альтэрнатывай афіцыйнай прапагандзе.
У медыяпрасторы з’явіўся новы гулец: ці пачуе свет голас беларусаў
Belarus Tomorrow ўваходзіць у пакет спадарожнікавых тэле- і радыёканалаў «Свабода», які запусціла сёлета праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».
«Мушу расчараваць аматараў тэорыяў змовы — развітваючыся з Белсатам я не ведаў пра тое, што ў Belarus Tomorrow патрэбны кіраўнік праекту, званок у гэтай справе быў поўнай нечаканасцю. Праўду кажуць, што калі Бог зачыняе дзверы, дык адчыняе вакно», — дадаў Аляксей Дзікавіцкі.
Аляксей Дзікавіцкі выконваў абавязкі дырэктара «Белсата» з сакавіка 2024 года пасля звальнення Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. 15 лістапада рэдакцыя даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання заяву аб звальненні на ўласнае жаданне.
Аляксей Дзікавіцкі: Не хачу, каб мой подпіс стаяў пад ліквідацыяй «Белсата»
Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ.
9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».
На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат». У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы.
У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал. 4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».
8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.
Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».