• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога пачалі судзіць у «польскай справе»

    У Горадні пачаўся працэс над журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам. Калегі сабралі сем цікавых фактаў пра яго.

    Суд над Анджэем Пачобутам пачаўся ў 10:30. На працэс спачатку пусьцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў, іншыя чакалі ў калідоры. Пазьней працэс на патрабаваньне пракурора зрабілі закрытым і ўсіх выставілі ў калідор. Судзьдзя ў працэсе — Дзьмітры Бубенчык.

    1. Выхаваны ў польскай традыцыі

    Бацька і маці Анджэя — палякі, паходзяць зь Бераставіцкага раёну Горадзенскай вобласьці. У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся і сам Анджэй. Анджэй вызнае сябе палякам, які жыве ў Беларусі. 

    У дзяцінстве ён не любіў польскую, размаўляў па-расейску. Аднак потым зацікавіўся польскай мовай, культурай, гісторыяй. Асабліва, калі пабачыў дакумэнты пра сваіх продкаў. Самы далёкі вядомы продак роду Пачобутаў — Мікалай Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1536 годзе.

    Анджэй вывучаў тое, што датычыла польскасьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Шануе польскую гісторыю, прыкладам, лічыць жаўнераў Арміі Краёвай узорам для перайманьня.

    Сябар Анджэя і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі расказаў Свабодзе, што Анджэй шмат чаго ведае пра польскасьць, Горадню і ня толькі, зь ім цікава размаўляць, спрачацца на розныя тэмы. 

    Аднак сваякі Анджэя падкрэсьліваюць, што ён ніколі ня быў нацыяналістам, паважаў беларусаў і беларускую мову. На яго ў дзяцінстве аказала вялікі ўплыў бабуля-беларуска, яны зь ёй цёпла сябравалі.

    Сёлета Анджэю будзе 50 гадоў. Ён жанаты, мае з жонкай двое дзяцей, якія хадзілі ў «польскую» школу. Дзеці звычайна гавораць зь дзедам (бацькам Анджэя) па-польску. Анджэй з малодшым сынам таксама заўсёды гаворыць на польскай мове, якую лічыць роднай. На ёй жа піша яму лісты з турмы, аднак іх не прапускаў цэнзар. Бацькі Анджэя цяпер жывуць у Горадні.

    2. Іграў у панк-рок-гурце

    Родны брат Анджэя Стас Пачобут больш вядомы як музыкант. У 1993 годзе браты разам стварылі панк-рок-гурт Devi­a­tion. У іхных песень была палітычная афарбоўка анархічнага зьместу, у тэкстах крытыкавалі фашызм і таталітарызм, а таксама Аляксандра Лукашэнку.

    «На якой ён іграў гітары? Хутчэй на бубне. У яго слыху няма», — раней іранічна выказвалася пра музычныя здольнасьці сына маці.

    «Гэта былі ў пэўным сэнсе для маладога хлопца лякальныя зоркі, якія сьпявалі ў асноўным па-беларуску — гэта таксама тады было калі не прыкметай багемнасьці, то пэўнай элітарнасьці», — раней расказваў «Прэс-клюбу» пра гурт Devi­a­tion цяперашні палітвязень Павал Мажэйка.

    3. Марыў стаць адвакатам

    Анджэй скончыў юрыдычны факультэт у Горадні. Марыў стаць адвакатам. Вучыўся на «выдатна», але перад выпускам атрымаў адну «чацьвёрку» і праз гэта не атрымаў чырвонага дыплёма.

    «Ён ужо тады быў прыкметны. Ягоная думка часта разыходзілася з думкай іншых», — расказваў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

    Чатыры гады пасьля ўнівэрсытэту Анджэй выкладаў права ў політэхнічным каледжы ў Горадні і тэхнікуме права і бізнэсу. Зарабляў няшмат. Спрабаваў уладкавацца на працу на мясакамбінат — не ўзялі.

    4. Стаяў ля вытокаў горадзенскай журналістыкі ў незалежнай Беларусі

    Пачобут прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе па сьлядах бацькі. Неўзабаве пасьля ягонага прыходу закрылася незалежная горадзенская газэта «Пагоня». Потым яны разам зь Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам стварылі газэту «Дзень». Але і яна выходзіла нядоўга, яе вымусілі закрыцца.

    «Вы не баіцеся мяне браць? Калі я прыходжу ў газэту, дык яна закрываецца», — жартаваў пасьля гэтага Анджэй.

    Ён пісаў для газэтаў «Местное время», «Народная воля», польскамоўнай газэты Саюзу палякаў Беларусі «Głos z‑nad Niem­na», буйнога польскага выданьня «Gaze­ta Wybor­cza».

    У 2021 годзе Пачобута другі раз прызналі Журналістам году ў Польшчы (першы раз быў у 2011‑м). 

    5. Любіць Горадню і Нёман

    Большую частку жыцьця Анджэй пражыў у Горадні. Ён любіць гэтую зямлю настолькі, што адмовіўся выехаць зь Беларусі ўзамен на вызваленьне.

    «Я вельмі люблю Нёман. Ён такі розны: ад вузкага ручайка да проста-такі марскіх шыротаў… Увогуле прырода — гэта тое, чаго не хапае», — пісаў у лістах Анджэй.

    Пакуль Пачобут сядзеў на «Валадарцы», то стараўся займацца спортам па некалькі гадзін у дзень. Камэра была цесная, таму даводзілася хадзіць амаль на месцы.

    «Я сабе выдумаў так: кожны крок — гэта крок у кірунку Горадні. Гэта вельмі матывуе. Кожны крок — і ты бліжэй да дому. Зразумела, што вывезьлі мяне далёка, а вывезуць яшчэ далей, але калі не здавацца і крочыць, то раней ці пазьней дойдзеш да хаты, да нашага каралеўскага гораду», — прыдумаў Анджэй.

    Цяпер ён сядзіць у СІЗА горадзенскай турмы. Працэс над ім пройдзе ў будынку Горадзенскага абласнога суду.

    6. Моцна схуднеў падчас мінулай адседкі

    Цяперашні арышт Анджэя — ужо трэці ў крымінальных справах.

    У 2010 годзе ён сядзеў «суткі» пасьля Плошчы. У 2011 і 2012 гадах на яго заводзілі крымінальныя справы за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп на Лукашэнку». Тады ён правёў пад вартай каля чатырох месяцаў.

    Калі Анджэй вызваліўся 10 гадоў таму, яго цяжка было пазнаць, настолькі ён зьмяніўся. Ён тады абвяшчаў у турме сухую галадоўку і моцна схуднеў.

    «Раней ён любіў есьці салодкае, булачкі, піць салодкую ваду. Потым ён казаў мне: „Ведаеш, я зразумеў, што магу спакойна абыходзіцца бяз гэтага ўсяго“. Ён памяняў свой густ. Раней жыў для таго, каб есьці, а цяпер есьць для таго, каб падтрымліваць сябе. Ён узяўся за сябе, шмат хадзіў», — расказвалі ягоныя бацькі.

    Падчас цяперашняга зьняволеньня Анджэя стала вядома аб праблемах з сэрцам, якія абвастраюцца падчас летняй сьпёкі, таксама пра захворваньне страўніка. Ён амаль нічога ня можа есьці. Падчас гэтага зьняволеньня журналіст таксама ўжо моцна схуднеў. 

    Цяпер Анджэй аскетычны ў сваім турэмным жыцьці. Барыс Гарэцкі пэўны час насіў перадачы ў турму для калегі. Ён адзначыў, што Анджэй заўжды прасіў не прыносіць шмат. Яму стараліся найперш перадаваць сьвежую гародніну.

    «Думаю, прычына менавіта ў аскетызьме, а не ў фізычных асаблівасьцях Анджэя», — думае Барыс.

    «Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста. Нягледзячы на тое, што зь першага арышту прайшло ўжо 10 гадоў, хутка ўспомніў рэжым. Хутка адаптаваўся», — пісаў Анджэй да бацькоў у пачатку адседкі.

    7. Адмовіўся прасіць памілаваньня

    Першапачаткова затрыманых у «польскай справе» было пяцёра. Усе сябры Саюзу палякаў Беларусі з розных беларускіх гарадоў на чале са старшынёй СПБ Анжалікай Борыс.

    У траўні 2021 году, праз два месяцы пасьля затрыманьня, стала вядома пра вызваленьне зь СІЗА трох фігурантак справы ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь вязьніцы да польскай мяжы і высадзілі. Гэтаму папярэднічалі перамовы з абвінавачанымі праз польскага консула.

    Пазьней стала вядома, што Анджэю прапаноўвалі падобны плян, але ён адмовіўся.

    «Ніякія памілаваньні мне не патрэбныя. Зьвяртацца ці прасіцца я не зьбіраюся. Нават калі будуць ціснуць. У такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і ня годнымі памяці герояў Арміі Краёвай», — тлумачыў раней у лістах свой выбар Пачобут.

    «Ён будзе паміраць, але будзе трымацца свайго», — казаў раней пра Анджэя бацька Станіслаў.

    Калегі называюць Пачобута «чалавекам са сталі» і «прыкладам непахіснасьці».

    Намесьнік галоўнага рэдактара Gaze­ty Wybor­czej Роман Імельскі часта размаўляў з Пачобутам пра падзеі ў Беларусі.

    «Я ад пачатку ведаў, што Анджэй ня пойдзе ні на якую дамову з уладамі. Я таксама быў перакананы, што ўлады будуць яму такое прапаноўваць. Анджэя нельга выкінуць сілай, яму нельга прапанаваць такі кампраміс. Анджэй — чалавек каштоўнасьцяў, нязломны чалавек. Я падкрэсьліваю, нязломны чалавек. Яму баліць сэрца за дабро дзяржавы, у якой ён нарадзіўся. Хоць ён паляк, але грамадзянін Беларусі. Анджэй хоча, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай», — сказаў Імельскі.

    Што вядома пра справу Анджэя Пачобута?

    Анджэй сярод першых журналістаў, каго забралі ў крымінальнай справе пасьля пратэстаў 2020 году. Ён сядзіць ужо 1 год і амаль 10 месяцаў. Па яго прыйшлі дадому зранку на Дзень Волі 2021 году, калі сям’я яшчэ спала.

    Спачатку яго вінавацілі ў «распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці і рэабілітацыі нацызму». Падстава — тое, што Пачобут у мэдыя назваў напад СССР на Польшу ў 1939 годзе агрэсіяй. Да таго ж яму закідаюць заявы ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкулы ў Gaze­ta Wybor­cza пра беларускія пратэсты ў 2020 годзе і тэкст у Mag­a­zyn Pol­s­ki, напісаны яшчэ ў 2006 годзе і прысьвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля ў Горадзенскай вобласьці. Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да 12 гадоў калёніі.

    Пазьней Анджэю дадалі яшчэ адну справу — за «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» Беларусі. Гэты артыкул таксама прадугледжвае да 12 гадоў калёніі.

    Пачобута ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс».

    Анжаліку Борыс выпусьцілі праз год пасьля затрыманьня. Прашэньня аб памілаваньні яна не пісала. Яна знаходзіцца пад хатнім арыштам. Крымінальную справу ў дачыненьні да яе не закрылі. Але яе ня будуць судзіць у адным працэсе з Пачобутам.

    Працэс над Анджэем Пачобутам двойчы пераносілі зь невядомых прычынаў. Чарговы пачатак суду прызначылі на 16 студзеня ў будынку Горадзенскага абласнога суду. Справу будзе разглядаць Дзьмітры Бубенчык. Анджэй — адзіны абвінавачаны ў працэсе ў «польскай справе».

    Хто такі Анджэй Пачобут

    • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў БеларусіНарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.

    • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niem­na («Голас з‑над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Mag­a­zyn Pol­s­ki na uchodźst­wie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gaze­ta Wybor­cza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

    • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.

    • Пачобут праходзіць па «польскай справе». Яму зкідаюць «распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» і «заклікі да санкцый», якія былі «накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы» Беларусі. Абодва артыкулы прадугледжваюць да 12 гадоў калёніі.

    • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву сёлета ў траўні вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.

    • Цяпер Пачобут у СІЗА горадзенскай турмы.

    • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА 

    Читайте еще: 

    664 дні за кратамі: у Гродне пачынаецца суд над Анджэем Пачобутам 

    Паулюс Лилейкис: «Мои фотографии теперь в учебниках по всей Литве, я горжусь этим до слёз»

    Президент “Радио Свобода” Джейми Флай: “Мы вернемся в Минск и снова откроем там бюро. Это вопрос времени”

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці