• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці сапраўды Польшча адмовілася плаціць за «хатні арышт» Пачобута, як цьвердзіць Васкрасенскі? Расьсьледаваньне Свабоды

    Як сьцьвярджае праўладны дзяяч Юры Васкрасенскі ў сваёй кнізе «Гамбит Воскресенского, или Как я свергал Александра Лукашенко», «паслуга забесьпячэньня аховы ў пэрыяд хатняга арышту ацэньваецца ў 10–12 тысяч даляраў».

    Паводле яго, амбасада Польшчы ў Беларусі адмовілася аплачваць «хатні арышт» палітвязьня Пачобута. Ці было так насамрэч? Ці законна гэта? І ў якіх выпадках людзі пад хатнім арыштам павінны аплачваць паслугі сваіх «турэмнікаў»? Ці распаўсюджаная такая практыка стасоўна палітвязьняў?

    Свабода спрабавала разабрацца з дапамогай юрыстаў, людзей, якія былі пад хатнім арыштам, прадстаўнікоў польскага МЗС і самога Юрыя Васкрасенскага.

    Васкрасенскі: «Сквапныя палякі палічылі за лепшае захаваць грошы і сьветлы вобраз велікамучаніка Пачобута»

    Праўладны дзяяч Юры Васкрасенскі, былы прадстаўнік ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, а цяпер сябра ўладнай «камісіі вяртаньня», у сваёй кнізе «Гамбит Воскресенского, или Как я свергал Александра Лукашенко» выдае ўласную вэрсію перамоваў з польскім бокам након вызваленьня палітвязьня Анджэя Пачобута. У інтэрпрэтацыі Васкрасенскага сытуацыя выглядала наступным чынам:

    «Аднак дэталізацыя пераводу Пачобута пад хатні арышт у роднай Горадні не задалася ад самага пачатку. Выявілася, што гэта вельмі нятанная прыемнасьць. У Беларусі паслуга забесьпячэньня аховы ў пэрыяд хатняга арышту ацэньваецца ў $10–12 тысяч у месяц. Забясьпечваў бы камфортнае ўтрыманьне Пачобута дома Горадзенскі аддзел дэпартамэнту аховы МУС. Гэта значыць, за свае паслугі яны прасілі прыкладна па 1 тысячы беларускіх рублёў за содні. Відавочна, што такія грошы ў польскай амбасады на ўтрыманьне ў камфортных хатніх умовах „іконы тыранаборства“ знайшліся б. Было б жаданьне. Аднак яно хутка зьнікла, і цуду не адбылося. Сквапныя палякі палічылі за лепшае захаваць грошы і сьветлы вобраз велікамучаніка Пачобута».

    Свабода запыталася ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, ці мела месца такая прапанова зь беларускага боку, а таксама папрасіла пракамэнтаваць цьверджаньне Васкрасенскага пра адмову польскай амбасады плаціць за «паслугу» хатняга арышту для палітвязьня.

    «У адказ на ваша пытаньне паведамляем, што Польшча ўжо больш за два гады бесьперапынна дамагаецца вызваленьня Анджэя Пачобута. Гэтыя спробы ня мелі посьпеху з прычыны стаўленьня ўладаў у Менску і іх негатоўнасьці да канструктыўнага дыялёгу. Адзначаем таксама, што заявы спадара Васкрасенскага пра польска-беларускія стасункі часта не пацьвярджаюцца фактамі. Так і гэтым разам — прапанова, апісаная ў вашым пытаньні, ніколі не абмяркоўвалася», — адказалі на запыт Свабоды ў польскім замежнапалітычным ведамстве.

    Ці плаціў за хатні арышт сам Васкрасенскі?

    Пасьля вядомай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020-га на хатні арышт перавялі самога Юрыя Васкрасенскага. Свабода запыталася, ці вядома яму пра выпадкі, калі хатні арышт аплачвае не дзяржава, а сам вязень або тыя, хто за яго паручыўся, а таксама ці плаціў ён сам нешта за хатні арышт пасьля выхаду зь СІЗА КДБ.

    Юры Васкрасенскі падкрэсьліў, што не дае інтэрвію «экстрэмісцкаму» СМІ, але як прыватная асоба ўсё ж адказаў на нашае пытаньне.

    «Пра выпадкі аплаты паслугаў трыманьня пад хатнім арыштам мне невядома, аднак я прапаноўваў органам папярэдняга сьледзтва разгледзець такі варыянт для Пачобута, каб: а) атрымаць дадатковы даход для дэпартамэнту аховы МУС; б) праверыць, наколькі каштоўны вышэйзгаданы польскі грамадзянін для польскай дзяржавы (Анджэй Пачобут — грамадзянін Беларусі. — РС). Сам я пасьля выхаду зь СІЗА КДБ нічога не плаціў. Хатні арышт быў без прысутнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дый практычна адразу я быў пераведзены пад падпіску аб нявыезьдзе, якую таксама потым зьнялі», — адказаў Юры Васкрасенскі.

    Адвакат: Хатні арышт за грошы — ня новая практыка

    Юрыст перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калесьнікавай Ільля Салей прабыў пад хатнім арыштам амаль паўгода. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы». Спачатку Салея зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску, а ў кастрычніку, пасьля вядомай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, на якой Салей таксама быў, перавялі пад хатні арышт.

    Як стала вядома Свабодзе, за хатні арышт Салей не плаціў. Што да ўмоваў, то за домам «хатняга арыштанта» паставілі назіраньне, раптоўныя праверкі маглі адбывацца некалькі разоў на содні — і ўдзень, і ўначы. З Салеем ніхто з супрацоўнікаў у кватэры ня жыў. Сам вязень тлумачыў гэта, апроч іншага, тым, што ў яго невялікая кватэра, усім бы не хапіла месца.

    Свабода пагаварыла зь дзясяткам людзей, якія былі пад хатнім арыштам у палітычна матываваных справах. Імёнаў усіх не называем дзеля іхнае бясьпекі. Ніхто з суразмоўцаў не сказаў, што за хатні арышт трэба было плаціць.

    Праваабаронца і дырэктар «Офісу правоў людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам каля паўгода. Затрымалі яго ў лютым 2021 году з абвінавачаньнем у махлярстве. Махлярствам палічылі тое, што «Офіс» на грошы прадстаўніцтва ААН у Беларусі аказваў праўную дапамогу ўдзельнікам пасьлявыбарчых пратэстаў. Хатні арышт Сяргей адбываў у сваім пакоі ў інтэрнаце. Безупыннай аховы ў яго не было, але ўнутры і звонку інтэрнату ён заўважыў відэакамэры.

    «Была адна камэра назіраньня ў калідоры проста каля маіх дзьвярэй і другая камэра на вуліцы, яна ахоплівала ўсю дваровую прастору», — расказаў Сяргей Драздоўскі.

    За камэры і «ахову» ён не плаціў.

    У той жа час пра тое, што «хатні арышт» за грошы — гэта ня новая, а даволі стандартная практыка ў краіне, сказаў Свабодзе адвакат, які цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Мы не называем імя дзеля ягонай бясьпекі. Паводле адваката, гэта тычыцца збольшага непалітычных вязьняў.

    «Я ведаю выпадкі, калі з абвінавачаным жылі супрацоўнікі КДБ і нават на тэніс яго вазілі. Усе на кортах лічылі, што гэта нейкая важная пэрсона з аховай. І плаціў ён за гэта немалыя грошы. Хатні арышт за грошы існуе, безумоўна. А выпадак, пра які я вам расказаў, не палітычны», — кажа суразмоўца Свабоды.

    Былы абаронца Васкрасенскага: хатні арышт за грошы — замаскаваны хабар

    Адваката, сябра Каардынацыйнай рады Міхаіла Кірылюка пазбавілі ліцэнзіі 19 лютага 2021 году. Афіцыйнае тлумачэньне Міністэрства юстыцыі — за «некарэктныя выказваньні на адрас прадстаўнікоў дзяржаўных органаў». Восеньню 2020 году Кірылюк абараняў Юрыя Васкрасенскага, калі таго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

    Паводле Кірылюка, тое, пра што піша Васкрасенскі ў кнізе, — хутчэй спасылка на дэпартамэнт аховы, які займаецца аховай прыватных прадпрыемстваў. Сам Кірылюк, калі працаваў у крымінальных справах, ня чуў ні ад кліентаў, ні ад калегаў, каб хто, быўшы пад хатнім арыштам, плаціў за гэта.

    «Больш за тое, калі б такое было, гэта б супярэчыла нормам міжнароднага права і агульнавядомым міжнародным прынцыпам права. Атрымліваецца, што ты за грошы купляеш сабе больш камфортныя ўмовы ў зьняволеньні. Вядома, што такія рэчы на практыцы адбываюцца — напрыклад, калі людзі за грошы купляюць сабе больш камфортныя ўмовы ў турме. Але трэба ўсьведамляць, што гэта робіцца незаконна. Гэта хабар», — кажа Свабодзе Міхаіл Кірылюк.

    Што да цьверджаньня Васкрасенскага ў кнізе, то Міхаілу Кірылюку не вядома ні пра такія перамовы, ні пра такую практыку, ні пагатоў пра такі артыкул у Крымінальным кодэксе. Пры гэтым адвакат дапускае, што такое можа існаваць як форма замаскаванага хабару.

    «Як быццам у краінах Лацінскай Амэрыкі, дзе за грошы ў турму могуць прывезьці і какаін, і жанчын. Калі такая практыка сапраўды існуе, то гэта форма карупцыі», — сьцьвярджае праўнік.

    Міхаіл Кірылюк кажа, што ня мае інсайдаў з польскай амбасады наконт перамоваў у справе Пачобута, але, на яго думку, для амбасады Польшчы гэта дакладна было не пытаньне грошай.

    Што такое хатні арышт

    Меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту ўвялі ў Беларусі 1 студзеня 2001 году.

    Знаходжаньне пад хатнім арыштам не адразу сталі залічваць у агульны тэрмін пакараньня. У 2003 годзе на прапанову Канстытуцыйнага суду Беларусі заканадаўства зьмянілі: два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню арышту, накіраваньня ў дысцыплінарную вайсковую частку і пазбаўленьня волі, тром дням папраўчых работ ці абмежаваньня ў вайсковай службе, 24 гадзінам грамадзкіх працаў.

    Хатні арышт, паводле адвакатаў, прызначаюць значна радзей за іншыя меры стрыманьня.

    Найбольш вядомыя «хатнія арыштанты»

    Пад хатні арышт у 2011 годзе трапілі кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і жонка кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава — журналістка Ірына Халіп. Разам зь імі ў кватэры ўвесь час былі супрацоўнікі КДБ, што было вельмі цяжка, як згадвалі пазьней Халіп і Някляеў. За «паслугі аховы» падчас хатняга арышту ў 2011 годзе яны не плацілі.

    Хатняму арышту па-беларуску быў прысьвечаны спэктакль расейскага тэатральнага праекту «Театр.doc» пад назвай «Двое ў тваім доме».

    Пад хатнім арыштам працяглы час знаходзіўся былы рэдактар NEXTA Раман Пратасевіч, якога асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня і якога нядаўна памілаваў Лукашэнка. Як адзначалі пасьля памілаваньня «Рэпартэры бязь межаў», «у чаканьні суду ён шмат месяцаў знаходзіўся пад хатнім арыштам у невядомым месцы і нявысьветленых умовах».

    Каля 7 месяцаў пад хатнім арыштам правяла выкладчыца, культуроляг Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера, заснавальніка парталу Tut.by. 18 траўня 2021 году Юлію Чарняўскую затрымалі разам з супрацоўнікамі парталу Tut.by за нібыта «ўхіленьне ад сплаты падаткаў». Палітзьняволеная Чарняўская пад хатнім арыштам ня мела права камунікаваць ні з кім, акрамя адваката, ёй было забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.

    Пад хатнім арыштам была і старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. Яе, а таксама згаданага вышэй Пачобута і актывістак Саюзу палякаў Беларусі, арыштавалі ў сакавіку 2021 году ў так званай «справе палякаў». Пачобут і Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У сакавіку 2022 году Борыс перавялі зь сьледчага ізалятару ў Жодзіне пад хатні арышт. 4 красавіка 2023 году стала вядома пра вызваленьне Анжалікі Борыс з‑пад хатняга арышту. Пазьней справу супраць яе закрылі.

    Камэрцыялізацыя рэпрэсіяў

    Паводле назіральнікаў, улады Беларусі імкнуцца паставіць рэпрэсіі на камэрцыйныя рэйкі.

    Усе палітычныя вязьні, якія праходзяць праз Акрэсьціна і іншыя падобныя ўстановы ў Беларусі, павінны плаціць за знаходжаньне ў нечалавечых умовах за кратамі.

    У калёніях выкарыстоўваюць практычна рабскую працу зьняволеных. Сайт Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў нагадвае старонку зь бізнэс-прапановамі продажу тавараў, якія вырабляюць зьняволеныя. За сваю працу вязьні атрымліваюць сымбалічную плату. Напрыклад, заробак у Магілёўскай калёніі за чыстку дратоў (брудную, шкодную для здароўя працу) складаў 74 капейкі ў месяц, паводле ўспамінаў былога вязьня.

    Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб выцягваньня грошай — практычна вымаганьне супрацоўнікамі КДБ ці іншых сілавых структураў кампэнсацыяў у 10-разовым памеры за данаты, зробленыя ў 2020 годзе.

    І «хатні арышт» за грошы ў гэтым шэрагу выглядае адной з падобных формаў камэрцыялізацыі рэпрэсіяў, адзначаюць суразмоўцы Свабоды.

    Чытайце яшчэ:

    Сёння стала вядома пра затрыманне тры дні таму журналіста-фрылансера

    Озираясь на три года назад. Репортерский взгляд на август-2020

    Журналіста светлагорскага «Ранка» аштрафавалі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці