Ці не перашкаджаюць квізы журналісцкай працы? Аляксей Шота пра кругаварот квізераў у прыродзе
Галоўны рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота правёў пяць медыяквізаў у межах падрыхтоўкі да 30-годдзя БАЖ. Адкуль з’явілася цяга да гэтай інтэлектуальнай гульні? Ці можна зарабіць на такім хобі? Пагаварылі з Аляксеем Шотам пра ягонае захапленне.

Квізавае мысленне дапамагае Аляксею Шоту быць рэдактарам Hrodna.life. Фота: БАЖ
Дзед фанацеў ад «Народнай волі», а бабуля глядзела «Што? Дзе? Калі?»
— Адкуль у вас з’явіўся такі інтарэс да квізаў? Такое ўражанне, што карані ідуць у самае юнацтва, магчыма, нават у дзяцінства.
— Уся квізавая культура вельмі характэрная для краін былога Савецкага Саюза. Як кажуць, ёсць дзве абавязковыя актыўнасці, на якія збіраецца рускамоўны асяродак: «Што? Дзе? Калі?» і Клуб вясёлых і знаходлівых.
Насамрэч «Што? Дзе? Калі?» — гэта феномен позняга Савецкага Саюза. Невыпадкова ў Беларусі з’явіўся спартовы ШДК і дастаткова паспяхова развіваецца — у тое, што мы бачылі па тэлевізары, мы маглі гуляць самі. Я быў вельмі адданым гледачом з дзяцінства. Магчыма, дзядуля з бабуляй на мяне моцна паўплывалі, бо дзед быў пастаянным чытачом «Народнай волі», ён быў вялікім фанатам гэтай газеты. А вось бабуля стала глядзела тэлевізійную бітву знатакоў, калі перадачу вёў яшчэ Варашылаў.
У старэйшых класах школы я ўжо патрапіў у школьную каманду ШДК, адзін раз нават удалося выступіць на нейкім турніры ў Мінску.
Я часам думаю, чаму менавіта ў Беларусі нарадзілася «Мазгабойня»? Цяпер гэта мільённая, багатая франшыза, за якую нават бізнес-спрэчкі былі. Проста яе прыдумалі людзі нашага пакалення.
Так атрымалася, што нашай рэдакцыі вельмі падабаюцца квізы. У Беларусі мы пачалі гуляць годзе ў 2019‑м, яшчэ ў дакавідныя часы. У Гродне панаваў чыста гарадзенскі квіз «VSпомнить VSё», хаця былі і «Мазгабойня», і іншыя франшызы.
Пасля пераезду ў Беласток у нас таксама склалася пастаянная рэдакцыйная каманда, бо квіз — гэта частка нашага жыцця.
І як толькі з’явілася магчымасць самому нешта арганізоўваць (на той час у Беластоку ўжо дзейнічалі «Мазгабойня» і «Ньютон»), я падумаў: а чаму б самому не паспрабаваць? І сапраўды, зараз у Беластоку існуюць тры квізы, адзін з іх вяду я, а на два астатнія ходзім пагуляць. Такі кругаварот квізераў у прыродзе (смяецца). Гэта класны спосаб правесці час. У Польшчы, куды ні прыедзь — Кракаў, Уроцлаў, Варшава — паўсюль ёсць квізы.
— Астатнія два квізы ў Беластоку — таксама беларускія?
— Так, арганізоўваюць іх беларусы, вядуць беларусы, і цэнтр франшызы — таксама Беларусь.

Аляксей Шота прабег першыя 5 кіламетраў восенню 2023 года — і атрымаў першы медаль у калекцыю. Зараз ужо хутка не будзе куды іх вешаць, трэба будзе адмысловы стэнд купляць. Фота: з асабістага архіва
Квізы дапамагаюць пераарыентаваць мазгі
— Квізы і рэдактарства ў Hrodna.life — як удаецца спалучаць такія розныя заняткі?
— Квізы не займаюць многа часу.
Хай на тыдзень праводзяцца два-тры квізы, у адным-двух ты гуляеш, адзін вядзеш. Усё роўна ўвечары ты мусіш адпачыць. Пару гадзінак на гульню, іншым вечарам пайшоў на прабежку, трэцім вечарам — сам правёў. Гэта хобі, забава не можа замінаць працы, наадварот, дапамагае пераарыентаваць мазгі, пераключыцца.
Я не капітан каманды, хаця часта запісваю адказы на бланку. То бок менавіта я прымаю канчатковае рашэнне, які адказ застанецца ў бланку.
Яшчэ са школьнага «Што? Дзе? Калі?» я засвоіў пэўную максіму, якая важная і для рэдакцыйнай журналісцкай працы: перамога — гэта заслуга каманды, а касяк — адказнасць капітана. У журналістыцы тое ж самае, галоўны рэдактар — у лепшым выпадку добры журналіст у мінулым (і то не заўсёды). Самастойна рэдактар нічога не можа дасягнуць, усе ягоныя поспехі залежаць ад каманды.
Калі ў цябе крутое медыя, хутчэй за ўсё, не таму, што ты круты рэдактар, больш верагодна, што ты набраў добрую каманду. Але калі ўжо штосьці правальваецца, то гэты ты вінаваты, бо не змог правільна заменеджарыць працэс.
Тое ж самае і ў квізах: перамогі, дасягненні азначаюць, што ў цябе крутыя сябры, а факапы праз тое, што ты няправільна выбраў адказ, ці не ўсіх выслухаў, ці затаптаў правільную версію. Я тут бачу вельмі вялікае падабенства, як, зрэшты, і ў любой каманднай працы.
— Як узнікла ідэя спалучыць хобі з грашыма, з бізнесам?
— Я б не назваў гэта бізнесам. Але так, гэта дадатковы заробак. Калі я яшчэ жыў у Беларусі, знаёмыя мне прапаноўвалі, маўляў, за мяжой ствараюцца шматлікія беларускія дыяспары, можа, нехта захоча рабіць квізы? А калі я сам пераехаў у Беласток, то падумаў: а чаму б і не?
Так атрымалася, што сёлета ўпершыню папрасілі зрабіць карпаратыўны квіз. Запрасіла адна айцішная кампанія, якая ў Беластоку знаходзіцца даўно. Айцішнікі маюць моцную каманду — гэта нашыя асноўныя супернікі на турнірах у горадзе. І пасля аднаго з квізаў, які я вёў, да мяне падышла каляжанка і папрасіла правесці для іх гульню — лайтовую, прасцейшую, каб трохі развеяцца. На гэтай абсалютна камерцыйнай замове я і падзарабіў няблага, і пазнаёміўся бліжэй з айцішнікамі.
Адкуль пытанні?
— Як выглядае фізічны працэс падрыхтоўкі да квізаў, калі ты вядоўца?Адкуль бяруцца пытанні, да прыкладу?
— Мы вядзём камерцыйныя квізы, па франшызе. У такім выпадку вядоўцы звычайна самі не пішуць пытанні, а атрымліваюць пакет з імі ад арганізатара. Можа здарыцца, квіз спачатку пройдзе ў Мінску, а пасля чалавек паедзе ў Варшаву па справах і прыйдзе на квіз ужо там. І сыграе гульню, якую ўжо гуляў раней. Такія здарэнні рэдкія, але непазбежныя.
Дапусцім, праводзяцца два квізы на месяц, а гэта — каля 80 пытанняў на адзін квіз. Пытанні павінны быць арыгінальныя, крэатыўныя — аднаму чалавеку цяжка такое прыдумляць. І дзякуй богу, што ёсць аўтары пакетаў, якія іх пішуць. Я не мушу пісаць 160 пытанняў кожны месяц.
А вось уся лагістыка ляжыць на нас: трэба знайсці добрае месца, дамовіцца з уладальнікам. Калі пляцоўка зацікаўленая, то нічога і не бярэ. Канешне, ёсць месцы, дзе просяць заплаціць арэнду. Гэта ўсё мастацтва дамаўляцца. Часта бывае, што нейкая лакацыя закрываецца, або змяняецца палітыка ўласніка — тады трэба шукаць новае месца.

Аляксей Шота. Фота: з сацсетак
— А пытанні да пяці квізаў, якія прайшлі ў межах кампаніі святкавання 30-годдзя БАЖ, хто пісаў?
— На гэтыя квізы пытанні рыхтаваў сам. Частка з іх — аўтарскія з нуля, якія я прыдумаў, частка – адаптаваныя з маіх старых квізаў. Я абнаўляў, перарабляў, хаця і ведаў, што старых гульцоў не сустрэну.
Таксама вельмі дапамагае квізавае мысленне. Калі ты гуляеш ці праводзіш многа квізаў, ты заўважаеш логіку пытанняў. Бывае, чытаеш кнігу, ці слухаеш аўдыякнігу, ці глядзіш нешта на ютубе, ты аўтаматычна ўжо адзначаеш факты, якія можна ператварыць у пытанні. Часам у мяне атрымліваюцца пытанні менавіта такім чынам.
А ёсць, вядома, велізарная база «Што? Дзе? Калі?» — спартыўных турніраў за апошнія гадоў трыццаць. У гэтай базе можна зрабіць пошук па ключавых словах (газета, журналіст, фэйк), адшукаць патрэбную інфармацыю і перарабіць. Цалкам браць пытанні ніхто не забароніць, але гэта не вельмі этычна. Можна ўзяць пытанне з чэмпіянату Казахстан-2015 і перарабіць яго па-свойму, пакінуўшы тэматычную канву.
Выкарыстоўваючы тры названыя крыніцы — нагледжанасць, свае ідэі плюс адпрацаваныя тэмы — можна зміксаваць добры арыгінальны разнастайны квіз.
