• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га

    У беларускім медыяполі за апошнія паўтары гады з’явілася шмат новых імёнаў. Так шмат грамадска-палітычных медыйных праектаў не запускалі, здаецца, ніколі. Хто робіць гэтыя медыя, пра што і для каго яны пішуць, якіх вынікаў ужо дасягнулі — паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні ў гэтым аглядзе. А таксама пагаворым пра выклік і небяспеку, які стварае “пераразмеркаванне” ўвагі чытачоў ад заблакаваных незалежных медыяў. 

    Выданне новае, але каманда — вядомая

    Амаль усе незалежныя медыя грамадска-палітычнай тэматыкі ў Беларусі прайшлі праз блакіроўку сайта альбо спыненне выпуску друкаванай версіі. Большасць журналістаў вымушан была эміграваць. Але ж пакідаць беларусаў без якаснай інфармацыі яны не хочуць. Таму за хуткі час паўсталі новыя медыя, якія трымаюцца прынцыпаў якаснай журналістыкі.

    «Зеркало»

     Новы праект каманды партала TUT.BY.

    Стваральнікі падкрэсліваюць, што гэта менавіта перазапуск і яны засталіся “тутбаеўцамі”.  

    Тэхнічныя напрацоўкі партала выкарыстоўваюцца і ў новым праекце, сайты нават выглядаюць вельмі падобна. Таксама захавалася фірмовая ўзважанасць каманды — у сваіх матэрыялах «Зеркало» трымаецца пазіцыі нейтральнага назіральніка, па магчымасці рэпрезентуе меркаванне і праўладнага боку беларускага грамадства. У цяперашні час гэта многага варта. 

    Менавіта грамадска-палітычны блок тэм — зараз асноўны фокус выдання. Шмат матэрыялаў пра новыя рэпрэсіі, дзейнасць кіраўніцтва Беларусі, вайну ва Украіне і іншыя важныя для беларусаў тэмы. У рэдакцыі кажуць, што працуюць менавіта для беларускай аўдыторыі. 

    На жаль, таго, што давала TUT.BY вялікую частку трафіку, «Зеркало» сабе дазволіць не можа. У адноўлены праект перайшла зусім малая частка людей з больш як 200 супрацоўнікаў рэдакцыі TUT.BY. Былых шматлікіх тэматычных раздзелаў на сайце няма, бо не стае на гэта рэсурсаў. Зразумела, пісаць пра аўто, тэхналогіі, нерухомасць і стыль жыцця ўжо няма каму. 

    Гэта не магло не адбіцца на трафіку.

    Па дадзеных Sim­i­lar­web, у мінулым месяцы «Зеркало» згенеравала 5,1 млн наведванняў.

    Рэдакцыя планамерна падвышае гэтую колькасць ад месяца да месяца — яшчэ на пачатку 2022 года наведванняў было каля 4 мільёнаў. 

    Калі глядзець на статыстыку, амаль 82% наведнікаў зараз чытае «Зеркало» з‑за межаў Беларусі. Зразумела, гэта не толькі мігранты, але і VPN у жыхароў Беларусі (нагадаем, партал заблакаваны ў Беларусі). А 18% адсоткаў — гэта, хутчэй за ўсё, карыстальнікі мабільнага дадатку, якога не датыцца звычайная блакіроўка сайта. Дадатак, як і акаўнты ў сацсетках, перайшлі да «Зеркала» ад TUT.BY. 

    Дынаміка цікаўнасці да акаўнтаў партала адлюстроўвае сітуацыю ў беларускім грамадстве: вялікі рост падчас пратэстаў 2020-га, паступовае зніжэнне праз небяспеку падпіскі.

    Цікава, што з такім вялікім “замежным” трафікам выкарыстанне кантэкстнай рэкламы мела б фінансавы сэнс, але рэдакцыя гэтым каналам манетызацыі не карыстаецца. Працуе дзякуючы данатам і грантам. 

    Most media

    Праект беларускіх журналістаў у эміграцыі. Большая частка каманды з рэдакцыі былой «Рэгіянальнай газеты» з Маладзечна. Галоўны рэдактар Руслан Кулевіч —  былы журналіст сайта Hrodna.life, вядомы аматар Гародні і краязнаўца. 

    Але ж Most — медыя для ўсяго Падляшша, а не толькі яго беларускай альбо польскай часткі. Як пішуць стваральнікі, “наша місія — заставацца інфармацыйным мостам паміж Беларуссю і Польшчай”. 

    Таму Most адначасова трымае ў фокусе і аўдыторыю беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, і тую аўдыторыю, якая жыве ў Беларусі. Але ж праз тое, што рэдакцыя цалкам у Беластоку, бачны невялічкі перакос у бок польскай тэматыкі. Напрыклад, пра добрыя месцы збору грыбоў непадалёк ад Беластока Most піша, а пра такія ж месцы побач з Гродна — не. 

    Але ж пра палітыка-эканамічнае становішча ў гродзенскім рэгіёне піша стабільна. То бок каманда Most знайшла ўнікальны для Беларусі медыйны фармат. Менавіта такога “медыя праз мяжу” і патрабуе аўдыторыя гродзенцаў, частка з якіх вымушана жыве па той бок мяжы, а частка працягвае кожныя выходныя праз гэтую мяжу ездзіць на закупы. 

    Гледзячы па лічбах, гэты фармат працуе.

    Сайт Most media  стартаваў на пачатку 2022 года і зараз генеруе каля 25 тысяч унікальных візітаў штомесяц. Большая частка наведнікаў (70%) — з Польшчы. 

    Most прадае рэкламу на сайце і робіць спецыяльныя праекты па замове, а таксама прыцягвае гранты. Ёсць магчымасць зрабіць данат праз Patre­on. 

    Сойка

    Новае медыя, якое піша не навіны, а, хутчэй, пра наступствы. Канцэптуальна яно нагадвае добры часопіс.

    Такі грунтоўны, вытанчаны, з цікавымі аўтарскімі тэкстамі і крэатыўнымі ілюстрацыямі. Сайт створаны для таго, каб чытач атрымаў эстэтычную асалоду і задумаўся над істотнымі грамадска-палітычнымі пытаннямі. 

    Сваёй мэтай стваральнікі «Сойкі» называюць “перамогу страху і няўпэўненасці, захаванне сілаў і моцы для здабыцця сваёй мэты”. А мэта каманды — вольная Беларусь. Усе матэрыялы рэдакцыя выпускае адначасова на беларускай і рускай мовах. 

    Галоўная рэдактарка Адэля Дубавец кажа, што «Сойка» збірае ўсе самыя пякучыя надзённыя праблемы, якія турбуюць беларусаў, і з дапамогай вялікай супольнасці экспертаў распавядае, што можна зрабіць, каб дапамагчы сабе і адзін аднаму». 

    Рэдакцыя працуе з розных кропак свету, у тым ліку і з Беларусі. Пра асаблівасці такой працы, працэс стварэння матэрыялаў і каштоўнасці каманды Адэля распавяла БАЖ у вялікім інтэрв’ю. Адэля і яе калегі да «Сойкі» працавалі ў іншых буйных выданнях, але вырашылі зрабіць медыя з уласным поглядам. 

    Як і належыць добраму кантэнту, матэрыялы перадаюць ад чалавека да чалавека, раюць пачытаць, робяць рэпосты.

    Дзякуючы асабліваму візуальнаму стылю кантэнт Сойкі адразу пазнаецца. 

    Маланка Медыя

    Навінавы праект, які запусціў колішні стваральнік руху “Зубр” Павел Марыніч. Пазней “тварамі” праекта ў YouTube сталі вядоўцы Кацярына Пытлева і Кацярына Ерусалімская.

    «Маланка» робіць штодзённыя выпускі актуальных навін. У першую чаргу ў відэафармаце. 

    Кантэнт прысвечаны беларускім лакальным навінам.

    Прадуктыўнасць у каманды на вельмі высокім узроўні — кожны будні дзень выходзіць 2–3 выпускі навін. Амаль як на тэлебачанні. 

    Сярод беларускіх навінавых медыя ў YouTube «Маланка» — адно з найбольш папулярных. Кожны дзень іх глядзяць 50–100 тысяч чалавек. Трэба адзначыць, што шмат невялікіх ролікаў — добрая стратэгія прасоўвання кантэнту, так значна больш выпускаў трапляюць у рэкамендацыі. 

    Таксама шмат выпускаў выгадныя ў плане манетызацыі. Больш выпускаў — больш рэкламы і больш грошай. Таму «Маланка» манетызуецца за гэты кошт і праз гранты. 

    Позірк

    Праект каманды Naviny.by.

    У праекта ёсць сайт, але ён даступны толькі падпісчыкам стужкі навін «Позірка». Зараз каманда працуе над стварэннем сайта, які будзе даступны і звычайным чытачам. Пакуль такі сайт не запушчаны, рэдакцыя лічыць важным, каб у чытачоў была магчымасць даведвацца самыя галоўныя навіны праз даступныя сацсеткі. У «Позірка» ёсць Telegram, YouTube, Face­book

    Крыху больш як за год праект сабраў 4,5 тысячы падпісантаў у тэлеграм-канале і больш за 57 тысяч на фэйсбук-старонцы.

    Таксама штотыдзень на YouTube выходзіць аналітычная праграма “Позірк з Таццянай Каравенковай”, яго глядзяць дзясяткі тысяч чалавек. 

    Кантэнт амаль цалкам расейскамоўны, прысвечаны падзеям, што датычацца беларусаў. Рэкламы у каналах выдання няма, данаты яно таксама пакуль не збірае. 

    Палатно

    Праект каманды “Рэгіянальнай газеты” пра жыццё беларускіх рэгіёнаў.

    Як кажа кіраўніца праекта Зоя Хруцкая, «Палатно» — гэта метафарычны адказ на прапанову ўладаў “перагарнуць старонку”. Але ж старонак няма, ёсць суцэльнае палатно жыцця. І каманда Palat­no працягвае яго дапаўняць новымі гісторыямі з рэгіёнаў Беларусі. 

    Каманда працуе з Беластоку, але трымае сувязь з героямі праз лічбавыя каналы камунікацыі. Акрамя тэкставага кантэнту каманда робіць відэаінтэрв’ю і два падкасты. Пасля старту ў ліпені 2022-га каманда ўзяла невялікую паўзу — апошні тэкст датуецца 3 жніўня. Але рэдакцыя плануе аднавіць праект. 

    Новыя “магніты трафіку”

    Партал TUT.BY за дваццаць год свайго існавання дасягнуў неверагоднага — больш за 60% адсодкаў беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў былі яго чытачамі. Для лакальнага рэсурсу гэта шакуюча шмат. Такія вялікія лічбы дасягаліся праз вельмі высокую якасць і разнастайнасць кантэнту. Магчыма было і пра новыя аўто пачытаць, і aфішу паглядзець, і шмат чаго яшчэ. Разнастайнасць тэм і жанраў прапанавалі і іншыя незалежныя медыя.

    Зараз незалежныя медыя аддаюць перавагу грамадска-палітычнаму кантэнту.

    Блакіроўка незалежных сайтаў, пастаянны ціск уладаў на тых, хто чытае тэксты, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», шматлікія суды за тое, што чытач падзяліўся з кімсьці спасылкай на «экстрэмісцкі» сайт, прывяло да таго, што чытачы ўнутры Беларусі вымушаныя шукаць іншыя інфармацыйныя пляцоўкі. 

    Менавіта для іх і з’явіліся сайты, якія акумулююць такі трафік. Але ж створаныя яны, хутчэй, не як бізнес, а для прасоўвання праўладных наратываў сярод беларусаў. Гэта насцярожвае.

    Tochka.by

    Навінавы праект.

    Кожны дзень піша на рускай мове пра надвор’е, ДТЗ, жыццё зорак і палітыку ў праўладным ключы. Праект працуе з траўня 2022-га і ўжо дасягнуў амаль 450 тысяч візітаў штомесяц. 

    Але ж галоўнае дасягненне рэдакцыі — у верасні Tochka.by атрымала рэгістрацыю СМІ. Першы выпадак за апошнія два гады.

    Гэта “паказчык даверу” з боку Мінінфарма да новага медыя. Падставы давяраць ёсць — кіруе выданнем былы прэс-сакратар агенцтва Sput­nik Беларусь Павел Тухто. 

    Да таго ж рэкламы на сайце і ў сацсетках няма, данаты таксама не збіраюць. Тады адкуль сродкі на працу? Напэўна, да еўрапейскіх донараў незалежных медыя выданне не звярталася. Па каштоўнасцях яны б не сыйшліся. Патэнцыйна, магчымая крыніца фінансавання — структуры беларускай улады альбо дапамога ад праўладнага бізнесу. 

    Калі паглядзець на кантэнт, бачна пэўная логіка такога рэсурсу. Аўтары спрабуюць стварыць выгляд незалежнага медыя, калі-некалі рэпрэзентуюць розныя меркаванні і пункты гледжання. Часам нават крытыкуюць кіраўніка Беларусі, але ж вельмі асцярожна і па дробязях.

    Многія чытачы могуць паверыць, што tochka.by — незалежнае медыя, і пачаць чытаць яго замест зачыненага ўладамі TUT.BY. Яны нават называюцца аднолькава: tochka.by таксама “беларускі партал”. Аднак фокус на беларускія падзеі ў ніх своеасаблівы.

    Напрыклад, па-за цікавасцю рэдакцыі засталася гісторыя з арыштам журналісткі партала Onlin­er Снежаны Інанец і ейнага мужа, мінскага журналіста Аляксандра Лычаўкі.

    Пра тое, што Алесь Бяляцкі узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй Tochka напісала. Але ж падкрэсліць, што праваабаронца знаходзіцца за кратамі менавіта праз сваю працу (за якую яму ён і атрымаў прэмію), чамусьці “забыліся”. Замест гэтага рэдакцыя зрабіла акцэнт на іншым: «Он (Беляцкі — рэд.)  находился в заключении с 2011 по 2014 год. Поводом для задержания Беляцкого тогда стало уклонение от уплаты налогов, он был осужден на семь лет. Наказание отбывал в исправительной колонии в Бобруйске. На свободу вышел досрочно – в июне 2014-го. После демонстраций против белорусских властей в 2020‑м его снова задержали – 14 февраля 2021-го. На правозащитный центр «Вясна» заведено уголовное дело».

    Смартпресс

    Яшчэ адно штодзённае навінавае медыя, якое робіць разнапланавы кантэнт для беларускай аўдыторыі 35+.

    Яго ўзначальвае былы кіраўнік рэгіянальных службаў расейскага “Інтэрфакса” Вячаслаў Зяньковіч. Ён раптоўна вырашыў вярнуцца ў Беларусь улетку 2020-га, пасля 8 гадоў працы ў Маскве. 

    «Смартпрэс» пачаў працу ў кастрычніку 2020-га года. Яго кантэнт — пра шырокае кола тэм. Яны і пра бізнес рэпартажы робяць, і пра касметыку, і пра сусветныя падзеі пішуць. Пазіцыянуе сябе выданне як “политически неангажированный, объективно освещающий события в Беларуси и в мире медиаресурс” і заяўляюць, што ў іх «самыя прафесійныя навіны ў краіне». Статусу СМІ  — у адрозненне ад tochka.by — ў «Смартпрэса» няма.

    Наведваюць рэсурс, паводле дадзеных Sim­i­lar­web, тры мільёны карыстальнікаў за месяц. 

    Такая колькасць наведнікаў дазваляе нават прадаваць рэкламу на сайце і ў сацсетках выдання. Але ж ці дастаткова зарабляе кампанія на рэкламе альбо мае іншыя крыніцы фінансавання, не зразумела. 

    Чытайце яшчэ:

    Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»

    У Мінску развіталіся з былым галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман» і «Беларусь», празаікам Алесем Жуком

    «Шмат часу аддавала на аздабленне тэрас кавярняў. Хацела, каб Мінск быў прыгожым горадам». Распавядаем пра Ірыну Злобіну

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці