• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Аляксандраў: 1000 дзён за кратамі

    Беларускі журналіст і медыяменеджар, былы намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН быў затрыманы сілавікамі 12 студзеня 2021 года. З тае пары — практычна два гады і 9 месяцаў — ён знаходзіцца ў няволі. Суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прысудзіў Андрэю Аляксандраву 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі. Гэта адзін з самых працяглых тэрмінаў зняволення, прызначаных беларускім журналістам-палітвязням.

    Чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса

    12 студзеня 2021 года Андрэй Аляксандраў быў затрыманы разам з ягонай дзяўчынай, Ірынай Злобінай. У афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што яны былі затрыманыя «па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці». Паводле слоў сілавіка, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020-га займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў і кампенсавання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ. Паводле паведамлення МУС, спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help, і ён  аплаціў 250 штрафаў пакараным за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

    30 чэрвеня 2021 года Андрэю Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне — за здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). 27 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што распачаў супраць Аляксандрава яшчэ адну крымінальную справу — за ўхіленне ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК). Крымінальныя справы распачалі таксама ў дачыненні да калег Андрэя па працы ў БелаПАН Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай.

    У выніку Мінскі абласны суд 6 кастрычніка 2022 года прызнаў Андрэя Аляксандрава вінаватам паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

    • ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці);

    • ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве);

    • ч. 1 арт. 361–1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні);

    • ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

    6 студзеня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў «справы БелаПАН». Прысуды пакінулі ў сіле, нязначна змянілі толькі некаторыя фармулёўкі.

    Адна з галоўных падзей за кратамі — Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна пабраліся шлюбам

    Падчас судовага працэсу Андрэй Аляксандраў і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна сталі мужам і жонкай. На момант затрымання дзяўчына развівала ўласны бізнес — мела краму па продажы кветак і сувеніраў. Вяселле з Андрэем Аляксандравым яны таксама планавалі, але ажыццявіліся гэтыя планы ў мінскім следчым ізалятары — там адбыўся роспіс. Паводле ўспамінаў сукамерніц Ірыны, дзеля гэтай падзеі ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру. Сведак на рэгістрацыі шлюбу не было — прысутнічалі толькі канваіры.

    6 кастрычніка 2022 года Ірыну Злобіну асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК) і «Здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).

    Жанчына адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі. На кравецкай выворчасці ў калоніі яна шые майкі. Сужэнцам дазволілі ліставанне.

    Андрэй схуднеў за кратамі на 40 кілаграмаў, але трымаецца аптымістычна

    Пра гэта стала вядома з яго лістоў да сваякоў. З Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе Андрэй адбывае прысуд, даходзяць звесткі,  што ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, збірае паддоны.

    Са звестак, якія даходзяць з‑за кратаў, таксама вядома, што ў калоніі Андрэй Аляксандраў імкнецца падтрымліваць добрую фізічную форму, робіць практыкаванні. Спорт здаўна быў ягоным захапленнем: хто даўно знаёмы з Андрэем Аляксандравым, ведае, што ён зацяты спартовы тэарэтык і практык. Сапраўдная «энцыклапедыя» разнастайнай статыстыкі, асабліва што тычыцца англійскай футбольнай Прэм’ер-лігі і ўлюбёнага клуба «Ліверпуль». Ужо за турэмнымі мурамі «Валадаркі» ён  ператварыў на беларускую мову камандны гімн You’ll Nev­er Walk Alone.

    Усё жыццё Андрэй і сам гуляў у футбол — падчас журналісцкіх турніраў абараняў гонар інфармагенцтва БелаПАН.

    За кратамі Андрэй намагаецца шмат чытаць і піша вершы. Напрыканцы 2021 года ён стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Радыё «Свабода» і Беларускім ПЭНам. Гэта адмысловая прэмія за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе, Андрэй атрымаў яе за верш «Краты — толькі хэштэг».

    Сёлета ў студзені ў наваполацкай ПК‑1 Андрэй Аляксандраў адзначыў 45-гадовы юбілей — ужо трэці запар дзень нараджэння ў няволі.

    Былы намеснік дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але знайшоў сябе ў творчай працы.

    Журналісцкую кар’еру ён пачаў у наваполацкай газеце «Хімік», вядомай сваімі дэмакратычнымі традыцыямі яшчэ з савецкіх часоў.

    Андрэй шмат вучыўся, да таго ён атрымаў ступень магістра мэдыяменеджменту ва Уэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане. Падчас вучобы займаўся  грамадскай дзейнасцю: супрацоўнічаў з праваабарончымі арганізацыямі Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19, быў сябрам «Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі», актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары. Меў магчымасць застацца за мяжой, але вярнуўся ў Беларусь.

    Цягам 2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў, стаў адным з ініцыятараў інфармацыйнай кампаніі БАЖ «Журналісты за гістарычную спадчыну».

    З 2015-га па 2018 год быў у дырэктараце БелаПАН, потым стаў яго медыякансультантам. У  2020 годзе Андрэй Аляксандраў не змог заставацца ў баку ад палітычных падзей у выніку чаго і апынуўся за кратамі. 18 студзеня 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.

    Падтрымаць Андрэя ў гэты няпросты для яго час можна лістом ці паштоўкай, накіраваўшы іх на адрас: 211440, Віцебская вобласць, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Аляксандраву Андрэю Валер’евічу.

    Чытайце яшчэ:

    Верш Андрэя Аляксандрава загучаў па-ангельску. Акцыя да 1000 дзён зняволення медыяменеджэра

    Запрет иностранных медиа: может ли государство ссылаться на «взаимность»?

    Free Belarus Center запусціў новы праект на YouTube-канале

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці