• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заяўкі па радыё, малюнкі ў камерах, лісты падтрымкі. Пра тое, што дапамагала ў няволі, распавядаюць блогеры і журналісты

    Сёння, 29 ліпеня, праходзіць Марафон салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!». У  анлайн-акцыі прымуць удзел больш за 20 медыя. БАЖ таксама далучаецца да марафону. Сабраныя грошы будуць накіраваныя на дапамогу палітвязням і іх родным. А пакуль нагадаем, што адчувалі журналісты і блогеры, якія зусім нядаўна самі знаходзіліся ў месцах зняволення. Іх словы дапамагаюць зразумець, што дазволіла выжыць за кратамі.

    Вольга Лойка: «За кожным сядзельцам павінен стаяць хтосьці “рэсурсны”»

    Былую галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока Tut.by затрымалі ў траўні 2021 года, калі была разгромленая рэдакцыя буйнейшага незалежнага сайта Беларусі.

    У сакавіку 2022 года журналістку вызвалілі. Цяпер яна знаходзіцца па-за межамі Беларусі. У гэтым годзе было абвешчана пра запуск новага медыя — Plan B, галоўнай рэдактаркай якога стала Вольга Лойка.

    Відавочна, што месяцы зняволення даліся журналістцы з розных прычын няпроста. У нядаўнім інтэрв’ю «Позірку» яна распавяла:

    — Ключавы момант у тым, што літаральна за кожным сядзельцам павінен стаяць хтосьці «рэсурсны». Не ў плане грошай, а ў плане ўвагі да тваіх патрэбаў, гатовы пастаянна, у штотыднёвым рэжыме быць у кантакце з адвакатам, закупляць прадукты і рэчы па спісе. Стаяць у чэргах, перадаваць крэм-шампунь-пілачку-ежу.

    Таксама яна адзначае важнасць паслуг адваката, які нярэдка выконвае ролю пасярэдніка паміж знешнім светам і зняволенымі.

    Паводле журналісткі, цяпер трэба вызваляць людзей рознымі спосабамі, у тым ліку з дапамогай перамоў з рэжымам.

    — Калі ёсць ідэя, як вызваліць палітвязняў без перамоў і саступак, агучце, але я яе не бачу. Мы проста чакаем чагосьці. Напрыклад, што Украіна пераможа, і потым нешта здарыцца такое, што прывядзе да саступак з таго боку.

    Апанентам яна прапануе разглядаць гэтае пытанне ва ўласнай праекцыі.

    — Калі мы можам вызваліць дзесяць чалавек — ці варта парыцца? Напэўна, варта. Калі ў іх лік можа патрапіць блізкі табе чалавек. За год там фактычна руйнуюцца сем’і, ты выходзіш без прафесіі, працы, дапамогі, якія дазволяць наладзіць узровень жыцця да зняволення.

    Далучайцеся да Марафона салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно!»

    Былая палітзняволеная заклікае не палохацца такіх абмеркаванняў, а ўзгадаць лёс канкрэтных асоб.

    — Ёсць Статкевіч, а ёсць Фядута, напрыклад, з цяжкім станам здароўя, альбо Маша Калеснікава, у якой была адна канцэпцыя, да таго, як яна захварэла, а пасля — сітуацыя стала іншай. Гэта значыць, мы разумеем, што чалавек не дасядзіць.

    Аляксандр Івулін: «Галоўны капітал — гэта неверагодныя людзі»

    Склалася адчуванне, што вядомы спартыўны журналіст, правёўшы амаль два гады за кратамі, не змяніўся і захаваў аптымізм нават пасля несправядлівага выраку (яго судзілі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

    — Гэта вельмі карысная штука — не планаваць чагосьці, каб пасля не расчароўвацца, — падзяліўся ён з Tribuna.com сваім бачаннем у першым вялікім інтэрв’ю пасля вызвалення. — Многія людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах, ставяць сабе нейкія знакі, чакаюць нейкага моманту — і потым іх няблага «накрывае», калі ў гэты самы момант чагосьці задуманага не здараецца. Я разумеў, што мой тэрмін рана ці позна скончыцца — ну а далей разбярэмся, што рабіць.

    За кратамі з’явілася дакладнае разуменне, што галоўны капітал зароблены за 30 гадоў, адзначыў Аляксандр Івулін, гэта неверагодныя людзі. А больш за ўсё яму хацелася ўбачыць блізкіх і абняць бацькоў.

    Журналіст таксама адзначыў важнасць лістоў з волі.

    — Я адказваў кожнаму. Натхняла, што чалавек па той бок плота, нягледзячы на ўвесь трэш, які творыцца наўкол, знайшоў час і сілы, каб мяне падтрымаць. І як пасля гэтага можна не адказаць?

    Трэба знайсці ў лістах баланс паміж пазітывам і негатывам, лічыць Аляксандр Івулін. Расказваць чалавеку, што адбываецца, каб ён не страціў сувязь з рэальнасцю.

    — Лепш за ўсё, калі адчуваеш эмпатыю і клопат, і вельмі важна разумець, што ты не адзін і пра цябе памятаюць.

    Падтрымайце грашыма палітычных зняволеных і іх сем’і! 

    Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.

    У той жа час самым складаным момантам журналіст назваў хвіліны пасля апошняга слова.

    — Пра маю сямейную гісторыю ніхто не ведаў, я стараўся яе не выносіць — не люблю, калі мне спачуваюць, таму і не хацеў пра гэта расказваць. На «судзе» ўсё гэта казаць было рэальна цяжка. Момант быў суперэмацыйным (Івулін распавёў пра старэйшага брата з асаблівасцямі псіхічнага і фізічнага развіцця, прызнанага інвалідам — Tribuna.com).

    Пазней, у гутарцы з «Нашай Нівай», Аляксандр Івулін заўважыў, што зняволенне — досвед, які застаецца з ім і які зрабіў яго лепшым. Філасофская думка, але далёка не ўсе так ацэньваюць турэмны вопыт.

    — Бірка ў мяне была з усмешкай, ды і сам я пастаянна ўсміхаўся, мяне праз гэта сцябалі і іншыя вязні, і канваіры — маўляў, што ты такі задаволены? Урэшце проста казаў, што ў мяне такі прыкус, адчапіцеся ад мяне. Усміхацца было маёй пазіцыяй, такой схаванай формай пратэсту.

    Аднак былы палітвязень не ішоў супраць правілаў зоны і нікому гэтага не раіць.

    — Калі ты іх прытрымліваешся, калі ты нармальны чалавек са стрыжнем, усё будзе файна. Хаця і ў мяне там не ўсё было класна, месяцы чатыры сышло на адаптацыю.

    Хлопец таксама папярэджвае і пра зваротны працэс — акліматызацыю на свабодзе: гэта таксама вельмі няпроста.

    Алег Груздзіловіч: «Напярэдадні Новага года выпаў снег, і мы ўбачылі віншаванні»

    А вось досвед журналіста Радыё «Свабода», які падрабязна расказаў пра месяцы ў СІЗА і калоніі ў кнізе «Мае турэмныя муры», што была прэзентаваная на гэтым тыдні ў Вільні.

    Стратэгіяй Алега Груздзіловіча было імкненне жыць нармальна, наколькі гэта магчыма, насуперак ціску і жорсткім умовам утрымання. З сукамернікамі ён нават Новы год адзначаў, пра што расказваў у інтэрв’ю БАЖ.

    — Мы з задавальненнем хадзілі на шпацыр ва ўнутраны двор СІЗА. Напярэдадні Новага года выпаў снег, і мы ўбачылі віншаванні, якія пакінуў нехта са зняволеных. Самі таксама рабілі святочныя надпісы, а на сценах з дапамогай гліны малявалі бела-чырвона-белыя сцяжкі. Такая вось партызаншчына.

    Такія парады, дарэчы, даюць псіхолагі: наколькі магчыма спрабаваць захаваць суб’ектнасць. Выконваць дзеянні, якія нагадваюць пра звычайнае жыццё па-за межамі турмы. І журналіст выконваў — прыкмячаў дэталі да будучай кнігі, маляваў, размаўляў з сукамернікамі.

    — Для мяне самы блізкі чалавек — гэта мая жонка, я падумаў, што трэба тут яе мець пры сабе, — піша ў кнізе былы палітвязень. — На адрэзку трубы я тынкам намаляваў яе партрэцік, цэлы дзень хадзіў, з ёй размаўляў. Але ўвечары мусіць прыйсці праверка. Я падумаў: яны ж яўна пабачаць. І замазаў трохі свой партрэт. Мне было зразумела, што гэта жонка, а ім — не.

    Гэта спроба кампенсаваць адсутнасць нармальнай абстаноўкі, родных, блізкіх, тлумачыў Алег Груздзіловіч. Ну і хочацца таксама разнастайнасці, у СІЗА ж сумна, кожны дзень — адно і тое ж.

    — З мякішу хлеба зрабіў фігурку жонкі. У мяне была рознакаляровая зубная паста, я яе размаляваў. Атрымалася яна ў сініх джынсах і ружовай кофтачцы. І потым я з гэтай фігуркай размаўляў. Падчас праверак гэта ўвесь час быў такі захапляльны трылер: я яе захоўваў, хаваў у поліэтыленавы пакецік, і яе ні разу не знайшлі.

    Яшчэ адна агульная рыса, якую адзначаюць былыя палітвязні, — думкі пра родных, за якіх перажываеш, бо яны турбуюцца за цябе. Такі вось замкнёны круг, які разарваць вельмі цяжка.

    — У мяне ўражанне, што на волі больш хаваюць думкі, чым там, у няволі. Мы ходзім, у нас жоўтыя біркі, мы такія. А на волі, калі ты будзеш праяўляць сябе, цябе з працы звольняць, і рэальна гэта адбываецца. Шмат хто ў мяне там пытаўся: «Ці дарэмна мы там сядзім? Няўжо вы думаеце, што дарэмна?». Я заўжды адказваў, што не, не дарэмна. Толькі хтосьці думае, што гэта ўсё адбудзецца значна раней. Я не з іх ліку. Я думаю, што гэта адбудзецца пазней. Можа, яшчэ пройдзе цэлы цыкл дзесяцігадовы. Бо не вырашаюцца такія праблемы за мяжой. З‑за мяжы можна дапамагчы, спрыяць. А ўсё вырашаецца ў Беларусі.

    Аляксандр Кабанаў: «На радыё не ведаюць, каму віншаванне, і прымаюць заяўкі»

    Блогер быў затрыманы яшчэ да выбараў у 2020 годзе. А вызваліўся толькі напрыканцы мінулага года. Ён даволі актыўна вярнуўся ў медыйную прастору, з’ехаўшы з Беларусі. Перыядычна Аляксандр Кабанаў узгадвае часы, праведзеныя за кратамі.

    — Я ўпэўнены, што ўмовы інфармацыйнай ізаляцыі — гэта загад з самага верху. Начальнік калоніі ці турмы такія пытанні не вырашае. У Мінску разумеюць, што сядзяць шмат палітычных, і іх спрабуюць ізаляваць ад любой інфармацыі. Складаюцца спісы, каму што можна, а што нельга. Часопіс «Мурзилка»? Можна. Расійскія газеты? Можна. А незалежныя беларускія выданні — не. Думаць там недапушчальна.

    Навіны прыходзяць у месцы зняволення са спазненнем, але ж прыходзяць. Адна з крыніц — адвакаты, якія прыходзілі з раздрукоўкамі навін.

    — На сустрэчу я браў ручку, паперу і рабіў нататкі. Пасля ў камеры абмяркоўвалі. Але адвакат прыходзіў тры-чатыры разы на год.

    Каб прабіць ізаляцыю, блізкія палітвязняў часам ідуць на хітрыкі. Блогер падзяліўся адным такім лайфхакам:

    — У камерах, праўда не ва ўсіх, ёсць радыё. І па вечарах там круцяць праграму «Віншуем-Жадаем», штосьці такое, дакладную назву не памятаю. Дык вось, на радыё не ведаюць, каму віншаванне, і прымаюць заяўкі, толькі не трэба паказваць, што чалавек арыштаваны. Мяне так некалькі разоў віншавалі, і гэта крута.

    Чытайце яшчэ:

    Публікацыя фільма пра пратэсты выклікала гучны рэзананс. Прычына — у бяспецы. Што кажуць аўтар і медыя?

    «Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком

    Леанід Судаленка: «Маці думала, што я амаль тры гады быў за мяжой на заробках…»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці