• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сёння цана памылак вельмі высокая». Як ва ўмовах эміграцыі і «прававога дэфолту» ў Беларусі працуюць журналісты-расследавальнікі

    Да падзей 2020-га беларускія ўлады час ад часу, але рэагавалі на публікацыі незалежных журналістаў-расследавальнікаў. Пасля ж пачаліся маштабныя рэпрэсіі, журналістыка ў краіне стала крыміналізаванай справай, рэдакцыі рэлакаваліся. Якога эфекту ад расследаванняў атрымліваецца дасягаць цяпер ва ўмовах «прававога дэфолту» ў Беларусі і ў эміграцыі? Аўтарка БАЖ паразмаўляла пра гэта з калегамі.  

    «Нейкія ручайкі інфармацыі застаюцца ўнутры сістэмы»

    Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч падкрэслівае: мэта журналістаў-расследавальнікаў у тым, каб накладаць дадатковы кошт на карупцыю шляхам апублікавання інфармацыі.

    — Пасля пра схемы даведваюцца канкурэнты, а ўладам, калі яны гэтаму спрыяюць, становіцца цяжэй такое апраўдваць, — разважае Станіслаў.  Тое, што ў выніку расследавання мы бачым непасрэдны эфект, — гэта рэч, хутчэй, выключная. 

    Як прыклад аднаго з гучных расследаванняў БРЦ, зробленага да 2020-га, суразмоўца прыводзіць тэкст пра холдынг «Белэнерга»: 

    — БРЦ тады стаў рабіць серыю расследаванняў пра тое, як «Белэнерга» ўключала ў свой холдынг прыватныя кампаніі, якія атрымлівалі манаполію на абслугоўванне беларускай энергетычнай інфраструктуры і завышалі кошты ў шмат разоў. Адпаведна, якасць ад гэтага цярпела. Мы выкрывалі гэту сістэму. 

    На журналістаў тады падалі ў суд.

    — У адным з расследаванняў тады яшчэ па нявопытнасці мы сказалі, што гэта карупцыя, хаця паводле беларускіх законаў такое слова можна выкарыстоўваць толькі са спасылкай на суд і следства. Выканаўца абавязкаў кіраўніка «Белэнерга» Сяргей Машковіч выйграў працэс. І тады адна з прыватных кампаній холдынга «Белэнерга» падала на мяне ўжо ў эканамічны суд для таго, каб зняпраўдзіць па пунктах тэзы нашага расследавання. 

    Па словах спадара Івашкевіча, суд тады, надзіва, сапраўды спрабаваў разабрацца ў тым, што адбываецца. У выніку загадаў зняпраўдзіць тры цытаты, у якіх было выкарыстанае слова «карупцыя». А восем цытат, дзе ўсё па сутнасці было выкладзена, — не, таксама адмовіў гэтай прыватнай кампаніі ў грашовай кампенсацыі. 

    — Пасля холдынг «Белэнерга» быў ліквідаваны, і беларуская энергетычная сістэма фармальна перайшла да канкурэтнага выбару падрадчыкаў. Сяргея Машковіча пасля таго, як ён выйграў суд супраць нас, літаральна праз нейкі час пасля заканчэння працэсу, пасадзілі на некалькі гадоў акурат за карупцыю. Усё ж да 2020 года ўлады прымалі нейкія меры, калі выходзілі нашы расследаванні, але стараліся завуаляваць гэта так, каб не выглядала вынікам працы незалежных журналістаў-расследавальнікаў, — расказвае Станіслаў Івашкевіч. 

    Адной з рэакцый уладаў на расследаванні Станіслаў называе тое, што ўсю інфармацыю Беларускага расследавальнага цэнтра ўлады прызналі «экстрэмісцкай».

    Суразмоўца ўпэўнены, галоўны эфект расследаванняў на сёння ў тым, што бізнесоўцы і чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у сістэмным размеркаванні карупцыйнай рэнты сярод блізкага кола Аляксандра Лукашэнкі, трапляюць пад санкцыі. 

    — Другі наш напрамак — расследаванні пра абыход санкцый. Таксама мы бачылі і тактычныя вынікі. Напрыклад, пасля расследавання пра беларускія азотныя ўгнаенні, — расказвае спадар Івашкевіч. 

    Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў, як «Гродна Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі, выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі. БРЦ разам з партнёрамі даведаўся пра дзве такія кампаніі. Адна перавозіць угнаенні на фурах, другая — па чыгунцы. Расследавальнікі прыйшлі да высновы, што на гэтых схемах зарабляюць у тым ліку «гаманцы» Аляксандра Лукашэнкі. 

    — Мы скаапераваліся з «Рабочым рухам», які правёў акцыю на літоўскай мяжы. Тады былі затрыманыя некалькі фур з гэтымі санкцыйнымі ўгнаеннямі, — расказвае Станіслаў. — Было пэўнае супрацьстаянне з літоўскімі памежнікамі, якія патрабавалі спыніць гэту акцыю і прапусціць далей фуры. Але пакуль ішло гэта супрацьстаянне, падключыліся літоўскія чыноўнікі.

    У выніку аўтафургоны развярнулі, завялі крымінальную справу, а ў літоўскім парламенце дэпутаты выступілі з ініцыятывай увесці больш жорсткія захады кантролю абыходу санкцый.

    Паводле заяў функцыянераў літоўскай чыгункі, велізарную колькасць вагонаў з беларускімі азотнымі ўгнаеннямі яны развярнулі на падставе новых акалічнасцяў, якія выявілі нашы расследавальнікі сумесна з літоўскім расследавальніцкім выданнем Siena. 

    — Другі напрамак — цяпер у Еўразвязе ўслых гаворыцца пра сістэмную рэформу аб кантролі за санкцыямі. У гэтым нашы расследаванні пэўную ролю граюць таксама, — упэўнены рэпарцёр. 

    Пасля 2020 года журналістам-расследавальнікам у пэўным плане стала цяжэй працаваць: з сярэдзіны 2021-га каманда БРЦ знаходзіцца не ў Беларусі, няма магчымасці пабачыць нешта на свае вочы. 

    — Нейкі час пасля 2020-га ў некаторых момантах адчувалі палёгку, бо тады вылілася на паверхню вялікая колькасць зліваў знутры сістэмы. На сёння такога вельмі мала. Прычына? Хутчэй за ўсё, дзейнічаюць рэпрэсіі, хоць, вядома, нейкія ручайкі інфармацыі да нас даходзяць, — разважае спадар Івашкевіч. 

    Чым замяніць фізічную прысутнасць у Беларусі? БРЦ зараз узмацняе свае міжнародныя сувязі.

    — Калі працавалі ў краіне, міжнародныя расследаванні для нас былі рэдкасцю. Знаходзячыся за мяжой, удалося збудаваць моцную калабарацыю з міжнароднымі партнёрамі, што дазволіла паглыбіцца ў розныя афшорныя схемы беларускіх уладаў за мяжой, — падкрэслівае суразмоўца. 

    «З’явіліся новыя крыніцы інфармацыі»

    Журналіст-расследавальнік Алесь Ярашэвіч кажа, што ў нейкім сэнсе працаваць пасля 2020-га стала прасцей: з’явіліся новыя крыніцы інфармацыі, напрыклад, базы, якія далі «Кіберпартызаны». Гэта нягледзячы на тое, што некаторыя інфарматары наадварот закрыліся і перасталі выходзіць на сувязь.

    — Таксама стала больш людзей, былых чыноўнікаў ці дзейных, якія больш ахвотна сталі дзяліцца інфармацыяй. Напрыклад, Беларускі расследавацельскі цэнтр неяк атрымаў зліў ад былога чыноўніка пра тое, што, аказваецца, Беларусь да гэтага не разлічылася з Венесуэлай за пастаўленую нафту, — адзначае Алесь. 

    Рэакцыя чыноўнікаў на працу журналістаў бывае вельмі рознай. Так, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч вельмі раззлаваўся на расследаванне пра NatiVi­ta, якое БРЦ выпусціў у 2021 годзе.

    — Кампанія пастаўляла ў медыцынскія ўстановы розныя лекі па завышаных коштах. Пасля апублічвання інфармацыі кампанію прымусілі паставіць лекі ў сістэму аховы здароўя на тую суму, на якую было перавышэнне, — узгадвае спадар Ярашэвіч.

    Калі выйшла расследаванне БРЦ пра брата Андрэя Шведа — Алега, то тут ужо адгукнуўся Лукашэнка: 

    — Алег Швед быў кіраўніком кампаніі, якая займалася пастаўкамі замежнага медыцынскага абсталявання ў Беларусь. Яго выдавалі за беларускае і мелі на тэндарах зніжку ў 15%. Выявілася, што кампанія пастаўляла абсталяванне ў Беларусь у разабраным выглядзе, а на месцы ўжо збірала яго. Пасля апублічвання намі гэтай інфармацыі, Лукашэнка на нарадзе сказаў Шведу, што «пачалі яго паласкаць».

    Самім журналістам таксама даставалася.

    — Пасля расследавання пра тое, як Беларусь таемна здабывае золата ў Зімбабвэ, нас доўга паласкалі ўсялякія праўладныя каналы, прапагандыстка Людміла Гладкая асобна пра мяне артыкул напісала, — узгадвае спадар Алесь. — У той жа час ёсць рэакцыя з боку еўрапейскіх чыноўнікаў, думаю, што «гаманцы» Лукашэнкі патрапілі ў санкцыйныя спісы ў тым ліку праз тое, што мы пра іх расказалі.

    Алесь Ярашэвіч мяркуе, што адно з самых гучных расследаванняў, якое выйшла да 2020-га, — матэрыял Сяргея Сацука «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як з беларускіх дзяцей зрабілі выпрабавальны палігон», пра вакцыну «Эўпента».

    Улетку 2018 года пасля прышчэпкі гэтым прэпаратам у Ганцавічах памерла дзіця. Па выніках праверкі вакцыну назвалі якаснай, але засталіся пытанні па законнасці яе выкарыстання ў краіне. Расследаванне Сацука сцвярджала, што вакцына не прайшла этап выпрабаванняў і ўвогуле не павінна была прымяняцца. Сацук апублікаваў матэрыял пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай вакцыны «Эўпента», пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, звязаную з рэгістрацыяй і пастаўкамі лекаў. 

    — Улады вельмі нервова адрэагавалі на гэту публікацыю. І яны былі вымушаныя рэагаваць. У мяне ў цэлым складваецца ўражэнне, што да 2020-га ўлады ўсё ж час ад часу рэагавалі на расследаванні журналістаў. Але часцей за ўсё для саміх журналістаў гэта скончвалася завядзеннем на іх крымінальнай справы, — кажа Алесь. 

    «Публікацыю «Нашай Нівы» перадрукавалі літоўскія СМІ»

    Адным з нядаўніх рэзанансных расследаванняў «Нашай Нівы» было пра былую прадстаўніцу па фінансах і эканоміцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Таццяну Зарэцкую. Кейс Зарэцкай выклікаў хвалю абмеркаванняў у дэмакратычных структурах і ў беларускім грамадстве. Пра сітуацыю выказваліся шэраг экспертаў і экспертак.  

    У публікацыі «Наша Ніва» выказала здагадку, што Таццяне Зарэцкай давялося пакінуць Кабінет у прадчуванні, што дэталі раскрыюцца. Сама Зарэцкая першапачаткова заяўляла, што сыходзіць, бо на адрас яе і ейных блізкіх паступаюць пагрозы. 

    «Наша Ніва» апісала стартап, у якім удзельнічала Зарэцкая. Выданне рэзюмуе, што «няма ніякіх сведчанняў таго, што гэтыя лямпы і праграмнае забеспячэнне сапраўды існуюць і прадаюцца». Пры гэтым «Наша Ніва» абазначыла канкрэтнае абвінавачанне ў бок Зарэцкай. 

    «Яна, атрымаўшы на развіццё свайго Laa­va Tech грант Еўрасаюза, нібыта паказала прыбытковасць асноўнай эстонскай фірмы такім чынам: адкрыўшы іншую фірму ў Польшчы і атрымаўшы грант на падтрымку дробнага бізнесу ад урада Польшчы (у памеры 176,4 тысячы злотых — 37,5 тыс. еўра на сёння, і пад 45 тысяч на момант атрымання), яна нібыта перавяла яго плацяжом за паслугу на рахунак свайго эстонскага стартапа, чым увяла ў зман донараў, паказаўшы фіктыўную камерцыялізацыю прадукту, што стала прычынай для выдачы наступнага грантавага траншу», — пісала тады выданне.

    Яшчэ адно гучнае расследаванне «Нашай Нівы» — пра літоўскага юрыста Мантаса Данелюса

    У мінулым годзе выданне расказала пра літоўскага юрыста Мантаса Данелюса, які ўкараняўся ў беларускія арганізацыі, знаёміўся з бізнесамі, актывістамі, а пасля таго, як уваходзіў у давер, перадаваў інфармацыю беларускай прапагандысцы Ксеніі Лебедзевай.

    Для сюжэтаў прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай Данелюс каментаваў палітычную «справу Аўтуховіча». У ім ён расказваў, да якіх «метадаў» звяртаюцца зняволеныя, каб зацягнуць судовы працэс. Таксама юрыст запісаў на відэа былога каліноўца Віктара Савіча, каб перадаць відэа БТ. Вось толькі сам Віктар Савіч не быў у курсе планаў Мантаса.  

    У выніку на публікацыю «Нашай Нівы» звярнулі ўвагу літоўскія СМІ, якія перадрукавалі матэрыял выдання. 

    38-гадовы Мантас Данелюс быў затрыманы 28 верасня ў Вільні за шпіянаж на карысць беларускіх спецслужб і магчымыя сувязі з беларускім КДБ. Даведаўшыся пра распачатую супраць яго справу, Данелюс хацеў уцячы ў Беларусь, але не паспеў.

    30 верасня прапагандыстка Ксенія Лебедзева заўважыла адсутнасць Мантаса Данелюса і пачала біць трывогу, напісала пост у сваім тэлеграм-канале.

    «Апошнім часам Мантас працаваў над тым, каб дастаць сур’ёзныя дакументы. Зрабіў запыт у афіцыйныя органы. Верыў у вікторыю, але фартуна, відаць, яго падвяла… Ёсць асцярогі, што ў Мантаса ў гасцях пабывалі супрацоўнікі Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы і зараз ён знаходзіцца ў іх», — напісала Лебедзева.

    «Лічу, што сёння амаль любая праца па пошуку інфармацыі не з адкрытых крыніц у Беларусі — ужо ў пэўным сэнсе расследаванне»

    Журналіст-расследавальнік «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч у каментары для БАЖ адзначае, што сістэма ў Беларусі ўладкаваная так, каб у прэсы не было рычагоў для ўплыву на рашэнні. 

    — Таму нават нейкі выбітны і дэталёва апісаны крымінал часцей свядома ігнаруецца ў моманце па такой літаратурнай логіцы Тараса Бульбы, — кажа ён.  

    Журналіст не аспрэчвае, што ў нейкай форме наступствы заўсёды ёсць.

    — Так, былі і гісторыі з імгненнымі і практычнымі наступствамі ў выглядзе зняцця з пасад і крымінальных спраў. Але, па маім назіранні, гэта адбывалася ў асноўным тады, калі хтосьці з палкоўнікаў бачыў для сябе магчымасць канвертаваць журналісцкую гісторыю ў сваё працоўнае дасягненне, — упэўнены спадар Гарбацэвіч.

    Журналіст прыгадвае, як яго апытвалі па тэме фінансавай структуры беларускіх наркашопаў.

    —  Тады гаворка вялася пра некалькі беларускіх банкаў, чый недагляд стварыў магчымасць для руху плацяжоў.

    Следчы расказваў мне, што яны паралельна займаліся гэтай гісторыяй, але, калі я папрасіў паказаць мне дату завядзення крымінальнай справы і фабулу, то ён скончыў басню і прызнаўся, што яна ўзбуджана паводле публікацыі. Такія гісторыі здараліся рэгулярна.

    Але пра сапраўдны ўплыў аўтар не заўсёды ведае. Пра іх лепш могуць расказаць толькі фігуранты, на чыіх лёсах адбіліся публікацыі. Напрыклад, афіцэры часці, дзе служыў Аляксандр Коржыч.

    Арцём Гарбацэвіч кажа, што ва ўмовах, калі журналістыка ў цэлым цяпер крыміналізаваная і спрабуе выжыць у эміграцыі, а паняцці дабра і зла ў беларускай прававой сістэме памяняліся месцамі, пра ўплыў раследаванняў казаць яшчэ больш складана. Ніякага грамадскага абмеркавання ўзнятых праблем не адбываецца па зразумелых прычынах, адпаведна, пра наступствы можна толькі здагадвацца. 

    — З маёй пазіцыі, цяпер расследаванне — гэта такі проста лепш чытаны аўдыторыяй фармат, захапляльнае чытво пра тое, што схавана ад вачэй. А таксама лішняе нагадванне ўладам, што яны нічога не могуць рабіць таемна, усё бачна. Сёння амаль любая праца па пошуку інфармацыі не з адкрытых крыніц у Беларусі — ужо ў пэўным сэнсе расследаванне, бо ад грамадства ўладамі хаваецца літаральна ўсё, а тое, што не хаваецца, набывае хлуслівыя інтэрпрытацыі,  — падсумоўвае суразмоўца.

    На яго думку, цяпер адказнасць аўтараў, якія займаюцца расследаваннямі, павялічылася, цана памылак вельмі высокая.  

    — Зараз на расследаванні пра падзеі ў Беларусі больш яскрава рэагуе Захад, які праз механізм санкцый спрабуе ўплываць на падзеі. Публікацыі ў прэсе для заходніх чыноўнікаў вельмі часта з’яўляюцца і матывацыяй, і абгрунтаваннем. А таму, як прыклад, некаторыя канкурэнты вялікіх беларускіх бізнесаў ходзяць па рэдакцыях і шукаюць, хто б мог на іх замову дыскрэдытаваць таго, каго ім трэба, пад выглядам расследавання.

    Ведаючы гэта, журналістам трэба працягваць трымаць высокую планку верыфікацыі інфармацыі.

    —  Наша пазіцыя тут такая: пісаць толькі тое, у чым мы ўпэўненыя, і не рабіць шкоду дзеля атрымання фінансавання. А таксама не падстаўляць тых, хто ўнутры краіны, —  дадае спадар Гарбацэвіч. 

    Чытайце яшчэ:

    Основатель «Рогачев Онлайн» объявил о закрытии проекта и отказе от гражданства

    «Ці беларусы сэксі?» Прадзюсер Алесь Чахоўскі запусціў уласны YouTube-праект

    Паляшук з хітрынкай. Сябры і калегі — пра Алеся Любенчука

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці