Анархіста Міколу Дзядка ізноў аштрафавалі і затрымалі пасля суда
Раніцай 4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска прайшло судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе ў адносінах анархіста Міколы Дзядка. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, па ч. 2 арт. 17.11 КаАП за стары допіс у сацыяльнай сетцы.
Суддзя Алена Бушава палічыла віну Міколы Дзядка даказанай і аштрафавала яго на 50 базавых велічынь (1275 беларускіх рублёў).
Гэта ўжо трэці выпадак за паўгады, калі актывіста судзяць па згаданым артыкуле.
Адразу ж пасля суда Міколу Дзядка затрымалі. Меркавана гэта звязана з яго ўдзелам у акцыі «Свабоду палітвязням», што прайшла 26 лютага ў Мінску. 1 сакавіка астатніх удзельнікаў акцыі асудзілі да буйных штрафаў, а арганізатара Паўла Севярынца — да 10 сутак арышту.
