• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам

    Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра, здаецца, гадзінамі можа расказваць пра праекты, карупцыйныя схемы і метады фактчэкінгу. Дзейнасць журналістаў БРЦ, якія працягваюць працу ў выгнанні, заўсёды бянтэжыла чыноўнікаў і кашалькоў Лукашэнкі. Чаму цяпер гэта мае яшчэ большае значэнне, ці перашкаджае закрытасць статыстыкі і якія расследаванні з’явяцца бліжэйшым часам — у гутарцы аўтара БАЖ са Станіславам Івашкевічам.

    «Філасофія, калі казаць адным словам, — углыб»

    — Раней праграмы Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) выходзілі на тэлеканале «Белсат». Але з цяперашняга сезона перасталі. Чаму?

    — Сапраўды, мы доўгі час плённа супрацоўнічалі з «Белсатам». Тое, што нашыя прадукты цяпер не выходзяць на платформах тэлеканала, тлумачыцца, па-першае, абавязальніцтвамі перад міжнароднымі арганізацыямі.

    БРЦ абавязаны гарантаваць поўны кантроль і адказнасць за астатнюю інфармацыю, што месціцца на тых платформах, на якіх выходзяць нашы праграмы. 

    Зразумела, што «Белсат» — самастойнае медыя. Да таго ж, ён — навінавы тэлеканал. Прыярытэты «Белсата» — хуткасць і аператыўнасць, а мы робім акцэнт на пагружэнне ў дэталі, аналітыку.

    — Можна сказаць, што Беларускі расследавальніцкі цэнтр, атрымаўшы аўтаномію, стаў больш незалежным медыйным прадуктам?

    — Безумоўна, мы сталі цалкам незалежным СМІ. Я не магу сказаць, што раней існавалі абмежаванні з боку «Белсата». Але абсалютная незалежнасць для расследавальнікаў — рэч жыццёва неабходная.

    — На якіх платформах, апроч сайта, YouTube і Telegram, збіраецеся прасоўваць кантэнт?

    — У нас ёсць профілі ў Face­book, Insta­gram і Tik­Tok. Таксама мы вядзём сацсеткі нашых асобных прадуктаў. Напрыклад, «Навінаў з Чалым» і Week­ly Top Fake.

    — Традыцыйна БРЦ робіць акцэнт на эканамічнай тэматыцы і супрацьдзеянні прапагандзе. Ці плануеце пашыраць спектр?

    — Філасофія Беларускага расследавальніцкага цэнтра, калі казаць адным словам, — углыб.

    У нашу каманду ўвайшлі журналісты, эксперты, аналітыкі, у якіх было жаданне выявіць тое, што застаецца таемным і скажае наша разуменне аб аб’ектыўнай рэчаіснасці. Гэта першы прынцып, якога мы прытрымліваемся.

    А другі — абапірацца на тое, што можна даказаць у судзе. То бок туды, дзе палітычная парадак дня і ўвогуле шмат суб’ектыву, — мы не сягаем.

    Такім чынам атрымліваецца, што эканоміка і расследаванне хлусні ў прапагандзе — натуральныя жанры, у якіх прымяняльныя два вышэйадзначаныя прынцыпы.

    Так, напрыканцы траўня выйдзе новая аналітычная праграма. Першы выпуск — расследаванне дзейнасці ПВК «Вагнер» у Афрыцы. Пасля раскажам пра тое, наколькі недахоп беларускага калію паўплываў на харчовую бяспеку ў свеце, і як улады спрабуюць з пераменным поспехам лабіраваць паслабленне санкцый.

    «Сяргей Чалы мае задумку, якая будзе прэзентаваная ўлетку»

    — У гэтым кантэксце «Навіны з Чалым» — спроба выйсці за звыклыя межы? Наколькі фармат лічыце ўдалым?

    — Першапачаткова праграма задумвалася як агляд тыднёвых навінаў, але ў працэсе Сяргей Чалы перафарматаваў праект і паказаў сябе на вышыні ў розных жанрах. У прыватнасці, розгалас атрымала яго расследаванне пра «Анну Селук». Лічу, што гэта выразна бачная ніша, якая не была раней занятая. Праект атрымаўся паспяховым.

    Аднак магу праанансаваць, што гэты фармат нядоўга застанецца на канале БРЦ. Сяргей Чалы мае задумку, якая будзе прэзентаваная ўлетку.

    — Гэты праект будзе рэалізаваны ў межах БРЦ?

    — Пакуль нічога сказаць не магу. Дадам толькі, што гэта будзе тое, чаго ў беларускай інфрапрасторы яшчэ не было. Мяркую, усе будзем прыемна здзіўленыя.

    — Самі вы рэгулярна выходзіце ў эфір з Сяргеем Чалым. У чым спецыфіка такой праграмы — сцісла і ёміста расказаць пра мноства эканамічных падзей?

    — Я даўні фанат перадачы «Экономика на пальцах», якая выходзіла на Tut.by. Як эканамічнаму журналісту мне заўсёды хацелася апынуцца ў студыі, задаць пытанні, нешта пракаментаваць.

    Калі Сяргей завяршыў праект на Tut.by, я быў першым, хто прапанаваў яму стаць суаўтарам перадачы.

    «Хутка распавядзем, як кашалькі Лукашэнкі разараюць флагманаў прамысловасці»

    — Кажуць, што падставай для расследавання часта становяцца нагоды, якія можа ўбачыць звычайны чалавек, калі будзе ўважліва чытаць навіны. Гэта сапраўды так?

    — Такое можа здарыцца, і сапраўды так бывае. Але рэдка. Вялікая колькасць  расследаванняў пачынаецца з аналізу трэндаў. Спярша атрымліваем уяўленне пра тое, што адбываецца ў розных галінах эканомікі, бо грошы — ясны след, прасачыўшы за якім можна знайсці, напрыклад, карупцыйную схему.

    Працуем з вялікай колькасцю першасных дадзеных — статыстыка, справаздачы. Гэта доўгая праца па вывучэнні галіны і яе шчыгулаў.

    Потым, авалодаўшы галіной, шукаем анамаліі — дзе адбываецца нешта, што не ўпісваецца ў логіку рынка. Калі лагічнага тлумачэння не знаходзіцца, генеруем гіпотэзы карупцыйнай схемы і тэсціруем іх. У выніку выходзім, як мы кажам у камандзе, на ліхадзейства — злачынства з вялікай грамадскай шкодай.

    Далей выкарыстоўваем расследавальніцкія навыкі, каб дабрацца да беніфіцыяраў.

    Самы відавочны прыклад — расследаванні пра спробы абысці санкцыі. Глядзім на пастаўкі ў Еўразвяз або іншыя краіны, якія былі вялікімі кліентамі беларускіх галінаў, што знаходзяцца пад абмежаваннямі.

    Адсочваем, што замясціла, напрыклад, беларускія ўгнаенні або драўніну. Калі сітуацыя выглядае нелагічна, пачынаем высвятляць, ці не з’яўляецца гэта прыхаванай пастаўкай беларускай ці расійскай прадукцыі. Часам глядзім на рынак і бачым вялікія інвестыцыі, якія выглядаюць сумнеўна. Аналізуем з пункту гледжання выгады для бізнесоўца. Калі разумеем, што праект стратны, тады пачынаем шукаць падвох.

    Так было з расследаваннем пра будаўніцтва лыжнага манежа. Звонку выглядае як дабрачыннасць, але насамрэч узамен кашалькі Лукашэнкі атрымліваюць магчымасць рабаваць дзяржаўны бюджэт.

    Або ў расследаванні Аляксея Карпекі пра Ганну Лукашэнку мы ўбачылі, што БелАЗ паводзіць сябе на расійскім рынку нелагічна — супрацоўнічае толькі з некалькімі абранымі дастаўцамі, а астатнім адмаўляе. Так мы выйшлі на схему коштам сто мільёнаў долараў па вывадзе грошай з БелАЗа, з удзелам сям’і сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі.

    — Якім прыкметам павінна адпавядаць анамалія, каб вы ўзяліся за яе распрацоўку?

    — Дзе ёсць патэнцыял злачынства з вялікай грамадскай шкодай, вялікай колькасцю пацярпелых, фігуруюць вялікія грошы і існуе верагоднасць таго, што атрымаецца знайсці беніфіцыяраў.

    Часам нашыя праекты перасякаюцца. Антыфэйкеры, напрыклад, высветлілі, што за праектам «Паўночны бераг» хаваюцца інтарэсы сербскіх братоў Карычаў, а не арабскіх інвестараў, як заяўлялі ўлады.

    Між іншым, калі чыноўнікі пачынаюць анансаваць вялікія інвестыцыі з‑за мяжы, хутчэй за ўсё гэта сведчыць пра адваротнае: вялізарныя грошы будуць скрадзеныя ў беларусаў і пераведзеныя за мяжу, як гэта было з Dana Hold­ings.

    Тады Карычы бясплатна атрымалі зямлю на мільярд долараў і за кошт гэтага маглі дазволіць ніжэйшыя кошты, чым у сярэднім па рынку. Пры гэтым яны былі пазбаўленыя падаткаў, выкарыстоўвалі крэдытныя сродкі, а пасля вывелі звышпрыбыткі праз Кіпр у ААЭ. У нас былі расследаванні пра кожны этап ланцужка.

    Увогуле ўсе праекты БРЦ — расследавальніцкія, у тым ліку антыфэйкавая праграма. У яе траплюяць навіны, якія невідавочна абсурдныя, і якія мы можам абвергнуць з дапамогай цвёрдых доказаў, што былі б прынятыя ў судзе.

    — Публікацыя якіх расследаванняў чакаецца ў найбліжэйшы час?

    — Хутка распавядзем пра тое, як найбліжэйшыя да Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі праз карупцыйныя схемы, беспакарана разараюць флагманаў прамысловасці і абмяжоўваюць беларусам доступ да неабходных лекаў, пра новыя спосабы абыходу санкцый і як дапамагаюць гэта рабіць Расіі, пра схемы, якія аб’ядноўваюць не толькі Беларусь і Расію, але і Украіну.

    «95% часу журналісты праводзяць за ноўтбукамі і дакументамі ў скручаных позах»

    — Колькі займае падрыхтоўка якаснага расследавання? У чым асноўная складанасць?

    — Часам наша праца — вясёлая і нават сэксі. Асабліва, калі мы прад’яўляем чыноўнікам вынікі расследаванняў аб карупцыі. Яны губляюцца, адчуваюць сябе ўразлівымі і пад ударам.

    Напрыклад, у ліпені 2020 года мы з Вольгай Ратміравай, кіраўніцай нашага аддзела расследаванняў, прад’явілі за рэканструкцыю стадыёна «Дынама» (якая каштавала як шэсць аналагічных еўрапейскіх стадыёнаў) тагачаснаму мэру Мінска Андрэю Шорцу. Чыноўнік, пачуўшы вынікі расследавання, падняўся з крэсла, нібы жадаючы даць каментар, а потым пачаў уцякаць ад тэлекамеры. Аднак такі эфект ад праведзеннага расследавання — вяршыня асйберга, за якім хаваецца доўгая і марудная праца.

    Паўнавартаснае расследаванне займае каля паўгода. Самае складанае застаецца за кадрам. Гэта пошук дакументаў, то бок доказаў для суда. А значыць, 95% часу журналісты праводзяць за ноўтбукамі і дакументамі ў скручаных позах.

    Перад публікацыяй расследаванне праходзіць абавязковы фактчэкінг. Гэта цяжкі бой для журналістаў, гіпотэзы якіх бязлітасна знішчаюцца, калі тыя не прайшлі ўнутраную праверку. Нават, калі мы на 99,9% ведаем, як працуе схема, каб не прайграць у судзе, нам часта бракуе нейкай дэталькі, а яе пошук часам займае ледзьве не столькі ж часу, як астатні працэс.

    Трэба дадаць, што многія расследаванні, якія закончыліся тупікамі, застаюцца ў запасе. Мы чакаем звестак, каб скласці поўную мазаіку.

    — Цяпер многія эканамічныя паказчыкі закрытыя. Як выходзіце з сітуацыі? Ці можна ў сучасным становішчы схаваць важныя звесткі ад грамадства?

    — Беларусь — самая закрытая краіна для грамадзян і прэсы ў Еўропе. Нават Расія нашмат больш транспарэнтная з гэтага пункту гледжання.

    Але цяпер цяжка схаваць інфармацыю, асабліва калі працуе матываваная і прафесійная каманда. Напрыклад, засакрэчванне Белстатам статыстыкі па экспарце не адмяняе таго, што ёсць люстэркавыя дадзеныя. Так, гэта ўскладняе нашу працу. Цяпер замест таго, каб адкрыць адзін файл, даводзіцца збіраць інфармацыю па кавалачках. Але неабходныя звесткі мы знаходзім.

    Таксама існуюць іншыя спосабы атрымаць інфармацыю як па гандлі, так і па іншых дадзеных. Некаторыя метады, якія мы распрацавалі, — наша карпаратыўная таямніца.

    Таксама дзякуючы такой арганізацыі як OCCRP мы маем доступ да звестак па ўсім свеце — хоць у Кыргызстане, хоць у Венэсуэле, хоць у ЗША.

    «Пакуль былі ў Беларусі, БРЦ не прайграў ніводнага суда»

    — Вы ўзгадалі OCCRP (Orga­nized Crime and Cor­rup­tion Report­ing Project). Што дае супраца з гэтай міжнароднай сеткай журналістаў-расследавальнікаў?

    — OCCRP пры дапамозе Стакгольмскай школы эканомікі ў Рызе рэгулярна ладзіць навучальныя курсы для пачынаючых журналістаў-расследавальнікаў.

    Там мы ўпершыню ўбачылі, як можна па-новаму рабіць расследаванні, бо OCCRP фактычна рэфармала падыходы. Я параўнаў бы гэта з канвеерызацыяй расследаванняў. Таксама гэта цэнтр, які акумулюе найноўшыя тэхналогіі ў расследаваннях і бяспецы.

    Апроч таго, у OCCRP ёсць рысёрчары, якія дапамагаюць пры даследаванні па базах дадзеных, у тым ліку адкрытых, але куды доступ каштуе вельмі дорага. Нарэшце, гэта сама па сабе расследавальніцкая сетка з уласнай рэдакцыяй і цэнтрамі па ўсім свеце.

    У 2022 годзе мы былі прынятыя ў OCCRP. Гэта дае міжнародны абсяг, кожны з нас з’яўляецца працягам рукі іншага. Такім чынам у нас ёсць дзясяткі рук па ўсім свеце. Гэта дазваляе весці расследаванні адначасова ў розных краінах.

    — Ведаеце, які кантэнт, што рыхтуецца БРЦ, выклікае рэзананс у калідорах улады? Якім чынам адсочваеце фідбэк?

    — Так, мы чуем пра розныя рэакцыі на нашы расследаванні. Напрыклад, пасля публікацыі Вольгі Ратміравай пра схемы з прыкметамі карупцыі ў Мінздароўя на дастаўшчыка наклалі істотны штраф.

    Былі і іншыя рэакцыі. Праз некалькі дзён пасля выхаду расследавання пра сям’ю генпракурора Андрэя Шведа (аўтаркай была таксама Ратмірава, але, як і ў іншых расследаваннях, працавала ўся каманда) на нарадзе Лукашэнка сказаў, каб той не зважаў, і што гэта, маўляў, усё інтрыгі ворагаў і экстрэмістаў.

    Таксама на пачатку 2022 года пасля супольнага расследавання з Delfi-Эстонія (з нашага боку працаваў Алесь Ярашэвіч) была спыненая схема па пастаўках беларускіх нафтапрадуктаў у абыход санкцый на паўмільярда долараў на год.

    — Супраць вас асабіста і ў дачыненні да БРЦ падавалі некалькі судовых пазоваў, але вы іх абскарджвалі. Вынік вядомы?

    — У міжнародных інстанцыях гэтыя справы разглядаюцца па некалькі гадоў, таму рашэнні пакуль не прынятыя. Аднак зазначу, што пакуль мы знаходзіліся ў Беларусі, БРЦ не прайграў ніводнага суда.

    Былі суды асабіста ў мяне, калі — яшчэ да заснавання БРЦ — я працаваў адзін. У 2018 годзе я, раскрыўшы схему з відавочнымі прыкметамі карупцыі, назваў гэта карупцыяй. Справа ў тым, што, паводле беларускага заканадаўства, такую кваліфікацыю можа выносіць толькі следства або суд.

    Тады на мяне падаў у суд дырэктар «Белэнерга» і выйграў толькі з прычыны ўжывання тэрміна «карупцыя». Цікава, што праз некалькі месяцаў пасля суда яго пасадзілі на некалькі гадоў… за карупцыю.

    Потым быў яшчэ адзін суд з юрыдычнай асобай — чальцом «Белэнерга». І той суд я, на дзіва, выйграў. З 11 цытат, якія патрабаваў зняпраўдзіць пазоўнік — «Белкацёлачыстка», суд пастанавіў зняпраўдзіць тры, дзе ўжывалася слова «карупцыя». А па васьмі астатніх, дзе выкладалася сутнасць схем, пакінуў пазоў без задавальнення. Гэты працэс доўжыўся чатыры месяцы, было каля дзясятка судовых пасяджэнняў, падчас якіх мы з адвакатам Сяргеем Зікрацкім не толькі даказалі ўсе схемы ў расследаванні, але яшчэ і многа чаго дадалі.

    Навучыўшыся на тых выпадках, калі праз некалькі месяцаў пачала працаваць каманда БРЦ, мы ўвялі жорсткі фактчэкінг і адвакацкія вычыткі ўсіх расследаванняў. Гэта дазволіла, пакуль мы знаходзіліся ў Беларусі, не прайграць ніводнага суда.

    Верагодна, многія фігуранты нашых расследаванняў не хацелі, каб адкрыта гучалі доказы, якія мы знайшлі, і таму асцерагаліся падаваць у суд. Бо нават калі схема была ўзгодненая на самым версе, як гэта часта бывае, мяркую, многія карупцыянеры крадуць больш, чым ім было дазволена і могуць асцерагацца санкцый зверху або помсты з боку іншага сілавога клана.

    А як толькі мы выехалі з Беларусі, тады на нас пасыпаліся позвы ў суд. Першай была Dana Hold­ings. Суд хуценька вырашыў: усё, паклёп.

    Пасля гэтага некаторыя з фігурантаў нашых расследаванняў вырашылі скарыстацца практыкай, якую называюць SLAPP, то бок калі журналістаў вымушаюць траціць час і грошы на суды. Былі пададзеныя некалькі перадсудовых паведамленняў. У адказ мы высылалі юрыдычна абгрунтаваныя адказы адвакатаў, паслугамі якіх карыстаемся, і ў еўрапейскія суды на нас падаваць так і не наважыліся…

    А цяпер супраць судовага харасмента OCCRP запусціў такі праект як «Рэпарцёрскі шчыт». Кампанія, якая за пэўны штогадовы ўнёсак, забяспечвае страхавое пакрыццё на вялікую суму ў выпадку суда.

    — Журналісты-расследавальнікі часта становяцца мішэнню для карупцыянераў і злачынцаў ва ўладзе. Ці адчуваеце пагрозу бяспецы для супрацоўнікаў БРЦ?

    — Вядома, цяпер пагроза значна меншая, чым у Беларусі. Але мы пастаянна ўдасканальваемся ў захадах бяспекі, спосабах выяўлення сачэння, каб трымаць сітуацыю пад кантролем.

    — Якой вы бачыце дзейнасць журналіста-расследавальніка ў новай Беларусі?

    — Калі адкрыюць усе крыніцы інфармацыі, будзе Кландайк. Гэта мара для журналіста-расследавальніка. Упэўнены, будзе вельмі шмат працы.

    Свабода ад карупцыі — той працэс, які патрабуе высілкаў увесь час, нават пасля перамогі дэмакратыі. Без перапынкаў, каб хутка не адкаціцца назад.

    Чытайце яшчэ:

    Каму перашкаджаюць расследаванні журналіста Сяргея Сацука?

    Маці журналіста Дзяніса Івашына: Дзяніс выйдзе і ўсё роўна будзе пісаць

    «Калі мяне выводзілі, сын спытаў: «Мама, ты надоўга?». Вялікая размова з праваабаронцай Таццянай Гацура-Яворскай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці