• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №3 (65) 2021: Абмежаванне свабоды медыя ў інтэрнэце

    СМІ Ў БЕЛАРУСІ. ЭЛЕКТРОННЫ БЮЛЕТЭНЬ. №3 (65) 2021
    Спецвыпуск. ПЕРАСЛЕД СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ У 2021 ГОДЗЕ
    ЧАСТКА 2. АБМЕЖАВАННЕ СВАБОДЫ МЕДЫЯ Ў ІНТЭРНЭЦЕ (студзень – кастрычнік 2021 года)

    Спампаваць бюлетэнь

    Агульная інфармацыя

    • За год, які мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, сітуацыя ў беларускім медыясектары крытычна пагоршылася. Медыя і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсіяў.

    • Больш за 500 разоў пасля выбараў сілавікі затрымоўвалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў зазналі гвалт або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 29 асобаў па стане на 03.10.2021 года – пад вартай або ў месцах пазбаўлення волі.

    • Дзясяткі юрыдычных асобаў, у форме якіх дзейнічалі медыяарганізацыі, ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, інфармацыйная прадукцыя СМІ, сайтаў, блогераў масава прызнаецца экстрэмісцкай з забаронай яе распаўсюду іншымі суб’ектамі медыяполя.

    • У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і кватэрах іх супрацоўнікаў адбылося каля 140 ператрусаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай.

    • Улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў.

    • Большасць нацыянальных і рэгіянальных газет былі вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме, але працягваюць існаваць анлайн.

    • Пад пераслед патрапілі і медыяарганізацыі, якія аказваюць падтрымку журналістам і СМІ.

    • Улады пазбавілі юрыдычнага статусу больш за 270 грамадскіх арганізацыяў, уключна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам, кіраўніцай якога з’яўляецца Святлана Алексіевіч. Крымінальны пераслед зазналі супрацоўнікі «Прэс-клуба», які таксама быў ліквідаваны.

    • Ціск на медыі ды іх супрацоўнікаў працягваецца і ўзрастае.

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі», №2 (64), 2021. Спецвыпуск «ПЕРАСЛЕД СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ У 2021 ГОДЗЕ». Частка І

    Абмежаванне свабоды медыя ў інтэрнэце

    Агульная тэндэнцыя абмежавання прасторы свабоды слова з’явілася і ў палітыцы беларускай дзяржавы адносна інтэрнэт-СМІ, сацыяльных сетак і іншых крыніц інфармацыі і сродкаў камунікацыі ў інтэрнэце. Ва ўмовах звужэння магчымасцяў атрымання інфармацыі праз традыцыйныя медыі (у 2020 годзе быў заблакаваны доступ да больш як 80 інфармацыйных сайтаў) беларуская аўдыторыя стала часцей выкарыстоўваць для гэтага мэсэнджары, асабліва Telegram, і сацыяльныя сеткі, асабліва YouTube.

    Менавіта інтэрнэт пачаў разглядацца ўладамі як асноўная крыніца «апазіцыйных» ідэяў, пад якімі разумеецца які-колечы адрозны ад афіцыйнага пункт гледжання. Неад’емнай часткай афіцыйнага дыскурсу стаўся панятак «інфармацыйнай вайны» як складніка «гібрыднай вайны», якая, маўляў, вядзецца супраць беларускай дзяржавы пры дапамозе новых інфармацыйных тэхналогіяў.

    «Даступнасць інтэрнэту шырокай аўдыторыі вывела глабальную сетку ў шэраг вядучых крыніцаў інфармацыі. Віртуальнае асяроддзе сёння – наймагутнейшы чыннік уплыву на насельніцтва. Пры гэтым далёка не заўсёды інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, скіравана на развіццё грамадства і дзяржавы. Інтэрнэт стаўся прыладай інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэнне грамадскіх падвалінаў і маральных каштоўнасцяў, а часам і цэлых дзяржаў», — сказаў міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прэзентуючы законапраект па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі 2 красавіка 2021 года.

    З часу прэзідэнцкіх выбараў дзяржавай увесь час прадпрымаліся захады па абмежаванні доступу да інфармацыі ў інтэрнэце, у тым ліку шляхам блакавання сайтаў незалежных СМІ і сайтаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, прымусовага выдалення крытычнага кантэнту, прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» незалежных інфармацыйных рэсурсаў, прыцягнення да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Згодна з сусветным рэйтынгам узроўню свабоды інтэрнэту, які быў складзены праваабарончай арганізацыяй Free­dom House і выдадзены ў 2021 годзе, Беларусь, разам з М’янмай і Угандай, аказалася сярод краінаў, дзе было зафіксаванае найбольшае пагаршэнне свабоды інтэрнэту. У параўнанні з мінулым годам пазіцыя Беларусі ў гэтым спісе знізілася на 7 пунктаў — яна атрымала ўсяго 31 бал з 100 магчымых.

    Змены ў рэгуляванні інтэрнэту

    Шэраг зменаў, унесеных у заканадаўства ў 2021 годзе, быў закліканы спрасціць умяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасць інтэрнэт-рэсурсаў і зрабіць больш жорсткай адказнасць за выказванні ў інтэрнэце.

    ●    У выніку ўнясення зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей, горада Мінска было нададзена права абмяжоўваць сваім рашэннем доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, накіраваныя на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці, або звесткі, якія ўтрымліваюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама інфармацыя, распаўсюд якой здатны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

    ●    Законныя падставы для абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і спынення выпуску СМІ былі дададзеныя такой падставай, як прыняцце Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы рашэння аб наяўнасці інфармацыйных паведамленняў, распаўсюд якіх здатны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам.

    ●    У законе «Аб сродках масавай інфармацыі» быў замацаваны абавязак указваць гіперспасылкі на крыніцы інфармацыі, відавочна, для таго каб не дапускаць публікацыі інфармацыі з крыніцаў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі».

    ●    У Крымінальны кодэкс быў уключаны артыкул 198–1 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі), які прадугледжвае адказнасць для ўласнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія не зарэгістраваныя як СМІ, за распаўсюд забароненай інфармацыі. (Вызначэнне таго, якая інфармацыя з’яўляецца забароненай, вельмі расплывістае і залежыць ад правапрымяняльных органаў.) У выпадку паўторнага парушэння ўласнік сайта можа быць пакараны пазбаўленнем волі на тэрмін да двух год.

    Умяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасць анлайн-СМІ і пераслед іх супрацоўнікаў

    У 2021 годзе адбыўся шэраг ператрусаў у рэдакцыях анлайн-СМІ, як нацыянальных, гэтак і рэгіянальных. Іх супрацоўнікі былі дапытаныя. У прыватным жытле адбыліся вобшукі. Некаторыя з супрацоўнікаў зазналі адміністрацыйны і крымінальны пераслед.

    Так, былі абшуканыя рэдакцыйныя памяшканні анлайн-медыяў «Бінокль» (Брэст), «Ранак» (Светлагорск), Intex-Press (Баранавічы), «Медыя-Палессе» (Пінск, Лунінец), «Моцныя навіны» (Гомель), «Радыё Свабода» і іншых. У выніку ператрусаў вымаліся дакументы і сканфіскоўвалася абсталяванне, што ўскладняла працу рэдакцыяў.

    Улады мэтанакіравана ажыццяўлялі планамерныя дзеянні па абмежаванні ўплыву вядучых інтэрнэт-медыяў, у прыватнасці TUT.BY, nashaniva.by і naviny.by, якія скончыліся іх блакаваннем і крымінальнымі справамі супраць іх супрацоўнікаў.

    18 траўня 2021 года беларускія ўлады пачалі беспрэцэдэнтную атаку на Tut.by, найбольш уплывовы незалежны інфармацыйны рэсурс Беларусі. (Раней, 19 студзеня, ТАА «ТУТ БАЙ Медыя» было пазбаўлена статусу сродку масавай інфармацыі паводле судовага рашэння.)

    Дэпартамент фінансавых расследаванняў узбудзіў крымінальную справу ў адносінах яго супрацоўнікаў паводле артыкула 243(2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). У гэты дзень адбыліся вобшукі ў офісах Tut.by у Мінску, Брэсце, Віцебску, Магілёве і Гародні, а таксама ў офісах звязаных кампаніяў Hoster.by, Av.by і Rabota.by у Мінску, у жытле шэрагу супрацоўнікаў (14 супрацоўнікаў былі змешчаныя пад варту або пад хатні арышт). У той жа дзень Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заблакавала сайт tut.by для доступу як з Беларусі, так і з‑за мяжы. Рашэнне было прынятае на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры, якая ўстанавіла «шматлікія факты парушэння Закона аб СМІ» і, у прыватнасці, публікацыі матэрыялаў, якія паходзяць ад фонду BYSOL, ініцыятывы па зборы сродкаў у падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі (беларускае заканадаўства забараняе СМІ распаўсюджваць матэрыялы ад імя незарэгістраваных арганізацыяў).

    8 ліпеня паводле рашэння Міністэрства інфармацыі быў цалкам заблакаваны доступ да сайта незалежнага анлайн-штотыднёвіка «Наша Ніва» (nn.by) на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры «за размяшчэнне інфармацыі, распаўсюд якой забаронены часткай 1 артыкула 38 Закона аб СМІ». У офісных памяшканнях і дамах чатырох яго супрацоўнікаў адбыліся вобшукі. Двое з іх, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, былі абвінавачаныя ў здзяйсненні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса) – яны нібыта аплочвалі камунальныя паслугі за офіс па стаўцы для жытла. Абодва знаходзяцца ў зняволенні да суда.

    18 жніўня ў офісе незалежнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН і дамах яго супрацоўнікаў у Мінску адбыліся ператрусы ў межах расследавання крымінальнай справы паводле артыкула 342, часткі 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

    Сайты БелаПАН (belapan.by і belapan.com) былі цалкам заблакаваныя. Шасцёра супрацоўнікаў былі дапытаныя ва ўправе Следчага камітэта. Увечары таго ж дня Следчы камітэт апублікаваў заяву пра тое, што была ініцыяваная падатковая праверка дзейнасці БелаПАН і ўжо выяўленыя парушэнні падатковага заканадаўства . Дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына і былы дырэктар агенцыі Зміцер Наважылаў, якія сталіся абвінавачанымі па справе па артыкуле 243 частцы 2 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса, былі змешчаныя пад варту.

    Шэраг незалежных медыясайтаў былі аштрафаваныя на вялікія сумы за размешчаны імі кантэнт.

    Так, уладальніку сайта «Медыя-Палессе» быў прысуджаны штраф у памеры 5771 рублёў (каля 2300 даляраў) за распаўсюд недакладнай інфармацыі, у прыватнасці фразы «Пінскія суддзі адмовіліся весці працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Брэст» .
    Працягвалася практыка блакавання доступу да сайтаў незалежных СМІ, пры гэтым ужо ў сакавіку ў заканадаўства было ўнесена паняцце «копія інтэрнэт-рэсурсу». У выніку яна была распаўсюджана і на так званыя «люстэркавыя» сайты, якія ствараюцца дзеля абыходу блакіровак.

    Такім чынам быў абмежаваны доступ да «люстэркавых» сайтаў шэрагу СМІ: інтэрнэт-газеты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (naviny.online), тэлеканала «Белсат» (Blstv.eu), «Еўрарадыё» (euroradio.pl), TUT.by (Zerkalo.io) і іншых.

    З восені 2021 года пачалася новая хваля блакавання доступу да інфармацыйных сайтаў: Media-Pоlesye.by, сайта «Беларускага Радыё Рацыя», belaruspartisan.by, сайта газеты «Комсомольская правда в Беларуси» і іншых.

    4 лістапада паводле рашэння Міністэрства інфармацыі Беларусі быў заблакаваны доступ беларускіх карыстальнікаў да сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўнага незалежнага журналісцкага аб’яднання краіны .

    Пераслед блогераў

    З часу перадвыбарчай кампаніі 2020 года ўлады разглядаюць крытычна настроеных блогераў як небяспечную крыніцу інфармацыі. Практычна ўсе найбольш папулярныя блогеры, якія выказваліся на грамадска-палітычныя тэмы, былі арыштаваныя яшчэ ў той перыяд.

    11 верасня 2021 года старшыня праўладнага грамадкага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька заявіў, што блогеры павінны знаходзіцца пад жорсткім кантролем:

    «Зараз агромністая небяспека зыходзіць ад інтэрнэт-супольнасці, ад так званых блогераў, якія, па сутнасці сваёй, з’яўляюцца суб’ектамі, што фарміруюць у тым ліку грамадскую думку».

    У 2021 годзе адбыліся суды над некалькімі апазіцыйнымі блогерамі, якія былі затрыманыя ў перыяд перадвыбарчай кампаніі 2020 года і абвінавачаныя ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў. Усе яны былі прысуджаныя да турэмнага зняволення:

    • Уладзімір Няронскі — 3 гады (артыкул 342, частка 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады));

    • Павел Спірын — 4,5 года калоніі (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы));

    • Сяргей Пятрухін — 3 гады (артыкул 342, частка 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і артыкул 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі або народнага засядальніка));

    • Аляксандр Кабанаў — 3 гады (артыкул 342, частка 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх)).

    У сакавіку 2021 года былі ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы ў адносінах папулярнага блогера Антона Матолькі, які асвятляў падзеі вакол выбараў 2020 года, – паводле артыкула 130, часткі 3 Крымінальнага кодэкса («у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варажнечы паводле прыкметы прафесійнай прыналежнасці ў стасунку прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў») і паводле часткі 1 артыкула 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).

    Прадстаўнікі Следчага камітэта заявілі, што Матолька аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя «дваравыя чаты»), стварыў экстрэмісцкае фарміраванне і ўзначаліў яго.

    Працягвалася распачатае ў 2020 годзе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогераў Рамана Пратасевіча (знаходзіцца пад хатнім арыштам) і Сцяпана Пуцілы, заснавальнікаў Tel­ergam-канала, які адыграў вядучую ролю ў асвятленні поствыбарчых пратэстаў і стаў найбольш папулярным у Беларусі, а таксама рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса (знаходзіцца ў зняволенні).

    16 жніўня ў Гародні быў арыштаваны блогер Vadi­mati (Вадзім Ермашук), які выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітзняволеных і наведваў суды па «палітычных» працэсах. Пазней сталася вядомым, што ён праходзіць падазраваным па дзвюх крымінальных справах — па артыкуле 368 (абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 370 (аганьбаванне дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса.

    Прымяненнне заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам

    Нечуваныя маштабы набыло выкарыстанне заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам для абмежавання свабоды слова ў інтэрнэце. Як «экстрэмісцкія» сталі характарызавацца любыя крытычныя выказванні і актыўнасці.

    Антыэкстрэмісцкае заканадаўства застасоўвалася як падстава для пераследу анлайн-СМІ. Звычайнай практыкай сталася прыцягненне да адказнасці за матэрыялы, размешчаныя да таго, як яны былі прызнаныя экстрэмісцкімі (у прыватнасці, кантэнт Telegram-каналаў).

    Закон «Аб змене законаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму», які набыў моц з 14 чэрвеня, пашырыў магчымасці, якія існавалі і раней, для прыцягнення да адказнасці за выказванні. У прыватнасці, у пералік відаў «экстрэмісцкай дзейнасці» былі ўключаныя:

    -    абраза або дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады ці кіравання, прадстаўніка ўлады;
    —    распаўсюд заведама непраўдзівых звестак пра палітычны, эканамічны, сацыяльны, ваенны або міжнародны стан Рэспублікі Беларусь;
    —    проціпраўныя дзеянні супраць грамадскага ладу і грамадскай маральнасці, парадку кіравання, жыцця і здароўя, асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы, маёмасці ў мэтах распальвання варожасці.

    У новай версіі закона змяніліся і некаторыя вызначэнні.

    «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» цяпер з’яўляецца інфармацыйная прадукцыя, якая не толькі ўтрымлівае заклікі і прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, але і спрыяе «ўцягванню» у яе, а таксама «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка». Быў пашыраны пералік формаў, у якіх могуць існаваць «экстрэмісцкія матэрыялы» — у прыватнасці, была фактычна забароненая публічная дэманстрацыя ў СМІ партрэтаў асуджаных па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

    З’явілася паняцце «экстрэмісцкага фарміравання» — гэта «група грамадзянаў, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, або якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, або прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, або фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць». У адрозненне ад «экстрэмісцкай арганізацыі», яго наяўнасць вызначаецца ў пазасудовым парадку Міністэрствам унутраных спраў або Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. У Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь былі ўключаны новыя артыкулы, якія вызначылі адказнасць у выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі за любое «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4) і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (артыкул 361–1).

    Максімальнае пакаранне ў адпаведнасці з апошнім артыкулам — пазбаўленне волі на тэрмін да 10 год . Новаўвядзенні закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» сталі актыўна застасоўвацца ў дачыненні да незалежных СМІ. Ліпень 2021 года стаўся часам масіраванай атакі на незалежную прэсу і грамадзянскую супольнасць Беларусі.

    30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «інфармацыйныя атакі» з’яўляюцца адным з тактычных напрамкаў у спробах разгайдаць беларускае грамадства:

    «Сёння ўжо ўсе павінны разумець, з якой канкрэтнай мэтай па ўсёй краіне ствараліся ангажаваныя інфармацыйныя рэсурсы: сайты, Telegram-каналы, відэаблогі, групы ў сацыяльных сетках, мэсэнджары. Уся Беларусь была ахутана гэтым сецівам. […] Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім». Услед за Telegram-каналамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сталі прызнаваць кантэнт незалежных анлайн-СМІ. Так, 27 ліпеня былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт тэлеканала «Белсат», яго Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках.

    Потым быў прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі кантэнт спартовага анлайн-медыя tribuna.com , вядучага інфармацыйнага партала tut.by і сайта zerkalo.io, які замяніў яго пасля блакіроўкі.

    Зважаючы на тое, што практычна любое медыя Беларусі выкарыстоўвала матэрыялы tut.by, усе яны аказаліся перад рызыкай прыцягнення да адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Так, шэраг незалежных СМІ не быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, аднак за размяшчэнне матэрыялаў, якія ўжо былі ўключаныя ў спіс, доступ да іх сайтаў быў абмежаваны. Напрыклад, такім чынам паводле пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці на 6 месяцаў быў абмежаваны доступ да сайта «Медыя-Палессе».

    З лета 2021 года колькасць судовых рашэнняў аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі рэзка ўзрасла. За чэрвень–ліпень было вынесена 71 судовае рашэнне аб прызнанні 115 матэрыялаў «экстрэмісцкімі» — гэта больш чым у тры разы ў параўнанні з красавіком–траўнем 2021 года.

    За наступныя два месяцы — ужо 84 судовых рашэнняў адносна 129 матэрыялаў. Пераважная большасць з іх датычылася Telegram-каналаў, аднак упершыню за гісторыю назіранняў былі забароненыя не толькі самі каналы, але нават боты некаторых чатаў у Telegram.

    Па стане на 21 жніўня ў Беларусі «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя 174 Telegram-каналы і чаты (пераважная большасць з іх у 2021 годзе).

    Апроч каналаў у Telegram працягнуліся ўнясенні ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» акаўнтаў незалежных СМІ ў іншых сацыяльных сетках — Face­book, ВКонтакте. Упершыню былі забароненыя старонкі ў «Аднакласніках», Insta­gram і Tik­Tok .
    Новаўвядзенне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў выглядзе «экстрэмісцкага фарміравання» распачалі прымяняць для пераследу прадстаўнікоў анлайн-медыяў. Спачатку гэта былі стваральнікі і адміністратары апазіцыйных Telegram-супольнасцяў, а потым і журналісты.

    У верасні ў вядомай беларускай тэле- і радыёвядучай Кацярыны Пытлевай, якая пасля пераезду ў Літву сталася праграмнай дырэктаркай і вядоўцай папулярнага Youtube-праекта «Маланка медыя», адбыліся два вобшукі за месяц. І толькі пасля другога з іх яна здолела даведацца, што яны звязаныя з расследаваннем па справе аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

    3 лістапада рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў была прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем і забароненая дзейнасць «групы грамадзянаў, аб’яднаных праз інтэрнэт-рэсурсы “Белсат”». На той момант пералік арганізацыяў, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключаў у сябе 11 ініцыятываў і групаў, аб’яднаных праз Telegram-каналы і чаты. У сваёй заяве МУС патлумачыла, што стваральнікі, арганізатары і ўдзельнікі такіх фарміраванняў будуць прыцягвацца да адказнасці паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ім пагражае да 10 год пазбаўлення волі.

    Яшчэ адным аспектам застасавання заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам дзеля абмежавання ўплыву незалежных СМІ сталася прыцягненне да адказнасці карыстальнікаў інтэрнэту за распаўсюд медыякантэнту, які прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», – прычым не толькі ў выглядзе штрафаў, але і ў выглядзе пазбаўлення волі (адміністрацыйнага арышту).
    7 траўня 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі распаўсюдзіла заяву аб тым, што супрацоўнікі пракуратуры ажыццяўляюць штодзённы маніторынг паведамленняў у сеціве інтэрнэт. Пры гэтым, маўляў, «любы крок у інтэрнэце, ці то наведванне пэўнага рэсурсу, ці то даванне ацэнак пэўнай выяве або паведамленню ў сацыяльнай сетцы, ці перапост або каментар да іх, фіксуюцца».

    Інтэрнэт-карыстальнікаў караюць нават за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у прыватным ліставанні. Напрыклад, Павел Смірноў з Мінска быў пакараны 15 соднямі арышту за перасылку свайму сябру паведамлення з Telegram-канала TUT.by, пасля таго як супрацоўнікі міліцыі атрымалі доступ да яго тэлефона.

    ***

    Маштабы няспыннага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў дзейнасць незалежнай анлайн-журналістыкі, у выкарыстанне сацыяльных сетак і мэсэнджараў пацвярджаюць, што ўлады разглядаюць свабоду слова ў інтэрнэце як адну з формаў апазіцыйнай дзейнасці.

    Тым не менш уплыў незалежных навінавых крыніцаў інфармацыі працягвае ўзрастаць.

    У інфармацыйнай анлайн-прасторы, як і раней, займаюць пануючыя пазіцыі незалежныя, а не дзяржаўныя навінавыя сайты. Хаця большасць незалежных медыясайтаў была заблакаваная на працягу 2020–2021 гадоў, яны дыверсіфікавалі свае каналы распаўсюду інфармацыі ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах і захавалі давер аўдыторыі .

    Мэсэнджары, якія выкарыстоўваюцца для атрымання інфармацыі 

     

    http://www.infopolicy.biz/?p=18106

    https://www.belta.by/society/view/organy-prokuratury-ezhednevno-monitorjat-soobschenija-v-internete-440468–2021/

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Коллеги в тюрьмах. Адреса для писем, бандеролей и переводов
    05.11.2024
    Акцэнты

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    Учитывая существенную роль «антиэкстремистской политики» в формировании медиапространства внутри Беларуси, БАЖ проанализировал правовое регулирование противодействия экстремизму и актуальной практики его применения в отношении независимых медиа и их представителей. Отправной точкой при проведении данного анализа выступают международные стандарты прав и свобод человека, которые, вне всякого сомнения, должны служить ключевым ориентиром демократического государства при любых обстоятельствах. Скачайте доклад в формате PDF .
    29.12.2023

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці