• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На перадавой трэвэл-журналістыкі

    — Як, сапраўды не чула пра тры S ў Тунісе?! — чорныя вочы Рамі, здаецца, выказваюць шчырае здзіўленне. — У нас ёсць свае тры S — sun, summer, sex. У Туніс усе едуць за летам, сонцам і сэксам.

    Так пачынаецца гісторыя стварэння аднаго з маіх самых чытаных артыкулаў пра падарожжа. Так пачынаецца сам артыкул, які і сёння, праз год, набірае па некалькі дадатковых праглядаў кожны дзень. Выпадковае знаёмства на пляжы падкінула цікавую тэму: жаночы сэкс-турызм за мяжой. І калі пра Турцыю ў гэтым плане ведае амаль кожны, то Туніс — белая пляма на карце падарожжаў беларуса. Гэта па-першае. А па-другое, якасных журналісцкіх матэрыялаў на азначаную тэму няшмат. Не надта лёгка ў мусульманскай краіне знайсці фактуру на тэму прастытуцыі. У мяне атрымалася — і матэрыял выбухнуў. Знаёмства на пляжы стала журналісцкай удачай. Але, як вядома, лепшая імправізацыя — загадзя запланаваная імправізацыя. Аб гэтым пагаворым ніжэй, а пакуль давайце разбярэмся, што такое трэвэл-журналістыка.

    Будзь на перадавой, або Што такое трэвэл-журналістыка

    Гэта надзвычайны накірунак журналістыкі, бо ўключае ў сябе адначасова гістарычныя, культурныя, мастацкія, сацыяльныя, турыстычныя, эканамічныя, этычныя і нават рэлгійныя аспекты. Прычым усе яны разам могуць быць прадстаўленыя ў адным тэксце! Канешне, перадусім галоўная мэта тэкстаў з вандровак — расказаць пра краіну, жыццё рэгіёна, горада, вёскі, рознабакова паказаць тое месца на мапе, дзе чытач яшчэ не быў, а магчыма, ніколі і не будзе. Акрамя таго, распавесці пра адрозныя ад нашых традыцыі, менталітэт, падрыхтаваць чытача да паездкі, да сустрэчы і стасункаў з мясцовымі жыхарамі.

    І абавязкова загадзя папярэдзіць пра небяспекі, асаблівасці, а яны ёсць у кожнай краіне. Трэвэл-журналіст нібыта знаходзіцца на перадавой, выпрабоўваючы ўсё на сабе, каб потым падзяліцца свамі назіраннямі з чытачом. І гэта інфармацыя павінна быць цікавай і/ці карыснай — і тады ўвага да матэрыялу забяспечаная. Да прыкладу, хіба магла б я напісаць у артыкуле пра тое, што самыя сумленныя людзі ў Празе — арабы, калі б не даведалася пра гэта на ўласным вопыце? Пра тое, што толькі ў арабскіх абменніках можна змяняць грошы без дадатковых збораў, я ў свой час дазналася толькі пасля таго, калі спачатку правяла абмен у чэшскім банку і пазбавілася 40 еўра камісіі. Вядома, пры падрыхтоўцы артыкула немагчыма было не папярэдзіць свайго чытача пра такія пражскія асаблівасці. А таксама пра тое, што ўваходы ва ўсе касцёлы платныя у процівагу, напрыклад польскім суседзям. Пра тое, што ў рахунак пражскія афіцыянты без запыту ўключаюць 15—20 % чаявых. Гэта менавіта тыя дробязі, з якіх падчас вандравання складваецца ўражанне ад краіны. Ці варта пісаць пра іх, загадзя настройваючы чытача на мінорны лад? Ці варта расказваць усю праўду? Мой адказ — варта. Бо ў першую чаргу журналіст нясе адказнасць перад сваім чытачом. Калі папярэдзіць пра непрыемныя моманты, дзе-небудзь на Карлавым мосце ён у думках скажа вам дзякуй. І вырашыць чытаць ваш сайт і надалей.

    Але не варта блытаць журналістыку падарожжаў з турыстычнай журналістыкай (аналіз турыстычнага рынку, меркаванні экспертаў, прагнозы), бо калі ў апошняй пажадана выкарыстоўваць аналітычны падыход, то у трэвэл-журналістыцы баль правяць эмоцыі. Прычым эмоцыі чытача, а не вашы. Добрая трэвэл-журналістыка — гэта гарманічны баланс між краіназнаўствам і шоу. Гэта ўменне змястоўна расказаць пра месца, не прымушаючы чытача пазяхаць. Забудзьцеся пра лічбы і даты — яны мёртвыя, калі не пададзеныя ў цікавым кантэксце. Для чытача не істотна спраўдная вышыня сабора Саграда Фамілія ў Барселоне, ён закрые старонку, калі ўбачыць у тэксце сумны пералік гістарычных дат. Ваша мэта — намаляваць словамі і фота такую карцінку, якая натхніць, эмацыйна зачэпіць чытача… І вось ён ужо сам шукае, колькі ж у вышыню знакамітыя шпілі ў Барселоне, а пасля купляе квіткі і браніруе гатэль у цэнтры іспанскай турыстычнай сталіцы.

    Камандуй парадам, або Хто такія трэвэл-журналісты

    Псіхолаг, краіназнаўца, добры камунікатар, выдатны расказчык, таленавіты пісьменнік і абавязкова, на мой погляд, авантурыст. Гэткі Астап Бэндэр ад журналістыкі, чалавек, гатовы лёгка ўвязацца ў прыгоды на чужой тэрыторыі. Дарэчы, Ільфа і Пятрова сёння прылічваюць да залатой кагорты трэвэл-журналістаў з іх «Аднапавярховай Амерыкай» — жанр дарожных нататак ляжыць у аснове трэвэл-журналістыкі. Адным з першых падарожнікаў, які зафікасаваў інфармацыю пра культуру, побыт, традыцыі і менталітэт жыхароў краін на сваім шляху, быў мараканец Ібн Баттута. У 14 стагоддзі ён аб’ехаў усе ісламскія дзяржавы, быў у Мамбасе, Цімбукту, на Мальдзівах, даехаў аж да Кітая — усяго мараканскі падарожнік за 29 гадоў пераадолеў 120,7 тысячы кіламетраў. Пасля сябе Баттута пакінуў ёмістае апісанне большай часткі цывілізацыі 14 стагоддзя, за што яго імя увекавечанае ў назве аднаго з вулканаў на Месяцы. На жаль, больш ніводны трэвэл-журналіст так уганараваны не быў.

    Дарэчы, каго з беларускіх трэвэл-журналістаў вы ведаеце? Калі вы можаце назваць тры прозвішчы, віншую — вы ў тэме. Але адразу выкрэсліце са спісу Юрыя Жыгамонта з «Падарожжамі дылетанта», бо мы зараз размаўляем не пра тэлевізійшчыкаў, а пра «друкаваных» журналістаў. Вядома, тэлебачанне — СМІ карцінкі, таму гэта ідэальны канал для трансляцыі матэрыялаў пра падарожжы. Тым жа, хто піша, а не здымае пра падарожжы, неабходна пастарацца, каб «зарабіць» сваю пастаянную аўдыторыю. Зрабіць імя палітычнаму аглядальніку, журналісту, які піша на тэмы эканомікі і сацыяльнага забеспячэння, значна прасцей, бо гэтая інфармацыя запратабаваная кожны дзень. Пра нашы артыкулы чытач узгадвае толькі тады, калі пачынае планаваць свой адпачынак. Таму, каб зрабіць сабе імя, трэба вельмі добра разбірацца ў тэме, быць экспертам па канкрэтных накірунках, або, напрыклад, у дзіцячым адпачынку, у азіяцкім (афрыканскім, карыбскім і г. д.) рэгіёне, у авіятэме. Так ці інакш, напісаць пра падарожжа можа кожны сталы журналіст, і многія пішуць, але імя-брэнд у беларускай трэвэл-журналістыцы зрабіць няпроста. Да таго ж да нас яшчэ не дайшлі міравыя трэвэл-выдавецтвы — GEO ці Nation­al Geo­graph­ic, а беларускіх часопісаў, якія можна прылічыць да спецыялізаваных, усяго два — OnAir і Dolce Vita. Першы выдаецца «Белавіа», заснавальнікамі другога з’яўляюцца турыстычныя кампаніі, таму абодва немагчыма знайсці ў адкрытым продажы.

    Выкінь мапу, або Як шукаць тэмы

    Здаецца, пра кожную краіну, горад, помнік напісана ўжо ўсё, што можна. Але, па-першае, ёсць рэдакцыі, якія працуюць па прынцыпу «калі гэта не выходзіла ў нас, гэта не выходзіла ўвогуле». А па-другое, заўсёды можна расказаць пра адно месца дзесяткам розных спосабаў. І ваша мэта — знайсці самы захапляльны з іх, самы цікавы ракурс, самы лепшы фармат. Звычайная прапанова ад журналістаў для нашай рэдакцыі гучыць так «Я быў у Босніі і Герцагавіне/Ісландыі/Занзібары. Пра што вам можна напісаць?» Здаецца, з першага курса журфака вучаць, што прыходзіць у рэдакцыю трэба з сфармуляванымі тэмамі. Таму спачатку журналіст павінен натхніць рэдактара тэмай, каб ён потым мог на старонках выдання натхніць чытача. А натхніць яго вой як нялёгка! Здзівіць чытача можна было гадоў дваццаць таму, калі свет быў яшчэ не такі адкрыты і беларусы падарожнічалі мала. Таму ваш рэпартаж з вандроўкі на Маўрыкій ці ў Іран ў фармаце «што бачу — тое пяю» не такі і цікавы. Шукайце канкрэтную тэму ці гісторыю — сторытэлінг у якаснай трэвэл-журналістыцы запатрабаваны як нідзе. А каб знайсці гісторыю, трэба знайсці чалавека. Праз гісторыю чалавека можна расказаць гісторыю горада, краіны, паказаць унутраныя працэсы, менталітэт жыхароў. Мясцовыя жыхары — невычэрпная крыніца інфармацыі для будучых матэрыялаў. Як знайсці героя? У век інтэрнэту гэта не праблема. Гэта, дарэчы, і ёсць загадзя спланаваная імправізацыя.

    1. Праз знаёмых. У кожнага з нас сёння ёсць знаёмыя, якія жывуць за мяжой, ці знаёмыя знаёмых. Перад паездкай можна патузаць за гэтыя нітачкі і знайсці мясцовага жыхара хоць у Марокка, хоць у Кітаі.

    2. Праз сацсеткі. Геалакацыя — цудоўны памагаты ў пошуку чалавека ў патрэбнай краіне. Напішыце некалькі паведамленняў розным людзям. Запытаўшыся, вы нічога не згубіце, а вось магчымасць знайсці героя атрымаеце.

    3. Праз турыстычных аператараў. Кожная вялікая турыстычная кампанія-аператар мае партнёраў за мяжой, мае сувязі і знаёмствы. Ёсць верагоднасць, хоць і невялікая, што вам падкажуць цікавага кандыдата. 

    3. Праз турыстычны офіс горада/краіны. У кожнай цывілізаванай краіне ёсць турыстычны офіс — накшталт нашага Нацыянальнага агенцтва па турызму. Тэлефануеце ці пішаце з просьбай памагчы падрыхтаваць матэрыял і пералічваеце, што вам трэба. Там вам і героя знойдуць, і маршрут падарожжа прапануюць, і нават сустрэчу арганізуюць. Але не ўсюды — офіс офісу розніца. Чым гэты варыянт можа быць дрэнны — вам дадуць героя, патрэбнага больш ім, а не вам — «падрыхтаванага» загадзя ў накірунку, патрэбным «партыі». У маёй практыцы быў такі выпадак: афіцыйны гід даў «патрэбныя» адказы на мае пытанні, а мясцовыя жыхары падзяліліся зусім іншай інфармацыяй, якая потым пацвердзілася. Таму, калі жадаеце атрымаць жывую інфармацыю, шукайце самі мясцовага жыхара, «ад сахі».

    4. Знайсці мясцовага гіда. Самы просты варыянт. Ён стане крыніцай і афіцыйнай, і неафіцыйнай інфармацыі.

    5. Шукаць на месцы. Тут крыніцамі могуць быць афіцыянты, таксісты, супрацоўнікі гатэляў — будзьце адкрытымі, уважлівымі, майце як мага больш стасункаў. Дарэчы, менавіта сярод супрацоўнікаў гатэля я знайшла галоўнага героя для артыкула пра сэкс-турызм. Як «раскруціць» героя на шчырую размову — гэта асобнае пытанне. Акрамя ведання чалавечай псіхалогіі, трэба быць трошкі акцёрам, трошкі хлусам. Часам праз упамінанне пра тое, што вы журналіст, вы толькі згубіце крыніцу інфармацыі, героя артыкула — ён закрыецца ці сам пачне іграць ролю. Так, аднойчы мне з першых вуснаў падрабязна расказалі пра схемы, якімі жыхары афрыканскіх краін жэняць на сабе багатых еўрапейскіх жанчын і такім чынам уладкоўваюць за іх кошт сваё жыццё ў Еўропе.

    Увогуле, галоўная падказка ў пошуку сапраўды цікавай, «незаезджанай» тэмы — сыходзьце з афіцыйных маршрутаў, менш заглядвайце ў мапы. Бо калі хадзіць там, дзе ходзяць усе, убачыць можна толькі тое, што бачаць усе. А журналісту патрэбны эксклюзіў. Заўсёды цікава заглянуць за кулісы. Напрыклад, правесці дзень на кухні аднаго з сямейных рэстаранаў у Сіцыліі і паказаць чытачу гэтую кухню (у прамым і пераносным сэнсе), распавесці пра традыцыі прыгатавання пасты, піццы і іншых блюдаў вуснамі бацькі вялікага італьянскага сямейства. Ці паразмаўляць з наглядчыцамі ў Луўры — намаляваць партрэт турыстаў-наведнікаў з іх словаў, уражанняў, успамінаў. Замест фотарэпартажу з мексіканскага рынку сувеніраў напрасіцца ў госці да сям’і мексіканскіх рамеснікаў — паказаць працэс вырабу сувеніраў, быт мексіканскай сям’і, светапогляд яе членаў, людзей адрознага ад нас менталітэту ў краіне зусім іншага эканамічнага ўкладу.

    Можна і трэба абвяргаць міфы, якіх шмат віецца вакол кожнай краіны. У журналіста ёсць усе магчымасці дзеля гэтага. Напрыклад, паказаць «жыхароў» шкляных шматпавярховікаў Найробі, абвергнуўшы міф, што Афрыка жыве ў брудзе і жабрацтве. Зрабіць рэпартаж з мясцовых дыскатэк Туніса, абвергнуўшы міф, што ва ўсіх мусульманскіх краінах не прынята ўжываць алкаголь і вольна апранацца. Турыстычныя міфы — увогуле ўрадлівая глеба для трэвэл-журналіста.

    Пачуў, пакаштаваў, убачыў — занатуй, або «Амуніцыя» трэвэл-журналіста

    Быць адкрытым, актыўным і ўважлівым — важная парада для трэвэл-журналіста. Бо гісторыя можа сама прыйсці вам у рукі ў выглядзе выпадковай фразы, няўлоўнага моманту. Заўсёды майце пры сабе нататнік (папяровы ці тэлефонны — не мае розніцы), куды можна запісваць свае уражанні. Занатоўвайце ўсё: выразы, мясцовыя прымаўкі, свае першыя уражанні, смакі, пахі, гукі, эмоцыі, нават негатыўныя. Менавіта яны могуць стаць сапраўдным скарбам пасля вяртання з паездкі. З адной фразы можа нарадзіцца артыкул, а з нататак — рубрыка, як гэта атрымалася ў нашай рэдакцыі. Пасля кожнай новай краіны ці горада выходзяць артыкулы кшталту «13 першых уражанняў пра Туніс», «8 першых уражанняў пра Батумі», «10 першых уражанняў пра В’етнам» і г. д.

    Што да тэхнікі, якую павінен мець трэвэл-журналіст, то тут стандартны набор: дыктафон, тэлефон, ноутбук, фотаапарат. Але найлепш за фотаапарат будзе прафесійны фатограф, бо добрыя фотаздымкі ў артыкуле пра падарожжы — 70 % поспеху. Калі няма ні фатографа, ні фотаапарата, звяжыцеся загадзя з рэдакцыяй. Магчыма, у рэдакцыі ёсць свая база фота ці знаёмы фатограф у краіне прызначэння. Да прыкладу, у штаце рэдакцыі «Nation­al Geo­graph­ic Trav­eller Россия» сёння працуць толькі два фатографы. Калі гэта неабходна, рэдакцыя карыстаецца паслугамі фрылансераў.

    Тэлефон спатрэбіцца для онлайн-рэпартажу ў Інстаграм — сёння кожны буйны сайт пра падарожжы, рэдакцыя якога вырабляе ўнікальны кантэнт, мае афіцыйны акаунт у Інстаграме. Наўпрост падчас падарожжа можна праводзіць актыўнасці з чытачамі: рабіць конкурсы, ладзіць віктарыны з месца падзей, нават даваць падпісчыкам кіраваць вашым маршрутам, запытваючы ў іх пра цікавыя месцы побач з кропкай вашага знаходжання. Тое ж можна рабіць і ў іншых сацыяльных сетках. У час, калі трафік з сацсетак на сайт расце штодня, адсутнасць акаунтаў у сацсетках для СМІ — нонсэнс.

    Змагайся за чытача, або Як пісаць пра падарожжы

    Сёння ў трэвэл-журналістыцы недастаткова проста добра валодаць словам. Важна мець свой унікальны вопыт, цікавую фактуру, спосаб падаць інфармацыю так, як яе яшчэ не прадстаўлялі. Можна выбраць адну тэму і на яе, як на нітачку, нанізаць некалькі гісторый (выпадак пра артыкул з Тунісу). Можна расказаць адну гісторыю, прадставіўшы ў ёй слова некалькім бакам. Альбо прапусціць падзеі праз сябе ці даць слова толькі іншым людзям. Галоўнае — пісаць цікава і пазбягаць штампаў. «Захапляльны від», «беласнежны пляж», «лялечныя домікі», «бяскрайняя пустэча» — выкрэсліце гэтыя выразы са свайго тэксту і лексікону назаўсёды. Галоўны рэдактар «Nation­al Geo­graph­ic Trav­eller Россия» Дарья Пятрагіна раіць увогуле выкрэсліць 90 % прыметнікаў з трэвэл-тэксту. Калі вас нешта ўразіла, напішыце, што канкрэтна, і пажадана нармальнымі, уцямнымі словамі, а не лірыкай 19 стагоддзя. Прыгожае апісанне прыроды (выкрэсліце слова «маляўнічай») лепш адразу замяніць на фота — яно скажа нашмат больш за друкаваныя словы.

    Як пісаць цікава? Адно з галоўных пытанняў увогуле ў журналістыцы, а не толькі ў журналісты падарожжаў. Асабліва яно актуальнае зараз, калі ў свеце інтэрнэт-СМІ назіраецца перавытворчасць кантэнту і ідзе штохвілінная барацьба за кожнага чытача, за яго час і ўвагу. Як і ў любым журналісцкім тэксце, добрай кнізе, цікавым фільме ўвагу карыстальніка трэба захапіць з першых словаў, з самага пачатку тэкста. Няблага спрацоўваюць у гэтым выпадку нечаканыя дыялогі (прыклад гэтага артыкулу), прыём, калі чытач адразу ўцягваецца ў нейкае дзеянне, нібы сам трапляе ў надзвычайную сітуацыю.

    Памятайце, што цікаўнасць таксама выклікаюць тэксты, дзе расказваецца:

    — што можна убачыць, паспытаць бясплатна;

    — як і дзе адпачыць танна;

    — як хутка і камфортна даехаць;

    — пра рознага кшалту лайфхакі;

    — мясцовыя асаблівасці, асаблівасці менталітэту (мы — яны);

    • бяспеку на месцы, даюцца перасцярогі.

    Цікавыя, незвычайныя падборкі і агляды таксама прыцягнуць увагу.

    Не толькі расказвайце гісторыі, але і падказвайце чытачу, дзе можна зэканоміць, а дзе яго могуць падмануць — ён вам будзе ўдзячны за інфармацыю такога кшталту.

    Ёсць яшчэ такая парада: калі жадаеце навучыцца добра пісаць, адзначайце для сябе тыя артыкулы, якія вас зачапілі, і аналізуйце, што менавіта спрацавала ў тэксце. Вызначце для сябе журналістаў, якія, на ваш погляд, добра пішуць пра іншыя краіны. Чытайце іх тэксты, пераймайце прыёмы, вучыцеся ў лепшых.

    Будзь менеджарам, або Як трапіць у падарожжа бясплатна

    Калі вы працуеце ў трэвэл-рэдакцыі, вам амаль пашанцавала — ў камандзіроўкі вы будзеце лётаць не за свой кошт, з сабой можна браць грошы толькі на сувеніры. Чаму «амаль»? Бо гэта галоўны міф, што трэвэл-журналіст увесь час падарожнічае. Магчыма, гэта праўдзіва для буйнога амерыканскага, еўрапейскага выдання, але не для Беларусі. Толькі 15—20 % працоўнага часу беларускага трэвэл-журналіста праходзіць за межамі краіны (пры умове, што ён працуе ў штаце). Астатні час — офісная праца, падрыхтоўка матэрыялаў з паездак, сустрэчы ў сваёй краіне з экспертамі, інтэрв’ю, профільныя мерапрыемствы. Прэс-туры за мяжу — не такая частая з’ява.

    Калі ж вы фрылансер, то ў вас ёсць два шляхі. Першы — сябраваць з трэвэл-рэдакцыяй, перыядычна пісаць для яе артыкулы (памятаем пра натхніць рэдактара тэмай) і калі надарыцца прэс-тур, вас могуць туды адправіць. На жаль, сталых спецыялізаваных рэдакцый у нас няшмат: можна назваць найстарэйшую рэдакцыю tio.by і маладзейшыя traveling.by, 34travel.by. Другі варыянт — калі бясплатныя падарожжы залежаць ад вашага таленту менеджара і камунікатара. Вы прапаноўваеце рэдакцыі выбуховую тэму ці цыкл артыкулаў, напрыклад з Занзібару. Затым звязваецеся з турыстычным офісам Занзібару — буйным тураператарам па гэтай краіне, з авіякампаніяй, якая лётае ў Занзібар, гатэлем у Занзібары і прапаноўваеце ім цыкл артыкулаў узамен на іх паслугі. Калі рэдакцыя і наш уяўны Занзібар кажуць вам «так», усе атрымліваюць тое, што хочуць: рэдакцыя — эксклюзіў, Занзібар — рэкламу на беларускім рынку, вы — бясплатную вандроўку. Кола замкнулася — усе шчаслівыя!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці