Амаль палова бюджэту на культуру сёлета будзе выдаткавана на дзяржСМІ і ТБ
У бюджэце Беларусі на 2019 год выдаткі на фінансаванне сферы культуры і сродкаў масавай інфармацыі прадугледжаны ў суме 297,8 млн руб.
Пры гэтым 136,5 млн рублёў, ці амаль палову агульнай сумы, складзе бюджэтная падтрымка тэлебачання і друкаваных выданняў, вынікае з версіі беларускага бюджэту «для грамадзян», апублікаванай Міністэрствам фінансаў.
На ўтрыманне ўстаноў культуры рэспубліканскай формы ўласнасці, а таксама на дзяржаўную падтрымку тэатральна-відовішчных арганізацый будзе выдзелена 87,3 млн руб.
Бюджэтныя выдаткі на вытворчасць нацыянальных фільмаў складуць 11 млн рублёў.
Правядзенне конкурсаў, выстаў, фестываляў і іншых культурных мерапрыемстваў абыйдзецца бюджэту ў 5,8 млн рублёў.
На стварэнне і абнаўленне тэатральных пастановак, канцэртных праграм і цыркавых выступленняў будзе накіравана 2,6 млн рублёў.
Іншыя мерапрыемствы ў галіне культуры і сродкаў масавай інфармацыі прадугледжваюць бюджэтнае фінансаванне ў суме 56,4 млн рублёў, адзначае БелаПАН.