Андрэй Бастунец: “Становішча са СМІ нагадвае сённяшняе надвор’е…”
Форум Асамблеі НДА адбыўся ў Магілёве 14 лістапада з удзелам кіраўніцтва ГА “БАЖ” і сябраў арганізацыі з Магілёўшчыны.
На мерапрыемства, якое праходзіла ў грамадскім цэнтры “Кола”, з’ехалася больш за восемдзесят грамадскіх актывістаў з розных раёнаў Магілёўскай вобласці і Магілёва. З вітальным словам на адкрыцці Форума сярод іншых выступіў і Андрэй Бастунец.
На Форуме працавала асобная секцыя “СМІ і НДА”, удзел у якой узялі два з паловай дзясяткі грамадскіх актывістаў і журналістаў. Сярод іх – магілёўцы Аляксандр Буракоў, Ігар Барысаў, Уладзмір Лапцэвіч, Юрый Плоткін, журналіст з Клімавіч Сяргей Аржанцаў, рэдактар горацкай незалежнай газеты “Узгорак” Галіна Будная, сябры ГА “БАЖ” з Хоцімска і Круглага Валерый Каранкевіч і Зінаіда Мілешчанка.

Фота mahilyowspring.org
Прадстаўнікі незалежных СМІ Магілёўскай вобласці дзяліліся сваімі праблемамі і сумесна з актывістамі НДА шукалі шляхі іх вырашэння.
Андрэю Бастунцу давялося адказваць на шматлікія пытанні мясцовых сяброў арганізацыі. Журналістаў хвалявалі пытанні арганізацыі працы фрылансераў, лёс незалежных маланакладных газет і мясцовых недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў, пытанні прававой абароны журналістаў.

Фота mahilyowspring.org
Удзельнікі секцыі вымушаны былі канстатаваць, што за апошнія гады колькасць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў і мясцовых маланакладных газет рэзка скарацілася. Як адзначыў Андрэй Бастунец, “тое становішча, у якім апынуліся і грамадскае жыццё, і сродкі масавай інфармацыі, нагадвае надвор’е” (якое ў Магілёве 14 лістапада было пахмурнае і дажджлівае).
На выніковым пасяджэнні ўдзельнікаў Форума сябар ГА “БАЖ” Аляксандр Буракоў прзентаваў напрацоўкі секцыі “СМІ і НДА” адносна паляпшэння сітуацыі з незалежнымі медыя. Магілёўскія БАЖаўцы дамовіліся правесці ў першай палове снежня адмысловы сход сябраў арганізацыі і працягнуць абмеркаванне, а таксама падвесці вынікі 2015 года і акрэсліць планы на наступны год.
