• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Восем месяцаў таму партал «Трыбуна» запусціў беларускамоўную версію. Вынікі натхняльныя

    З лістапада мінулага года ў незалежнага спартовага медыя «Трыбуна» існуе беларускамоўная версія. Якія вынікі? «Наша Ніва» спытала ў кіраўніка праекта Максіма Беразінскага.

    Беларускамоўная «Трыбуна» дзівіць высокімі лічбамі праглядаў.

    «Як толькі мы запусцілі беларускамоўную версію, першыя паказчыкі ў яе былі на ўзроўні недзе 38—40% [ад усіх праглядаў «Трыбуны»]. Прыкладна гэтая лічба і трымаецца, хіба што часам здараюцца адхіленні — напрыклад, неяк было 33%.

    Думаю, гэта звязана з тым, што, нягледзячы на блакаванне, мы час ад часу трапляем у пошукавікі, і калі туды залятае рускамоўны тэкст, адпаведна падае і працэнт карыстання беларускамоўнай версіяй, часам здараецца і наадварот. Напэўна, гэта праз тое, што блакіроўкі часам ламаюцца, і мы бачым прагляды на ўзроўні таго, што было да іх увядзення.

    Нельга зразумець, за кошт чаго складаецца такі паказчык. Бо людзі карыстаюцца VPN, мы выкарыстоўваем AMP-старонкі, ёсць моманты, калі пэўныя тэксты часам выстрэльваюць у пошукавіках. Разумеем, што могуць быць хібы ў падліках».

    «Унутры рэдакцыі мы лічылі, што было б поспехам набраць 20%, і прыемна, што гэтая лічба вышэйшая», — дадае Беразінскі.

    Калі б была нармалёвая сітуацыя і «Трыбуна» працавала б без блакіровак, ці былі б іншыя прапорцыі? Дакладна, упэўнены кіраўнік сайта. Раней, расказвае ён, вялікая частка карыстальнікаў прыходзіла на партал праз пошук, і нават ва Украіне бачна, што шмат якія людзі гавораць па-ўкраінску, але ў пошукавіках карыстаюцца рускай мовай. 

    «Адчувалі: у людзей ёсць патрэба спажываць спартовы кантэнт на беларускай мове»

    Максім расказвае, што «Трыбуна» на роднай мове з’явілася ў адказ на чытацкі запыт: «Мы бачылі, што для людзей, асабліва ўнутры краіны, беларуская мова робіцца ледзьве не адзіным спосабам паказаць сваю пазіцыю. Адчувалі: у людзей ёсць патрэба спажываць кантэнт, спартовы ў тым ліку, на беларускай мове, гэта было заўважна і па апытанках нашых карыстальнікаў.

    У нас была мяккая беларусізацыя. На «Трыбуне» ладзіліся беларускія нядзелі, і падчас іх карыстальнікі вельмі добра ўспрымалі беларускамоўныя тэксты і пасты ў сацсетках, у рэдакцыі стаўленне да гэтага працэсу таксама было станоўчае. Неяк мы вырашылі, што трэба думаць не пра адзінкавыя эпізоды беларускай мовы раз на тыдзень, а займацца гэтым стала і рабіць паўнавартасную беларускамоўную версію».

    Рэакцыя на беларускамоўную версію, расказвае кіраўнік «Трыбуны», была станоўчай: «Мы атрымалі багата публікацый у медыя, у прыватных размовах людзі шмат цікавіліся, колькі праглядаў маюць беларускамоўныя старонкі «Трыбуны», нашы юзеры таксама цалкам падтрымалі наша рашэнне.

    Дакладна не было дрэнных момантаў, якія б прымусілі падумаць: блін, нешта мы не тое зрабілі, трэба адкатваць назад».

    Супрацоўнікі «Трыбуны» згадваюць яркія беларускамоўныя тэксты: напрыклад, аповед пра тое, як з’явілася ў беларускай мове слова «заўзятар», ці пра беларускамоўную песню ад вядомага футбольнага трэнера Людаса Румбуціса.

    Для журналістаў прынцыпова важна даваць па-беларуску эксклюзіўныя навіны, нават калі яны такім чынам атрымаюць менш чытацкай увагі. Яркія калонкі па-беларуску з сакавітымі слоўцамі на роднай мове піша галоўрэд «Трыбуны» Алег Гаруновіч.

    «У нас ніколі не было карэктара і, напэўна, не будзе. Лічым, што лепш выдаткаваць грошы не на карэктара, а на тых, хто можа вырабляць кантэнт, і таму лепш у нас будзе дзве навіны з памылкамі, чым адна — без памылак, — тлумачыць кіраўнік «Трыбуны». — Мы ў рэдакцыі кажам, што маем мільён карэктараў — гаворка пра нашых юзераў, якія нам падказваюць пра памылкі. Мы будуем спартовае камьюніці, нам важна, каб людзі, якія з намі, не толькі чыталі «Трыбуну», але і рабілі ў яе ўнёсак. Можна рабіць на сайце пост, можна пакідаць камент, і камунікацыя па памылках — гэта яшчэ адзін з варыянтаў унёску ў «Трыбуну».

    Колькасць навіннікаў у нас стала большай, але рэдактараў столькі ж, колькі было раней, таму мы перакладаем на беларускую не ўсе тэксты. Нікога не прымушаем пісаць па-беларуску, кожны можа абіраць тую мову, на якой яму пісаць больш зручна, але тэксты, якія лічам важнымі, мы прэзентуем і па-руску, і па-беларуску.

    Пераклад тэксту — гэта дадатковы кавалак працы, і праз гэта з’яўляюцца памылкі і недакладнасці, тым больш што мы выдаём вялікі аб’ём інфармацыі. Намагаемся вычытваць тэксты і рабіць так, каб памылак было менш».

    Беразінскі расказвае, што ў стварэнні беларускамоўных тэкстаў журналісты «Трыбуны» не маюць адзінага патэрну: нехта спачатку піша тэксты па-беларуску і потым перакладае на рускую мову, нехта — наадварот. Калі трэба, могуць выкарыстаць і Google Trans­late: маўляў, хутчэй перакласці тэкст такім чынам і праверыць яго на памылкі, чым пісаць тэкст нанава.

    Паводле Максіма, з часам праца з беларускай мовай робіцца больш лёгкай і якаснай, бо калі кожны дзень сутыкаешся з лексікай па-беларуску, працэс ідзе.

    «Цяпер найлепшы момант для таго, каб прасоўваць беларускую мову»

    Вядома, стварэнне яшчэ адной версіі сайта патрабуе большых выдаткаў, і Беразінскі гэта прызнае. Тым не менш, кажа ён, «Трыбуна» гатовая несці такія выдаткі, бо разглядае працу па-беларуску як інвестыцыю ў будучыню і ў брэнд. Як і іншыя незалежныя медыя, рэсурс адчувае праблему з кадрамі,

    але на вакансіі, звязаныя з беларускай мовай, прыйшло багата рэзюмэ. Людзі нават прапаноўвалі валанцёрыць, бо для іх проста было цікава, каб з’явілася беларускамоўная версія «Трыбуны».

    Максім заўважае, што ў Беларусі за ўвесь час амаль не было беларускамоўнага медыя пра спорт, хіба што «Фізкультурнік Беларусі» выходзіў адзін год.

    «Цяпер складана зразумець, ці можа [беларускае незалежнае] медыя быць камерцыйным і прыносіць грошы таму, хто ім займаецца. Напэўна, з 2020 года ўсе [беларускія незалежныя] медыя — гэта збольшага сацыяльная гісторыя, якая не прадугледжвае камерцыйнага складніка, таму для нас мала што змянілася. Разглядаем усё гэта з пункту гледжання таго, якая будзе сітуацыя праз тры месяцы пасля таго, як мы вернемся ў Беларусь, і ці будзе нам што паказаць людзям, якія застаюцца ў краіне.

    Калі б мы былі ў Беларусі, дакладна б падлічылі, колькі грошай каштуе зладзіць беларускамоўную версію. Для нас гэта было б важна, бо мы заўсёды зараблялі грошы за кошт рэкламы, і калі грошай няма, ты іх патраціць не можаш. Таму ў Беларусі нам, напэўна, было б складаней зрабіць такі крок», — разважае кіраўнік партала.

    Навіны па-беларуску, як мяркуе Беразінскі, прасцей чытаць, чым доўгія тэксты, і праз іх прасцей улівацца ў беларускамоўны кантэкст.

    Вельмі не хочацца, кажа Максім, каб з’яўленне версіі на роднай мове разглядалася як нешта экстрэмальнае: «Нармалёва, што беларусы размаўляюць па-беларуску, што ёсць сайты на беларускай мове.

    Магчыма, тое, што раней у нас такой версіі не было — гэта наша недапрацоўка, але цяпер мы яе выправілі. Зараз найлепшы момант для таго, каб прасоўваць беларускую мову, прызвычайваць людзей да таго, што можна глядзець ютуб або чытаць навіны па-беларуску. Калі гэты момант не выкарыстоўваць, не ведаю, калі надыдзе зручнейшы час.

    Мне здаецца, для аўдыторыі вельмі важна, каб ты меў магчымасць чытаць паўнавартасную беларускамоўную версію і не быў абмежаваны ў кантэнце. Калі ты выбраў беларускамоўную версію, нельга, каб навіны там з’яўляліся пазней ці тры навіны выходзілі, а пяць — не, бо няма рэсурсаў на іх пераклад. Гэтае пытанне важнае, бо інакш атрымліваецца беларускамоўнае гета».

    Тое, што людзі з дапамогай мовы праяўляюць свой пратэст, дапамагае беларусізацыі ісці нармальным тэмпам, лічыць Беразінскі. Ён параўноўвае беларускую сітуацыю з Украінай, дзе «Трыбуна» таксама працуе, і сцвярджае: і ва Украіне з уласцівым яе насельніцтву патрыятызмам сыход ад рускай мовы ідзе не надта хутка. Так, пасля 2014 года там з’явілася больш украінскай мовы, але шлях яшчэ мае быць доўгім. Ва Украіне дзяржава гэтаму шляху спрыяе: існуюць украінскія школы, украінская рэклама, значна больш украінамоўных блогераў. І ў такім выпадку, тлумачыць Максім, ты больш актыўна ўжываеш родную мову, гэта палягчае твой прагрэс у ёй і табе прасцей загаварыць на роднай мове, чым калі навокал ўсё рускамоўнае.

    «Цяпер беларуская мова існуе ў канцлагерных умовах. Але, нягледзячы на гэта, з’яўляюцца людзі, якія на ёй размаўляюць, з’яўляюцца беларускамоўныя блогеры. Магчыма, грамадскасць робіць для беларусізацыі не ўсё, што можа, але яна дакладна стала рабіць больш. Хочацца, каб гэты працэс пашыраўся і ў медыя, і сярод лідараў думак. Паўсюль, дзе можна ўжываць беларускую мову, трэба яе ўжываць», — упэўнены кіраўнік «Трыбуны».

    «Ці будуць беларусы гатовыя да таго, каб у належны момант зрабіць правільны выбар?»

    Беразінскі разважае, што для нашай нацыі надыходзіць час пазнання сябе: «Беларусам зараз трэба зрабіць вялікае хатняе заданне, якое яны не рабілі некалькі дзесяцігоддзяў, гэта датычыць і беларускай мовы. Не трэба шмат, можна для пачатку выкарыстоўваць некалькі беларускіх словаў: дзякуй, добры дзень, дабранач, да пабачэння. Таксама цікавы момант — хто колькі ведае пра беларускую гісторыю. Калі запытаць гэта ў людзей, атрымаецца, што маем шмат шэрых зон, напрыклад, ці ўсе ведаюць, як Мінск стаў сталіцай Беларусі?

    Калі ўлазіш у гэтыя рэчы, адкрываецца шмат цікавых момантаў. Так можна знайсці адказы на тое, чаму мы не рускія, адкуль, на думку некаторых людзей, у беларусаў праблемы з наяўнасцю лідараў. Дык трэба проста паглядзець, што адбывалася ў краіне, колькі людзей [з патэнцыялам] знішчылі. Такія людзі не могуць нараджацца кожнае стагоддзе як па раскладзе».

    Цяпер мы проста ў складанай сітуацыі, тлумачыць Беразінскі, і яна такой стала не з 1994 года, а значна раней. І калі ўсё гэта разумець, выбудоўваецца іншае стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер і чаму важна пашыраць беларускую мову.

    «Гэта тыя хатнія заданні, якія дапамогуць нам у момант, як з’явіцца акно магчымасцей, зрабіць правільныя крокі. Такім шляхам ішла Эстонія, Літва. У іх таксама быў перыяд, калі было цяжка і не зразумела, што рабіць далей, але ў патрэбны момант у іх атрымалася адскочыць ад усходняга, як кажа Пазняк, мордара, пабудаваць незалежнасць і тое, што яны маюць цяпер.

    У Беларусі таксама будзе такая магчымасць, але ці будуць беларусы гатовыя да таго, каб у належны момант зрабіць правільны выбар? Каб так і склалася, трэба працаваць. Здаецца, што будзе, калі я даведаюся нешта з беларускай гісторыі ці прачытаю навіну па-беларуску, я ж адзіны? Але гэта памылковая гісторыя, рэч якраз у тым, што кожны мусіць нешта зрабіць, і калі ён гэта зробіць, усё будзе добра. Проста трэба кожнаму намагацца зразумець, якія крокі ён можа зрабіць, каб зрушыць усё гэта з месца», — упэўнівае Максім.

    Чытайце яшчэ:

    Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне

    «Журналистам сложно признать свой травматичный опыт». Что такое травма-информированная журналистика, которая популярна на Западе, но не встречается в Беларуси

    У судзе над Паўлам Падабедам спрэчкі бакоў адбудуцца ўжо на другім пасяджэнні. Неўзабаве прысуд

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці