• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Працягвае размаўляць з усімі па-беларуску». Алег Грузьдзіловіч сустрэўся з жонкай у магілёўскай турме

    Асуджаны на 1,5 года калёніі палітзьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч за кратамі з 23 сьнежня. У канцы сакавіка зь менскага СІЗА на вуліцы Валадарскага яго перавялі ў магілёўскую турму № 4.

    Сёньня жонцы Алега Грузьдзіловіча Мар’яне далі спатканьне з мужам. Пра тое, як прайшла сустрэча, Мар’яна расказала Свабодзе.

    «У адрозьненьне ад „Валадаркі“, дзе спатканьне цягнулася гадзіну, тут было дзьве. Мы нагаварыліся, ніхто не турбаваў», — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч.

    Паводле яе, выглядае Алег добра.

    «Бяз вусаў, не такі ўжо і схуднелы, настрой бадзёры, няма нейкай „дэградацыі“. Я баялася больш за ўсё, што ў турме ён [ягоны стан] будзе станавіцца горш і горш, так скажам, аднак не».

    Стаўленьне адміністрацыі турмы, па словах Алега Грузьдзіловіча, да яго нармальнае.

    «Кажа, што адміністрацыя яго не выдзяляе. Ставіцца роўна, як да ўсіх. Алег працягвае размаўляць з усімі па-беларуску. І калі падчас дзяжурстваў яны мусяць рабіць даклад, што «камэра вось такая, столькі вязьняў…», ён гэта робіць па-беларуску. І аднойчы яму хтосьці зь сілавікоў сказаў на гэта: «Любіце краіну? Ну-ну», — расказвае жанчына.

    Яна адзначыла, што празь нейкі час пасьля той сытуацыі Алега перавялі ў іншую камэру.

    «Можа гэта і супадзеньне, — мяркуе Мар’яна. — Раней Алег знаходзіўся ў вялікай камэры разам зь вялікай колькасьцю людзей, але ж там было 3 акны і можна было рабіць зарадку. У новай камэры, як ён сказаў, ужо няма столькі месца, каб рухацца. Аднак цяпер лепш тым, што сукамэрнікаў крыху менш і ёсьць 4 „аднадумцы“, і яны ня кураць. А ў папярэдняй камэры толькі ён адзін з 16 чалавек не курыў. Акрамя таго, ужо няма тэлевізара».

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

    Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020‑м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

    3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

    За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.  Алег Грузьдзіловіч

    ***

    Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

    У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

    У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

    У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

    На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

    Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

    Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

    Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці