• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аксана Колб: «У Беларусі шмат годных людзей. А дзе ж з імі яшчэ сустрэцца, як не за кратамі?»

    Апошнія некалькі дзён галоўная рэдактарка “Новага часу” Аксана Колб праводзіць ва ўласным доме на Валожыншчыне ў кампаніі чатырох любімых сабак. Тут яна наводзіць парадкі, раздае інтэрв’ю і чакае накіравання на “хімію”.

    БАЖ пагутарыў з Аксанай пра турэмны побыт і прыгавор, пра тое, што надавала ёй сіл і даведаўся, чаму ні краты, ні “хімія” не пужаюць галоўную рэдактарку.

    Фота: Радыё Свабода

    «Абцалавалася і абнялася з усімі чатырма роднымі сабачымі мордамі»

    — Аксана, раскажыце, што вы зрабілі перш-наперш, калі прыйшлі дадому пасля суда?

    — Ну, пакуль я яшчэ дайшла да таго дома, тэлефанавала людзям, якія хваляваліся за мяне. Таксама прымала віншаванні ад сяброў, знаёмых, родных усю дарогу. Але хутчэй хацелася ўбачыць сваіх сабак. І таму першае, што я зрабіла, – абцалавалася і абнялася з усімі чатырма роднымі сабачымі мордамі.

    — А чым займаецеся гэтымі днямі?

    — Яшчэ дасюль размаўляю з калегамі, сябрамі, знаёмымі. Паціху дарабляю ў новым доме тое, што не паспела зрабіць да затрымання: дзесьці падфарбаваць, дзесьці падклеіць. Раздаю інтэрв’ю. Як галоўны рэдактар трохі збоку кантралюю і цешуся, як добра спраўляюцца мае журналісты.

    — А як увогуле працавала рэдакцыя, калі галоўная рэдактарка апынуўся за кратамі?

    — У нас проста супер-каманда. Я ўсімі імі ганаруся.

    Рада, што падабраліся такія людзі, з якімі мы – сапраўдная сям’я. Гэта каштоўна. Мне пашчасціла, бо я працую з тымі, каго люблю і паважаю.

    Я ведала, што ўсё будзе добра, што яны будуць працаваць, як і раней, а, можа, яшчэ лепш. Мы прадбачылі, што мяне могуць затрымаць, паціху рыхтаваліся да гэтага. Яны ведалі і свае працоўныя абавязкі, і тое, што мне трэба будзе перадаваць у СІЗА. Усё было размеркавана.

    За тыдзень да затрымання ў сваім працоўным чаце мы праводзілі апытанку “Што вы будзеце рабіць, калі галоўнага рэдактара затрымаюць?”

    Варыянты адказаў былі прыблізна такія:

    • Буду працаваць яшчэ лепш, каб наблізіць вызваленне яе і ўсіх іншых палітвязняў.
    • Упаду ў роспач і не змагу працаваць.
    • З’еду з краіны.
    • Што гэта за дурное пытанне? Такога не можа быць.

    Фота: "Новы час"

    Перамог першы варыянт. Таму я бачыла: усё будзе добра. Калі пасля выхаду з‑за кратаў я пачытала тыя шыкоўныя матэрыялы, якія выходзілі ў “Новым часе”, пакуль мяне не было, яшчэ раз пераканалася ў тым, што ў нас супер-каманда.

    «Была ўражаная тымі дзяўчатамі, якіх бачыла яшчэ на Акрэсціна. З такой моладдзю ў Беларусі фантастычная будучыня.»

    —  Амаль два месяцы вы правялі за кратамі. Раскажыце пра ўмовы, пра побыт, пра заняткі, сукамерніц.

    — Я не ўбачыла нічога дзіўнага. Амаль усё ведала з лістоў і расповядаў іншых зняволеных.

    Побытавыя нязручнасці мяне ніколі не пужалі, бо я 17 год пражыла ў інтэрнаце і прывыкла да ўсяго.

    Як ні дзіўна, я была прыемна ўражаная ежай. Усе яе ганьбілі, а мне нармальна зайшло. На Акрэсціна я прабыла няпоўныя тры дні, але запомніла смачны рыбны суп і боршч.

    Умовы ў ІЧУ — звычайныя: сем чалавек на двухмесную камеру. Але людзі ўсё цудоўныя. Буду адсочваць іх лёс. Усе мы ў розныя дні заехалі на Валадарку, з некаторымі нават бачыліся там. Я ўпэўнілася, што ў Беларусі шмат годных людзей. А дзе ж з імі яшчэ сустрэцца, як не за кратамі? Была ўражаная тымі дзяўчатамі, якіх бачыла яшчэ на Акрэсціна. З такой моладдзю ў Беларусі фантастычная будучыня.

    На Валадарцы — звычайная камера на восем чалавек, з цвіллю і з усім іншым. Але пры гэтым з высачэзнай столлю – адсюль больш паветра.

    Мне здаецца, што ў нас было найлепшае акно з усіх камер: праз краты часта прабівалася сонейка.

    На 60 адсоткаў сукамерніцы былі палітычныя, пасля — прыкладна роўна па эканамічных злачынствах і наркотыках і трошкі па іншых артыкулах. Людзі ўсе цудоўныя. Я лічу, калі не ставіць нейкіх бар’ераў у камунікацыі, не ставіцца да людзей горш, чым да сябе, то заўсёды лёгка і прыемна з усімі суіснаваць, размаўляць, а пасля нават і сябраваць. Дарэчы, на мой суд прыйшла жанчына, з якой мы былі ў камеры і якая выйшла раней. Я думаю, калі атрымаецца, буду хадзіць на суды да тых, каго я памятаю па камеры. Такая падтрымка абсалютна натуральная.

    — А чаго-небудзь не хапала?

    — Як для журналіста не хапала камунікацый, аператыўнага рэагавання на штосьці. Да гэтага трэба было прывыкаць. А калі прывыкла, то такі стан мне нават спадабаўся. Сядзіш сябе, у навінах цэлы дзень не лазіш, адпачываеш ад усяго. З улікам таго, што адбываецца цяпер у краіне і за яе межамі, гэты быў такі бонус, калі ты даў сваёй псіхіцы адпачыць.

    Фота з архіва гераіні

    Навін не было. А ці была магчымасць пачытаць кнігі?

    —  Так. У СІЗА выдатная бібліятэка. На добрыя кніжкі ёсць невялікая чарга, трэба крыху пачакаць. Але ёсць, што пачытаць і ёсць над чым падумаць. Асабліва ў тых умовах заходзіць Рэмарк. А яшчэ нам перадавалі каляровыя алоўкі. Можна было маляваць. А я вырашыла пабалаваць свайго ўнука і накідала яму трохі вершаў. Цяпер ужо і часу на гэта няма.

    Цікава, што калі ты за кратамі, ад цябе амаль нічога не залежыць.

    За цябе вырашана: калі есці, калі ісці гуляць, калі — у душ. Падумалася, што адсоткаў 30 у нашай краіне жывуць менавіта так, хоць і не за кратамі.

    Яны ходзяць на працу, ядуць, спяць, выходзяць у краму, але за іх усё вырашана, і ім гэта падабаецца. Я таксама пару месяцаў так пажыла, але наўрад ці змагла б так усё жыццё. Але тое, што быў час адпачыць, гэта, можа, і добра. Я лічу, што ўсё ў жыцці адбываецца да лепшага.

    Значыць, і амаль два месяцы за кратамі былі да лепшага?

    — Канешне. Я ўбачыла ўсё знутры. Нешта новае даведалася пра іншых людзей, нешта — пра сябе. А калі пачала атрымліваць лісты, бандэролі перадачы ад мам, дзеці якіх таксама ў СІЗА ці ў калоніях, я зразумела, што калі б я з’ехала, я б проста ім здрадзіла. Бо гэтыя людзі тут, яны імкнуцца падтрымаць чым могуць, хаця шмат каму не стае грошай на ўласных дзяцей. Гэта ніколі не забудзецца. І я, канешне, пастараюся калі-небудзь іх аддзячыць. Ёсць у мяне мара: сабраць хаця б дзесяць матуль, дзеці якіх за кратамі, знайсці спонсара і адправіць гэтых жанчын да мора, да сонца, каб яны проста маглі выдыхнуць.

    «Я была гатовая і да калоніі»

    Наколькі чаканым быў для вас прыгавор суда?

    — Я была гатовая і да калоніі. На Валадарцы ўжо высветліла, як там што працуе і нават бачыла ў якой форме ходзяць. У мяне такі характар, што я стараюся распланаваць усё наперад. Безумоўна, не было надзей на нешта больш мяккае. Такі прысуд шмат каму выносіўся. Было б дзіўна, каб мяне апраўдалі ці далі хатнюю хімію. Таму да прыгавору я была гатовая.

    Канешне, будзем абскарджваць, але без ілюзій.

    І буду чакаць накіравання на “хімію”. Спадзяюся, змагу навучыцца чамусьці новаму, што спатрэбіцца ў жыцці, убачу іншых цікавых людзей. І будзе што будзе. Пра “хімію” пакуль нічога невядома. Можа, буду даяркай. Таксама цікавы досвед. Некалі бабуля мяне вучыла даіць карову.

    Першае фота на волі. Здымак "Новы час"

    Калі стала вядома, што вы выйшлі з залы суда, у фэйсбуку разгарэлася дыскусія. “Новы час ” напісаў: “Аксана на волі”. А многія каментатары пачалі ўзрушацца: “Нічога сабе воля! Два з паловай гады хіміі”. Хто тут меў рацыю? Ці сапраўды вы адчувалі сябе на волі?

    — Свабоднай я сябе адчувала і ў СІЗА.

    Наша свабода – унутры нас. І толькі ад нас залежыць, як гэта ўсё ўспрымаць.

    У нас была 18-гадовая дзяўчына, яна чакала разгляду справы па артыкуле 328. Яна здзіўлялася, як я сябе паводзіла падчас прагулкі. Мы ўсе выходзілі ў дворык, я шукала месца, дзе ёсць сонца, падстаўляла промням твар і думала пра нешта сваё або напявала. Тады тая дзяўчынка казала: “Усе ў турэмным дворыку, а Аксана — недзе на пляжы”.

    Сёння нашы краты — гэта межы краіны. Усе за кратамі: хтосьці ў большай ступені, хтосьці ў меншай.

    Калі замарочвацца, то навошта і жыць. Унутраная свабода вельмі добра адчуваецца якраз за кратамі, калі бачыш людзей, якія ведалі дзеля чаго яны рабілі свае ўчынкі. Я бачыла іх усмешкі, бачыла светлыя твары і разумела, што яны — вольныя. Цяжэй было людзям, якія лічылі, што проста так нікога не садзяць, а ў выніку самі апынуліся ў турме.

    Можна сказаць, што цяпер я вольная ва ўсіх сэнсах. Ну, так, будзе “хімія”. Не расстрэльваюць жа пакуль. Што ўжо так бедаваць? Галоўнае заставацца чалавекам. Бо нянавісць і помста ўсё разбураюць. А стваральныя – любоў і дабрыня.

    » З’ехаць я магла яшчэ да 2020 года. Былі магчымасці паехаць не проста так, а нармальна працаваць»

    Як на сітуацыю з вамі глядзяць родныя?

    Яны разумеюць, што бессэнсоўна са мной спрачацца ці ў чымсьці пераконваць. Калі я нешта вырашыла, то так і зраблю. Таму я ўдзячная сваім родным, што яны прымаюць мяне такой, якая я ёсць, не спрабуюць перарабіць і любяць. Гэта вельмі важна для мяне.

    Канешне, усе хваляваліся. Зяць нават больш, чым дачка. Але гэта не дзіўна. Дачка Каця добра ведае, што я моцная.

    І ўсё ж чаму вы не з’ехалі?

     Пачнём з таго, што з’ехаць я магла яшчэ да 2020 года. Былі магчымасці паехаць не проста так, а нармальна працаваць. Але, можа, я баялася. Мне ніколі не хацелася з’язджаць з Беларусі, хаця мая дачка вучылася за мяжой пасля заканчэння БДУ у магістратуры і дактарантуры. Я б магла паехаць да яе.

    Чаму я не з’ехала, я зразумела ў 2020 годзе, калі ўбачыла людзей, тую хвалю салідарнасці, шчырасць і прагу да лепшага. Не магла з’ехаць ад гэтых цудоўных людзей. Не ведаю, ці знайду я такіх у іншай краіне. Не магу з’ехаць ад гэтага паветра, неба, сонца.

    Па-чалавечы не магла з’ехаць пасля 2020, бо тут заставаліся нашы журналісты.

    З лета 2020 па восень 2021 да нас у рэдакцыю прыходзіла шмат людзей рознага ўзросту са сваімі гісторыямі.

    Ад гэтых зносін я атрымлівала сілы і энергію заставацца і працаваць тут. З’ехаць, як бы гэта пафасна не гучала, значыць, здрадзіць гэтым людзям.

    Фота: "Новы час"

    І нават з улікам таго, што са мной адбылося, я не шкадую, што прыняла рашэнне застацца. Відаць, гэта кошт за тую будучыню, якую я для сябе малюю. У Беларусі – найцудоўнай краіне ў свеце – абавязкова будзе жыць мой унук.

    Некалькі дзён таму медыяграмадскасць даведалася, што “Новы час” атрымаў прэмію Алеся Адамовіча. Што яна значыць для вас?

    — Гэта было нечакана. Я лічыла, што мы не настолькі вартыя прэміі.

    Вельмі прыемна быць у такой выбітнай кампаніі разам з Бураўкіным, Барадуліным, Шараметам. Гэта вялікая адказнасць і яшчэ адзін значны доказ таго, што наша праца была і будзе патрэбная.

    Упэўненая, што наступную цырымонію па ўручэнні прэміі правядуць у Беларусі. Што сустрэнуцца ўсе тыя, хто яшчэ жывы, каб аддзячыць арганізатараў і павіншаваць тых, каго ўзнагародзяць у наступны раз.

    — Пра што марыце?

    – Ведаеце, у нас не такі вялікі дом, але вельмі б хацелася, каб тут сустрэліся калегі, сябры, чытачы. Каб глянуць у вочы адзін аднаму, усміхнуцца, падзякаваць, паглядзець на дрэвы, на сонца, на неба, якое, дарэчы, вельмі своеасабліва выглядае праз турэмныя краты.

    Чытайце яшчэ:

    Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае

    Пессимист. Что известно о Марке Бернштейне — арестованном редакторе википедии из Минска

    Выйшаў фільм ад MOST Media «Апошнія сведкі старога Гродна»

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці