• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У судзе над аўтарамі Regnum — перапынак. Матэрыял з першага дня суда

    Дзмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргея Шыптэнку пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў складзе групы асобаў. Абвінавачаныя ўжо правялі за кратамі больш за год. Цягам першага дня былі заслуханыя абвінавачванні ад пракурора. Мера стрымання пад вартай не змененая. Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыптэнка вінаватымі сябе не прызнаюць. Адвакаты падсудных заяўляюць, што ім не зразумела сутнасць абвінавачвання.

    Другі дзень суда — дапытваюць саміх аўтараў Reg­num АНЛАЙН

    16:05 Адвакат Алімкіна папрасіў абвясціць перапынак у сувязі з кепскім самаадчуваннем. Абвешчаны перапынак да заўтра, да 10:00.

    ВІДЭА: Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum

    16:00 Вырашаецца, як будзе далей ісці працэс. Адвакат Шыптэнкі Ігнаценка гаворыць, што ёй і падсудным не зусім зразумела абвінавачанне. У прыватнасці, хто і ў дачыненні да каго распальваў варажнечу.

    Адвакатка Паўлаўца Хрысціна Марчук таксама гаворыць пра незразумеласць абвінавачання. У прыватнасці, ёй незразумела, якую рэгістрацыю павінны былі мець аўтары, калі пісалі публіцыстычныя артыкулы. А менавіта у працы без рэгістрацыі заключаецца незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Суд пастанавіў дапытаць падсудных.

    15.55  Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыптэнка вінаватымі сябе не прызнаюць.

    «У абвінавачанні згадваюцца нейкія міфічныя персанажы — прадстаўнікі нямецкага і амерыканскага светаў», — гаворыць Алімкін.

    «Я — беларус, мой бацька беларус, мая дачка беларуска, мая маці руская. Мяне абвінавачваюць у тым, што я абражаў сваіх родных і блізкіх. Не магу прызнаць віну», — кажа Паўлавец.

    15:50. Беларускі нацыянальны арнамент Шыптэнка параўноўвае з нацысцкай сімволікай.

    У наступным артыкуле Шыптэнка сцвярджае, што няма ніякай каштоўнасці ў беларускіх замках, рэстаўрацыяй якіх займалася Міністэрства культуры Беларусі. У беларускімі ўладамі знішчана рускамоўная тапаніміка, у Мінску адкрываюцца помнікі Манюшку, Міцкевічу і іншым польскім магнатам, — сцярджае Шыптэнка ў сваіх артыкулах.

    15.27 Шыптэнка ў сваіх публікацыях абураецца тым, што Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага і Францыска Скарыну, якіх ён лічыць рускімі, называюць беларусамі. Беларуская мова так і не прыжылася ў Беларусі, а проста ператварылася ў трасянку, гучыць у артыкулах.

    — «Суверэннай і незалежнай Беларусі», у дужках» — чытае пракурор. 

    — У двукоссі, — папраўляе яго Шыптэнка з‑за кратаў.

    15:20. Агульная сума незаконнага прыбытку Шыптэнкі, па версіі следства, — 22 257 рублёў.

    «Жосткие последствия мягкой белорусизации», «Вышиваночное безумие», — назвы артыкулаў Шыптэнкі.

    У артыкулах гучыць: Радзівілаўская Біблія 1516 года не мае ніякай каштоўнасці для беларусаў, бо выдадзена па-польску і з’яўляецца польскай, слуцкія паясы таксама па-сапраўднаму з’яўляюцца польскімі, а не беларускімі.

    Цікава, што экспертыза артыкулаў была зробленая следствам толькі ў ліпені 2017 года — то бок больш, чым праз палову года пасля затрымання фігурантаў справы.

    15:05 Наступнаму чытаюць абвінавачванне Сяргею Шыптэнку. Паводле следства, ён выконваў працы і аказваў паслугі па асвятленні грамадска-палітычных падзеяў без рэгістрацыі. Атрымліваў грошы ад заказчыкаў асабіста і праз электронныя сродкі пераводаў, у тым ліку на імя родных.

    У матэрыялах справы грашовыя пераводы Шыптэнку зафіксаваныя з 2013 года.

    14:45 У артыкулах Алімкіна выказваецца пазітыўнае стаўленне да гістарычных падзеяў, якія ў беларускім грамадстве ўспрымаюцца адмоўна. Напрыклад, да згортвання Сталіным палітыкі беларусізацыі», — гучыць у тэксце абвінавачання.

    «Методыка мякай беларусізацыі зайшла ў тупік» — яшчэ адзін артыкул Алімкіна, які ён даслаў для апублікавання рэдактару Reg­num Баранчыку.

    «Мэта беларускіх уладаў — не кансалідацыя, а раздзяленне рускага народу», «На беларускай мове размаўлялі толькі дыктары тэлебачання, кучка графаманаў і «пісьменнікаў», «У Беларусі пачалося перапісванне гісторыі, барацьба з рускай мовай», — гучыць у артыкулах Алімкіна.

    Тым самым, на думку следства, Алімкін, працуюцы ў групе асобаў, фармаваў грэблівае стаўленне да беларусаў, выклікаў абурэнне у грамадзянаў Расійскай Федэрацыі.

    Наступны артыкул «Беларуская мова, не нытьём, так катаньем». Тэзы: у Беларусі практыкуецца новы спосаб забруджвання галоў школьнікам беларускім дыялектам рускай мовы — дні беларускай мовы па чацвяргах. У тэксце гучаць заклікі да бацькоў не аддваць дзяцей у беларускамоўныя адукацыйныя установы, бо беларуская мова — не самастойная мова, а усяго толькі дыялект рускай мовы.

    14:30 Алімкіна абвінавачваюць у падрыхтоўцы матэрыялаў, якія, на думку следства, распальвалі варажнечу у дачыненні да беларусаў, прадстаўнікоў ЗША, Германіі.

    «Добро пожаловать в средневековье, Вышыванцы», «В Беларуси включили процесс третьей насильственной белоруссизации», «Это примитивные умирающие языки — белорусский и украинский», «Вышыванцы, мне вас не жалко», — такія загалоўкі былі ў артыкулах Алімкіна.

    Паводле следства, Алімкін дасылаў свае артыкулы рэдактару агенцтва Reg­num Юрыю Баранчыку, пасля чаго яны размяшчаліся на сайтах.

    Пракурор адзначыў, што артыкулы Алімкіна маглі паўплываць на «узнікненне ў Беларусі канфлікту падобнага на той, які ўзнік ва Ўкраіне».

    14:00 Працэс аднавіўся пасля перапынку. Будуць зачытваць абвінавачанні Алімкіну і Шыптэнку. Падчас перапынку абвінавачаныя знаходзіліся ў залі. Шыптэнка актыўна сочыць за працэсам, увесь час робіць запісы ў нататніку, раіцца з адвакатам. Двое другіх проста назіраюць за працэсам, але ў перапынку істотна ажывіліся, бо ўпершыню за доўгі час пабачылі родных.

    Залю па-ранейшаму ахоўваюць міліцыянты ў цывільным, за падсуднымі сочыць канвой з шасці чалавек у форме.

    12.48 Абвешчаны перапынак да 14-ці гадзін.

    12:30 Юрыю Паўлаўцу інкрымінуюць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у выглядзе сбора, падрыхтоўкі і распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў у СМІ без рэгістрацыі, атрыманне прыбытку на рахунак. У абвінавачанні пералічаныя банкаўскія пераводы, якія прыходзілі на рахунак Паўлаўца: долары, беларускія і расійскія рублі.

    Дзяржаўны абвінаваўца 20 хвілін пералічваў усе прыбыткі, што прайшлі праз рахунак Паўлаўца за апошнія гады. Агульны незаконны прыбытак Паўлаўца, на думку следства, складае 40 151 беларускі рубель.

    Таксама Паўлаўцу інкрымінуюць напісанне шэрагу артыкулаў, у якіх псіхолага-лінгвістычная экспертыза знайшла прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці.

    Паўлавец у артыкулах падкрэсліваў нецярпімасць беларусаў да рускіх, праявы беларускага нацыяналізму ў падручніках па гісторыі, звальненне прарасійска настроеных выкладчыкаў універсітэтаў, транслітэрацыю назваў станцый метро менавіта з беларускай мовы.

    12:10 Суд разглядзеў хадайніцтвы Сяргея Шыптэнкі аб запатрабаванні шэрагу матэрыялаў з Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама аб допыце у якасці сведкаў шэрагу службовых асобаў Мінінфарма. Суд вырашыў адкласці хадайніцтва да разгляду пісьмовых матэрыялаў справы.

    Пракурор зачытвае выніковае абвінавачанне падсудным.

    11:50. У хадайніцтве адмовілі, абвінавачаныя застаюцца пад вартай.

    11:20. Высветлілася, што крымінальная справа складаецца з 20 тамоў.

    Адкават Паўлаўца просіць змяніць свайму падабароннаму меру стрымання на падпіску аб нявыездзе: у Паўлаўца жонка і маленькая дачка, сталае месца жыхарства і праца.

    У судзе абвешчаны перапынак для разгляду гэтага хадайніцтва.

    11:15 Адвакат Ігнаценка просіць дапытаць у якасці сведкаў экспертаў, як рабілі псіхолага-лінгвістычную экспертызу публікацый. Таксама просіць выклікаць у якасці сведкаў членаў Рэспубліканскай экспертнай камісіі па выяўленні прыкметаў экстрэмізму, чыё заключэнне стала падставай для завядзення крымінальнай справы.

    Таксама просіць выклікаць у суд падатковага інспектара Шыптэнкі у сувязі з нібыта незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю падсуднага. Таксама просіць у якасці сведкі выклікаць старшыню аб’ядання «Новая эканоміка», заснавальніка выдання «Новая эканоміка».

    Таксама прыцягнуць у якасці экспертаў сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргея Карчыцкага і гісторыка Аляксандра Бендзіна, якія выкладае тэалогію і гісторыю.Суд пастанавіў дапытаць аўтараў псіхолага-лінгвістычнай экспертызы і падатковага інспектараў. Членаў Рэспуліканскай камісіі пры Мінінфарме дапытваць не будуць, Карчыцкага і Бендзіна ў якасці экспертаў таксама вырашана не дапускаць да працэсу.

    10.53 Адвакат Сяргея Шыптэнкі Ігнаценка заявіла хадайніцтва далучыць да справы дакумент пра тое, што ў апальных публікацыях Сяргея Шыптэнкі Раскамнагляд не знайшоў парушэння заканадаўства.

    Адвакат звярнула увагу на тое, што былы міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч заяўляла, што расійскі бок таксама знайшоў прыкметы экстрэмізму ў публікацыях. Дакумент Раскамнагляду абвяргае гэта.

    Таксама адвакат папрасіла далучыць да справы ліст з Музея вялікай айчыннай вайны пра тое, што падчас вайны 1941–1945 гадоў калабарацыяністы сапраўды выкарыстоўвалі герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг і ў музеі ёсць адпаведныя экспанаты. Пра гэта згадвалася і ў публікацыях Шыптэнкі.

    Адваката папрасіла просіць далучыць падобны адказ з Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі.

    Таксама адвакат хадайнічала далучыць да справы дакументы, які пацвярджаюць, што Шыптэнка не меў дачынення да тых ганарараў, якія сталі падставай для завядзення справы па артыкуле за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Адкават настойвае на тым, што гэта не былі грошы Шыптэнкі, а ганарары для іншых аўтараў часопіса «Новая эканоміка».

    Суд пастанавіў далучыць да справы ўсе дакументы.

    10:30 Апытваюць абвінавачаных адносна іх пашпартных дадзеных. Сяргей Шыптэнка заявіў, што з’яўляецца грамадзянінам Савецкага саюза, працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Новая эканоміка». Называе адрас пражывання — Мінск, вуліца Валадарскага, следчы ізалятар.

    Юрый Паўлавец. Гаворыць, што да затрымання працаваў у БДУІР, з’яўляецца кандыдатам навук, жанаты, мае дачку. Усе трое падсудных трымаюцца ўпэўнена, у залі ёсць вялікая група падтрымкі.

    На пачатку працэсу суддзя забараніў весці фота- і відэаздымкі. У залі прысутнічаюць каля 80 чалавек. На працэс таксама прыйшлі праваабароца Валянцін Стэфановіч, старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, юрыст Алег Агееў.

    Сакратарка суда паведаміла, што ў працэсе ў якасці сведкаў будуць дапытаныя родныя абвінавачаных. 

    Суд слухае справу разам з двума народнымі засядацелямі.

    Суддзя — Ігар Любавіцкі.

    На працэс акрэдытавана каля 20 прадстаўнікоў СМІ.

    Да пачатку паседжання ў будынак суда прыйшлі каля сарака чалавек з намерам патрапіць на разгляд гэтай справы. На уваходзе стаяць металашукальнікі.

    Дзмітрыя Алімкіна абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт.130 КК — распальванне нацыянальнай варожасці. Двух іншых аўтараў — Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку — па ч. 3 арт. 130 КК і ч.1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

    Крымінальная справа была заведзеная пасля таго, як Міністэрства інфармацыі звярнулася ў Следчы камітэт.

    Падставай для завядзення справы паслужылі звароты, якія паступілі з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб праведзеных Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму экспертызах ў дачыненні да аўтараў артыкулаў, апублікаваных на інфармацыйных рэсурсах «Регнум», «Лента.ру », «ЕАДЭЙЛИ».

    Па заключэннях камісіі, ў дзеяннях названых аўтараў угледжваюцца прыкметы злачынства.

    Абвінавачаныя былі затрыманыя летась у снежні. За год Беларуская асацыяцыя журналістаў некалькі разоў звярталася да ўладаў з просьбай публічна агучыць інфармацыю па дадзенай справе.

    У лістападзе шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады зрабіць працэс над аўтарамі Reg­num адкрытым.

    Пасля гэтага ўлады заявілі, што працэс сапраўды пройдзем у адкрытым рэжыме.

    Што вядома пра фігурантаў справы?

    Юры Паўлавец

    Юрыю Паўлаўцу 37 гадоў. Паводле адукацыі ён гісторык, працаваў дацэнтам катэдры гуманітарных дысцыплін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Пра яго пішуць, што ён адзначаўся радыкальнымі прарасейскімі поглядамі, друкаваўся на такіх расейскіх сайтах, як Reg­num, «Западная Русь», «Русправда» і нярэдка крытыкаваў беларускія ўлады за спрыяньне «нацыяналізму», піша «Радыё Свабода».

    45-гадовы жыхар Берасьця Дзьмітры Алімкін — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. Да затрыманьня ў сьнежні 2016 году Дзьмітры Алімкін працаваў вартаўніком у школе і рэгулярна пісаў артыкулы на расейскія імпэрскія сайты. На сайце Reg­num ён выступаў пад псэўданімам «Ала Бронь». Менавіта пад гэтым імем 25 кастрычніка быў апублікаваны матэрыял, дзе Беларусь называлася «звар’яцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт — «прыкметай нізкага паходжаньня».

    Сяргей Шыптэнка

    Сяргей Шыптэнка, як і Дзьмітры Алімкін, — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. У інтэрнэце Шыптэнка часам падпісваўся псэўданімам Артур Грыгор’еў, але на сайце Reg­num выступаў пад уласным прозьвішчам. Вось што паведаміла пра Сяргея Шыптэнку газэта «Наша Ніва» неўзабаве пасьля яго затрыманьня ў канцы 2016 году: «Чырвонай стужкай празь яго публікацыі праходзіла ідэя аб «сэпаратным» характары беларускай дзяржаўнасьці і патрэбе «ўзьяднаньня» з Расеяй. Сёлетні «Дзень вышыванкі» ў Менску Шыптэнка параўнаў з прымусовымі мерапрыемствамі часоў нямецкай акупацыі». «Далей падаць няма куды. Альбо мы адновім краіну, узьяднаемся і адродзімся, альбо будзем праклятыя назаўжды, загінем у пакутах і станем гноем», — цытавала беларускамоўнае выданьне карэспандэнта расейскага агенцтва Reg­num.

    Стала вядома, за што арыштавалі аднаго з аўтараў «Рэгнума» — тэкст экспертызы

    Аўтарам «Рэгнума» выстаўленае канчатковае абвінавачванне за распальванне нацыянальнай варожасці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці