• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ірына Халіп: «У таталітарнай краіне не можа быць вялікай мяжы між грамадзянскай пазіцыяй і пазіцыяй журналіста…»

    Калі 19 снежня Ірыну Халіп арыштавалі і кінулі ва ўнутраную турму КДБ «амерыканку», у камеры ёй спачатку не знайшлося месца на нарах — і давялося спаць пад лаваю. Калі Халіп прачнулася зранку, сукамерніцы з нязлой іроніяй хмыкнулі: «Гляньце вы, першая ледзі з-пад лавы выпаўзае!..»

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖу

    Ірына Халіп нарадзілася ў 1967 годзе ў Мінску. Тата — Уладзімір Халіп, кінасцэнарыст, драматург, літаратар, публіцыст. Маці — Люцына Бяльзацкая, філолаг. Ірына працавала ў газетах «Советская Белоруссия», «Имя», «Белорусская деловая газета». У цяперашні час — уласная карэспандэнтка расійскай «Новой газеты» ў Беларусі. 19 снежня арыштаваная на Плошчы разам з мужам Андрэем Саннікавым, кандыдатам на прэзідэнта. Знаходзілася спачатку ў турме КДБ, потым — пад хатнім арыштам. Асуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

    У БАЖы з 1996 года.

    «Калі мяне выштурхнулі з беларускай медыяпрасторы, я са сваімі чытачамі буду кантактаваць проста на вуліцы!..»

    — Ірына, у мяне ёсць пытанне, якое хвалюе мяне не толькі для інтэрв’ю, але і проста як калегу. Калі чалавек працуе на вытворчасці, ён адпрацаваў ад 8 да 17 — і вольны. У нас, журналістаў, не так — ты журналіст круглыя суткі. 19 снежня вы былі на Плошчы побач са сваім мужам Андрэем Саннікавым. Калі б вы былі даяркай ці старшым эканамістам, ніхто б не пазначаў вашую прафесію, але паўсюль прагучала, што на Плошчы была «журналістка Ірына Халіп». Ці мусіць быць мяжа для журналіста — мяжа грамадзяніна і прафесіянала?

    Ірына Халіп: — Складанае пытанне. На маю думку, гэтае пытанне мела б большае права на існаванне, калі б мы з вамі размаўлялі недзе ў люксембургскай кавярні, ці ў амерыканскай кавярні, у лонданскай кавярні. То бок, недзе ў дэмакратычных дэкарацыях. У таталітарнай краіне, мне здаецца, увогуле не можа быць вялікай мяжы між грамадзянскай пазіцыяй і пазіцыяй журналіста. Мяне раздражняюць фразы кшталту «мы павінны быць над схваткай». Дык і дзе тыя, хто быў «над схваткай»? Падстрэлілі ўсіх паспяхова ў палёце!.. А мы, якія не «над схваткай», а ўсё-ткі прымаем той ці іншы бок, жывем, па меншай меры, у згодзе з уласным сумленнем. Ты хочаш назваць падляца падляцом, але ты не можаш — бо мусіш быць «над схваткай», таму табе трэба даваць падляцу слова. Ды ну к чорту! Не збіраюся!

    Тым больш цяпер, калі я прайшла праз турму, праз арышт, праз суд, страту мужа, спробу ўладаў забраць у мяне дзіця — калі я месяц не ведала, дзе ён увогуле, дома ці ўжо ў прытулку, уласнасць дзяржавы… Пасля гэтага я мушу прытрымлі нейкай паліткарэктнасці і думаць, ці не скампраметую я сваю прафесію ці сябе асабіста, калі начаплю бэдж? Я звычайна на акцыі ўвогуле хаджу без бэджа. Скажам так, калі гэта мітынг даярак у падтрымку падвышэння надояў, і мне трэба напісаць рэпартаж (але я не даярка і не магу прыняць той ці іншы бок), я, канешне, прыйду з бэджам. Але калі гэта акцыя пратэсту апазіцыі — людзей, да якіх я адношу сябе і свайго мужа, з якімі я супадаю, — лагічна, што я іду далучыцца да іх сваёй чалавечай адзінкай, каб павялічыць іх колькасць.

    — Калі вы ідзеце на мітынг з прыцэлам, што будзеце пісаць стуль матэрыял — вы будзеце выгукаць лозунгі з усімі разам?

    Ірына Халіп: — Буду! А чаму я не магу крыкнуць тое, што я пішу? Паглядзіце — улада вельмі хітравата паступіла!.. Калі я была журналісткай «Белорусской деловой газеты», калі я была журналісткай газеты «Имя», у мяне была наўпроставая сувязь з маімі чытачамі — і не было патрэбы выступаць на мітынгах. Улада паспяхова знішчыла ўсе газеты, у якіх я працавала. Цяпер я працую ў расійскай газеце («Новая газета» — аўт.) і пішу для іншай аўдыторыі, а не для сваіх тутэйшых чытачоў. Так, ёсць інтэрнэт, і сюды таксама праз дупу нейкае слова даходзіць… Але няма таго простага кантакту, які быў — калі чытачы тэлефанавалі ў рэдакцыю, размаўлялі, выказваліся, крытыкавалі, ухвалялі. У газеце «Имя» ў нас увогуле былі вызначаныя дні, калі кожны журналіст па чарзе сядзеў на тэлефоне і гутарыў з чытачамі. Цяпер гэтага кантакту няма. І калі мяне выштурхнулі з беларускай медыя-прасторы, я са сваімі чытачамі буду кантактаваць проста на вуліцы!..

    — Ірына, а што ж рабіць са стандартамі, пра якія нам заўсёды кажуць замежныя журналісты на трэнінгах? Што журналіст мусіць быць незаангажаваны, даваць магчымасць выказацца ўсім… Большасць з іх, трэба прызнаць, цяжка кладзецца ў рэальнасці сённяшняй Беларусі. Дык паводле якіх стандартаў развіваецца наша журналістыка?

    Ірына Халіп: — Я таксама ўсё гэта часта чула. Але мне ніколі не былі зразумелыя гэтыя заходнія парады, што трэба даваць слова ўсім. Я не прыпомню, каб за савецкім часам журналісты «Радыё Свабода» з нагоды суду над Бродскім бралі каментар у таварыша Дземічава, напрыклад. Таварыш Дземічаў мог выказвацца ў газеце «Правда». А дысідэнты маглі выказвацца толькі на «Радыё Свабода». Гэта такая асаблівасць таталітарных рэжымаў. І, заўважце, заакіянскія гаспадары зусім не патрабавалі ад рускай рэдакцыі «Радыё Свабода» ўтрымання ўсіх гэтых, амерыканскіх у тым ліку, стандартаў. Дык нашто сёння забіваць эфір ці газетныя палосы тымі, хто можа дазволіць сабе выказвацца ў «Саўбеліі»?.. Калі вы ўжо выселілі нас у гета — дык хоць не лезьце ў гэтае гета.

    — А вам даводзілася даваць слова тым, хто быў вам асабіста непрыязны?

    Ірына Халіп: — Так. Барысу Беразоўскаму — калі я пісала пра справу Зельцара. Мне было брыдка, але гэта той выпадак, калі ягоная жывая мова абавязкова мусіла быць. Бо гэта была не публіцыстыка, а расследаванне. І, хоць страляйся, але пазіцыя Беразоўскага, які пасадзіў Зельцара, мусіла прысутнічаць.

    «Калі б спатрэбілася, я б плясала перад Палацам Рэспублікі з чырвона-зялёным сцягам і вітала дэлегатаў усебеларускага сходу»

    — Ірына, здараецца, журналіста запрашаюць на прэзэнтацыю дыска, якая сканчаецца фуршэтам. Ці прапануюць яму на інтэрв’ю выпіць добры каньяк. Дзе тут мяжа? Ці можна папіць каньяку — а пасля напісаць, што чалавек лайно? Ці не піць каньяк, калі збіраешся пісаць, што ён лайно? Скажам, Ксенафонт Суперфасфатаў частуе вас каньяком — а потым вы пішаце, што ён — лайно.

    Ірына Халіп: Не, я загадзя скажу яму, што ён — лайно! І каньяк з ім піць не буду. Калі ж казаць, да прыкладу, пра прэзентацыю музычнага альбома… Фуршэты, канешне, адбіваюцца на тым, што журналіст пасля напіша. Бо ўзнікаюць нейкія чалавечыя кантакты… І калі табе чалавек сімпатычны, а ягоны прадукт — лайно, вось тады і пачынаюцца праблемы! Тады можна яму прапанаваць напісаць нешта пра яго з іншай нагоды. «Калі прадукт ваш лайно, давайце пагаворым пра паляванне і рыбалку!..»

    Калі я працавала ў газеце «Имя», якраз прайшоў рэферэндум — той, жудасны, 1996 года. І раптам у рэдакцыю газеты «Имя» патэлефанавалі ад імя Канаплёва (ён тады быў фактычна галоўным у «палатцы») і сказалі, што Уладзімір Мікалаевіч «хацеў бы паразмаўляць, пазнаёміцца з кіраўніцтвам» — Халезіным, мною, Кацяй Высоцкай, якая была галоўным рэдактарам. Паразмаўляць? Не пытанне! Мы ж журналісты! А раптам — сенсацыя?! А раптам ён вырашыў гучна сысці?! Усіх нас ва ўмоўлены час пасадзілі ў аўтамабіль і некуды павезлі. Як высветлілася, у нейкую сядзібу для прыёмаў за горадам. Заходзім — а там Воля Тамашэўская з «БДГ», Андрэй Махоўскі, які цяпер «Рэйтар»… То бок, куча незалежных журналістаў. І накрытыя сталы. Канаплёў кажа: «Рабяты, вы лічыце, што мы поўнае лайно. Давайце пазнаёмімся — ніякіх абавязкаў. Хочаце — пішыце, што мы тут з вамі рабілі. Не хочаце — не пішыце». І цудоўна пагутарылі — за добрым сталом, з добрай выпіўкай. А потым я лавіла сябе на думцы, што я пра Канаплёва не магу пісаць увогуле.

    — Купіў?

    Ірына Халіп: — Купіў не гэтым. Калі ў Марыны Бабкінай (ужо нябожчыцы…) паміраў бацька ў лякарні, высветлілася, што ён не склаў тэстамент. Яму заставалася жыць лічаныя гадзіны — ён гэта ведаў. А ў лякарні галоўны ўрач выступае ў ролі натарыюса — мае права завяраць тэстаменты. Тое самае, што ў турме — начальнік турмы. І паміраючы тата Марыны прасіў, каб гэта арганізавалі. А галоўны лекар адмахнуўся — няма калі, заняты. І тады Марына, якая працавала ў «Аsso­ci­at­ed Press», патэлефанавала Канаплёву (яна таксама была на тым загарадным прыёме). Больш у яе такіх сувязяў, каб яна з некім за сталом сядзела, не было. Канаплёў патэлефанаваў міністру аховы здароўя, той неадкладна пазваніў у шпіталь — і ўсё зрабілі за 5 хвілін…

    Увогуле, чалавечы фактар вельмі моцны… Яшчэ тады, калі пачалася гісторыя з маім сынам у турме, я сказала дзяўчатам у сваёй камеры: «Калі яны будуць яго забіраць, я пайду на ўсё. Толькі не буду даваць паказанні супраць іншых. Але, калі спатрэбіцца, я буду плясаць перад Палацам Рэспублікі з чырвона-зялёным сцягам і вітаць дэлегатаў усебеларускага сходу».

    «Я спачатку сапраўды напісала Саннікаву перадвыбарную прамову — але ён яе забракаваў»

    — Перад выбарамі, калі Андрэй Саннікаў выступаў па тэлевізары, нядобразычліўцы казалі, што менавіта «гэная Халіп яму ўсе цексты піша»…

    Ірына Халіп: — Ён мяне не дапусціў! Спачатку сапраўды я яму напісала прамову для тэлевізіі — і ён яе забракаваў.

    — Па прафесійнаму самалюбству гэта моцна ўдарыла? «Я ж такая крутая публіцыстка!»

    Ірына Халіп: — Канешне! Так! Мы бачым адныя і тыя рэчы, я ведала, што ён хоча сказаць. Іншая справа, што публіцыстка Ірына Халіп, якая называе некаторых людзей «ганд.намі», дае поўхі — гэта адное. Андрэй Алегавіч Саннікаў такога сабе дазволіць не можа. То бок, назваць «ганд.нам» ён зможа. Але «лексіку, набліжаную да ненарматыўнай», у публічным выступе ён не ўжывае. Ён не скажа, што ў нас сітуацыя «поўная ср.ка», ён скажа, што мы «набліжаемся да калапсу». Хоць, я лічу, што практычна ўсе кандыдаты выкарысталі свой час на ТВ, каб сказаць пра «поўную ср.ку». І мабілізаваць народ на Плошчу.

    — Пакуль Андрэй Саннікаў застаецца ў турме, ваш сын Данька лічыць, што тата «ў камандзіроўцы». Вы не думалі распавесці яму праўду?

    Ірына Халіп: — Прызнаюся шчыра, я не ведаю, як гэта зрабіць. У дзяцей усё чорна-белае. Раз турма — там сядзяць дрэнныя людзі. А калі тата ў турме — дык ён дрэнны чалавек?

    — А калі яму нехта выпадкова — у садочку ці школе — скажа, што ягоны тата — зэк?

    Ірына Халіп: — У садочак ён не пойдзе. Ён не ходзіць туды з таго самага дня, як па яго туды прыйшлі чужыя людзі. А калі ён пойдзе ў школу… Гэта будзе праз два гады… Даруйце, я думаю, што тады мой муж тады ўжо будзе дома. Для Даніка пакуль няма дрэнных герояў… Ён шчыра лічыць, што воўк ганяецца за зайцам у «Ну пагадзі!», бо хоча з ім пагуляць. І калі ў нас у доме жылі кадэбэшнікі, я была вымушаная хлусіць уласнаму дзіцёнку, што гэтыя дзядзі жывуць з намі, каб нас ахоўваць. І ён тады сказаў: «Мама, я ўжо дарослы, я магу і сам цябе ахоўваць. А калі нехта нападзе — я нават ведаю дрэнныя словы, каб сварыцца з ім!». Я напружылася: «Ну-ка, ну-ка, якія ты дрэнныя словы ведаеш?» І тады Данік пачаў выкрыкваць: «Гном! Клоп!..»

    «Калі не было грошай, я апісвала для каталогаў гатэлі, у якіх ніколі не была…»

    — Дарэчы, пра дрэнныя словы. З аднаго боку, мы ўсе іх ведаем. З іншага боку, калі журналіст у сваім артыкуле — няхай і публіцыстычным — пачынае ўжываць словы кшталту «м.дак» і «ганд.н», гэта што — «давайце памераемся, хто больш дрэнных словаў ведае»? Наколькі гэта дапусціма для журналіста?

    Ірына Халіп: — Вы правільна зазначылі: тое, што я напісала пра «ганд.на» — гэта не журналісцкі матэрыял усё-ткі

    — Калумністыка?

    Ірына Халіп: — Так. Я лічу, што калі чалавек піша выключна ад свайго імя, ад першай асобы, у калонцы са сваім здымкам — такое можа быць.

    — Але ж усё адно скажуць, што «журналістка «Новой газеты» назвала некага там ганд.нам…»

    Ірына Халіп: — Рэч у тым, што ў «Новой газете» журналістыка моцна персаналізаваная!.. Гэта тое, чаго ўжо не хапае беларускай журналістыцы. Бо немагчыма сказаць: іваноў, пятроў, сідараў — ад сёння вы калумністы. Калі яны ўсё жыццё пісалі пра надоі, і ніколі гэтыя надоі не намагаліся асэнсаваць — ім няма чаго сказаць. Журналіст мусіць прайсці шлях, пабываць у сітуацыі выбару — каб дазволіць сабе казаць ад першай асобы. Такой была Ганна Паліткоўская.

    — Калі закрывалі «БДГ», «Свободные Новости» — некаторыя пайшлі працаваць у «Советскую Белоруссию» ды падобныя месцы. Яны адразу сталі ганд.намі? Ці з часам? Ці нехта з іх не стаў?

    Ірына Халіп: — Не, не адразу. Некаторы час яны яшчэ цешылі сябе ілюзіямі. Ксенафонт Суперфасфатаў, наколькі я памятаю, кляўся ім, што яны не будуць пісаць пра палітыку — а кожны на сваю тэму: спорт, сацыялка, жытло… А потым акуратненька так — схадзі на прэсуху альбо напішы рэпартаж. А потым у гэтым рэпартажы падправіць пару радкоў… Для кожнага з іх гэта — якраз тая сітуацыя выбару. А што я магу сказаць чалавеку, які кажа, што ў яго малое дзіця, няма дзе жыць і г.д.? Рабі свой выбар. Калі ў мяне не было грошай, калі была поўная дупа ў газеце «Имя» — так, я пісала рэкламныя каталогі для турыстычных агенцыяў. Апісвала гатэлі, у якіх я ніколі не бывала. Курорты, на якія ў мяне ніколі ў жыцці не хопіць грошай. І мне не было сорамна.

    — А за што было сорамна са сваёй працы? (У гэтым моманце Ірына Халіп узяла паўзу і выйшла папаліць. Вярнуўшыся, адказала.)

    Ірына Халіп: — Ведаеце, сорамна хутчэй за тое, што я чагосьці не напісала. Калі нехта прыходзіў, пра нешта прасіў, я абяцала… А потым, што называецца, ці губляла інтарэс да тэмы, ці захаплялася нечым іншым, ці проста было лянота…

    — Часта журналіста ўспрымаюць як апошнюю надзею: «у мяне сына сабраліся незаконна ў турму саджаць, напішы!»…

    Ірына Халіп: — Гэта ёсць — і ад гэтага нікуды не дзецца.

    — Але ж можна сарвацца на тое, каб пісаць толькі-толькі-толькі пра гэта — і стаць «добрых справаў майстрам». Шмат да вас у сне бабаяў прыходзіць, пра якіх вы не напісалі?

    Ірына Халіп: — Да мяне бабаі не прыходзяць, бо я, відаць, шмат зрабіла такіх рэчаў, якія паставяць ім блакаду.

    — То бок, вы ў сваіх вачах станоўчы персанаж?

    Ірына Халіп: — Ну і пытанні ў вас!.. Так, абсалютна!

    «Сябры і прыяцелі таксама могуць быць м.дакамі — што зробіш»

    — У 1997 годзе вы далі следчаму поўху, калі быў збіты ваш бацька. Вось цяпер вам нікому не карцела поўху даць?

    Ірына Халіп: — Мабыць, не. Хіба можна даць поўху Раманчуку ці Кастусёву? Яны ж не зразумеюць!

    — А вы з Раманчуком асабістыя рахункі зводзіце?

    Ірына Халіп: — Хоць я і была найбольш пацярпелай ад яго прамовы — не. Я выказваюся — бо мне хочацца выказацца. Калі хочацца даць у морду — б’ю ў морду.

    — У гэтай сітуацыі вы наўпрост закранулі тэму журналісцкай этыкі і журналісцкай салідарнасці. Гэта павінна стаць сігналам, што тыя, хто напісаў, як Раманчук жаніўся ці на лыжах катаўся — што «ён нам больш не сябар»?

    Ірына Халіп: — Дык я і пісала, хутчэй, не пра Раманчука. Гэта быў якраз зварот да калегаў.

    — І ўсе, хто яго піярыў — м.дакі?

    Ірына Халіп: — Так!

    — А калі сярод іх ёсць вашыя сябры і прыяцелі?

    Ірына Халіп: — Сябры і прыяцелі таксама могуць быць м.дакамі — што зробіш. Але вельмі добра, што маіх блізкіх сяброў у ліку піяршчыкаў не было.

    — А калі б былі — вы б неяк па-іншаму напісалі?

    Ірына Халіп: — Не — хутчэй, страціла б гэтых сяброў… Але, разумееце, я ж не камісар у скураной куртцы, які ледзьве што — адразу хапаецца за шашку і сячэ галовы за касы позірк, у тым ліку сваіх сяброў. Я ўвогуле лічу сябе чалавекам вялікадушным. У мяне, і ў іншых ёсьць права думаць і рабіць па-свойму. І калі паняткі не супадаюць — гэта не нагода, каб сканчалася сяброўства. Калі гэта, канешне, не подласць і не здрада.

    «Працуючы ва ўрадавай газеце, я адчувала меншы ціск улады, чым потым у незалежнай прэсе»

    — Ірына, у вашай біяграфіі таксама ёсць год працы ў «Советской Белоруссии». Вам здараецца каментаваць гэта і казаць, што «гэта ж была іншая газета»?

    Ірына Халіп: — Тыя, хто жыў у пачатку і сярэдзіне 1990‑х ведаюць, што «Советская Белоруссия» была органам ураду, урадавай газетай. Па сутнасці, кебічаўская. Я памятаю, Кебіч да нас прыходзіў у «працоўны калектыў» перад выбарамі. Мы яму пытанні задавалі, было цікава.

    — Вы атрымалі тады нейкую «прышчэпку», як трэба з уладай сябе трымаць?

    Ірына Халіп: — Парадокс таго часу, што, працуючы ва ўрадавай газеце, я адчувала нашмат меншы ціск улады, чым потым нібыта ўжо ў незалежнай прэсе. Я не прыпомню, каб у «Советскую Белоруссию» тэлефанавалі з ураду і казалі, што трэба, а што не трэба. Наадварот, дыскусійнасць была вельмі высокая! Я памятаю, Зянон Пазьняк прыходзіў у «Советскую Белоруссию» — было цікава! Потым да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Праз пару месяцаў газеты выйшлі з белымі плямамі. Тады я пачала разумець, што адбываецца нешта не тое. А потым Лукашэнка зняў нашага галоўнага рэдактара — і прызначыў Ксенафонта Суперфасфатава. Вось тады я напісала заяву аб звальненні. Бо за некалькі гадоў я ўжо прызвычаілася, што мы жывем у новай краіне, свабоднай краіне, незалежнай краіне. Свабода слова, мітынгі любыя, канстытуцыйныя правы. І раптам прыходзіць нейкі чалавек, які здымае галоўнага рэдактара, якога ён не прызначаў і ўвогуле, — якая яго справа?

    — Пра што быў ваш самы першы артыкул у жыцці?

    Ірына Халіп: — Пра дзіцячы ансамбль танца «Равеснік». Мне тады было 16 гадоў.

    — То бок, гэта пакліканне, пачутае з юных год?

    Ірына Халіп: — Не тое каб пакліканне. Я выбірала сабе прафесію паводле прынцыпу «хачу, каб было лёгка і цікава». Каб не трэба было асабліва вучыцца ва ўніверсітэце, зубрыць. І каб мне гэта ўдавалася.

    — Якія яшчэ былі варыянты? Мэнэджэр па турызме?

    Ірына Халіп: — У мой час яшчэ не было мэнэджэраў па турызме… У мой час марылі стаць касманаўтамі — і я таксама марыла, у школе. Потым зразумела, што «такіх не бяруць у касманаўты»!.. З пятай графой па маме ў мяне не было шанцаў!

    «Мая вайна не скончылася, мая вайна працягваецца»

    — Вашая мама нарадзілася ў Варшаве. Як узнік Мінск?

    Ірына Халіп: — У 1939 годзе, калі немцы ўвайшлі ў Варшаву — ніхто не падазраваў, чым гэта скончыцца. Мая бабуля дзіцёнкам памятала яшчэ Першую сусветную — прыгадвала, што тады варшавяне сустракалі немцаў кветкамі — а тыя ехалі на белых конях. Таму ніхто спачатку не спужаўся. Тым больш, што першай увайшла армія — яшчэ не было ўсякага гестапа, не было гета. Акупавалі горад — і ўсіх ганялі на працы. Мой дзед таксама хадзіў капаць нейкія ямы. І ў яго адбылася сітуацыя, абсалютна як у фільме Рамана Паланскі «Піяніст». Немец, які быў іх брыгадзірам, недзе здабыў акардэон. У перапынку спытаўся, ці хто ўмее граць. А мой дзед быў бліскучым акардэаністам — як і джазавым піяністам. Дзед сеў і зладзіў канцэрт на акардэоне. Немцу шалёна спадабалася, як дзед грае — ён яго папрасіў зайграць пасля працы. І потым ён яго ціха папярэдзіў: трэба ўцякаць, габрэям будзе хана. А выехаць з Варшавы было немагчыма без спецыяльнага дазволу. І гэты немец майму дзеду сам, на сваё імя ўзяў квіток на цягнік. Дзед сеў і паехаў — у яго быў толькі адзін квіток. Бабуля яму сказала: мы з Люсяй цябе знойдзем, едзь. Яны дамовіліся сустрэцца ў Львове. Ён паехаў. Бабуля ўзяла маю трохгадовую маму ў ахапку і пайшла пехам на Усход. І дайшла — да мяжы. Паспрабавала перайсці мяжу. Савецкі памежнік спыніў. Яна сказала яму: «Я габрэйка, мяне заб’юць». Ён адказаў: прайдзіце 500 метраў убок — каб я не бачыў. Яна перайшла мяжу, у Львове знайшла майго дзеда — і сям’я ўз’ядналася.

    — Дык вам можна і карту паляка атрымліваць?

    Ірына Халіп: — Можна. Я сваёй маме ўсё раю, але яна ўсё адмаўляецца — маўляў, не люблю бюракратыю, паперкі збіраць. Хоць у яе нават варшаўская метрыка захавалася.

    — Вашая ж мама разам з Рыгорам Барадуліным вучылася. Цікавая ў яе біяграфія! Пакуль вы былі за кратамі, усе зразумелі, якая гэта адметная і мужная жанчына!.

    Ірына Халіп: — Яна проста выбітная! Яна гэткая ж, якой была мая бабуля. Вось як бабуля прайшла пехам з трохгадовым дзіцём на руках і перайшла мяжу — мая мама такая самая.

    — А ў вас не было адчування, што вашая мама ў паважлівым узросце занадта шмат праз вас перажыла?

    Ірына Халіп: — Вось перад ёй мне і сорамна — што я падставіла яе пад гэтыя вусцішныя выпрабаванні і знявагі. Плюс да гэтага ў таты 21 снежня адбыўся разрыў сятчаткі вока — і тата выйшаў са строю. Я гэтага нават не ведала. Я думала, што яны там хаця б удвох — я не ведала, што мама ўвогуле адна. І ёй трэба і з Данькам вазіцца, і даведкі гэтыя збіраць, і мне гэтыя цяжкія перадачы цягаць… У турме лягчэй — сядзіш сабе і не ведаеш, што адбываецца на волі. А калі і ведаеш, то нічога не можаш зрабіць.

    «Ксенафонт Суперфасфатаў ніколі не быў добрым журналістам»

    — Вы сябра БАЖа з 1996 года. За гэты час беларускія журналісты паўсталі перад выбарам. Хто ў вашым разуменні «застаўся ў прафесіі», а хто перайшоў у катэгорыю прапагандыстаў? Якія вы выстаўляеце крытэры? Хто журналіст, а хто падпявала?

    Ірына Халіп: — Бачыце, у мяне пасля турмы ўсё дзеліцца на белае і чорнае. Хто ў дзяржаўнай прэсе — гэта прапагандысты і непрафесіяналы. Я, дарэчы, прафесіяналаў сярод іх не бачу. Усе любяць казаць пра Ксенафонта Суперфасфатава: «як шкада! ён жа быў такім добрым журналістам! што ж з ім стала!..» Ды ніколі ён не быў добрым журналістам, ён быў вельмі сярэднім журналістам! Проста ён не пісаў пра перавыкананне плана, а пісаў пра футбол, і яшчэ фельетоны. А на тле астатняга ўбогага зместу — партыйны з’езд, камсамольскі сход, партканферэнцыя, падвышэнне вытворчасці працы, эканоміка павінна быць эканомнай — на гэтым фоне можна было ў газеце чытаць толькі пра футбол і прагноз надвор’я.

    — Добра, ён не быў. А хто быў і ёсць добрым журналістам?

    Ірына Халіп: — А вось Міхаіл Кацюшэнка, які быў тады рэдактарам «Знамени Юности», ён быў класным журналістам! Сёння я з захапленнем і прафесійнай зайздрасцю чытаю ў «Белгазеце» Таццяну Заміроўскую. Яна піша так, што дух пераймае! Памятаю, як яна, яшчэ юная, прыйшла ў газету «Имя», якая тады ўжо была на апошнім дыханні. І я чытала яе нататку — напісаную вельмі тонка, прыгожа, прафесійна, з эрудыцыяй, веданнем прадмету… Да «Белгазеты» ў мяне вельмі супярэчлівае стаўленне, але там мне яшчэ падабаецца, што робіць Наташа Правалінская. Хоць, можа, я б некаму слова і не давала, некаторыя пытанні не задавала, пра нешта не пісала… Мне вельмі падабаецца Іна Студзінская — чалавек, у якога я праходзіла практыку яшчэ на Беларускім радыё. Чалавек, які не змяніўся з тае пары (у лепшым сэнсе слова): прыгожа, прафесійна, дакладна! Бо журналістыка — гэта такая прафесія, дзе вертыкальны рост зусім нецікавы. Што пасля галоўнага рэдактара? Міністр інфармацыі? Якая нуда! Да дзявятай на працу, а потым нарада?! Журналістыка — гэта калі ты напаўняешся нейкім новым зместам, нешта ў сабе дадаеш, дадаеш іншым… Калі атрымліваецца — гэта здорава!

    — Таму пра іншага чалавека можна сказаць, што ён «з простага рабочага стаў дырэктарам камбіната». А журналіст — што? Усё жыццё бегаў «язык на плячо»? У вас ёсць адчуванне, што ўсё жыццё бегалі?

    Ірына Халіп: — А мне гэта падабаецца! І нету ў міня аддзельнага кабінета! І ўвогуле, я зараз — уласны карэспандэнт замежнага выдання, у мяне нават офісу няма!

    — Многія аднакурснікі дасягнулі вышэйшых планак?

    Ірына Халіп: — Мае аднакурснікі — гэта Таня Каліноўская і Валера Каліноўскі, якія гэтак жа сама бегаюць язык на плячо ўсё жыццё — і робяць гэта класна! (Гэта я працягваю адказваць на пытанне пра журналістаў, якімі я захапляюся.) Тое, што робіць Света Калінкіна — я не заўсёды і не ва ўсім з ёй згодная, але мне гэта шалёна падабаецца, заўжды яе чытаю з найвялікшай асалодай. У Светы ўнікальны дар — яна не адмахваецца ад драбязы. Яна можа нейкую, на першы погляд, неістотную навіну, падвергнуць уласнаму аналізу і прыйсці да такой парадаксальнай высновы, што проста чытаеш і думаеш — а чаму я на гэта не звярнула ўвагу?! З мужчынаў магу назваць яшчэ двух «польскіх Андрэяў» — Пачобута і Пісальніка. А з Наташай Радзінай — вось вам яшчэ адно імя — калі сядзелі ў камеры, галоўнае, пра што яна перажывала, — што сайт не абнаўляецца!.. Блін, якая ганьба, якая ганьба! Яе звадзілі на допыт, там яна пабачыла адваката, спытала, ці абнаўляецца сайт. Не, не абнаўляецца. Усё — гэта трагедыя!.. Вось пра што яна думала!

    — А вы шкадавалі, што адтуль не можаце напісаць?

    Ірына Халіп: — Канешне! У мяне рукі часаліся! Я нават нейкія рэчы ў сшытачак запісвала, нейкія дыялогі…

    — Дарэчы, вашае газетнае кіраўніцтва стала на вас па-іншаму глядзець? Не проста як на ўласнага карэспандэнта, а як на чалавека, «які здзейсніў нешта выбітнае».

    Ірына Халіп: — Зразумела.

    — Ганарар падвысілі?

    Ірына Халіп: — Падвысілі! «За асаблівыя ўмовы працы» — гэта гучыць так.

    «Мы з Саннікавым ажаніліся, калі я была ў гіпсе і на дзявятым месяцы»

    (Ірына запаліла апошнюю цыгарэту і перайшла да сакральнага — «лаў сторы».)

    Ірына Халіп: — Мы з Андрэем спакойна жылі ў грамадзянскім шлюбе і не думалі пра іншае — а навошта?.. Андрэй сказаў: «У тваім жыцці вяселле было? І ў маім было. Яно табе трэба яшчэ раз? І мне не трэба».

    — Дык і для вас гэта другі шлюб?

    Ірына Халіп: — Так. Але ў мяне быў вельмі кароткі юнацкі шлюб, я нават не запомніла.

    — Студэнцкі?

    Ірына Халіп: — Адразу пасля. Восем месяцаў. Так хуценька выйшла замуж — не памятаю, навошта.

    — Памятаеце хоць, за каго?

    Ірына Халіп: — Цьмяна!.. (смяецца) Дык вось, мы з Андрэем жылі разам. Так, мы былі мужам і жонкаю — навошта нам было для гэтага яшчэ дзяржаўнае пацьвержанне? І толькі калі я ўжо літаральна мусіла нараджаць, мы раптам даведаліся, што паводле нашых законаў, калі маці і бацька дзіцёнка не распісаныя, то бацьку не ўпісваюць у метрыку — ён мусіць прайсці працэдуру ўсынаўлення. То бок, можаш паставіць прочырк, можаш напісаць «бацька невядомы». Калі Саннікаў пра гэта даведаўся, ён сказаў: «Я?! Уласнага дзіцёнка ўсынаўляць буду? Ну гэта ўжо фігушкі! Пойдзем у ЗАГС!» Разумееце — і думкі такой не было, а тут два тыдні да родаў, а Саннікаў цягне мяне ў ЗАГС! Мала таго, на шостым месяцы я звалілася з лесвіцы і зламала нагу. Мяне, можна сказаць, толькі што з гіпса дасталі, і я нанова вучылася хадзіць. То бок, я хадзіла з кіёчкам, з гіпсу тырчэлі спіцы — бо быў сур’ёзны пералом. І вось уявіце сабе сітуацыю: заходзіць пара, якая хоча ўзяць шлюб. Цётка з пузам на падыходзе, калека кульгавая з кіёчкам, не першай маладосці…

    — Ліса Аліса і кот Базіліё…

    Ірына Халіп:Так-так!.. (смяецца) І гэтыя цёткі глядзелі на мяне з такой спагадай, кшталту «маладзец, ты ўсё-ткі гэта зрабіла, такі зацягнула яго ў ЗАГС!». Андрэй пытаецца, што трэба для роспісу. А цёткі гэтыя ўжо, разумееце, на маім баку — кажуць: «А нічога не трэба! Толькі прыходзьце! У любы дзень!..» Бабская салідарнасць — яны думалі, што калі яго «гарачанькім» не ўзяць, дакладна ўцячэ. Андрэй пытаецца: «Дык так проста ўсё? І пярсцёнкаў нават не трэба?» І тут адна з іх кажа: «Мужчына, ну падарыце вы ўжо ёй пярсцёнак!..» І калі мы за тыдзень да нараджэння Данькі распісаліся і выйшлі з ЗАГСа, Андрэй дастаў з кішэні цацачнае гумовае качаня, якога дзеткам у ванну пускаюць, начапіў яго на капот свайго старога «Опеля» і сказаў: «Гэта наш вясельны лімузін!»

    — Атрымліваецца, што ў вас ні першае, ні другое вяселле не было «сапраўднае» ў агульнанародным разуменні?

    Ірына Халіп: — Так, я цяпер нават думаю, ці не сыграць «чалавечае» вяселле, калі Андрэй вызваліцца? Такое нармалёвае, з гасцямі.

    — З сукенкай і сталоўкай?

    Ірына Халіп: — Ага, у нас якраз насупраць дома ваенная сталоўка, дзе ўвесь час іграюць вяселлі. Мы з дзіцёнкам ідзем у парк Горкага, і ён пытае: «Мама, чаму ў ваеннай сталовай увесь час крычаць „горка“? Там нясмачна?»

    «На брыфінгах у МЗС ён падаўся мне такім нудным чыноўнікам!..»

    — Дык вяселля ў вас сапраўднага не было. А тое, што называюць «гісторыя кахання»? Злыя языкі кажуць, што Халіп Саннікава ад жонкі звяла… Ёсць такія размовы?

    Ірына Халіп: — Ёсць. Я проста ў яго закахалася! Але ніадкуль яго не зводзіла. Саннікаў увогуле не той чалавек, якога можна «звесці». Так, Андрэй быў жанаты. Сын дарослы ўжо быў — у гэтым і справа, што гэта не той выпадак, калі дзіцятка сіроткам застаецца. І яны з жонкай на той час жылі ў розных краінах, сустракаліся пару разоў на год. А калі людзі жывуць гэтак гадамі — так ці інакш, яны перастаюць быць блізкімі людзьмі.

    — Дык вы не верыце ў каханне на адлегласці?

    Ірына Халіп: — Чаму, веру. Гэта можа быць здорава і рамантычна. Але ва ўсіх усё адбываецца па-рознаму. Вось у нас ад пачатку здарылася шалёнае, дзікае каханне. І я адразу зразумела, што хачу з гэтым чалавекам жыць, бачу з ім сваю будучыню, хачу нарадзіць ад яго. Раней такіх думак не ўзнікала. Раманы былі, але ніколі ні за кім не бегала. А за Саннікавым бегала.

    — І колькі часу бегалі?

    Ірына Халіп: — Чатыры гады.

    — Зайздросная ўпартасць. Відаць, сапраўды палічылі чалавека вартым…

    Ірына Халіп: — Так, і з тае пары я ўжо 9 гадоў шчаслівая.

    — А калі вы за ім бегалі, ён ужо пайшоў з дзяржаўнай службы?

    Ірына Халіп: — Так. Я яго памятаю ў МЗС, нават некалі хадзіла на ягоныя брыфінгі. Але тады я яго зусім не ўспрымала, толькі як чыноўніка. І думала: чыноўнікі ўсё-ткі такія нудныя людзі!.. Але калі ён сышоў — і сышоў з трэскам, з грукатам, напярэдадні рэферэндума — я падумала: во мужык, здольны на такія ўчынкі. Таму і бегала — калі чалавек здолеў кінуць такую кар’еру дзяржаўную, значыцца, ён здольны мяняць сваё жыццё і пачынаць яго нанова.

    — А як вы лічыце, чаму сярод журналістаў так шмат людзей, няшчасных у асабістым жыцці?

    Ірына Халіп: — Напраўду, шмат. Можа, таму, што, як мы казалі, на вытворчасці чалавек адпрацаваў з васьмі да чатырох — і ўсё, у яго свабодная душа, свабодныя мазгі, ён свабодны. А нас гэта не адпускае.

    — А вы з Андрэем Алегавічам пра працу дома гаворыце?

    Ірына Халіп: — Гаворым — нам заўсёды ёсць пра што паразмаўляць. Разумееце — муж палітычны дзеяч, жонка журналіст, зноў жа, палітычны. Людзі з аднымі поглядамі, якіх звялі барыкады — гэта здорава і цікава. Разумееце, калі б муж быў таксіст, інжынер ці ўрач — можа, ён бы і не разумеў усё тое, што адбываецца са мной. Чаму я раптам уначы сядаю нешта пісаць замест таго, каб ісці спаць. А таму што я вось цяпер нешта пачула, мяне нешта закранула — і я разумею, што трэба сесці пісаць цяпер. І я ў сваю чаргу разумею — што нават калі мы нешта запланавалі, і мне хочацца, каб ён правёў гэты вечар са мной, мы запланавалі ціхую сямейную вячэру з бутэлькай віна і праглядам сімпатычнай камедыі, ці партыю ў скрэбл… А тут, халера, раптам тэлефануюць — і нейкая важная сустрэча! Я таксама не пакрыўджуся, я разумею.

    — Як журналіст ці як жанчына? Няўжо жанчына зразумее, калі муж яе «прамяняў» на нейкую сустрэчу?

    Ірына Халіп: — Як жанчына — не як журналіст. Я ня думаю, што вось ён зараз прыйдзе і мне нейкую цікавую фактурку раскажа, а я яе выкарыстаю потым у артыкуле. (смяецца)

    «Калі ўсё скончыцца, пайду працаваць у беларускамоўны глянцавы часопіс!»

    — Калі ўсё гэта нарэшце скончыцца — у якой форме вы бачыце журналістыку ў Беларусі? Некаторыя кажуць, што трэба будзе ліквідаваць Міністэрства інфармацыі, пазбавіцца такога панятку як «дзяржаўныя газеты». Вы калі-небудзь уяўлялі, як будзе выглядаць нашая прафесія ў іншай Беларусі?

    Ірына Халіп: — Вой, уяўляеце, у нас з’явяцца свае глянцавыя часопісы!.. На беларускай мове!

    — Кшталту «Зьміцер Вайцюшкевіч залапаў цёлку ў кустах» з фотаздымкам?

    Ірына Халіп (смяецца):Так-так!

    — А сваё месца вы, калі скончацца барыкады, дзе бачыце ва ўсім гэтым? У глянцавым часопісе?

    Ірына Халіп: — А чаму б і не? З гэтым бокам журналістыкі я яшчэ не знаёмая. Мне гэта таксама цікава. Чаму б і не? Там жа ёсць усемагчымыя «калонкі»!

    — Ва ўмовах журналісцкага рынку — што патоне, а што выплыве з таго, што сёння ёсць? Ваш «медыя-прагноз».

    Ірына Халіп: — Я лічу, што дзяржаўнай прэсы сапраўды быць не павінна. Няхай гэтыя медыі існуюць, але без дзярждатацый. Калі ласка — калі нехта захоча ўкласці ў іх грошы… Мне здаецца, калі ўсё зменіцца, у нас будзе прарыў менавіта тэлевізійны. Я гляджу, напрыклад, на Украіну, у якой дзікая колькасць сваіх тэлеканалаў, прыватных тэлеканалаў, разнастайных, на любы густ. Ва Украіне не глядзяць расійскія тэлеканалы, у іх сваіх хапае. А ў нас — не. Мне здаецца, гэта будзе вельмі здорава! Газеты, зразумела, таксама пачнуць пладзіцца з упартасцю — часам вартай лепшага прымянення…

    — Карацей — глянцавы часопіс ці тэлебачанне, так?

    Ірына Халіп: — Тэлебачанне — наўрад ці. Мне цікавей пісаць. Разумееце, тэлежурналіст вельмі залежны ад вялікай колькасьці людзей — рэжысёр, аператар, гукааператар… Ён без карцінкі ніяк. А ў газетчыка — ты ўбачыў карцінку, і ты яе пішаш, табе ніхто не патрэбны. Ты воўк-адзіночка. Я да гэтага прывычная, мне так нашмат прасцей і цікавей. Так што — глянцавы часопіс! (смяецца) Плюс — хадзіць па школах у выглядзе «старой бальшавічкі». Я, ведаеце, стараюся Даньку трымаць падалей ад тлумачэння сітуацыі ў краіне. А мой тата лічыць, што выхоўваць трэба з маленства. Памятаю, назірала такую сцэну. Тата з Даняй чытаюць газету, дзе апавядаецца пра патоп, як у Мінску вуліцы затапіла. Тата кажа: «Данька, глядзі колькі вады, як усё заліла!..» А Данька пытаецца: «Гэта таксама ўлада зрабіла?..»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці