Амерыканскі журналіст сустрэў у сваім нумары ў элітным гатэлі Брэста трох незнаёмых мужчын. Што гэта было?
Журналіст Максім Хлябец расказаў у твітары дзіўную гісторыю. У Брэсце днямі працавалі амерыканскія журналісты — пісалі матэрыялы пра акумулятарны завод і лёс беларускай мовы. Яны засяліліся ў дарагі брэсцкі гатэль «Эрмітаж», а пасля паехалі ў вёску пад Брэстам і палову дня не з’яўляліся ў пакоі.
Прыватны гатэль «Эрмітаж» — самы дарагі ў Берасці.
«А калі вярнуліся, то ў нумары аднаго з іх было тры чалавекі, адзін з якіх сядзеў за яго асабістым камп’ютарам. На просьбы прадставіцца нічога не адказвалі, калі разам спусціліся да адміністратара і журналіст спрабаваў даведацца, што гэта за людзі і чаму яны ў яго ў нумары, яму нічога не змаглі адказаць. Адзін з хлапцоў прынёс нейкі дакумент, што ён са службы бяспекі гатэля. Пасведчанне яўно было фэйкавым. Амерыканец сказаў, што такое бачыў толькі ў Кітаі. І нідзе больш не сутыкаўся з падобным», — апісаў сітуацыю Максім Хлябец.
У гатэлі «Эрмітаж» пацвердзілі, што было «непаразуменне» з замежнымі пастаяльцамі. Але як патлумачыў «Нашай Ніве» прадстаўнік службы бяспекі гатэля, у камп’ютарах журналістаў ніхто не корпаўся.
«Учора быў званок ад гасцей: скарга на пах дыму на паверсе. І мы сумесна са службай бяспекі аглядалі ўвесь паверх. Пах выявілі — у левым крыле будынка. Пах быў падобны больш на электрычны.
Мы ў складзе камісіі заходзім — тэхнік, я і яшчэ адзін работнік службы бяспекі — і правяраем у першую чаргу разеткі і чуйнікі сістэмы пажараапавяшчэння. Ні ў якім выпадку мы не лазілі па рэчах гасцей!
Мы правяралі разеткі на прадмет абгарэласці ці кароткага замыкання. Пасля чаго, калі не выявілі крыніцу ўзгарання, выклікалі МНС», — прыводзяць сваю версію падзей у гатэлі.
З адным з амерыканскіх журналістаў прадстаўнік службы бяспекі сутыкнуўся ў дзвярах, калі выходзіў з нумара. «Я яму дастаткова доўга імкнуўся патлумачыць, што адбываецца», — запэўнівае ён.
Ачаг дыму ў гатэлі ў той дзень, дарэчы, так і не знайшлі. «Толькі крыху пазней высветлілася, што ў нас тут па суседстве з будоўлі нешта цягнула па вентыляцыі», — дадае прадстаўнік службы бяспекі.
НЛ; фота Сяргея Гудзіліна